Ён любіў мастацтва, вучыўся маляваць, рана пераехаў у Маскву, але часта наведваў родную Беларусь. Ён жыў і працаваў у Маскве, там жа яго арыштавалі супрацоўнікі НКУС і пазней забілі — праз два дні пасля арышту за шпіянаж і контррэвалюцыйную дзейнасць. Якое жыццё было ў беларускага мастака? Чаму за яго ўзяліся чэкісты? І як яго творчасць ацэньваюць цяпер?
PALATNO расказвае гісторыю мастака Рамана Семашкевіча.
Ранняе жыццё, уцёкі ў СССР і Масква
Раман Семашкевіч нарадзіўся ў мястэчку Лебедзева Віленскай губерні (цяпер гэта Маладзечанскі раён у Мінскай вобласці). Сям’я Семашевіча была шматдзетнай, хлопец быў адным з шаснаццаці дзяцей вясковага садавода. З дзяцінства пачаў цікавіцца мастацтвам, быў апантаны мастацтвам. У 1919 годзе паступіў у Віленскую школу, дзе адвучыўся пяць гадоў. Пасля вучыўся ў Язэпа Драздовіча ў яго майстэрні.
У Заходняй Беларусі Раман Семашкевіч доўга не застанецца. Ён марыў пераехаць у Савецкі Саюз. У тыя часы там ідзе беларусізацыя і будуецца новае жыццё.
У 1924 годзе Семашкевіч незаконна пераходзіць мяжу. Ён працягвае вучыцца, цяпер ужо ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. У тэхнікуме Семашкевіч быў адным са стваральнікаў секцыі «Маладняк», якая арганізоўвала экспедыцыі для замалёвак архітэктурных помнікаў Віцебшчыны, узораў нацыянальнага адзення, этнаграфічных прадметаў. Рамана Семашкевіча лічаць адным з найлепшых студэнтаў, таму накіроўваюць на навучанне ў Маскву, у Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут.
Яшчэ падчас навучання ў Маскве ён удзельнічаў у выстаўках, яго працы пакупалі разнастайныя музеі. Семашкевіча называлі таленавітым жывапісцам, і ён застаўся ў Маскве пасля заканчэння навучальнай установы. Аднак і пра Беларусь ён забывае: ён прыязджае на радзіму, каб сустрэцца са знаёмымі пісьменнікамі і мастакамі.
У 1935 годзе Рамана Семашкевіча ўпершыню арыштавалі, аднак неўзабаве вызвалілі. Пазней яго жонка ўспамінала, што пасля першага арышту Раман пачаў працаваць над творамі яшчэ больш.
У 1937 годзе Раман Семашкевіч плануе вялікую персанальную выставу ў Беларусі. Для гэтага ён спецыяльна едзе ў творчую паездку на радзіму. Так ён у апошні раз наведаў Беларусь, а менавіта Лепельшчыну, — перад арыштам і расстрэлам.
Арышт, допыт і расстрэл
Ноччу на 2 лістапада 1937 года за Семашкевічам чэкісты прыйшлі ў другі раз. Яго забралі з дому, пакінуўшы там цяжарную жонку. Больш яны ніколі не ўбачацца.
Семашкевіча дапытвалі ноччу і казалі, што ён шпіёніць для Польшчы. Мастак адмаўляўся ад абвінавачванняў, не прызнаваў сябе вінаватым.
Галоўным сведкам супраць яго быў прафесар і мастак Аляксандр Дрэвін. Ад Дрэвіна патрабавалі даць паказанні супраць беларускага мастака. Дрэвін нібыта сцвярджаў, што Семашкевіч выказваў думку, што свабодная творчасць у СССР немагчымая. Падчас допытаў сам Дрэвін прызнаўся ў «шкодніцкай дзейнасці».
20 снежня 1937 года «тройка» прысудзіла мастака расстраляць. Рамана Семашкевіча расстралялі на ўскрайку Масквы на стралковым палігоне НКУС.
У 1958 годзе Рамана Семашкевіча пасмяротна рэабілітавалі.
Якой была творчасць Семашкевіча
Жывапіс і графіка Семашкевіча адзначаны актыўнай экспрэсіяй колеру, свабодным і лаканічным зваротам з графічнай формай, ім уласцівы энергічныя каларыстычныя кантрасты. Некаторыя работы адрозніваюцца спрошчанасцю форм. Ён валодаў рэдкім талентам каларыста. Многія лічылі яго «самародкам», «наіўным мастаком».
«Калі мяне пытаюцца, як я пішу, я адказваю — як Рафаэль!» — весела смеючыся любіў казаць Семашкевіч.
У яго творчасці дамінаюць звычайныя фігуры, халодныя матывы, партрэты. Для палотнаў характэрны колеравы лаканізм. Семашкевіч не выяўляў у сваіх творах асаблівай павагі да акадэмічнай традыцыі, але яго працы вылучаліся высокай культурай колеру і дасканаласцю кампазіцыі.
Мастачка Таццяна Маўрынава так успамінала пра творчасць Семашкевіча:
«Любая тэма — параход, цягнік, агітатар, сустрэча — усё адно: жар душы і дужыя рукі рабілі сваю справу. Атрымоўвалася палатно, якое хацелася мець у сябе дома, і не мне адной. Ён неяк адразу стаў марай калекцыянераў».
Вядома, што да 1937 года Раман Семашкевіч стаў аўтарам 700 палотнаў. Лёс большасці з іх невядомы.