«Чорт чорта пазнаў і на піва пазваў». Якія беларускія прыказкі існуюць пра чарцей?

беларускія прыказкі, прыказкі пра чарцей, прыказкі пра дзяцей, прыказкі пра беларусаў

PALATNO пра чарцей і як іх лаялі.

Каму што, а чорту балота

Кажуць з неадабрэннем пра таго, у каго на розуме заўсёды адно і тое ж.

«Учапіўшыся за Яна, дзед неўпрыкмет пераходзіў да калгасаў — каму што, а чорту балота… — Дзе ты бачыў, басота, ды хочаш, каб доўга адзеражаліся… Толькі людзей узбунтавалі, галадранцы». (Б. Сачанка, «Не, не ўсё роўна»)

Мужык глядзіць, як варона, а хіцер, як чорт

Гаворыцца як ацэнка хітрасці і праніклівасці мужыка.

«[Навум:] Але, бачыцца, хтось ідзе? Здаецца, чы не яго толькі казала мне пільнаваць яго загладуха? Пайду да скажу ёй, што ўжо ідзе. Але не, яна казала аб адным, а іх тут двох. О! І я не дурань. Схаваюся да падслухаю, чы не выгаваруцца аб чым. О гэтак! О! І я ў цемя не біт. Добра кажа прымаўка: мужык, як варона, а хіцер, як чорт». (В. Дунін-Марцінкевіч, «Сялянка»)

Не будзе Гіршы, будзе чорт іншы

Гаворыцца пра непазбежнасць чагосьці.

«[Паўлінка:] Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака? [Сцяпан:] Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Гірша, будзе чорт іншы». (Янка Купала, «Паўлінка»)

Не такі чорт страшны, як яго малююць

Так кажуць, каб падбадзёрыць таго, хто залішне хвалюецца перад нечым невядомым.

«З гэтага дня і сам Прахарэня, і ўсе байцы яго атрада пераканаліся, што не такі чорт страшны, як яго малююць». (А. Якімовіч, «Цяжкі год»)

Пайшоў па попел, а чорт ухопіў

Кажуць пра таго, хто бясследна знік.

«— Нічога, — паклаў Раману руку на плячо Сілка Хрупчык, — табе гэта можа і добра, што ў Бабінавічы пайшлі Драніца з Брава-Жыватоўскім, таму як па цяперашнім часе ісці туды, дык усё роўна, што ісці па попел, — кажуць жа, пайшоў па попел, а чорт ухопіў». (І. Чыгрынаў, «Плач перапёлкі»)

Пакуль да бога, дык чорт душу выме

Пакуль адбудзецца штосьці доўгачаканае, то да гэтага прыйдзецца перанесці шмат гора.

«Просіць [Мікодым] братоў, каб выслалі грошай на дарогу дадому. Хоча на сваім котлішчы памерці. Ці вазьмі тых, што ў турмах сядзяць. Пакуль… да бога, то чорт душу выме». (У. Дамашэвіч, «Дзявочая клятва»)

Пень гарэў, а чорт хвост грэў

Гаворыцца пра чалавека, сваяцтва з якім выклікае сумненне.

«[Ядзя:] Ён жа брат мой! [Жыгліцкая:] Брат… Пень гарэў, а чорт хвост пагрэў — такая ў цябе радня з ім! (І. Козел, «Над хвалямі Серабранкі»)

Поп сваё, а чорт сваё

Так кажуць пра ўпартага чалавека, з якім цяжка дамовіцца.

«Як дурню законы, так чорнай сотні гісторыя не пішацца. Поп, кажуць, сваё, а чорт сваё. Праца царызму дарма не прапала — выйшлі багатыя скуткі…» (Я. Лёсік, «Нацыянальны ўціск»)

Радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе

Кажуць пра сваякоў вельмі далёкіх або такіх, якія прызнаюць кагосьці сваякамі толькі ў неабходных выпадках.

«Аб больш далёкай радні ўжо няма чаго і казаць, — яна радніцца да тае пары, пакуль чалавек багаты, а як збяднее, тады сваяўство забываецца: радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе». (Кандрат Крапіва, «Беларускія прыказкі»)

Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну

Кажуць з насмешкай пра пажылога мужчыну, які пачынае цікавіцца жанчынамі.

«[Ганна Паўлаўна:] Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць! Ха-ха-ха. [Гарлахвацкі:] Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну». (Кандрат Крапіва, «Хто смяецца апошнім»)

Ты на гару, а чорт за нагу

Так звычайна казалі, калі не атрымлівалася пазбавіцца ад чагосьці, выйсці з цяжкага становішча. Часам казалі, калі каму-небудзь не шанцуе.

«Вось так заўсёды. Ты на гару, а чорт — за нагу. Хочаш, каб хутчэй, а тут…» (П. Місько, «Канал імя Віцькі Зайцава»)

У чорта спіна сцёрта

Ужываецца з незадавальненнем як рэакцыя на слова «чорт» у папярэднім выказванні суразмоўніка.

«[Мальвіна:] Каб цябе людзі не зналі! Каб цябе чорт схапіў! [Несцерка:] У чорта спіна сцёрта, на ім не паедзеш, а за мяне, цётка, не бойся, мяне чорт не возьме, хутчэй цябе, бо вельмі ж ты да яго падобна! (В. Вольскі. «Несцерка).

Хіба чорт здумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень
работы

Гаворыцца звычайна бацькамі жартоўна ці з незадавальненнем пра сына, які з-за недасыпання не надта ахвочы да працы ўдзень.

«Вось тут, відаць, дайшло да Марусі, што дачка іхняя напраўды ідзе замуж, не проста на дзень-два да каго ў госці, а, лічы, назаўсёды ідзе з хаты… А мужчыны нічога, не адсоўваліся далёка ад бутэлькі, гаварылі, Пятро пацвельваўся з сына: “Хіба чорт здумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы”». (А. Кажадуб, «Высока сонейка, высока»)

Хочаш убачыць чорта, напаі бабу

Кажуць з асуджэннем пра п’яную жонку, якая ў такім стане паводзіць сябе незвычайна.

«[Шмонька — Лаўры:] Пайшлі!.. Шухер!.. Додзікі! Ташнілаўка! (Выводзіць за дзверы.) [Аліна Іванаўна — услед:] Лаецца, аж вантробы выварочвае. [Шмонька:] Хочаш убачыць чорта — напаі бабу!» (У. Сауліч, «Адзін Гаўрыла ў Полацку»)

Чалавек страляе, а чорт кулю носіць

Не заўсёды бывае так, як хто-небудзь разлічвае.

«[Марыля:] Усе ж да апошняга часу думалі, што за намі зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла. [Старац:] Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць». (Янка Купала, «Раскіданае гняздо»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Якімі былі народныя ўяўленні беларусаў пра самагубства?

 

Як жартавалі і над чым смяяліся беларусы сто гадоў таму?

 

Як беларускія нячысцікі зіму зімавалі


Чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе

Гаворыцца, калі чалавеку не шанцуе, калі непрыемнасці ідуць адна за адной.

«Пяць гадоў судзіліся Кавалеўскія з панам за зямлю… — Што ж рабіць, Марыля, недарам кажуць людзі: «Чорт бяду перабудзе — адна згіне, дзесяць будзе». Казалі мы табе — не шукай праўды ў судзе…» (З. Бандарына, «Ой, рана на Івана»)

Чорт за чортам цягне

Адзін дапамагае другому і выгароджвае яго.

«— Дурні здумалі, плятуць немаведама што; а ён ім і веры дае. — Ды цябе сем сабак не перабрэша, а не то каб я адзін. Аднаго заводу з Тахвіляю. Чорт за д’ябла цягне». (Л. Калюга, «Тахвілін швагер»).

Чорт чорта пазнаў і на піва пазваў

Гаворыцца пра тых, хто здружыўся і дзейнічае заадно.

«Неяк незаўважна Люся здружылася з Ірынаю — чорт чорта пазнаў і ў госці пазваў. Цяпер сыдуцца разам, быццам і шаптацца няма пра што, а яны дудукаюць з паўдня, не развесці…». (Т. Гарэлікава, «Дзе лес шуміць»)

Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся

Кажуць іранічна пра тых, хто здружыўся і дзейнічае заадно.

«Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся». (З «Прыказак» Кандрата Крапівы, апублікаваных у снежні 1944 года — пра Адольфа Гітлера і Франсіска Франко)

Было б балота, а чэрці знойдуцца

Калі ёсць умовы і магчымасці рабіць штосьці нядобрае, то знойдуцца і тыя, хто пакарыстаецца гэтымі ўмовамі, магчымасцямі.

«Тупыя, бяздушныя, гэтыя слугі слепа рабілі тое, што пан хацеў. Хто яны? Адкуль? Сярод гайдучага племені трапляліся розныя людзі: дзеці дробных збяднелых паноў, чыноўнікаў, разжалаваныя афіцэры царскай арміі. Адным словам, было б балота, а чэрці знойдуцца». (А. Якімовіч, «Адкуль ліха на свеце»)

У айчыма чэрці пад вачыма

Гаворыцца як адмоўная ацэнка айчыма ў яго адносінах да няродных дзяцей.

«”Гэта ж айчым яго выправіў на касьбу… Збяёдаць хлопца хоча”. — “Праўду людзі кажуць: у айчыма чэрці пад вачыма…”» (В. Шырко, «Стукаў»)

Усе чэрці адной шэрсці

Кажуць з неадабрэннем пра людзей, аднолькавых па нейкіх якасцях.

«Хоць усе чэрці адной шэрсці, але бараніцца ад іх трэба па-рознаму». (Б. Сачанка, «Вечны кругазварот»)

Вярнуцца ўгару