12 беларускіх прыказак, якія дапамогуць вас у любой спрэчцы

беларускія прыказкі, беларусы ў традыцыйным строі

PALATNO дапамагае ў спрэчках.

Андрэй за ўсіх мудрэй

Часцей ужываецца як насмешка над самахвалам.

«Патрэбны іншыя ўмовы… Што ж мы бачым замест гэтага? А тое, што бачым: адзін Андрэй за ўсіх мудрэй. Адзін усіх вучыць, як што рабіць: як расціць хлеб, як будаваць дом.. і гэтак далей». (Н. Гілевіч, «Жыццёвы выбар»)

Аржаная каша сама сябе хваліць

Гаворыцца з насмешкай пра таго, хто сам сябе хваліць.

«Аржаная каша сама сябе хваліць, — едучы думаў Рагуля. — Выхваляўся [Абрамчык], што адзіны за мяжою прадстаўнік бацькаўшчыны…» (І. Гурскі, «Чужы хлеб»)

З музыкі хлеб невялікі, а з гулякі — зусім ніякі

Кажуць з насмешкай і асуджэннем пра гультаёў.

«Раней казалі: з музыкі хлеб невялікі, а з гулякі — ніякі. Прымаўка, відаць, устарэла напалову. Гультаям ва ўсе часы абы дзень да вечара пражыць, а там хоць певень не кукарэкай.. А вось музыкі сёння ў пашаноце. Дай бог кожнаму за месяц зарабіць, колькі яны зарабляюць за адно вяселле». (В. Шырко, «О, sancta simplicitas!»)

Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос

Гаворыцца з насмешкай пра таго, хто пагардліва фанабэрыста выхваляецца дасягнуць чагосьці, але церпіць няўдачу.

«— З-за чаго ж увесь сыр-бор разгарэўся?.. — Правініўся!.. — А што? Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос! Ведаеце, Мацвей Іванавіч, мала прыемнага, і ганарыцца ёй няма як і забыць няможна…» (В. Якавенка, «Ах, Арэса, Арэса…»)

Кепская тая дамова, дзе вала бадзе карова

Гаворыцца як насмешка над мужчынам, калі ім кіруе, бярэ над ім верх жанчына.

«— Клопат пра сям’ю — не малая турбота. Дзеля яе, бывае, трэба ісці і на тое, на што душа і не згаджаецца… — Асабліва, калі ў цябе такая жонка, як Раксана! — Не заракайся! І тваё цялятка рана-позна будзе з рагамі! — Кепская тая дамова, дзе вала бадзе карова!» (Г. Далідовіч, «Кліч роднага звона»)

Куды вароне ні лятаць, дзярмо кляваць

Гаворыцца з насмешкай пра няўдачніка, пра таго, каму аніяк не шанцуе.

«Міша з Янкам ведалі, што найбольш грошай ішло на іх вучобу, таму і вырашылі вярнуцца назад, хоць прадчувалі, што вясковыя насмешнікі сустрэнуць іх прыказкай: “Куды вароне ні лятаць дзярмо кляваць”» (У. Калеснік, «Янка Брыль»)

Мой бацька нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць

Насмешка з таго, хто не вылазіць з даўгоў.

«Маці як пазычыць грошы і не можа іх у час аддаць, непакоіцца ўсё… Затое ж мой тата нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць». (С. Лобач, «Горкую лілею пакашу…»)

Не ў тым сіла, што кабыла сіва, а што воза не цягне

Кажуць з насмешкай, калі нехта адкідае няслушныя доказы, меркаванні і прычыны.

«Мы так нядбалы, нярупны, што не можам падтрымаць свае ядынае газеты “Нашай Нівы”. Не ў тым, кажуць, сіла, што кабыла сіва, а што возу не цягне. Не аб тым ідзе, каб назвацца беларусам ды сядзець зацяўшы рукі. Пачэснае імя «беларус» вымагае дзела…» (Я. Лёсік, «Украінска-беларуская вечарынка ў Сібіры»)

Нечым ваўку спаражняцца, дык ён лыкам

Кажуць з абурэннем ці з насмешкай пра таго або таму, хто няўмела, беспадстаўна апраўдваецца ці ўзводзіць паклёп на каго-небудзь.

«— Не ўмееш ты хадзіць [гуляючы ў шахматы]! Я табе адразу мат прыляпіў бы, каб ты, шэльма, не скруціў! — Калі я, гэта тое як яго, скруціў? Нечым ваўку, гэта тое як яго, дык лыкамі?» (А. Мрый, «Запіскі Самсона Самасуя»)

Рада б цяпер наша мама выйсці за пана, ды пан не бярэ

Хацелася б зрабіць што-небудзь, ды немагчыма. Кажуць з насмешкай пра чые-небудзь нязбытныя ці недарэчныя планы.

Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну

Кажуць з насмешкай пра пажылога мужчыну, які пачынае цікавіцца жанчынамі.

«[Ганна Паўлаўна:] Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць! Ха-ха-ха. [Гарлахвацкі:] Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну». (К. Крапіва, «Хто смяецца апошнім»)

Хоць за вала, абы дома не была

Говорыцца як насмешка з дзяўчыны, якая з-за пэўнах прычын гатова пайсці замуж абы за каго.

«Седзячы побач, ён думаў зусім другое: “Яна не кахае мяне, ёй цяпер хоць за вала, абы дома не была, абы схаваць свой дзявочы сорам”». (Б. Сачанка, «Дзік-бадзяга»)

Вярнуцца ўгару