У мінулым годзе Польшча патрабавала ў Германіі 1,3 трыльёны еўра. У такую суму кіруючая партыя «Права і справядлівасць» ацаніла шкоду ад нацысцкай акупацыі. У Германіі ўжо заявілі, што не збіраюцца абмяркоўваць гэтую прэтэнзію, так як усе рэпарацыі Польшчы ўжо былі выплачаныя, і ў 1953 годзе Варшава адмовілася ад прэтэнзій да Берліна.
Расказваем, як Германія плаціла Польшчы, СССР і іншым краінам пасля паражэння ў Другой сусветнай вайне. І хто сёння патрабуе ў немцаў грошы.
Пра што дамовіліся пераможцы
Пра рэпарацыі, якія павінна заплаціць Германія, дамовіліся яшчэ да заканчэння вайны — на Ялцінскай канферэнцыі ў сакавіку 1945 года. Ужо пасля паразы нацыстаў — на Постдамскай канферэнцыі — пераможцы вызначылі суму ў 20 мільярдаў долараў (каля 500 мільярдаў у сучасным разліку).
Палова — 10 мільярдаў — павінны былі пайсці СССР і Польшчы, чыёй доляй распараджалася Масква. Саюзнікі сышліся ў тым, што не будуць збіраць рэпарацыі грашыма, а толькі прадукцыяй, тэхнікай, заводскім абсталяваннем, нават патэнтамі і аўтарскімі правамі, а таксама прымусовай працай.
На самой справе пераможцы ўзялі ад Германіі значна больш, чым 20 мільярдаў. Таксама ў больш позніх пагадненнях усё ж вырашылі браць грошы. Напрыклад, канфіскавалі замежныя інвестыцыі, каштоўныя металы, валюту.
Яшчэ адна нефармальная крыніца рэпарацый — трафеі. Немагчыма падлічыць, колькі каштоўных рэчаў вывезлі з Германіі вайскоўцы, асабліва афіцэры і генералы, якія маглі прыцягваць да транспарціроўкі «сумленна скрадзенага дабра» грузавікі і цягнікі.
Што атрымала Польшча
Савецкі Саюз «выбіў» для Польшчы асобы статус — яе доляй рэпарацый распараджаліся ў Маскве. Варшаве далі 15% — то бок 1,5 мільярдаў долараў. Дакладна невядома, колькі атрымала Польшча, але ў краіну пастаўлялі дэмантаванае заводскае абсталяванне з Германіі.
Галоўнае набыццё палякаў, якое перакрывае ўсё — гэта новыя тэрыторыі. Германія пазбавілася сваіх усходніх зямель, якія сталі польскімі. Праўда, СССР вывез адтуль абсталяванне з заводаў, частку з якога і перадалі Варшаве.
У 1953 годзе Масква вырашыла, што Германія расплацілася, і адмовілася ад далейшых рэпарацый. Пад ціскам такое ж рашэнне прыняла і Польшча. Варшава пацвярджала сваё рашэнне ў 1957 і 1970 гадах.
Аднак Германія працягнула плаціць кампенсацыі ахвярам нацысцкага рэжыму. У 1972 годзе 100 мільёнаў марак атрымалі людзі, пацярпелыя ад медыцынскіх эксперыментаў. Праз тры гады ФРГ выдаткавала 1,3 мільярдаў марак палякам, якія плацілі сацыяльныя ўнёскі пры нацыстах, але ім не налічвалі пенсіі. У 1992 годзе Польшча атрымала каля васьмі мільярдаў долараў у эквіваленце на кампенсацыі ахвярам нацызму.
Самы тлусты кавалак — СССР
Палова ўсіх рэпарацый павінна была пайсці СССР — як найбольш пацярпелай краіне. Савецкі ваенны гісторык Міхаіл Семірага падлічыў, што ў Саюз вывезлі 2 885 фабрык і заводаў, 96 электрастанцый, 340 тысяч станкоў. Яшчэ 1 337 прадпрыемстваў было дэмантавана на тэрыторыях, якія сталі часткай Польшчы.
Дзякуючы рэпарацыям, савецкая вытворчасць наваднілася нямецкай тэхнікай, некаторыя станкі працуюць дагэтуль, у тым ліку і ў Беларусі.
Былі і іншыя спосабы кампенсацый. Напрыклад, у СССР вывозілі нямецкіх вучоных, якія прыцягвалі да вайсковых распрацовак. Многія з іх змаглі вярнуцца ў Германію толькі ў сярэдзіне 1950-х. Таксама выкарыстоўвалі працу прадстаўнікоў іншых прафесій. Усяго з Германіі і іншых краін вывезлі больш 100 тысяч немцаў, немалая частка іх загінула.
У СССР таксама выкарыстоўвалі працу нямецкіх ваеннапалонных. Яны працавалі ў розных галінах, у тым ліку будаўнічай — аднаўлялі разбуранае. У многіх гарадах былога Савецкага Саюза ёсць дамы, якія пабудавалі немцы. Апошні ваеннапалонны вярнуўся ў Германію ў 1955 годзе.
Якія рэпарацыі атрымалі іншыя краіны
Сваю частку рэпарацый атрымалі шматлікія краіны, так ці інакш пацярпелыя ад дзеянняў нацыстаў. Размеркаваннем кампенсацый займалася AIRA (Межсаюзнае агенцтва па рэпарацыям).
Канешне, буйныя кускі дасталіся краінам-пераможцам: Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі.
Вайна моцна падарвала эканоміку Грэцыі, таму ёй таксама дасталася немалая частка. На яе тэрыторыю вывозілі заводскае абсталяванне і іншую маёмасць – каля 30 тысяч тон, па падліках Spiegel. Тэхніку з прадпрыемстваў пастаўлялі і ў Югаславію.
Вельмі цікава зрабілі ў Нідэрландах. У якасці рэпарацый яны забралі 69 квадратных кіламетраў нямецкай памежнай тэрыторыі. А ў 1949 годзе ФРГ яе выкупіла за 250 мільёнаў марак.
Асобна стаіць Ізраіль. Пагадненне аб рэпарацыях паміж іх і ФРГ падпісалі ў 1952 годзе. Немцы пачалі выплату 3 мільярдаў марак (прыкладна 15 мільярдаў долараў у сучасным разліку). Яшчэ 450 мільёнаў марак пералічылі Сусветнаму яўрэйскаму кангрэсу.
Хто патрабуе ў Германіі грошы цяпер
Яшчэ ў 2004 годзе польскі парламент заявіў, што Германія не да канца разлічылася з імі, а адмова ад прэтэнзій у 1953 годзе была зробленая пад ціскам Масквы. Зноў гэту тэму паднялі ў 2017-м, а праз пяць гадоў польскі ўрад падрыхтаваў афіцыйны даклад і запрасіў у Берліна 1,3 трыльёны еўра.
Грэцыя – яшчэ адна краіна, якая патрабуе ў Германіі новых кампенсацый. У 2015 годзе Афіны падлічылі страты і выставілі рахунак у 279 мільярдаў еўра. У 2019-м у Берлін накіравалі афіцыйную вусную ноту. Немцы адмовіліся разглядаць прэтэнзіі.
У Ізраілю таксама была размова пра рэпарацыі. Напрыклад, у 2009 годзе міністр фінансаў патрабаваў у Германіі грошы ад імя 30 тысяч яўрэяў, якія выжылі ў Халакосце – ад 450 мільёнаў да 1 мільярда еўра.
У 2021 годзе да гэтай кампаніі далучылася Беларусь. Генеральны пракурор краіны заявіў, што Германія павінна Мінску 500 мільярдаў долараў.
Аўтар Максім Шульц.