«‎Па абліччы апостал, па зубах сабака». ‎Беларускія прыказкі і прымаўкі пра надзейнага сябра чалавека

беларускія прыказкі і прымаўкі, прыказкі па беларуску, прымаўкі на беларускай мове, прыказкі пра сабак

Ці чулі такую прымаўку «‎Сабака брэша, караван ідзе»? ‎У беларусаў ёсць дзясяткі прыказак, звязаных менавіта з гэтай жывёлай, якая стала сябрам чалавека. Пра сабак казалі розныя, ацэньвалі па-рознаму…

PALATNO расказвае, як сяброўства чалавека і сабакі паўплывала на беларускія прыказкі і прымаўкі.

Прыказкі і прымаўкі, звязаныя з сабакамі

Бег сабака за возам, мусіць бегчы і за санямі. Аднойчы прыслужыўшы каму-небудзь, будзеш і далей прыслужваць.

«‎Юльяну крыўдна: увесь час ён на повадзе ў Лукоткі. Зноў трэба згаджацца. Як адмовіцца? Бег сабака за калёсамі, мусіць бегчы і за санямі». (М. Воранаў, «‎Пакаянная галава»)

‎‎Без старога каля хаты — як без сабакі. Пра станоўчую ролю старога чалавека ў гаспадарцы.

«‎Пузач ідзе да дзвярэй. На гэты раз ключ яго ляскае толькі ў дзвярах. А ў вязневай галаве, несучы за сабой далёкую, даўнюю ўсмешку, з’яўляецца прымаўка: “Без старога каля хаты — як без сабакі…” Гэты пільнуе і брэша, відаць, не толькі для хлеба, але ж і для душы»‎. (Я. Брыль, «‎Птушкі і гнёзды»)

‎Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Надакучлівыя дакоры, прыдзіркі, абгаворы часта больш непрыемныя і нясцерпныя, чым штосьці іншае.

«‎Адзіны, хто пазычыць грошы на дарогу — Іван Пятровіч. Але дзе завуча падпільнаваць? Можа, але боязна: Валя даведаецца — з’есць і яго, нябогу, і яе… Ну, на ёй паламае зубы, але, як кажуць, воўк сабакі не баіцца, ды звягі не любіць». (І. Шамякін, «‎Палеская мадонна»‎)

Вялікага сабакі вялікі брэх. Кажуць іранічна ў адказ на чые-небудзь пагрозы, лаянку і гэтак далей.

«‎[Камісар:] Пачакай, лайдача! Я прыпільную! Але не прасі бога, калі дазнаюся! Будзе канчук у рабоце. [Навум, убок:] Вялікага сабакі вялікі брэх! Баш ты яго, вельмі пабаяліся!». (В. Дунін-Марцінкевіч, «‎Сялянка»‎)

‎Добра сабаку і муха. Калі няма лепшага, то і тое, што ёсць добрае. Звычайна пра які-небудзь нязначны прыбытак.

«‎Прыбыў я за час побыту ў санаторыі на 1 кіло і 200 грам. Добра сабаку і муха». (Я. Колас, «‎Дзённікі»)

‎‎Добры гаспадар і сабаку з двара не выганіць у такую нягоду. Кажуць таму, хто ў вельмі дрэннае надвор’е хоча ісці куды-небудзь.

«‎Ну і дождж!.. Агонь то весела патрэскваў, то ўздыхаў з парывамі ветру. “У такое надвор’е добры гаспадар, — казала мая маці, — і сабаку з хаты не выганяе». (М. Танк, «‎Лісткі календара»)

беларускія прыказкі і прымаўкі, прыказкі па беларуску, прымаўкі на беларускай мове, прыказкі пра сабак

‎‎Жыве кот і жыве сабака. Не аднолькава, у розных матэрыяльных і іншых умовах жывуць людзі.

«‎— Мае дзеці пражывуць і без навукі… — выгукнуў Яська. — Не ўсім жа быць вучоным. Жыву я, пражывуць і мае дзеці… — Жыве кот і жыве сабака… — асекла яго жонка»‎. (В. Дайліда, «‎Мне — пару слоў»‎)

Захацеўшы сабаку выцяць, палку знойдзеш. Калі хочаш дасягнуць чагосьці, то дасягнеш.

«— Так што, Іване, дабывай стрэльбу. А як, падумай. За Пцічою легіянеры стаяць, па сёлах шастаюць, часам адстаюць ад абозаў. Папалюй за каторым, от і карабін… — Яно праўда. Захочаш сабаку выцяць — палку знойдзеш‎».‎ (С. Грахоўскі, «Рудабельская рэспубліка‎»‎)

Як сабака на сене — і сам не гам і другому не дам. Кажуць з неадабрэннем пра таго, хто сам не карыстаецца і іншым не дае карыстацца чым-небудзь.

«‎Плюшкін, самы сапраўдны Плюшкін нашага часу. Як сабака на сене — і сам не гам і другому не дам». (М. Машара, «‎”Крэсы” змагаюцца»)

‎‎Каб таго сабаку воўк з’еў, што на свой хвост брэша. Гаворыцца з абурэннем пра таго, хто хоць аб’ектыўна, але не са станоўчага боку даклаў на суседзяў, землякоў і гэтак далей.

«Што нарабіў там? — ледзь не плакала ў трубку маці. — Хто ж гэта праўду піша? Суседзі злуюць… Дажыўся, таварыш пісьменнік, дапісаўся… Вось так: ты не вучыш бацькоў, як бульбу акучваць і даіць карову, а яны раяць, як трэба пісаць. Сам вінаваты. Гаварыў нябожчык дзед алесь: каб таго сабаку воўк з’еў, што на свой хвост брэша. Але ж вельмі ўжо хацелася прачытаць земляку хоць староначку пра нашу вёску‎».‎ (В. Шырко, «‎O, sancta sipmlicitas»‎)

На голага і сабакі брэшуць. Беднага чалавека ўсе крыўдзяць.

«‎Цяпер у Катоў асталася шастуха — шостая частка валокі, па цяперашніх мерах — тры гектары з нечым, ды і тая не зямля, адна камяніца. А на голага сабакі брэшуць». (В. Адамчык, «‎Чужая бацькаўшчына»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Дзесяць фільмаў пра коцікаў і сабак, якія падымуць настрой

 

Як жартавалі і над чым смяяліся беларусы сто гадоў таму?

 

Чэрап — смех, а вочы — слухаюць? Што значаць эмодзі, якія выкарыстоўвае моладзь


На смелага сабакі брэшуць, а баязлівага рвуць. Смелы, рашучы чалавек дабіваецца большага, лепшага, чым баязлівы.‎‎

«‎— Смелыя людзі беларусы. — На смелага сабакі брэшуць, а баязлівага рвуць‎». (І. Гурскі, «‎Вецер веку»)

‎‎Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца. Баяцца трэба не таго, хто праўдзівы, шчыры, а таго, хто скрытны, ліслівы.

«— Яшчэ большая злосць яе апанавала. Толькі выгляду не падае: хваліць дзяўчынку за работу, лёстачкі падпускае… — Не бойся таго сабакі, што брэша, а бойся таго, што лашчыцца, — устаўляе свае пяць капеек Волька‎».‎ (В. Шырко, «‎Хай людзі бачаць»‎)

Не тады сабак кормяць, як на паляванне ісці. Не ў апошні момант робіцца тое, што трэба было зрабіць раней. Гаворыцца з незадавальненнем, калі выяўляецца непадрыхтаванасць да якой-небудзь справы.

«‎Але ж не тады сабак кормяць, як на паляванне ісці. Трошкі наперад трэба зазіраць. Сёння сем машын, а праз год, можа, усіх дзесяць будзе!»‎ (М. Паслядовіч, «‎Слаўны плёс»)

‎Па абліччы апостал, а па зубах сабака. Так гаворыцца пра таго, у каго знешняя ветлівасць, далікатнасць не адпавядае ўнутраным якасцям.

беларускія прыказкі і прымаўкі, прыказкі па беларуску, прымаўкі на беларускай мове, прыказкі пра сабак

«‎Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны хоць і мала фігуруе ў абвінавачванні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака». (Я. Колас, «‎На ростанях»‎)‎

Пісаў пісака, што не разбярэ і сабака. Кажуць насмешліва пра таго, хто піша неразборліва.

«‎Трэба Нахаў сказаць, а ён, хто яго ведае, дзіця не горкае, сказаў… А мо пачулася так тым, хто пісаў, ці проста вясёлым быў народ, пісарчукі гэтыя. Як кажуць, пісалі пісакі, не разбяруць і…». (В. Казько, «‎Нахаў»)

‎‎Сабака брэша — вецер носіць. Гаворыцца з асуджэннем, калі не варта звяртаць увагу на чые-небудзь недарэчныя словы, плёткі.

«‎— Калі паслухаць іх, дык страх бярэ, — прызналася Марыся. — У адным месцы столькі нашых знішчылі, у другім… — Эт, — махнула рукою Агрыпіна. — Сабака брэша — вецер носіць». (І. Гурскі, «‎У агні»‎)

‎Сабака і на бога брэша. Кажуць пра таго ці таму, хто незаслужана бэсціць, абгаворвае кагосьці.

«‎”Сабака і на бога брэша”. Не проста прыказка, а сродак з народнай медыцыны. Ад незаслужана крыўднага абгавору». (Я. Брыль, «‎Блакітны зніч»)

‎‎Сабака не з’есць, пакуль не пакачае. Кажуць іранічна пра таго, у каго ежа выпала з рук.

«‎Няглядчык кінуўся выконваць майстраў загад, паслухмяна выкульваючы на траву змесціва аднаго і другога каша. “Сабака не з’есць, пакуль не пакачае», — мільгнула ў Міхасёвай галаве. (М. Аўрамчык, «‎Палон»)

‎‎Сабаку сабачая смерць. Гаворыцца з пагардай пра дрэннага чалавека, які заслужыў пакаранне смерцю.

«У Даўгабродскім лесе Ліпніцкага знайшлі павешаным…‎ — Сабаку — сабачая смерць, — сказаў Яўхім, — яшчэ на другую галіну Манішэўскага трэба было павесіць…»‎ (М. Чарот, «На пасеках‎»‎)

Хоць кум, ды сабака. Кажуць жартаўліва куму або пра кума, калі той не дагадзіў чым-небудзь.

«[Навум:] Вось табе на!.. Я яму добра раджу, а ён мяне ж лае. Эй, кум, кум! Знаеш прымаўку: хоць кум, ды сабака‎». (В. Дунін-Марцінкевіч, «‎Сялянка»‎)

‎Як сабаку кормяць, так сабака і брэша. Як другія ставяцца да каго-небудзь, так і ён ставіцца да іх.

«[Касабуцкі:] Станок ні к чорту матары не варт, рамонту просіць… [Насця:] Пра станок дагэтуль ты нічога не казаў. Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. [Касабуцкі:] Як сабаку кормяць, так сабака і брэша‎». (К. Крапіва, «‎Канец дружбы»‎)

Вярнуцца ўгару