Веды

«Да грэчаскіх каляд». Якія прыказкі пра Каляды ёсць у беларусаў?


«Да грэчаскіх каляд». Якія прыказкі пра Каляды ёсць у беларусаў?

PALATNO расказвае пра беларускія прыказкі пра Каляды.

Калядкі — добрыя святкі: пад’еў ды на палаткі

Ужываецца як ацэнка Каляд — хрысціянскага свята, якое адзначаецца 25 снежня (каталіцкія Каляды) і 7 студзеня (праваслаўныя Каляды).

«[Альжбета:] Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма! [Сцяпан:] Сон — не кепская рэч. Для чаго Калядкі — добрыя святкі, што пад’еў ды на палаткі» (Я. Купала, «Паўлінка»)

Не да каляды, калі поўная хата бяды

Не час займацца чымсьці высокім, святочным, калі знаходзішся ў вельмі цяжкім становішчы.

«У апошнія гады пішу пераважна публіцыстыку — на жаль, у вершах таксама. Па прычынах, пра якія ўжо гаварыў: “Не да каляды, калі поўная хата бяды”». (Н. Гілевіч, «Сто вузлоў памяці…»)

Да грэчаскіх каляд

На няпэўны час, надоўга ці назаўсёды.

«Калі [афіцыйныя асобы ЗША] і гавораць аб магчымасці якіх-небудзь дагаваранасцей, то толькі па асобных, зразумела, выгадных для ЗША, пытаннях ядзерных узбраенняў, а праблему космасу трэба, маўляў, адкласці да грэчаскіх календаў» («Звязда»)

Юзік хлеб свой знайшоў, Пётра ў людзі пайшоў, Міхаліна на службе з каляд

Пачаць дабівацца значнага становішча ў жыцці ці грамадстве.