Now Reading
Не патрапіць у пастку. Як распазнаць, што побач з вамі — гвалтаўнік

Не патрапіць у пастку. Як распазнаць, што побач з вамі — гвалтаўнік

прыкметы гвалтаўніка

Па ўсім свеце людзі сутыкаюцца з такімі сур’ёзнымі праблемамі як гвалт і аб’юз. Для некаторых нават дом не з’яўляецца цалкам бяспечным месцам: ён асацыіруецца з болем, страхам і прыніжэннямі. Не заўсёды людзі, якія ўжо сталі ахвярамі гвалтаўніка, могуць адразу гэта распазнаць. Мноства фактараў абцяжарваюць усведамленне і перашкаджаюць знайсці выхад і звярнуцца па дапамогу. 

PALATNO паразмаўляла з клінічным псіхолагам Азаліяй Аліевай і даведалася, па якіх галоўных прыкметах можна распазнаць аб’юзара.

Дванаццаць прыкмет аб’юзара або гвалтаўніка

Па словах псіхолага Азаліі, не заўсёды відавочна, што перад вамі знаходзіцца гвалтаўнік або аб’юзар. Але ёсць некалькі рыс характару і паводзін, па якіх яго можна распазнаць.

  1. Чалавек хваліцца сваімі любоўнымі прыгодамі ў мінулым;
  2. Не выкладвае ніякіх намаганняў для таго, каб палепшыць адносіны са сваім партнёрам
  3. Паводзіць сябе непаважліва ў адносінах да партнёра;
  4. Крытычны да навакольных;
  5. Яго не цікавяць пачуцці іншых;
  6. Яму падабаецца кантроль і ўлада над іншымі;
  7. Рэдка бярэ на сябе адказнасць за свае дзеянні;
  8. З пагардай ставіцца да тых, хто не падзяляе яго светапогляд, нават калі гэта яго партнёр;
  9. Для таго, каб змякчыць наступствы сваіх дрэнных паводзін, чалавек прыбягае да жартаў, іроніі і сарказму;
  10. Галоўнае для яго — задавальненне ўласных жаданняў, у тым ліку і сексуальных;
  11. Хлусіць;
  12. Пазбягае канфліктных сітуацый, калі не можа іх кантраляваць.

Аб’юзарамі часцей за ўсё з’яўляюцца людзі, у якіх не сфармаваліся здаровыя межы асобы праз парушэнне прыхільнасці ў дзяцінстве. Таму аб’юзар успрымае партнёра працягам сябе, сродкам, а не асобным чалавекам. Такія людзі разбураюць псіхіку сваіх ахвяр прыніжэннямі, газлайтынгам (адна з формаў псіхалагічнага гвалту — заўв. PALATNO), ігнараваннем і пазбаўляюць усіх вонкавых і ўнутраных апор, каб чалавек не разарваў стасункі.

Прычына сексуальнага гвалту заключаецца ў адсутнасці здаровага палавога выхавання і непаразуменні меж. У дачыненні да жанчын ён у многім звязаны з гендарнымі стэрэатыпамі: жанчына для іх — гэта сродак абслугоўвання мужчынскіх жаданняў. Па меркаванні псіхолага, патрыярхальная культура патрабуе ад жанчын «умоўна правільных паводзін» — сядзець дома, насіць ненавязлівае адзенне і г.д. Гэта з’яўляецца прыкладам дыскрымінацыі жанчын.

— Часта ў каментарыях ёсць віктымблэймінг (абвінавачванне ахвяры — заўв. PALATNO) — маўляў, няма чаго было хадзіць вечарамі або такую спадніцу насіць. Вялікі ўклад у аб’ектывацыю (успрыманне каго-небудзь у якасці аб’екта — заўв. PALATNO) жанчын уносіць і распаўсюджванне порна, асабліва ў жорсткай форме. Гвалт вельмі часта рэалізуецца ўнутры сям’і, калі кагосьці ўспрымаюць не як асобнага чалавека, а як сродак задавальнення патрэб.

прыкметы гвалтаўніка
Фота: Diego San / unsplash.com

Як зразумець, што я ўжо патрапіў у пастку да аб’юзара або гвалтаўніка

Псіхолаг кажа, што гвалт мае некалькі формаў: фізічны, сексуальны, эмацыйны, эканамічны і псіхалагічны.

  • Фізічны гвалт — нанясенне фізічных пашкоджанняў або траўм.
  • Сексуальны гвалт — прымусовыя дзеянні ў сексуальнай сферы без згоды іншага чалавека.
  • Эмацыйны гвалт — прыніжэнне, пагрозы, кантроль або маніпуляцыі над эмоцыямі чалавека.
  • Эканамічны гвалт — абмежаванне доступу да фінансавых рэсурсаў або фінансавая залежнасць як спосаб кантролю.
  • Псіхалагічны гвалт — маніпуляцыя, пагрозы або дэструктыўнае ўздзеянне на псіхалагічны стан чалавека.

Як высветліць, што вы ўжо патрапілі ў пастку да партнёра-аб’юзера або хатняга гвалтаўніка? Псіхолаг Азалія адзначыла некалькі важных момантаў.

Зніжаная самаацэнка. У такіх выпадках рэзка падае самаацэнка. З-за пастаянных крытычных заўваг свайго партнёра чалавек пачынае лічыць сябе непрыгожым, хоць ніякіх аб’ектыўных перадумоў для гэтага не было. Вы пачынаеце сумнявацца ў сваіх сілах, хоць яшчэ год таму былі ўпэўненыя, што здольныя перагарнуць горы. Паколькі стан духа прыгнечаны, вы рэдка бярэцеся за сапраўды сур’ёзныя праекты. Робіце толькі тое, што ўхваляе ваш дамашнік тыран, і абавязкова — у разліку на яго падтрымку або словы пахвалы.

Страх перад рэакцыяй партнёра. Вы ва ўсім вінаваціце сябе. Аб’юзар здымае з сябе адказнасць і кажа, што праблема ў вас. Можа караць за правіны ігнараваннем і маўчаннем. У такім выпадку ахвяра аб’юза сама пачынае верыць у тое, што яна вінаватая.

Няма права голасу. Вы нічога не вырашаеце дома. Уборка і гатаванне па-ранейшаму застаюцца вашымі абавязкамі. Але вам пастаянна ўказваюць на тое, што ўсё гэта вы робіце недастаткова добра і да патрэбнага ўзроўню ніяк не дацягваеце. Партнёр параўновае вас з сваёй маці («Як выдатна мама гатуе боршч і катлеты!»), жонкай яго сябра («У іх дома так чыста, што можна есці нават з падлогі!») або былой сяброўкай («У яе пасцельная бялізна белая, як снег!»). Сямейным бюджэтам таксама распараджаецца ваш партнёр, выдае грошы на сямейныя патрэбы пад разлік і патрабуе звестак «да капейкі», адзначае Азалія. Ён выбірае новую мэблю або інтэр’ерныя аксесуары, калі вам неабходна іх абнавіць, вызначае, якія шпалеры паклеіць у спальні ці калідоры. Без адабрэння партнёра-аб’юзара вы не можаце купіць амаль нічога.

Татальны кантроль. Вы адчуваеце пастаянны ціск з боку блізкага чалавека. Ён кантралюе ваш вольны час. Калі выходзіце разам, дома можа чакаць «разбор палётаў»: партнёр будзе доўга і з ужываннем абразлівых параўнанняў і выразаў тлумачыць, чаму вы няправільна сябе вялі.

Поўная ізаляцыя. Экспертка кажа, што схільны да дамашняга гвалту партнёр спрабуе ізаляваць вас ад тых, хто можа скласці яму канкурэнцыю — бацькоў, сяброў і калег па працы. Спачатку такія людзі абмяжоўваюць у камунікацыі з імі, а затым робяць усё, каб вы бачыліся і размаўлялі з імі як мага радзей. У ідэале — не рабілі гэтага ўвогуле. Чым больш адзінокай вы сябе адчуваеце, тым лягчэй вамі кіраваць.

Як зразумець, што твой знаёмы стаў ахвярай гвалту

  • Нізкая самаацэнка ў чалавека, які раней быў упэўнены ў сабе;
  • прабачэнні без прычын;
  • любыя іншыя раптоўныя змены асобы, паводзін, звычак. Напрыклад, чалавек становіцца замкнутым або пачынае злоўжываць алкаголем або наркотыкамі, не клапоціцца пра сябе, скардзіцца на адсутнасць сну;
  • дэпрэсія, стан павышанай трывожнасці, размовы пра самагубства.

Людзі, якіх прымушаюць да ізаляцыі, могуць:

  • рэдка з’яўляцца ў грамадстве без партнёра;
  • усё радзей сустракацца з сваякамі і сябрамі;
  • не адказваць на званкі, паведамленні, выдаляць перапіску;
  • адмяняць запланаваныя сустрэчы;
  • мець абмежаваны доступ да грошай, банкаўскіх картак, аўтамабіля, маёмасці, медыцынскай, юрыдычнай, псіхалагічнай і іншай прафесійнай дапамогі;
  • нечакана звольніцца з працы, кінуць вучобу, любімыя заняткі.
прыкметы што вы жывеце з гвалтаўніком
Фота: Mika Baumeister / unsplash.com

Адкуль бяруцца гвалтаўнікі

Экспертка Азалія кажа, што існуюць чатыры ўзроўні арганізацыі псіхікі:

  • умоўна-здаровы;
  • невратычны;
  • памежны;
  • псіхатычны.

Больш схільныя да гвалту людзі — тыя, чыя псіхіка знаходзіцца ў дыяпазоне памежнага – псіхатычнага ўзроўню. У гэтую ж катэгорыю ўваходзяць і нарцысы — іх узровень арганізацыі знаходзіцца паміж неўратычным і памежным, бліжэй да памежнага. Псіхолаг дадае, што людзі з узроўнем псіхікі паміж неўратычным і памежным у моманты моцнага стрэсу могуць дасягнуць памежнага ўзроўню. А тыя, хто не ўмее кіраваць сваім гневам — ужываюць гвалт.

— Калі маці з неўратычным узроўнем арганізацыі псіхікі б’е дзіця, яна потым каецца, разумее, што гэта не добра. У яе ёсць крытычнасць да сваіх учынкаў і здольнасць дыстанцыявацца ад сітуацыі. Калі гэта робіць бацька з памежным і псіхатычным узроўнем, ён лічыць, што робіць «правільна». Ён б’е халаднакроўна: «Заслужыў, давёў». Адсутнічае эмпатыя.

Экспертка адзначае, што часцей за ўсё гвалтаўнікоў у дзяцінстве выхоўваюць функцыянальным спосабам — клапоцяцца пра задавальненне фізічных патрэб (адзенне, ежа і г.д.). Цяпло і кантакт у адносінах пры гэтым адсутнічаюць. Такія бацькі не цікавяцца пачуццямі дзіцяці, не вучаць разбірацца ў іх і кіраваць імі. Таму ў дзіцяці, а ў далейшым у дарослага чалавека, не развіваецца эмацыйны інтэлект, ён не можа асэнсаваць матывы сваіх учынкаў.

Па словах Азаліі, у большай ступені гэта датычыцца хлопцаў, якіх выхоўваюць у парадыгме таксічнай маскуліннасці — забарона на пачуцці, укараненне сораму за іх, за праяўленне чалавечнасці і ўразлівасці, пазітыўная ацэнка агрэсіўных паводзін хлопца. Крыніцай гвалту таксама можа выступаць падаўленая агрэсія — забарона на праяўленне негатыўных эмоцый.

— Мужчына адчувае злосць у адрас маці, але вылівае яе на жонку і дзіця, бо ў падсвядомасці стаіць забарона зліцца на маці. Калі ўспомніць гісторыю маньякаў-забойцаў, Чыкатыла, напрыклад. Гэта чалавек, маці якога была садысткай, і з страху перад ёю ён цалкам выцесніў агрэсію. Таму быў вядомы ўсім як ціхі сям’янін, але гэтая агрэсія да маці знайшла выхад у выглядзе забойства іншых жанчын.

Вярнуцца ўгару