На беларускіх гербах шмат усяго — ад рэк і снапоў сена да рыцараў і гістарычных сімвалаў. А яшчэ на нашых гербах ёсць птушкі. Амаль у кожнай з абласцей ёсць па некалькі населеных пунктаў, герб якіх упрыгожаны птушкай.
PALATNO расказвае, якія птушкі ёсць на беларускіх гербах і што яны там робяць.
Змест
- Чырвоны певень у Бастыні
- Ганцавіцкія жураўлі
- Галубы Драгічына як рэлігійны сімвал
- «Гаворачы» герб Луніна
- Малеч з апосталам і пеўнем
- Самая буйная калонія чапляў ля Сінкевічаў
- Столінскі бусел
- Мёрскі лебедзь
- Яшчэ адзін бусел, гэтым разам лельчыцкі
- Мазырскі арол праз стагоддзі застаўся на гербе
- Радзівілаўскі арол Міра
- Невядомыя птушкі Любані
- Чорны арол Нясвіжа
Чырвоны певень у Бастыні
Бастынь — гэта вёска на Брэстчыне. Пра яе было вядома яшчэ ў XV стагоддзі дзякуючы Радзівілам. Затым яна перайшла ва ўладанне да Кішак. У XVIII стагоддзі вёска стала расці, яе арандаваў памешчык Шчыт — і ён даваў вялікія сродкі на будаўніцтва царквы. Праз некалькі стагоддзяў гэту царкву разбураць пры камуністычным рэжыме.
Сімвал для герба выбіралі мясцовыя жыхары — сышліся на баявым пеўні. Чорны і белы колеры на шчыце азначаюць возеры, іх так і называюць — Белае і Чорнае возеры.
Герб з’явіўся ў 2008 годзе.
Ганцавіцкія жураўлі
На гербе яшчэ аднаго населенага пункта ў Брэсцкай вобласці, а яшчэ галоўнага горада Ганцавіцкага раёна, размяшчаюцца жураўлі.
Чаму жураўлі? У рашэнні мясцовага райвыканкама гэта тлумачыцца так: сімвал Палесся, імкненне ў будучыню, міралюбівасць і шчасце — выбірайце тое, што вам бліжэй.
Яшчэ на гербе ёсць цікавостка — залатая зорка і паўмесяц. Гэта частка герба, якая належала ўладальніку Ганцавічаў Гутэн-Чапскаму напрыканцы XIX стагоддзя.
Герб з’явіўся ў 1998 годзе.
Галубы Драгічына як рэлігійны сімвал
На гербе Драгічына, горада ў Брэсцкай вобласці, таксама ёсць птушкі. Каб падкрэсліць датычнасць да Брэсцкай вобласці, на гербе ёсць лук са стралой і жалуды (сімвалы дуба сустракаюцца і ў іншых гарадах Брэстчыны).
А адкуль галубы? Уся справа ў царкве, што існавала ў Драгічыне ў XIX-XX стагоддзях. Гэта была царква ў гонар Стрэчання. Стрэчанне — хрысціянскае свята, згодна з якім на саракавы дзень пасля нараджэння Ісуса прынеслі ў храм для пасвячэння Богу. У даўнія часы пры гэтым трэба прынесці і выкуп, таму Панна Марыя і Іосіф прынеслі для ахвяры двух птушанят галубоў.
Герб з’явіўся ў 1998 годзе.
«Гаворачы» герб Луніна
На гербе вёскі Лунін, пра якую вядома з сярэдзіны XV стагоддзя, адлюстравана толькі адна птушка. І такой птушкі няма больш ні на адным беларускім гербе. Гэта птушка — лунь.
Луні вельмі любяць сфагнавыя балоты, зарослыя лугі і мелкаводныя азёры. Лунь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Герб з’явіўся ў 2008 годзе.
Малеч з апосталам і пеўнем
Вёска Малеч у Брэсцкай вобласці вядомая з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У XVII стагоддзі яна была мястэчкам з магдэбургскім правам. У сучаснай Беларусі гэты населены пункт з’яўляецца вёскай.
На гербе Малечы ёсць апостал Пётр, якому Ісус уручыў ключы ад раю і пекла. А вось певень заўсёды лічыўся атрыбутам Пятра, таму ён таксама ёсць на выяве гербу. Сутнасць у тым, што Ісус падчас Апошняй Вячэры прадказаў, што Пётр адрачэцца ад яго тры разы – перш чым заспявае певень.
Герб з’явіўся ў 1998 годзе.
Самая буйная калонія чапляў ля Сінкевічаў
Вёскай Сінкевічы валодаў род Мантыгірдавічаў, затым — Радзівілы. Акрамя Георгіеўскай царквы ў Сінкевічах і ваколіцах унікальны і разнастайны жывёльны свет. Дарэчы, менавіта тут быў створаны першы ў нашай краіне біялагічны заказнік. Гэта адбылося ў 1985 годзе і называўся ён «Вусце Лані».
Ля Сінкевічаў жывуць каля 60 відаў птушак, а калонія шэрай чаплі — найбуйнейшая ў сярэдняй паласе Еўропы. Вось чаму на гербе намаляваная чапля.
Герб з’явіўся ў 2009 годзе.
Столінскі бусел
Столінам валодалі славутыя роды Вялікага Княства Літоўскага. У розныя часы праз Столін праходзілі варожыя войскі і, адпаведна, баявыя дзеянні.
Сучасны герб Століна распрацоўвалі ў райвыканкаме, нібыта таму сцвярджаецца, што бусла абралі не проста так, а з-за «глыбокага сэнсу». Згодна з тлумачэннямі чыноўнікаў, бусел шмат што і дзе азначае (але не кажуць, што значыць тут, у Беларусі). Абранне бусла тлумачыцца любоўю бацькоў да дзяцей, даўгалеццем, вяртаннем вясны, знакам кахання і шчасця.
У дзюбе столінскі бусел трымае дубовую галінку. Чыноўнікі тлумачаць гэта таксама «глыбокім сэнсам»: сімвал багацця, прыгажосць прыроды, рост і развіццё горада.
Герб з’явіўся ў 1998 годзе.
Мёрскі лебедзь
На гербе Мёраў, горадзе ў Віцебскай вобласці, размяшчаецца лебедзь. З’яўленне лебедзя ў рэгіёне, што вядомы журавінамі, тлумачыцца яшчэ і вялікай колькасцю азёр, дзе гняздуюцца белыя лебедзі.
Чыноўнікі, што адобрылі мёрскі герб, тлумачаць знаходжанне лебедзя на ім шматлікімі прычынамі. Акрамя той, што значная колькасць лебедзяў гняздуецца на Мёршчыне. Гэта і сімвал з хрысціянства, і прысутнасць лебедзя на іншых гербах еўрапейскіх гарадоў.
Герб з’явіўся ў 2006 годзе.
Яшчэ адзін бусел, гэтым разам лельчыцкі
Гарадскі пасёлак Лельчыцы мае герб з птушкай — там размяшчаецца бусел. Чаму менавіта бусел ёсць на лельчыцкім гербе, тлумачыцца Бібліяй (бусел як сімвал шчасця) і славянскімі вераваннямі.
Разам з буслам на гербе ёсць выява вянка з дубовага лісця.
Герб з’явіўся ў 2002 годзе.
Мазырскі арол праз стагоддзі застаўся на гербе
Адзін са старэйшых беларускіх гарадоў Мазыр з даўніх часоў меў свой герб. Яшчэ ў XV стагоддзі гэта быў герб з залатым полем і чорным арлом з княжацкай каронай, у якога на грудзях быў герб «Трубы». З часам выява герба змянялася, на ім нават была манаграма Стэфана Баторыя. Падчас акупацыі беларускіх зямель Расійскай імперыяй на гербе Мазыра быў двухгаловы імперскі арол.
На сучасным гербе ніякіх спасылак да старадаўняй гісторыі — часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай — не засталося. На гербе на блакітным полі размяшчаецца толькі сам чорны арол.
Герб з’явіўся ў 2001 годзе.
Радзівілаўскі арол Міра
У Міра, што ў Гродзенскай вобласці, доўгая гісторыя, якая пачалася яшчэ ў XIV стагоддзі. У XVI стагоддзі Мір стаў цэнтрам графства — дзякуючы роду Іллінічаў, а затым Мір стаў часткай уладанняў Радзівілаў.
Элементы радавой геральдыкі — Іллінічаў і Радзівілаў — знайшлі адлюстраванне ў сучасным гербе Міра. У верхняй частцы — радзівілаўскі арол, а ў ніжняй — элемент герба Іллінічаў «Корчак».
Герб з’явіўся ў 2002 годзе.
Невядомыя птушкі Любані
Любанскі герб захаваў славутую гісторыю мінуўшчыны. На гербе ёсць чырвоны колер ад роду Алелькавічаў, элементы гербоў Тышкевічаў і Радзівілаў.
У Любані на гербе ёсць дзве птушкі — іх намалявалі ў дэкаратыўна-прыкладным стылі. Што гэта за птушкі — невядома, як і сэнс іх размяшчэння на гербе. Птушкі сядзяць на лісці стылізаванага чароту.
Герб з’явіўся ў 1996 годзе.
Чорны арол Нясвіжа
Чорнаму арлу на сваім гербе Нясвіж павінны дзякаваць Мікалаю Радзівілу Чорнаму, які атрымаў разам з тытулам князя Свяшчэннай Рымскай імперыі і гэту птушку ў радавы герб.
Цяпер чорны арол застаецца часткай герба Нясвіжа. Герб з’явіўся ў 2001 годзе.
І яшчэ цікавостка, але не пра нясвіжскі герб, а пра сцяг: у яго не характэрная форма для беларускай вексікалогіі і вельмі распаўсюджаная ў Заходняй Еўропы. Нясвіжскі сцяг мае форму сярэднявечных сцягоў.