
PALATNO расказвае, якімі былі ўяўленні продкаў беларусаў пра рай і пекла.
Якім быў рай
Рай — гэта месца, дзе, паводле Бібліі, жылі першыя людзі і куды пасля смерці трапляюць праведнікі. У беларускай традыцыі гэта не толькі хрысціянская ідэя, але і старажытны язычніцкі вобраз сакральнага месца. Гэта прыгожы сад, дзе заўсёды цёпла і пануе вечнае лета.
У раі жылі Адам і Ева. Бог стварыў Адама, а Ева з’явілася з рабра Адама па-за межамі раю. У розных варыянтах гаворыцца, што пасля яны каштавалі забаронены плод, але якім ён быў — версіі розныя. Да выгнання целы людзей былі іншымі: пакрытыя цвёрдай «шкарупай», падобнай да пазногцяў, але пасля яна злезла.
Існавала і іншая карціна рая. Ён уяўлялася як месца, дзе жывуць душы святых і добрых людзей пасля смерці. Гэтае месца нават лакалізоўвалася: было дзесьці ўгары каля сонца, на поўдні, куды ляцяць птушкі ў вырай.
У беларускіх паданнях існуе думка пра страчаны рай. Людзі нібыта прасілі Бога вярнуць іх туды, а Бог дазволіў ім бачыць рай у снах. З таго часу лічыцца, што калі чалавек спіць, то яго душа пакідае цела і можа наведаць рай. Такое тлумачэнне блізкае да ўяўленняў у іншых культурах — індыйскіх, будысцкіх, шаманскіх.
Асаблівасць беларускай міфалогіі ў тым, што рай зямны і рай нябесны зліваюцца ў адзіны вобраз. У міфах ёсць паняцце выраю — месца на зямлі, дзе раней быў рай, а цяпер там жывуць птушкі, святыя і анёлы.
Ідэя вяртання ў страчаны рай звязаная з рухам часу і жыцця па коле. Паводле абяцання Бога, калі людзі перастануць грашыць, яны зноў вернуцца ў рай і будуць жыць з Богам вечна. Менавіта так замкнецца кола чалавечай гісторыі, калі людзі зноў будуць шчаслівымі і несмяротнымі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Плачуць багі і ведзьмы. Як продкі беларусаў уяўлялі дождж?
Азадак, геніталіі і фалічны культ. Што нашы продкі бачылі ў тым, што ніжэй за пояс?
«Па нівах, па сёлах туды і сюды шнуруе ваўкалак». Кім былі ваўкалакі для продкаў беларусаў
Якім было пекла
Пекла ўяўлялася як месца, дзе пасля смерці пакутуюць грэшнікі. У старажытных паганскіх вераваннях беларусаў і іншых народаў у сучасным разуменні пекла не існавала. Раней лічылася, што пасля смерці ўсе людзі трапляюць да продкаў, то бок становяцца часткай іх свету. У старажытных беларускіх міфах гаварылася пра тое, што людзі ў міфалагічныя часы былі бязгрэшнымі. Гэта значыць, што не было патрэбы ў пекле як месцы пакарання. У народных казках «той свет» быў месцам, дзе людзі жывуць пасля смерці і неабавязкова пакутуюць.
З распаўсюджаннем хрысціянства ў беларускіх уяўленнях з’явілася сістэма «рай — зямля — пекла». Рай знаходзіўся ўверсе, зямля была пасярэдзіне, а пекла — унізе, пад зямлёй. Там жывуць чэрці, якія катуюць душы грэшнікаў. У народных аповедах гаворыцца, што пекла знаходзіцца ў глыбіні зямлі ці пад вадой. З гэтых месцаў могуць выходзіць розныя страхі: стогны, рукі з ям, водныя варонкі, якія цягнуць жывёліну.
Хрысціянскія ўяўленні дадалі больш дэталяў да пекла. Напрыклад, там цёмна і халодна, там гарыць вечны агонь, а ў вялізных катлах чэрці вараць душы грэшнікаў. Пасярод пекла сядзіць Люцыпар, прыкаваны ланцугамі, а ля яго стаяць катлы з душамі. Грэшнікі падвозяць смалу на вазах, а чэрці з іх смяюцца.
Агонь у пекле з’яўляецца галоўным сімвалам, бо ён сімвалізуе гнеў Божы. У беларускіх паданнях расказваецца, што агонь туды занёс чорт, калі скраў яго ў людзей. Чорт хацеў выкарыстаць агонь супраць Бога, але сам абпаліўся. Разам з агнём часта ўзгадваецца вада (у некаторых міфах пекла знаходзіцца на дне ў вадзе). І вобраз з вадой ужо з’яўляецца вяртаннем да першапачатковага стану, да забыцця, таму пекла можа быць не толькі месцам пакут, але і сімвалам канца ўсяго жывога.
Адны з найбольш яркіх прадстаўнікоў пекла — пякельнікі. У гэтых нячысцікаў былі сабачыя або казліныя рысы. Яны каралі душы расплаўленай смалой і серай. Пякельнікаў саслаў у пекла сам Бог.
А хто трапляе ў пекла? Гэта душы людзей, якія цяжка зграшылі (забілі, скралі ці былі сквапнымі). Канчатковае рашэнне пра тое, хто трапіць у пекла, прымае Бог на Страшным судзе. Аднак душу чалавека можа забраць чорт адразу ж пасля смерці, калі чалавек прадаў яму душу ці моцна грашыў. Пакаранні ў пекле часта адлюстроўваюць грахі: злодзей носіць скрадзенае (той, хто скраў пярсцёнак, мусіць пралезці праз яго).
Яшчэ ў народзе існуе версія «вясёлага пекла», у якім чэрці жывуць шумна і нават дазваляюць душам весяліцца. Гэта ўзялося з язычніцкіх уяўленняў, у якіх той свет быў працягам звычайнага жыцця.