«У голад людзі намруцца, а ў вайну налгуцца». Расказваем пра беларускія прыказкі пра вайну

на вайне як на вайне, прыказкі пра вайну, беларускія прыказкі, прыказкі па-беларуску

PALATNO расказвае, як раней беларусы гаварылі пра вайну.

Быў на вайне, спагадай і па мне

Гаворыцца каму-небудзь, каб ён са спачуваннем, спагадай ставіўся да суразмоўніка.

«Па людзях трэба спагадаць, асабліва калі і самому прыходзілася быць у дрэнным становішчы: “Быў на вайне, спагадай і па мне”». (К. Крапіва, «Беларускія прыказкі»)

Вайна ўсё спіша

Гаворыцца як апраўданне якіх-небудзь дзеянняў, учынкаў у ваенны час.

«Праз месяц-паўтара зволілі дзяўчат… Большасць з іх былі выдатнымі салдаткамі, яны сагравалі мужчынскую палавіну, няхай некаторыя і грахоўна, але, як казалі тады, “вайна ўсё спіша”» (І. Шамякін, «Слаўся, Марыя!»)

Каму вайна, а каму войначка

Так гавораць з асуджэннем пра таго, хто ў ваенны час жыве, не ведаючы небяспекі, гора, цяжкасцей.

«Каму вайна, а каму войначка, — гаварылі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў даволі доўгім часе пасля яе. В. Быкаў перш за ўсё сваімі ваеннымі аповесцямі паказаў, што на вайне, як на экзамене — экзаменуецца ў чалавеку, у народзе ўсё» (А. Лойка, «Дзівосы прозы»)

На вайне як на вайне

Гаворыцца часцей як апраўданне дзеянняў у ваенны час ці як прымірэнне з тым, што здарылася.

«Не зважаючы на поўную дрывотню, жаўнеры ламалі на дровы згароду… Зрэшты, на вайне як на вайне». (У. Арлоў, «Сны імператара»)

У голад людзі намруцца, а ў вайну налгуцца

Гаворыцца з недаверам як рэакцыя на розныя чуткі, якія распаўсюджваюцца ў ваенны час.

«З хаты ў хату, з вёскі ў вёску перадаваліся франтавыя навіны. Вельмі часта самыя неверагодныя… Гэта тады я ўпершыню пачуў такую прымаўку: “У голад намруцца, а ў вайну налгуцца”». (А. Пальчэўскі, «Сцежкі»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

«Ціхая свіння глыбока рые». Даследуем беларускія прыказкі пра свіней

 

«На вяку ўсяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш». Якія беларускія прыказкі ёсць пра бацьку?

 

«Разумная галава, ды дурню дасталася». Якія беларускія прыказкі ёсць пра дурняў?


Хто меч падняў, і згіне ад мяча

Таго, хто распачынае несправядлівую барацьбу, чакае адплата, пагібель.

«Хто меч падняў, і згіне ад мяча. Нямецкае войска збіраецца на нашай граніцы, і кожны міг агонь вайны гатоў закінуцца і ў нашу дзяржаву». (Я. Колас, «Вайна вайне»)

Пераможцу не судзяць

Гаворыцца ў абарону таго, хто хоць і заслугоўвае крытыкі ці іншага пакарання, але яму можна гэта прабачыць з-за яго ранейшых значных поспехаў, перамог.

«– Вайна для яго [Чарнухі] стала спортам. Памятаеш гісторыю з бронедрызінай? – Пераможцаў не судзяць». (А. Дзялендзік, «Грэшная любоў»)

Вярнуцца ўгару