«Сом на 11 кілаграм у вясковай сажалцы, акунь больш за паўтара кілаграма ў невялікім вадасховішчы з гарадскім пляжам і амаль двухкілаграмовыя галаўні ў невялічкай рачулцы».
PALATNO расказвае, як беларусы ловяць рыбу, ці патрэбны на гэта дазвол у Беларусі, які быў улоў у 2023 годзе і што рабіць тым, хто толькі пачынае займацца рыбалкай.
Змест
«Гэта сапраўднае паляванне, калі ты ўвесь час мусіш рухацца і кеміць, каб перахітрыць рыбу»
Беларус Валерый С. называе сябе рыбалоўным журналістам — слова «блогер» яму зусім не падабаецца. Раней ён пісаў для часопісаў і газет, якія ўжо даўно не выходзяць, а зараз вядзе YouTube-канал «Практика ловли», на якім 18,6 тысячы падпісантаў.
У сваіх відэа Валерый дзеліцца назапашаным досведам, выязджае на вадаёмы, расказвае пра прынады, тактыку і розную тэхніку лоўлі. Асноўная тэматыка выпускаў: спінінгавая лоўля з адкрытай вады і разнастайная рыбалка з лёду.
Рыбалкай Валерый займаецца прыкладна з дзевяці гадоў.
— Захапіўся гэтым заняткам каля вёскі, дзе нарадзіўся тата, — там, на невялікай канаве, лавіў печкуроў. Потым са стрыечнымі братамі вудзілі на рэчцы Пціч, ну а далей ужо было шмат самых розных рэк, азёр, штучных вадаёмаў. Лавіў нават у марах: Белым, Баранцавым, Чорным.
Атрымліваецца, што рыбачу ўжо каля 40 гадоў. Зараз лаўлю ў асноўным спінінгам на штучную прынаду — цікава перахітрыць рыбу менавіта так, а не чымсьці вядомым. Што датычыцца правіл рыбалкі ў беларускіх вадаёмах, то ніякі дазвол не патрэбны — рыбалка бясплатная, акрамя тых вадаёмаў, якія арандуюцца.
Па словах Валерыя, існуе забарона на лоўлю асноўных відаў рыб, «цэнных драпежнікаў»: шчупака, судака і сома. Але гэта толькі ў перыяд іх нерасту.
— Ёсць яшчэ агульная забарона падчас нерасту, згодна якой нельга лавіць рыбу з лодкі і з заходам у ваду, а карыстацца можна толькі адным вудзільнам. Акрамя таго, на некаторыя віды ўстаноўлена прамысловая мера — гэта мінімальная даўжыня рыбы, якую можна забіраць.
Два гады таму Валерый пераехаў у вёску. У далёкія вандроўкі цяпер не ездзіць, у асноўным ловіць рыбу ў наваколлі: ва Уздзенскім, Капыльскім, Стаўбцоўскім раёнах. Раз ці два на год Валерый з жонкай і гадаванцамі — сабакамі і катамі — выбіраюцца пажыць у намётах і «парыбачыць ва ўлюбёных мясцінах на Іўеўшчыне».
У 2023 годзе беларус яшчэ больш палюбіў малыя рэчкі і правёў на іх амаль усё лета.
— Часцей за ўсё паляваў на галаўня. У выніку гэты сезон атрымаўся самым насычаным не толькі на рачныя падарожжы, але і на сустрэчы з вялікімі галавачамі, як называюць галаўнёў у нас на вёсцы. Ну а вясной ды восенню традыцыйна накіроўваю ўвагу на шчупакоў ды акунёў. У асноўным лаўлю драпежнікаў — гэта сапраўднае паляванне, калі ты ўвесь час мусіш рухацца і кеміць, каб перахітрыць рыбу.
Валерый кажа, што адсоткаў 90 злоўленай рыбы вяртаецца дахаты — ён выпускае яе пасля фота- і відэаздымкі туды, дзе злавіў. З усёй рыбы, што беларус ловіць разам з жонкай, забіраюць шчупака, калі ён моцна паранены кручкамі прынад. «Астатнюю рыбу звычайна шкадуем, асабліва жонка — яна ўвогуле адпускала б усё».
Цікавых гісторый у Валерыя таксама хапае.
— Напрыклад, лавіў з байдаркі ў Паўночным Ледавітым акіяне. Неяк у сярэдзіне красавіка нас занесла снегам на востраве на адным з карэльскіх азёр. А яшчэ мы з маім сабакам падчас сплаву і рыбалкі праходзілі парогі на горнай рэчцы. Шмат цікавага было і ў роднай Беларусі. Усе асноўныя трафеі злоўлены менавіта тут. Можа, тыя рыбы і не былі рэкорднымі ў межах краіны, але ў памерах тых невялікіх вадаёмаў, адкуль я іх выцягваў, іх можна было лічыць адметнай здабычай. Да прыкладу, быў сом на 11 кг у вясковай сажалцы, акунь больш за паўтара кілаграма ў невялікім вадасховішчы з гарадскім пляжам, ці амаль двухкілаграмовыя галаўні ў невялічкай рачулцы. А ўвогуле, можна сказаць, што кожная рыбалка, асабліва на маіх улюбёных малых рэчках, — гэта маленькая прыгода са сваімі трафеямі.
У Валерыя таксама ёсць некалькі «вучняў», з якімі ён займаецца рыбалоўнай навукай. Тым, хто толькі пачынае займацца рыбалкай, беларус раіць, у першую чаргу, не рабіць асноўнай мэтай «хутчэй злавіць больш рыбы».
— Лепей спачатку навучыцца правільна карыстацца снасцю і прынадамі, каб атрымліваць задавальненне і каб нічога не замінала працэсу. Тады і рыба сама прыйдзе на кручок. Але ж паважайце яе як саперніка, стаўцеся да ўлову ветліва. Яшчэ дапытліва аглядайце кожнае месца, дзе рыбачыце — вывучайце вадаём, яго асаблівасці, уяўляйце, што і як бы вы рабілі, калі б былі рыбай. Ну і ўвогуле больш назірайце, аналізуйце адпаведнасці паміж рознымі з’явамі і клёвам рыбы, тады і вынік будзе станоўчы. Усім поспехаў!
«Рыбалка — стан душы і вельмі цікавае хобі»
Беларус Аляксандр Ш. займаецца рыбалкай, «колькі сябе памятае, з ранняга дзяцінства». Пачынаў з лоўлі карася на вуду, фактычна да сярэдзіны 1990-х. Затым паспрабаваў лавіць на спінінг драпежную рыбу — і на дадзены момант гэта асноўнае захапленне Аляксандра.
— Што датычыцца правіл рыбалкі ў беларускіх вадаёмах, то ніякіх адмысловых дазволаў і платы за лоўлю ў нас няма, любы чалавек можа рыбачыць на вадаёмах бясплатна. Выключэннем з’яўляюцца так званыя «платнікі» — невялікія арандаваныя азёры для гадоўлі карпа альбо фарэлі.
Апошнім часам Аляксандр займаецца рыбалкай на рэках свайго роднага Віцебска: рыбы там хапае, нават у цэнтры горада. Беларус не бачыць сэнсу ездзіць за сотні кіламетраў. Па словах Аляксандра, вялікая частка яго рыбалак — гэта па сутнасці так званы «стрытфішынг».
— Сезон гэтага года яшчэ не скончаны і, спадзяюся, працягнецца мінімум да лістапада, пакуль не пачнуцца першыя сур’ёзныя замаразкі.
Пачынаючы з канца красавіка, было злоўлена крыху менш за сотню розных драпежных рыб, сярод якіх шчупакі, судакі, самы, жэрахі, акуні. Больш за палову — шчупакі.
Аляксандр даўно не разглядае рыбалку як «мясанарыхтоўку». Для беларуса гэта «стан душы і вельмі цікавае хобі». Менавіта таму 60-70% усёй злоўленай рыбы ён адпускае, а з астатняй жонка любіць гатаваць розныя рыбныя стравы, якімі частуюць сваякоў.
Па словах Аляксандра, кожная новая рыбалка цікавая па-свойму — і «гаворка тут не толькі пра трафеі».
— Новыя ўражанні, новыя сябры, новыя веды. Проста люблю прыроду, шмат фатаграфую і здымаю на відэа. Гадоў восем таму ўдалося трапіць у праграму тэсціравання TsuYoki, пастаянна атрымліваю ад іх новыя воблеры (прынады — PALATNO), з’явіўся новы інтарэс — выкарыстаць тую ці іншую прынаду ў розных умовах. Ужо амаль год як супрацоўнічаю з яшчэ адной расійскай кампаніяй — «СЛЕДОПЫТ». Тут ужо не толькі прынады, а фактычна ўсё неабходнае для рыбалкі, турызму, адпачынку на прыродзе. Калі казаць пра трафеі, мабыць, гэта сом амаль на 20 кілаграм, злоўлены на Дзвіне.
Тым, хто толькі пачынае займацца рыбалкай, Аляксандр раіць не кідаць сваю мэту напаўдарозе, нават калі нешта не атрымліваецца адразу, «з часам і досведам усё будзе».
— Ну і другая парада — ловяць рыбу на рыбалцы, у першую чаргу, вашы рукі і галава. Атрымлівайце веды з досведам, думайце, не бойцеся эксперыментаваць.
Як лавіць рыбу ў Беларусі
29 ліпеня 2022 года ў сілу ўступілі новыя правілы рыбалоўства ў Беларусі. Іх падзялілі на дзве часткі: у адной пералічваюцца ўмовы для рыбалоўных гаспадарак, у іншай — для рыбаловаў-аматараў. Акрамя таго, гэтыя правілы знялі некаторыя забароны і ўстанавілі новыя абмежаванні:
- Дазволена вылоўліваць у любых аб’ёмах некаторыя чужародныя для дадзенага прыроднага асяроддзя віды рыб, сярод якіх сомік амерыканскі, ратан-галавешка, бычок-кругляк, амурскі чабачок і іншыя. Гэтыя віды рыб негатыўна ўплываюць на экалагічную раўнавагу.
- Падчас рыбнай лоўлі можна карыстацца асвятляльнымі прыладамі.
- У нераставы перыяд можна выкарыстоўваць сачок, каб было зручней падымаць рыбу.
- Можна прымяняць экран-тэлевізары, але не больш за дзве штукі і з памерамі самой снасці да 1×1,5 м.
- Дазволена пакідаць вуды або іншыя снасці без нагляду, а таксама не пакідаць на іх свае асабістыя даныя.
- Падчас нерасту рыбная лоўля дазволена з берага — на адну вуду або адзін спінінг. Дапускаецца мець з сабой запасныя вуды або спінінгі, але іх трэба трымаць у чахлах.
- Вадаёмы, якія знаходзяцца побач з пасёлкамі, забаронена здаваць у арэнду рыбалоўным гаспадаркам.
- Цяпер на платных вадаёмах могуць лавіць рыбу бясплатна не толькі жыхары бліжэйшых пасёлкаў і інваліды I і II груп, а і дзеці да 16 гадоў, воіны-інтэрнацыяналісты і пенсіянеры.
- Лавіць рыбу можна толькі тых відаў, якія не ўключаны ў Чырвоную кнігу. Калі вылавілі такую, то неабходна адразу вярнуць яе ў месца яе пражывання.
- Забаронена выкарыстоўваць рыбалоўныя сеткі.
- У халодную пару года забаронена лавіць рыбу ў месцах, дзе размяшчаюцца зімавальныя ямы. Гэты перыяд пачынаецца з 1 кастрычніка і працягваецца да 15 красавіка. Таксама там ёсць абмежаванні і забароны рыбнай лоўлі падчас нерасту.
- Падводная лоўля і лоўля рыбы з судоў, якія рухаюцца, дапускаецца толькі ў светлы перыяд сутак і ў дазволеных для гэтага месцах.
- Рыбаловам-аматарам нельга выкарыстоўваць у якасці прынады пэўныя віды рыб, на якія ўстаноўлены абмежавальныя забароны.
- У перыяд нерасту для вуды можна выкарыстоўваць розныя прынады (натуральныя ці штучныя), а для спінінга — толькі штучныя.
- Забаронена лавіць рыбу на адлегласці да 500 м да мемарыяльных або гістарычных помнікаў, спартыўных комплексаў, мастоў, іншых збудаванняў.
Як ужо адзначалася вышэй, у Беларусі забаронена лавіць пэўныя віды рыб падчас нерасту — у перыяд размнажэння рыб. Напрыклад, шчупак нерастуе адным з першых, таму ў 2023 годзе ў Віцебскай вобласці (на поўначы краіны) яго нельга было лавіць з 9 сакавіка па 23 красавіка. У астатніх рэгіёнах Беларусі забарона доўжылася з 1 сакавіка па 15 красавіка. Калі здараецца злавіць шчупака ў забаронены перыяд, то яго трэба асцярожна зняць з кручка і адпусціць.
Да 31 сакавіка нельга было лавіць сома паўсюдна, а затым у Гомельскай і Брэсцкай абласцях — з 19 мая па 20 чэрвеня. Судака нельга было лавіць па ўсёй Беларусі з 15 красавіка па 30 мая. Сіга чудскага — з 1 лістапада па 15 снежня, а ментуза звычайнага — з 25 снежня па 28 лютага.
Існуе таксама ўсеагульная забарона:
- Гродзенская, Мінская і Магілёўская вобласці — з 1 красавіка па 30 мая;
- Гомельская і Брэсцкая вобласці — з 20 сакавіка па 18 мая;
- Віцебская вобласць — з 10 красавіка па 8 чэрвеня.
У гэты перыяд можна лавіць рыбу на адзін кручок з берага (гэта значыць без заходу ў ваду) у светлы перыяд сутак. Паслабленне зрабілі толькі для спінінгістаў.
Пры парушэнні правіл і за незаконную лоўлю забароненых відаў рыб прадугледжаны штрафы і іншыя пакаранні — ажно да крымінальнай адказнасці.
За лоўлю рыбы ў перыяд нерасту або выкарыстанне забароненых рыбалоўных прынад можна атрымаць штраф у памеры 10-30 базавых велічынь, таксама неабходна будзе пакрыць шкоду за кожную вылаўленую рыбу. Напрыклад, за вугра рачнога — 15 базавых велічынь, сома звычайнага — 4, шчупака звычайнага — 4, карпа — 6. Калі нанесены ўрон складзе суму больш за 100 базавых велічынь, то прадугледжваецца крымінальная адказнасць.
Пытанні, якія ўзнікаюць у рыбаловаў
Што такое «светлы перыяд сутак»?
Гэта час, які пачынаецца за гадзіну да світання і заканчваецца праз гадзіну пасля захаду сонца. Да прыкладу, калі ўзыход сонца а 6:00, а захад — а 19:00, светлым перыядам сутак будзе лічыцца час ад 5:00 і да 20:00.
Якой снасцю можна карыстацца рыбалову ў перыяд забароны на рыбную лоўлю?
Спінінгам, паплавочнай вудай, фідарам, донкай, нахлыстам. Галоўнае, каб кручок на снасці быў толькі адзін. Калі канструктыўна ў спінінгавай прынадзе прадугледжана наяўнасць двух патройных гаплікоў, выкарыстоўваць яе таксама дазваляецца.
Якая колькасць вуд можа быць у рыбалова з сабой?
Любая. Забарона не рэгламентуе колькасць запасных вудзільнаў, якія знаходзяцца на беразе. Галоўнае, каб яны ляжалі ў чахлах.
Ці можна лавіць на некалькі вуд з сям’ёй?
Кожны член сям’і мае права лавіць рыбу на адну вуду. Але, калі дзеці спяць у машыне, а тата выставіў батарэю закідух і чакае ляшча, такую рыбалку можна трактаваць як парушэнне правіл.
Ці можна карыстацца сачком у перыяд забароны на рыбную лоўлю?
Сачок — прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца, каб падымаць рыбу з вады. Прымяняць яго можна.
Ці можна лавіць рыбу з масткоў і пірсаў?
Можна, калі дадзеныя канструкцыі маюць непасрэдную сувязь з берагам. Гэта тычыцца і пясчаных кос, і розных насыпаў. А з выспаў, ізаляваных участкаў сушы і пірсаў без масткоў лавіць рыбу забаронена. Роўна, як і дабірацца да іх на лодцы са складзенымі снасцямі.
У якіх сітуацыях можна заходзіць у ваду?
Тады, калі трэба перамясціцца па вадаёме альбо адчапіць кручок або прынаду ад травы ці карчакі. Важна, каб у першым выпадку снасці былі складзеныя, а ў другім — заставаліся на беразе. Іначай інспектар, калі «застукае» рыбалова за гэтымі маніпуляцыямі, цалкам можа палічыць іх рыбалкай з заходам у ваду.
Марыя Седышова
Загалоўнае фота: Вилейское Водохранилище / VK