Ён прыдумаў беларускую літаратуру. Расказваем пра фалькларыста Рамуальда Падбярэскага

рамуальд падбярэскі, рамуальд падбярэзкі, беларускія фалькларысты, беларуская літаратура

Рамуальд Падбярэскі ўвёў паняцце «беларуская літаратура». Ён нарадзіўся ў Вільні, выхоўваўся на польскай літаратуры, але ўсё жыццё працаваў дзеля беларускай культуры і літаратуры. Яго жыццё скончылася трагічна ў ссылцы ўдалечыні ад радзімы.

PALATNO расказвае пра Рамуальда Падбярэскага.

Жыццё без бацькі, якога саслалі за паўстанне

Рамуальд Падбярэскі нарадзіўся 7 лютага 1812 года ў сям’і збяднелага беларускага шляхціца ў Вільні. Род Падбярэскіх паходзіў з Троцкага павета Віленскай губерні.

Спачатку малы Рамуальд вучыўся ў ковенскай гімназіі, а затым перайшоў у віленскую. Яе ён скончыў у 1830 годзе, тады ж паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Падбярэскі правучыўся ва ўніверсітэце зусім мала, бо пасля паўстання ўстанову закрылі расійскія царскія ўлады. Рамуальд не ўдзельнічаў у паўстанні і не далучыўся да студэнтаў-паўстанцаў. Аднак, хутчэй за ўсё, яго бацька Андрэй Падбярэскі ўдзельнічаў у паўстанні 1830 года і быў сасланы за гэта ў Сібір.

Зняволенне і ссылка бацькі моцна паўплывалі на будучыню Рамуальда. Ён быў старэйшым у сям’і, таму імкнуўся забяспечыць маці, якая засталася без сродкаў, і малодшых братоў і сясцёр. Усяго ў сям’і было шасцёра дзяцей: Рамуальд, Андрэй, Людвік, Казімір, Роза і Вераніка. З-за таго, што Рамуальд браўся за любую працу, з яго пазней здзекаваліся яго праціўнікі і смяяліся з таго, што ён шыў боты і прадаваў сукно.

У 1835 годзе з’ехаў на гувернёрскую працу ў Арол, але ў наступным годзе вярнуўся ў Вільню. У хуткім часе паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў права. Сучаснікі лічылі, што Падбярэскі не збіраўся сур’ёзна займацца юрыдычнай працай, бо галоўным заняткам для яго было пісьменства.

Масква, Пецярбург, праца і зацікаўленасць паліцыі

У Маскве для Падбярэскага пачынаецца вялікая праца, якой ён прысвеціць усё жыццё. Ён піша навуковыя працы і артыкулы, працуе ў літоўскай гандлёвай суполкі і ездзіць па беларускіх землях.

У Маскве праводзіць некалькі гадоў паміж вучобай і працай, аднак там не змог дамагчыся прызнання. Таму Падбярэскі пераязджае ў Пецярбург. Там плануе заняцца выдавецкай дзейнасцю. Падбярэскі, якому ўжо споўнілася 29 гадоў, на той момант не меў сур’ёзных знаёмстваў, акрамя аднаго вельмі важнага з Юзафам Крашэўскім.

ХТО ТАКІ КРАШЭЎСКІ?
Юзаф Крашэўскі быў польскім пісьменнікам, гісторыкам і выдаўцом. Крашэўскі лічыцца пачынальнікам польскай рэалістычнай прозы, адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў.

Падбярэскі доўгі час ліставаўся з Крашэўскім, атрымаў ад яго заступніцтва і рэкамендацыі. Рамуальд перакладаў рускія казкі на польскую мову і дасылаў Крашэўскаму для публікацыі ў яго часопісе «Athemaeum». У Пецярбургу Падбярэскі плённа працуе ў мясцовых выданнях і піша ўласныя творы. Піша прадмову да кнігі «Шляхціц Завальня…» Яна Баршчэўскага.

У 1841 годзе Падбярэскім і яго братам зацікавілася царская паліцыя. Лічылася, што Падбярэскія звязаныя з таемным студэнцкім «Дэмакратычным таварыствам» Францішка Савіча. У брата Рамуальда, Людвіка Падбярэскага, знайшлі «непозволительные сочинения, обнаруживающие дух вольнодумства и ненависть к правительству». Перапіску Рамуальда чыталі паліцэйскія, але ў хуткім часе з яго знялі нагляд.

У 1840-я гады ў Пецярбургу Падбярэскі змог ажыццявіць выдавецкія амбіцыі. Ён пачынае выдаваць «Rocznik Literacki», у якім актыўна друкуюцца пісьменнікі. Выдавецкая дзейнасць Падбярэскага шмат каму не падабаецца — хутчэй за ўсё, з-за камерцыйнага поспеху. А вось асаблівая нянавісць нараджаецца паміж Падбярэскім і Станіславам Ляховічам.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Чалавек, які хацеў скасаваць прыгон і любіў народныя песні. Кім быў Ігнат Храпавіцкі

Вяртанне ў Вільню, пераезд у Варшаву і пераслед былога пратэктара

У канцы 1840-х гадоў Падбярэскі, ужо дасведчаны выдавец і літаратар, вяртаецца на радзіму, у Вільню. Там хоча разгарнуць для сябе і для ўсіх беларускіх літаратараў новую старонку. Рамуальд Падбярэскі заявіў, што ідзе на разрыў з «аўтарытэтамі» і «мёртвай мінуўшчынай». Падбярэскі меў на ўвазе Крашэўскага, які спыніў камунікацыю ў тым ліку з-за паклёпніцкіх лістоў пра Рамуальда ад Станіслава Ляховіча.

Крашэўскі ўбачыў ў Падбярэскім і яго выданні «Pamiętnik Naukowo-Literacki» вялікую канкурэнцыю для сябе, таму спрабаваў усімі метадамі ліквідаваць праціўніка. Перш за ўсё, Крашэўскі звярнуўся да віленскага выдаўца Адама Завадскага, каб пераканаць таго ў нядобрасумленнасці Падбярэскага. Тое ж самае Крашэўскі правярнуў з пісьменнікам Уладзіславам Сыракомляй. З усіх бакоў на Падбярэскага апалчыліся яго былыя паплечнікі і сябры, але гэта не перашкодзіла яму выдаваць свой часопіс.

Падбярэскі нажыў шмат ворагаў у Вільні і пераехаў у Варшаву ў пачатку 1850-х гадоў. Аднак доўга працаваць яму не давялося з-за царскіх рэпрэсій, якія пачаліся за некалькі гадоў да гэтага.

За што рэпрэсаваў Падбярэскага царскі ўрад

У 1847 годзе арыштавалі эмісара «Дэмакратычнага таварыства», які заявіў пра існаванне на Літве таемнай літаратурнай суполкі. Пераезд Падбярэскага царскі ўрад успрыняў як пацвярджэнне слоў арыштаванага эмісара. У студзені-маі 1851 года былі арыштаваны нелаяльныя да царскага рэжыму літаратары, у тым ліку і Рамуальд Падбярэскі.

«Бо як узялі мяне на вуліцы ў Варшаве ў цытадэль, дзе чатыры месяцы выседзеў у фраку і капелюшы, гэтак і выкінулі мяне на вуліцу ў Архангельску, у краі бураў, марозаў, сярод самаедаў, без аніякіх сродкаў да жыцця, бо мая аснова — адно праца літарацкая. Смутны гэты край, куды лёс мяне загнаў, бо апрача поўнага адарвання ад інтэлектуальнага свету ўсе мае дасягненні мінулых гадоў не могуць тут забяспечыць мне першых патрэбаў жыцця. Тут трэба быць альбо рыбаловам, альбо стральцом мядзведзяў, альбо гандляром траскою, да чаго я не маю аніякіх здольнасцяў», — успамінаў пазней Падбярэскі пра арышт і ссылку.

У 1851 годзе Падбярэскі аказаўся ў ссылцы ў Архангельску. Два гады ён адпрацаваў надзорцам урадавай друкарні. Пазней яго саслалі ўглыб губерні, у горад Пінега. Там Падбярэскі звар’яцеў ад непасільнай працы і кепскага харчавання, таму яго накіравалі назад у архангельскі шпіталь.

У 1856 годзе сваякі Падбярэскага дамагліся для яго амністыі, аднак вярнуцца на радзіму ён так і не змог. Рамуальд Падбярэскі памёр 10 кастрычніка 1856 года.

Вярнуцца ўгару