«Ціхая свіння глыбока рые». Даследуем беларускія прыказкі пра свіней

свіння, беларуская міфалогія, беларускія прыказкі

PALATNO — пра тое, як свіння стала не толькі свойскай жывёлай, але і развівала беларускую мову.

Бог не выдасць, свіння не з’есць

Кажуць для заспакаення, што ўсё пагрозлівае, небяспечнае мінецца. Значыць, што з рызыкоўнага становішча будзе выйсце.

«[Бацька:] Што будзе – тое будзе! Бог не выдасць – свіння не з’есць. Вязі, Мар’яна. Бог залічыць нам за гэта. Ды і людзі…» (І. Шамякін, «Ахвяра»)

Бог не слухае, што свіння рухае

Кажуць з асуджэннем пра таго, хто гаворыць што-небудзь непрымальнае, нявартае ўвагі.

«Два стараверы люта спрачаюцца з маладымі хлопцамі. Адзін хлопец патрабуе паказаць яму бога, калі ён ёсць. Стары выходзіць з раўнавагі: “Бог не слухаець, што свіння рухаець”». (Андрэй Мрый, «Па Дзвіне ў Сураж»)

Заракалася свіння за вугол хадзіць

Кажуць насмешліва пра таго, хто ніяк не можа адмовіцца ад прывычнага.

«— Спачатку ты быў, што малпа, а пасля — як цяжка хворы. Насця! Сёння — ні кроплі! Клянуся. — Заракалася свіння…» (І. Шамякін, «Выкармак»)

Лішняга і свінні не ядуць

Залішняе, празмернае ў дзеяннях, паводзінах асуджаецца. Кажуць як пажаданне захоўваць пачуццё меры.

«— Кепскі з мяне божы служка, — жартам адказаў Лабановіч. — Вельмі добрым і не трэба быць. Не дужа ўдавайся ў святасць, бо лішняга і свінні не ядуць…» (Якуб Колас, «На ростанях»)

Паспытала свіння палена, памятае, дзе паела

Кажуць пра таго, хто, пакараны за сваю віну, памятае пра гэта і асцерагаецца.

«Праўду кажа беларуская прыказка: “Паспытала свіння палена, памятае, дзе паела”. А каб фашысцкая свіння не забылася і надалей, Чырвоная Армія бесперапынна напамінала ёй». (Кандрат Крапіва, «Кацёл»)

Не да парасят, калі свінню смаляць

Няма як займацца кім-небудзь ці чым-небудзь, калі ў самога цяжкая сітуацыя.

«Я шкадаваў. А мяне… Хто мяне пашкадуе? Пятро Кірылавіч і той… Ён пра сябе думае. Самому б пры пасадзе застацца, ацалець. Не да парасят, калі свінню смаляць…» (Б. Сачанка, «Родны кут»)

Свіння лужыну знойдзе

Кепскі чалавек знойдзе месца, дзе можна выявіць сябе адпаведным чынам.

«[Таня:] Не жыве ўжо тут ваш Віталь. [Міхаліна:] Авой! Разышліся! [Таня:] Не зусім. Разыходзяцца па ўзаемнай згодзе. А ён згоды не пытаўся: узяў ды пайшоў… [Міхаліна:] Ай-яй-яй… Убіўся-такі. Свіння гразь знойдзе». (Г. Каржанеўская, «Вірус»)

Пусці свінню пад стол, то яна захоча і на стол

Кажуць з асуджэннем пра грубага, нявыхаванага чалавека, здольнага зрабіць каму-небудзь розныя непрыемнасці.

«Што адказаць такому нахабніку? Паддайся такому: пусці свінню пад стол… — Куды ты Матрону падзеў? — спытаў строга, падумаўшы: — “Калі звольніў мала табе не будзе”». (І. Шамякін, «Губернатар»)

Ціхая свіння глыбока рые

Ціхі чалавек здольны на рашучыя, неспадзяваныя дзеянні, учынкі.

«— Затаіўся здраднік, жыве з намі тут побач… А хто? — Ціхая свіння глыбока капае, задуменна сказаў Карабан». (А. Кобец-Філімонава, «Жаваранкі над Хатынню»)

Хто па ядзе не аддыша, таго бог за свінню запіша

Пасля ежы абавязкова трэба адпачыць, зрабіць аддышку.

«Развязалі торбу, з’елі па куску сала з хлебам і прылеглі, каб “сала завязалася”, прытрымліваючыся старой пагудкі: “Хто па ядзе не аддыша, таго бог за свінню запіша”». (Якуб Колас, «Хвароба»)

Як мукі скрыня, дык і свіння гаспадыня

Кожны можа добра згатаваць ежу, калі ёсць з чаго.

«— А ты смачна варыш, гаспадынька. Як хадзіла на работу, то мы елі горш. — Як мукі скрыня, дык і свіння гаспадыня. Дай мне час, дай з чаго, дык я табе так згатую, што цябе за вушы ад талеркі не адцягнеш…» (У. Дамашэвіч, «Камень з гары»)

Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч

Па манеры паводзін, па звычаях, знешнасці адразу відаць, што гэта за чалавек.

Паходзіць з байкі Кандрата Крапівы «Заява», у якой расказваецца, як Свіння «накрамзоліла заяву» «свайму старшыні», каб той даў ёй імя «новае, падмацаваўшы яго пастановаю». «А старшыня той розум меў: — Завіся, — кажа, — ты хоць — леў, аднак жа, як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч!»

Вярнуцца ўгару