
«Прэзідэнт Маккінлі зрабіў нашу краіну багатай дзякуючы пошлінам і таленту — ён быў сапраўдным бізнесоўцам», — сказаў у інаўгурацыйнай прамове Дональд Трамп. Для Трампа прэзідэнт Уільям Маккінлі, які кіраваў Амерыкай у пачатку мінулага стагоддзя, стаў чалавекам, па чыіх слядах хоча ісці ён. Гісторыя забітага сто гадоў таму падчас прамовы амерыканскага прэзідэнта ярка падкрэслівае, навошта Трампу цяпер новыя пошліны супраць суседзяў і іншых эканамічных гігантаў, чаму ён зацікаўлены ў Грэнландыі і перайменаванні шэрагу геаграфічных аб’ектаў.
PALATNO расказвае пра любімага прэзідэнта цяперашняга кіраўніка Злучаных Штатаў.
Змест
Пошліны — тое, з-за чаго запомнілі Маккінлі
Уільям Маккінлі стаў вядомым дзякуючы палітыцы высокіх тарыфаў (пошлін) і прасоўванню амерыканскай прамысловасці яшчэ да таго, як стаў прэзідэнтам. У часы, калі ён быў кангрэсменам ад Агаё, у 1890 годзе быў уведзены новы закон, які нават атрымаў імя Маккінлі. Тарыф Маккінлі прапаноўваў увядзенне пошлін у памеры амаль 50% на імпартныя тавары — у асноўным, на воўну і ліставую сталь (бляху).
У пачатку 1890-х гадоў Маккінлі лічыў моцную прамысловасць асновай амерыканскага дабрабыту. Таму яго галоўным імкненнем было абараніць інтарэсы буйных вытворцаў і забяспечыць працоўныя месцы для рабочых, асабліва на фоне хуткага эканамічнага развіцця краіны. У кароткатэрміновай перспектыве высокія пошліны спрыялі прамысловым галінам.
Але новы закон хутка стаў непапулярным: амерыканцы былі незадаволеныя рэзкім ростам коштаў, яны сталі плаціць больш за імпартныя тавары — такую палітыку крытыкавалі фермеры і спажыўцы. З часам рэспубліканцы, якіх і прадстаўляў Маккінлі, страцілі палову месцаў у Кангрэсе, а на наступных прэзідэнцкіх выбарах перамог дэмакрат Гровер Кліўланд. Дэмакраты хутка знізілі ўведзеныя рэспубліканскім урадам пошліны. Пратэкцыянізм Маккінлі лічыўся карысным для буйных вытворцаў, але не для ўсёй эканомікі.

У 1896 годзе Маккінлі перамог у прэзідэнцкай гонцы і ўжо ў наступным годзе пасля інаўгурацыі працягнуў тарыфную палітыку. Самым вядомым стаў Закон Дынглі (англ. — Dingley Tariff), які ўстанавіў высокія пошліны і дзейнічаў да 1909 года. Закон быў названы па імені яго распрацоўшчыка і кангрэсмена з Мэна Нэльсана Дынглі. Мэтай увядзення новага закона аб пошлінах было павелічэнне пошлін на замежныя тавары для падтрымкі мясцовых вытворцаў і павышэння дзяржаўных даходаў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Хто абірае прэзідэнта ЗША? Расказваем, як уладкаваныя амерыканскія выбары
Закон Дынглі ўстанавіў пошліны на многія катэгорыі імпартных тавараў. У сярэднім пошліны павялічылі на 49% у параўнанні з папярэднім законам дэмакратаў, які спрабаваў скараціць узровень мытаў. Амерыканцы зноў спрабавалі абараніць сваю прамысловасць ад замежнай канкурэнцыі і абмежавалі імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Еўропы.
Пазней, дзякуючы гэтаму, атрымалася падтрымаць шэраг розных дзяржаўных праектаў. Аднак разам з гэтым амерыканцы, як і ў мінулы раз, сталі плаціць больш за імпартныя тавары, а яшчэ атрымалі антыамерыканскія пошліны ад еўрапейскіх краін.

Закон Дынглі ўмацаваў падтрымку рэспубліканскай партыі і Уільяма Маккінлі сярод прамыслоўцаў і буйных вытворцаў. Але сельскія рэгіёны і фермеры заставаліся незадаволенымі, бо ім цяжэй было прадаваць прадукцыю за мяжу з-за высокіх еўрапейскіх пошлін.
Закон Дынглі часта прыводзіцца ў прыклад як ключавы элемент палітычнай эканоміі «залатога стагоддзя» амерыканскай прамысловасці.
Ужо пасля пераабрання на другі прэзідэнцкі тэрмін Маккінлі не быў такім катэгарычным. Аднак даведацца, якую палітыку праводзіў бы пераабраны Маккінлі мы не зможам — стрэлы з рэвальверу анархіста Леана Чолгаша перарвалі не толькі жыццё прэзідэнта, але і яго новую палітыку.
Анэксія, захопы новых зямель
Уільям Маккінлі стаў вядомым не толькі праз увядзенне пошлін, але і праз амерыканскую экспансію.
Ключавой падзеяй прэзідэнцтва Маккінлі стала іспана-амерыканская вайна, якая стала паваротным момантам у пашырэнні міжнароднага ўплыву ЗША.
Што адбылося? У 1895 годзе на Кубе, адной з апошніх іспанскіх калоній у Амерыцы, выбухнула паўстанне. Яно адразу прыцягнула ўвагу ЗША, бо на Кубе амерыканцы мелі свае эканамічныя інтарэсы: так амерыканцы падтрымалі паўстанцаў і выступілі супраць іспанцаў.

Актыўныя дзеянні амерыканскіх вайскоўцаў пачаліся пасля выбуху ваеннага карабля USS Maine у гавані Гаваны — тады загінулі больш за 260 амерыканскіх маракоў. Сапраўдную прычыну выбуху не высветлілі (магчыма, гэта была тэхнічная памылка), амерыканская прэса абвінаваціла ў гэтым Іспанію.
Маккінлі спрабаваў вырышаць канфлікт з Іспаніяй без удзелу вайскоўцаў, але перамовы ні да чаго не прывялі. Іспана-амерыканская вайна доўжылася тры месяцы ў 1898 годзе, асноўныя баявыя дзеянні адбываліся на Кубе і Пуэрта-Рыка. Амерыканцы перамаглі Іспанію і атрымалі кантроль над Пуэрта-Рыка, Гуамам і Філіпінамі; Куба засталася афіцыйна незалежнай, але практычна трапіла пад уплыў Амерыкі.
Тая вайна стала асновай для пашырэння тэрытарыяльнага і эканамічнага ўплыву. Пры Маккінлі амерыканцы змаглі:
- зрабіць Філіпіны важным цэнтрам для пашырэння ўплыву ў азіяцкім рэгіёне;
- уладкаваць з Гуама важны амерыканскі ваенна-марскі пункт на Ціхім акіяне;
- павялічыць прысутнасць у Карыбскім моры праз Пуэрта-Рыка.

Фактычна падчас прэзідэнцтва Маккінлі ЗША сталі імперыяй з заморскімі ўладаннямі, што стала асновай для далейшай актыўнай знешняй палітыкі.
Дарэчы, іспана-амерыканская вайна паўплывала не толькі на ЗША, але і на Іспанію. Доўгі час пасля вайны іспанскія ўзброеныя сілы знаходзіліся ў заняпадзе, а самі іспанцы марылі пра адраджэнне Вялікай Іспаніі. І адным з такіх іспанцаў быў Франсіска Франка, які стаў арганізатарам дзяржаўнага перавароту ў Іспаніі ў сярэдзіне 1930-х гадоў і яе кіраўніком аж да 1975 года.
Маккінлі таксама быў заклапочаны Кітаем (як і Трамп)
Як Трамп цяпер, раней і Маккінлі засяроджваў увагу на Кітаі. У пачатку XX стагоддзя Кітай быў падзелены на сферы ўплыву паміж еўрапейскімі дзяржавамі, а ЗША не хацелі страчваць вялікі і нявыкарыстаны рынак. Таму амерыканцы настойвалі, каб усе замежныя краіны мелі роўны доступ да гандлю ў Кітаі і не перашкаджалі эканамічным інтарэсам адна адной.
Па сутнасці, ЗША выступалі супраць фарміравання калоній ці стварэння зон пад кантролем пэўных дзяржаў. Дзяржсакратар Джон Хэй пры падтрымцы Маккінлі звярнуўся з дыпламатычнымі нотамі да еўрапейскіх дзяржаў і Японіі, каб тыя трымаліся прынцыпу адчыненых дзвярэй. Большасць дзяржаў афіцыйна не пагадзілася з гэтым, але такая палітыка стала часткай амерыканскай дыпламатыі ў Кітаі на наступныя дзесяцігоддзі.
Падчас Баксёрскага паўстання (Іхэтуаньскае паўстанне) амерыканцы падтрымалі шматнацыянальную кааліцыю, якая прыгнятала антызамежны рух кітайцаў. Амерыканскія войскі ўдзельнічалі ў вызваленні дыпламатычных місій у Пекіне.

Сам Маккінлі падкрэсліваў, што ЗША не маюць намеру далучаць кітайскую тэрыторыю або ствараць калонію, а толькі абараняюць свае эканамічныя інтарэсы. Амерыканскі прэзідэнт не хацеў, каб Кітай застаўся падзеленым паміж еўрапейскімі краінамі і Японіяй.
На той час амерыканцы ўжо мелі вялікі ўплыў на азіяцкі рэгіён, бо захапілі Філіпіны. А далейшы ўплыў на буйны рынак, якім быў Кітай, яны хацелі павялічыць не праз заваёўванне, а праз гандлёвы ўплыў.
Палітыка Уільяма Маккінлі ў дачыненні да Кітая паказала яго балансаванне паміж імперыялістычнымі амбіцыямі і дыпламатычнай гнуткасцю. Ён імкнуўся пашырыць амерыканскі ўплыў праз гандаль і эканамічнае ўзаемадзеянне, а не праз ваенныя заваёвы або тэрытарыяльны кантроль. Палітыка адкрытых дзвярэй стала важным элементам амерыканскай знешняй палітыкі ў наступныя дзесяцігоддзі.
Ці стане такой жа палітыка Дональда Трампа, мы зможам пабачыць у будучыні.