Агульная тэндэнцыя на скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы Беларусі захоўваецца не першы год. Але толькі сёлета загаварылі, праўда, ужо пра «павальны дэфіцыт кадраў».
PALATNO высвятляла, што адбываецца з работнікамі ў Беларусі.
Змест
У Беларусі ўсё менш работнікаў — і гэта даволі старая праблема
У 2020 годзе кіраўнік адной з буйнейшых ІТ-кампаній з беларускімі каранямі Аркадзь Добкін папярэджваў, што Беларусь упрэцца ў праблему зыходу кваліфікаваных кадраў. Вядома, чатыры гады таму яго словы, нягледзячы на тое, што гэта вядомы ў краіне бізнесмен, улады не звярталі ўвагі — не да таго было. Ды і самога спадара Добкіна з яго кампаніяй папросту выпіхнулі з краіны.
Не мінула і чатырох гадоў, як аб гэтай праблеме голасна загаварылі на самых прадстаўнічых нарадах, дзе гучаць цяпер наратывы кшталту «кадровый дефицит — это, пожалуй, системообразующая проблема экономики».
Некаторыя лічбы, якія сведчаць аб недахопе працоўнай сілы ў эканоміцы, шакуюць не толькі адмыслоўцаў, але і звычайных людзей. Паводле дадзеных Белстата, да прыкладу, на МАЗе не хапае 2,5 тыс. работнікаў, на МТЗ — 2,2 тысячы. Больш за пяцьсот чалавек шукае «Атлант», больш за шэсцьсот — Мінскі падшыпнікавы завод. Толькі ў апрацоўчай прамысловасці не хапае 27 тысяч чалавек.
Недахоп кадраў назіраецца практычна ва ўсіх сферах. Па дадзеных дзяржаўнай службы занятасці ў краіне не стае больш за 102,5 тысячы работнікаў.
Эканаміст Віталь Алейнік канстатуе, што за перыяд з 2010 на мінулы год беларуская эканоміка страціла ўжо больш 500 тысяч чалавек. І што адметна, пасля 2020 года гэтыя тэмпы паскорыліся. А гэта азначае — чым менш людзей занятых у эканоміцы, тым меншы ўзровень вытворчасці на тле каласальнай абмежаванасці доступу краіны да сучасных тэхналогій. І ў выніку: пастаяннае памяншэнне колькасці работнікаў, памножанае на санкцыйную аблогу — гэта ціск на ВУП.
Віталь Алейнік згадвае словы Лукашэнкі, які напярэдадні чарговага эканамічнага цыклу заяўляў, што «наступную пяцігодку нам патрэбна кроў з носу дасягнуць планку ў 100 мільярдаў долараў ВУП. Толькі гэта дазволіць мець заробак у тысячу долараў і не скаціцца ў пастку беднасці». Мінула большасць гэтага тэрміну і што перад намі? Паводле эканаміста, ВУП які павінен быў бы набліжацца да 100 мільярдаў долараў, па выніках мінулага году, складае толькі 68 мільярдаў.
А калі паглядзець на працэс у дынаміцы і параўнаць лічбы з 2014 годам — падзенне ў доларавым эквіваленце больш за 10%. Гэтыя лічбы якраз і сведчаць аб своеасаблівай карэляцыі паміж тым, як зніжаецца рэальная база эканамічна-актыўнага насельніцтва і тэмпы росту эканомікі. Гэта паказвае, што кадравая праблема з’явілася не ў адной нейкай індустрыі ці галіне, а прасякае наскрозь усю сістэму.
Якія праблемы ад недахопу працоўнай сілы?
Існуюць сферы, у якіх нястача кадраў становіцца сацыяльнай праблемай. Прыкметны перманентны недахоп як высокакваліфікаваных кадраў, так і спецыялістаў сярэдняга ўзроўню.
Эканаміст прыводзіць лічбу медыяннага заробку, як найбольш аб’ектыўнага паказчыку працы, які, па апошніх дадзеных, бруднымі складае каля 460 долараў. Калі параўнаць яго з тым, што атрымліваюць працоўныя ў суседніх з намі краінах, то людзі, напэўна, адчуваюць, што нешта не тое адбываецца ў нас з эканомікай.
У Беларусі гучаць заклікі будаваць эканоміку прапановы. Гэта значыць — нарошчваць вытворчасць так, каб мабілізоўваць грамадзян на попыт. З іншага боку, без дастатковай колькасць працоўных рук вырашыць гэта немагчыма.
Эканаміст зазначае, што звычайны спажывец бліжэй разумее якасць вытворчасці. Аднак апошнім часам ён бачыць навіны пра тралейбусы Белкамунмашу і аўтобусы МАЗ, якія гараць…
Наступнае — няздольнасць да інавацый. Алейнік лічыць, што гэта можа прывесці да наўпроставага вынішчэння цэлых галін эканомікі.
Найбольш небяспечнае ў гэтай сітуацыі, заўважае спецыяліст, — страта кампетэнцый. Аднаўленне іх патрабуе вельмі шмат часу і не заўсёды, дарэчы, гэта ўдаецца. Гэта добра відаць па Індэксу развіцця чалавечага капіталу (Global Human Development Index). Беларусь, паводле гэтага паказчыку, згодна з апошнімі дадзенымі ААН, знаходзіцца на 69 месцы, абваліўшыся на 19 пазіцый у 2019 годзе. Гэты індэкс яшчэ больш важны, чым усе нашы размовы пра ВУП, паколькі гэта патэнцыял эканомікі.
Чаго чакаць і што спрабуюць змяніць улады?
Адна з апошніх ідэй, агучаная ў СМІ — прапанаваць вярнуцца на працу тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, найбольш адметная. Спадар Алейнік гэтую ідэю ўспрымае не больш, як прапагандысцкую. Не кожны пенсіянер, паводле яго, вернецца на прадпрыемства. А з гадамі страчваюцца кампетэнцыі: эканоміка развіваецца такімі тэмпамі, што нават на адзін год на аднаўленне кампетэнцый трэба патраціць шмат часу. У цэлым шэрагу галін эканомікі пенсіянераў наогул яшчэ і не было: да прыкладу, той жа ІТ-сектар.
Эканаміст лічыць, што ўлады надалей працягваюць выкарыстоўваць так званы адміністрацыйны рэсурс, калі людзей спрабуюць не матываваць, не зацікаўліваць, а выкарыстоўваюць па сутнасці сістэму прыгонніцтва.
Пэўная частка моладзі пакінула краіну, каб не трапіць у беларускае войска, якое можа быць уцягнутае ў вайну, яшчэ нікому не хочацца ехаць у аддаленыя раёны па размеркаванню. І, вядома, сярод асноўных прычын масавай эміграцыі — палітычны тэрор, які ўлады поўнамаштабна распачалі пасля выбараў 2020 году і ні на дзень не спыняюць дагэтуль.
Некаторыя з экспертаў асцярожна ўказваюць на тое, што нельга ігнараваць дэмаграфічную сітуацыю: насельніцтва Беларусі старэе і скарачаецца. Спадар Алейнік прыводзіць лічбу: у мінулым годзе ў Беларусі нарадзілася ўсяго каля 65 тысяч дзяцей. А гэта своеасаблівы антырэкорд за час вядзення статыстыкі аб нараджальнасці.
На нарадах у Лукашэнкі загаварылі аб змене эміграцыйнага заканадаўства. Спадар Алейнік перакананы, што і эміграцыйная палітыка павінна быць скіравана перш за ўсё на сваіх людзей, на іх рэінтэграцыю. Але дзеля гэтага трэба стварыць умовы, спыніць тэрор супраць свайго народу, вызваліць палітзняволеных і г.д.
Некалькі месяцаў таму намеснікам міністра ўнутраных спраў Мікалаем Карпянковым былі агучаны лічбы так званых «збеглых» — людзей, якія вымушана з’ехалі ў эміграцыю. Лічба страшэнная — 350 тысяч чалавек. Сярод іх — цэлыя прыватныя кампаніі, якія зладзілі рэлакацыю за мяжу з прычыны неспрыяльных умоў для бізнесу, заходніх санкцый. Пры змене ж палітыка-эканамічнага клімату ў краіне многія, напэўна, захочуць вярнуцца на радзіму. Толькі так пытанне пакуль не стаіць.
Эканаміст звяртае ўвагу на тое, што з боку ўраду пакуль незаўважна дзейсных крокаў у вырашэнні праблемы. Дзейнічаюць па старой схеме: перасядзім дзень, перацерпім ноч, а там…, можа і само нешта выправіцца. Улады, на думку адмыслоўцы, папросту не разумеюць што рабіць. Адказу пакуль няма на гэтыя пытанні, а эканоміку дручком не пакіруеш.