Святар, які супрацьстаяў камуністычнай уладзе. Юнак, які выступіў супраць сілавога самавольства. Розныя эпохі, розныя краіны, падобны лёс. Што аб’ядноўвае гісторыі Рамана Бандарэнкі і Ежы Папялушкі? Чаму пра іх варта помніць?
Бескрампрамісны капелан «Салідарнасці»
Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 годзе на Беласточчыне. Скончыў духоўную семінарыю ў Варшаве і мог бы быць проста шэраговым каталіцкім святаром. Аднак ён публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці» і стаў адным з духоўных пастыраў гэтай арганізацыі.
У 1981 годзе, калі Польшча перайшла ў ваеннае становішча, ксёндз Ежы Папялушка накіраваўся да страйкоўцаў-рабочых на Варшаўскі металургічны завод. Яго пропаведзі трансліраваліся па радыё «Свабода»: бескампрамісныя, трапныя, палымяныя. Святар падтрымліваў рабочых і заклікаў іх быць моцнымі. Дзясяткі тысяч людзей збіраліся, каб яго паслухаць.
Безумоўна, гэта пужала камуністычныя ўлады, ён быў іх ворагам. Служба бяспекі МУС Польскай Народнай Рэспублікі (аналаг беларускага КГБ) спрабавала яго запалохаць: яму пагражалі, падкідвалі запіскі, сфабрыкавалі крымінальную справу, падстроілі аўтамабільную аварыю…
19 кастрычніка 1984 года ксёндз Папялушка быў выкрадзены функцыянерамі польскай Службы Бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле. Яго цела знайшлі толькі праз паўтара тыдні.
«Я выхожу»
Раман Бандарэнка нарадзіўся ў 1989 годзе ў Мінску. Скончыў архітэктурна-будаўнічы каледж, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, адслужыў у войску.
Юнак не быў грамадска-палітычным дзеячам, не выступаў з маніфестамі і прамовамі, якія б збіралі агромністыя натоўпы. Паводле слоў родных, ніколі не меў праблем з міліцыяй і не прымаў удзел у палітычных акцыях. Проста жыў згодна са сваімі маральнымі прынцыпамі, вучыў дзяцей маляваць і працаваў дырэктарам адной з беларускіх сеткавых крам.
Трагічная падзея адбылася 11 лістапада 2020 года паблізу дома Рамана, на так званай Плошчы Перамен. Каля 22-й гадзіны ў іх двор прыехалі людзі ў цывільным і ў масках і пачалі ў чарговы раз зразаць бела-чырвона-белыя стужкі. Хлопец разам з іншымі жыхарамі выйшлі з імі паразмаўляць, а перад гэтым Раман напісаў у дамавым чаце паведамленне, якое потым ператварылася ў лозунг: «Я выхожу».
Візіцёры напалі на жыхароў, збілі Рамана Бандарэнку і адвезлі ў Цэнтральнае РУСС. Ужо потым адтуль у цяжкім стане, на мяжы жыцця і смерці, даставілі ў бальніцу. Урачы спрабавалі яго выратаваць, некалькі гадзін доўжылася аперацыя, аднак да вечара 12 лістапада хлопец памёр.
Хто вінаваты?
У абодвух выпадках гэтыя гісторыі былі на слыху для грамадскасці. Ежы Папялушка быў публічнай асобай, яго знікненне не прайшло незаўважаным. А Рамана Бандарэнку не ведалі толькі да таго вечара — у лістападзе 2020 года беларускае грамадства было наэлектрызаванае пратэснымі падзеямі і гісторыя з юнаком абнаўлялася ў СМІ літаральна штогадзіны.
Польскія вернікі не даравалі ўладам забойства іх святара. Грамадскасць патрабавала адказнасці: адбыўся судовы працэс, у выніку якога чацвярых афіцэраў МУС ПНР прысудзілі да турэмнага зняволення. Праўда, дагэтуль у застаецца дыскусія і запыт пра тое, што пакаралі толькі выканаўцаў, а трэба яшчэ і тых, хто выдаў той загад.
У выпадку Рамана за яго смерць не адказаў ніхто. Ініцыятыва ByPOL правяла расследаванне: злітыя тэлефонныя размовы, аналіз галасоў і фотаздымкаў, доказы і — нічога. Былі ўстаноўленыя 14 чалавек, блізкія да ўлады асобы, на падставе аўдыёзапісаў і тэлефонных размоў, аднак вінаватых не пакаралі.
Афіцыйная версія беларускай дзяржавы апынулася іншай. Генеральная пракуратура ініцыявала крымінальную справу па забойстве па неасцярожнасці і праз сем месяцаў яе спыніла — не змаглі прыдумаць, каго прыцягнуць да адказнасці. Расследаванне ByPOL датычна забойства Бандарэнкі, акрамя публічнага розгаласу, не мела вынікаў.
Рэакцыя і памяць
Абедзве смерці, калі пра іх стала вядома, моцна паўплывалі на грамадства. Ужо 12 лістапада некалькі тысяч беларусаў сабраліся ў двары Рамана Бандарэнкі, каб аддаць яму даніну памяці. Людзі па ўсёй краіне выходзілі на вулічныя акцыі памяці, запальвалі свечкі.
З заявамі выступілі публічныя асобы, палітычныя структуры, прадстаўнікі амбасад замежных краін. Гісторыя патрапіла ў буйныя СМІ Беларусі і замежжа. Аднак што стыхійныя акцыі, што марш памяці — усё было жорстка разагнана сілавікамі, шмат людзей затрымалі. Сілавікі нават знішчылі народны мемарыял Рамана Бандарэнкі.
Навіна пра палітычнае забойства ксяндза Ежы стала прычынай выбуху пратэстаў па ўсёй Польшчы. Па розных крыніцах, ад 250 тысяч да мільёна чалавек прысутнічалі на яго пахаванні 3 лістапада 1984 года ў Варшаве — адна з найвялікшых патрыятычных маніфестацый 1980-х гадоў у Польшчы.
Выканаўцы яго забойства апынуліся ў турме, Рымская каталіцкая царква пачала працэс беатыфікацыі, і сёння ксёндз Ежы Папялушка прылічаны да благаславёных каталіцкага касцёла. Яго помняць і шануюць, а 19 кастрычніка, у гадавіну выкрадання, у Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці аб нязломных святарах.
Абодва маладыя мужчыны сталі ахвярамі страхаў тагачасных уладных рэжымаў. Яны пацярпелі за тое, што мелі ўласныя перакананні, што не змаглі і не сталі заставацца абыякавымі. Трагедыя Ежы Папялушкі дадала палякам сіл на змаганне і надзею ў перамогу. Ім спатрэбілася пяць год, каб дайсці да перамогі. Ці паўторыць гэтую гісторыю беларускае грамадства?