
PALATNO расказвае, якія беларускія прыказкі існуюць пра вясну.
Змест
- Адна ластаўка вясны не робіць
- Вясновы дзень год корміць
- Вясной і травінка да травінкі хінецца
- Вясною вядро вады, а лыжка гразі, а восенню лыжка вады, а вядро гразі
- Гракі цяпла не прыносяць
- Як на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, дык на Юр’я наесца вол травіцы
- Два Юр’і і абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны
Адна ластаўка вясны не робіць
Адзінкавыя прыкметы якой-небудзь з’явы яшчэ не сведчаць пра яе існаванне і не могуць аказваць істотны ўплыў на што-небудзь.
«[Галасы:] Скуры б драць з такіх паскудаў… [Патап:] Не гарачыцеся, хлопцы! І не кідайцеся ў вір галавой, не падумаўшы. Адна ластаўка вясны не робіць». (Якуб Колас. «Вайна вайне»)
Вясновы дзень год корміць
Ужываецца як сцвярджэнне, што дабрабыт селяніна залежыць ад яго стараннасці, дбайнасці ў вясеннія дні на полі.
«Я ведаю, што ты стаміўся і што табе трэба адпачыць. Але… Вясенні дзень год корміць. Вясна на вачах сушыць поле, коней мала… Трактар стаіць, а Ягаднае ў нас не кранута нават». (У. Краўчанка. «Веснавымі днямі»)
Вясной і травінка да травінкі хінецца
Пра вясну як перыяд абуджэння прыроды і час кахання.
«Жыццё працягвалася, а прырода брала сваё: вясной і травінка да травінкі хінецца. А тут — абое маладыя, у самай сіле». (А. Варановіч. «Валацуга»)
Вясною вядро вады, а лыжка гразі, а восенню лыжка вады, а вядро гразі
Кажуць пра вясеннія і асеннія дажджы і іх вынікі.
«Непакоіла іншае: калі так пабудзе — днём сонца, ноччу марозік, — не агледзішся, як асмягне, запыліць зямля. Гэта не восень, калі з лыжкі вады — вядро гразі. Вясною наадварот: з вядра вады лыжка гразі». (В. Блакіт. «Шануй імя сваё»)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Вясна вачыма беларускіх пісьменнікаў. Якая яна?
Рамантычныя камедыі, якія абавязкова варта паглядзець вясной
Загадкі пра вясну: ад лёгкіх да цяжкіх
Гракі цяпла не прыносяць
Ужываюць як народную прымету: вясной, калі гракі вяртаюцца з выраю, на дварэ яшчэ не цёпла.
«Вясна, на жаль, пакуль што не радуе — халодная, ветраная. Праўду кажуць, што гракі цяпла не прыносяць… Вось прыляцяць ластаўкі — тады адразу ж пацяплее». (В. Праскураў. «Жывыя крыніцы»)
Як на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, дык на Юр’я наесца вол травіцы
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Грамніцы, Юр’я — гэта хрысціянскія святы.
«Грамніцы ж сёння, Стрэчанне, — успомніла Сабіна. — Як на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, дык на Юр’я наесца вол травіцы. Здаецца, багата адталінак, трэ прыгледзецца…». (А. Кажадуб. «Стрэчанне»)
Два Юр’і і абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Юр’я («галодны») — свята ў хрысціян, 23 красавіка па старым стылі, і Юр’я («халодны») — 26 лістапада.
«Юр’е, як і Мікола, святкуецца ў нас двойчы — увесну і ўзімку. Беларусы заўважылі, што колькі снегу бывае на Юр’е зімовае, столькі травы — на Юр’е вясновае. А ўвогуле на абодва святы мы паблажліва злуёмся: «Два Юр’і ды абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны». (Я. Сіпакоў. «Зялёны лісток на планеце Зямля»)