Колькі каштуе бульба, мыла ці малако на рынку? Чыімі паслугамі скарыстацца, каб трапіць у Амерыку? Якую працу цяпер можна знайсці ў Вільні? Які цяпер курс долара і злотага? Дзе лячыць сіфіліс? На гэтыя пытанні часцяком адказвалі беларускія газеты сто гадоў таму. Мы пагарталі выданне «Змаганне», што выходзіла ў 1923-1924 гады, у якім знайшлі шмат рэкламных матэрыялаў.
PALATNO расказвае, што і як рэкламавалі ў адной з беларускіх газет сто гадоў таму.
Змест
Вандроўкі ў Амерыку
Амаль у кожным нумары газеты была рэклама кампаніі Red Star Line, якая перавезла не толькі сотні тысяч еўрапейцаў у Амерыку, але стала часткай масавай культуры. Пра Red Star Line можна пачуць у некаторых класічных галівудскіх фільмах, кшталту «Хроснага бацькі».
Кампанія Red Star Line адкрылася ў 1871 годзе і займалася трансатлантычнымі пасажырскімі перавозкамі. Асноўныя еўрапейскія порты знаходзіліся ў Антверпене, Ліверпулі і Саўтгэмптане, а амерыканскія — у Філадэльфіі і Нью-Ёрку. Караблямі кампаніі з Еўропы ў Амерыку перабраліся тысячы эмігрантаў, а офісы Red Star Line знаходзіліся ў амаль кожным буйным еўрапейскім горадзе.
У газеце адзначалася, што ў офісе кампаніі ў Вільні можна атрымаць адказы на любыя пытанні (і гэта задарма!). Таксама рэкламаваўся «просты і бесперасадачны праезд з Вільні ў Амерыку», што не заўсёды было праўдай: вандроўкі караблём у ЗША заўжды былі цяжкімі для эмігрантаў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Як выехаць у Амерыку сто гадоў таму? Расказваем пра падарожжы, кошты і эміграцыйныя агенцтвы

Red Star Line была не адзінай кампаніяй, якая перавозіла эмігрантаў у Амерыку, і якая рэкламавалася ў тым ліку беларускіх газетах. Напрыканцы 1923-га ў «Змаганні» з’яўляецца рэклама Royal Mail Line — кампанія, якая праз некалькі гадоў стане найбуйнейшым перавозчыкам у свеце. Калі Red Star Line займалася перавозкамі толькі ў Паўночную Амерыку (ЗША і Канаду), то Royal Mail Line рабіла перавозкі ў Паўднёвую Амерыку таксама. З часам Royal Mail Line купіла кампанію White Star Line — тую, якая стала вядомай з-за свайго карабля «Тытанік».
Курсы валют і цэны на рынку
З часам у розных нумарах газеты пачалі друкаваць афіцыяльныя курсы валют. У пачатку 1920-х гадоў на польскіх землях яшчэ «хадзіла» так званая польская марка, якая была ўведзеная яшчэ падчас Першай сусветнай вайны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ужо ў 1924 годзе польскую марку цалкам заменіць польскі злоты, але на момант выхаду «Змагання» газету пакупалі менавіта за маркі. Цана за асобнік вар’іравалася: першы нумар можна было купіць за 10 тысяч марак, а вось апошні каштаваў 200 тысяч.
Напрыканцы лістапада 1923 года (газета каштавала ўжо 30 тысяч марак) быў апублікаваны першы курс валют у «Змаганні». Найтаннейшымі былі італьянскія ліры — усяго 141 500. Найдаражэйшымі былі англійскія фунты — за 14 250 000, а вось долары каштавалі 3 250 000.

Найбольш цікавымі былі цэны на рынках Вільні напрыканцы лістапада 1923 года. Так літр малака можна было набыць за 120 тысяч марак, дзясятак яек — за 250 тысяч. Бульбу прадавалі за 200 тысяч марак, Фунт (каля 450 грамаў) масла каштаваў 700 тысяч марак. Самым дарагім лотам быў пшонай мукі — 4 мільёны марак. Ужо праз тыдзень цэны значна змяніліся і павялічыліся.

Гэта дапаможа вам у гаспадарцы (прынамсі, 100 гадоў таму)
У адным з першых нумароў «Змагання» рэкламавалі прадукцыю таварыства Ostrówek. Прапаноўвалася набываць конныя прыводы, малатарні, веялкі, сячкарні і іншыя прылады для сельскагаспадарчай працы. Цэны за прылады не ўдакладняліся на старонках газеты, але адзначалася, што яны «фабрычныя і без запросу». Падобныя прапановы па сельскагаспадарчай тэхніцы з’яўляліся ў газеце і ад кампаніі Szwif i Paulanski.

Кампанія Anglo-Canadian Industrie Limited прапаноўвала пшонную муку. У рэкламнай аб’яве падкрэслівалася, што «мука нічым не розніцца ад канадскай, бо вырабляецца на найлепшых машынах самых новых сістэм». Муку прадавалі ў мяшках. Разам з гэтым прапаноўвалася гарбата розных сартоў, якая прывозіцца з Лондану.
Яшчэ цікавыя рэкламныя прапановы
У віленскім фотаатэлье прапаноўвалася зрабіць тры фотакартачкі за 45 тысяч марак для членаў Kasy Chorych. Kasy Chorych былі страхавымі медыцынскімі арганізацыямі, якія дзейнічалі ў Польшчы ў 1919-1933 гады. На той момант, калі рэклама з’явілася ў выданні, адзін нумар «Змагання» каштаваў 10 тысяч марак.
У 1923 годзе выйшла кніга «Навука спеву» ад фалькларыста Антона Грыневіча. Кніга каштавала 300 тысяч марак. Рэклама кнігі прысутнічала ў некаторых нумарах «Змагання».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Прайшоў Лукішскую турму, расстраляны пасля Салаўкоў. Расказваем пра фалькларыста Антона Грыневіч
У газетах часцяком з’яўляліся прыватныя рэкламныя аб’явы аб оптавым продажы прадуктаў. Напрыклад, нейкі Тодар Шарамет прадаваў 400 пудоў капусты (70 тысяч марак за пуд) на станцыі Уша — зусім побач з Маладзечнам. Гэта станцыя існуе дагэтуль, побач знаходзіцца вёска Краснае. А вось на станцыі Моўчадзь ля Баранавічаў прадавалі 600 пудоў яблыкаў.

Нясвіжская беларуская гімназія неаднаразова падавала рэкламныя аб’явы ў газету. Акрамя нататак пра пачатак навучальнага года, так з’яўляліся аб’явы пра экзамены ў розныя класы і нават танцы.
У сярэдзіне снежня 1923 года рэкламаваўся вечар танцаў і оперы ў Беларускай гімназіі ў Вільні. Там ставілі «Пінскую шляхту», а пасля рабілі танцы да чатырох гадзін раніцы. Беларуская гімназія была месцам, дзе звычайна адбываліся падобныя вечарыны: там жа ставілі «Страхі жыцця» Францішка Аляхновіча і іншыя творы.

У адных з першых нумароў у 1924 годзе на першай паласе выйшла рэклама «дохтара» Блюмовіча. Спецыяльнасцю Блюмовіча былі венерычныя хваробы, асабліва — сіфіліс. Хутчэй за ўсё, Блюмовіч зарабляў шмат грошай, што дазволіла яму размясціць рэкламу на першай паласе ў некалькіх нумарах запар.