Натхненне

Немец, які вывучыў беларускую мову і выкладаў яе беларусам. Гісторыя Рудольфа Абіхта


Немец, які вывучыў беларускую мову і выкладаў яе беларусам. Гісторыя Рудольфа Абіхта

Жыццёвы шлях Рудольфа Абіхта ахоплівае кар’еры знакамітага пастара і аднаго з першых беларусістаў у Германіі. Абіхт прайшоў адну вайну дабраахвотнікам, падчас другой вайны (і Першай сусветнай для нас) цалкам заняўся беларускай мова і культурай. Яго даследаванні і пераклады сталі мостам паміж Беларуссю і Еўропай у самы драматычны момант пачатку XX стагоддзя.

PALATNO расказвае пра Рудольфа Абіхта.

З сям’і пастараў, ваяваў дабраахвотнікам, любіў Брэслаў (Вроцлаў)

Рудольф Абіхт нарадзіўся ў горадзе Намыслаў у 1850 годзе. Яго бацькі паходзілі з Цюрынгіі, былі пратэстанцкімі пастарамі. Пазней і сам Рудольф пойдзе па шляху бацькоў.

Адукацыю атрымаў дома, а затым вучыўся ў школах Брэслава (цяпер — Вроцлаў) і Познані. Далей працягнуў вучобу ў Берлінскім універсітэце, аднак пазней перавёўся ў Брэслаўскі ўніверсітэт. Затым пачынаецца франка-пруская вайна, у якой удзельнічаў Рудольф Абіхт.

Праз некалькі гадоў пасля вайны і вучобы ў Брэславе Рудольф Абіхт ажаніўся на Яўгеніі Шванд.

Пасля вайны працягнуў вучобу ў Брэславе, а за гэты час далучыўся да берлінскага брацтва Вінгольфа і заснаваў яго аддзяленне ў Брэславе. У гэты час пачаў працаваць пастарам, ад 1897 года — пастар у Брэславе амаль да пачатку Першай сусветнай вайны.

Менавіта ў Брэславе ў пачатку 1900-х гадоў Абіхт пачаў займацца славістыкай. Ён жа перакладаў на нямецкую мову «Супрасльскі летапіс», «Слова пра паход Ігаравы», апошні пераклаў белым вершам.

Як Абіхт зацікавіўся і пісаў пра Беларусь

Ад 1917 года Рудольф Абіхт пачынае выкладаць беларускую мову ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Свіслацкая настаўніцкая семінарыя была створана з дазволу і пры фінансаванні нямецкіх акупацыйных улад. Там рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ у той часткі Беларусі, якая была акупіравана нямецкімі войскамі падчас Першай сусветнай вайны.

Падчас Першай сусветнай вайны Абіхт надае ўвагу беларусістыцы. У гады вайны з’яўляюцца першыя навуковыя артыкулы пра беларускую мову. У тыя часы многія нямецкія гісторыкі і публіцысты зацікаўлены менавіта беларускай тэматыкай.

Абіхт камунікаў з прадстаўнікамі беларускай культуры Вацлавам Ластоўскім, братамі Луцкевічамі і Янам Станкевічам. Ён друкаваўся ў газетах «Гоман», «Deutschland», «Wilnaer Zeitung». У газеце «Der Beobachter» апублікаваў нарыс «Са старажытнай і новай гісторыі Беларусі»: там апісвалася народнае жыццё беларусаў, вусная народная творчасць.

Пасля Першай сусветнай вайны Абіхт выдаў лемантар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным». У кнізе ён сістэматызаваў прынцыпы фанетыкі, правапісу і пунктуацыі беларускай літаратурнай мовы.

Яшчэ праз год, у 1919 годзе, Абіхт выдае першы зборнік на нямецкай мове пра Беларусь: у ім апісаны звычаі і абрады, прыкметы і забабоны беларусаў — і ўсё гэта праз прымаўкі, прыпеўкі і галашэнні. У гэтай жа кнізе знаходзілася перакладзенае на нямецкую мову апавяданне «Бунт» Якуба Коласа, верш «Роднае слова» Янкі Купалы і інш.

Рудольф Абіхт памёр у 1921 годзе ў Вроцлаве.