Як нарыхтаваць саломку на «павукоў»

саломка на «павукоў»

Жнівень у самым разгары, а значыць, перад намі апошнія дні, каб паспець нарыхтаваць саломку. Навошта? Каб пасля доўгімі зімовымі вечарамі было з чаго плесці «павука» — традыцыйны беларускі саламяны выраб!

PALATNO расказвае, дзе знайсці саломку, як яе чысціць і захоўваць.

У вясковых хатах беларусы вешалі «павука» ля ўвахода ў дом — каб у яго «павуцінні» блыталася ўсё злое і не трапляла ў дом. Перад Калядамі старога «павука» палілі (разам з усім злым, што ён назбіраў за год) і вешалі новага. Каб узімку мець магчымасць далучыцца да гэтай традыцыі, варта падумаць пра салому цяпер.

Куды едзем?

Шукаем бліжэйшае поле, дзе яшчэ не было жніва.

Не мае розніцы, якой культурай яно засеяна — абы гэта было нешта з калоссем. Гэта можа быць жыта, проса, ячмень, авёс.

У залежнасці ад культуры, саломка будзе адрознівацца адценнем і цвёрдасцю. Найлепш збіраць салому ў сухі дзень. Але калі салома будзе вільготная, то не бяды — пасля чысткі яе трэба раскласці на стале ці падаконніку і даць высахнуць.

Што бяром з сабой?

Секатар або канцылярскія нажніцы, торбу для саломы — большую, калі вы збіраецеся ў полі толькі зразаць сцябліны, а чысціць іх будзеце ўжо дома; меншую — калі адразу ў полі і пачысціце.

Як збіраем?

Абразаем нажніцамі (секатарам) кожную сцяблінку асобна на вышыні каля 10 см ад зямлі. Каласы нам не патрэбны, іх можна абрэзаць і пакінуць у полі. А можаце прыхапіць з сабой — абрэжаце іх дома і ўзімку будзеце класці ў кармушку птушкам.

саломка на «павукоў»

Колькі браць?

Калі вы не збіраецеся плесці з саломкі днямі і начамі, то хопіць ахапкі сцяблін, якая можа змясціцца ў дзвюх руках. Гэтага досыць, каб сабрацца невялікай кампаніяй і зрабіць кожнаму па павуку сярэдняга памеру.

Як чысціць?

Працэс чысткі адной сцяблінкі паказаны на відэа — трэба выразаць вузельчыкі, а саму саломіну ачысціць ад лісця. Калі ачышчаная саломіна бруднага колеру ці трэснула — яе выкідваем. Падчас чысткі можна асобна сартаваць саломінкі з сярэдняга і верхняга кален.

Саломінкі сярэдняга калена больш тоўстыя — іх часцей выкарыстоўваюць для «павукоў», бо праз іх лёгка праходзіць нітка. Саломінкі верхняга калена больш тонкія і часцей выкарыстоўваюцца ў пляценні. Але і для «павукоў» яны таксама падыходзяць — проста давядзецца набрацца цярпення, каб прасунуць праз іх нітку.

Затое павук, сплецены з саломінак верхняга калена, будзе надзвычай вытанчаны і далікатны.

Як захоўваць?

Атрыманыя дудкі захоўваем у сухім і цёмным месцы — напрыклад, у каробцы з-пад абутку. Лепш браць каробку з натуральнага матэрыялу, каб саломка магла дыхаць. Саломку можна захоўваць некалькі гадоў. Але памятайце, што з часам яна становіцца больш крохкай і пачынае трэскацца ад найменшага ціску. Майстры, якія прафесійна працуюць з саломай, нарыхтоўваюць яе штогод і выкарыстоўваюць толькі свежы матэрыял.

саломка на «павукоў»

Цікавосткі

1. Свой першапачатковы колер саломка можна змяніць. Каб яна стала больш светлай ці амаль белай, кладзём саломку на дно эмаліраванага ці шклянога посуду, заліваем вадой, на 1 літр вады дадаём 150 гр 15% перакісу вадароду і 20 гр нашатырнага спірту. Прыціскаем салому, каб яна цалкам патанула ў вадзе, і трымаем так каля 6 гадзін.

Каб атрымаць залаціста-жоўтае адценне, салому можна пракіпяціць у растворы харчовай соды. Каб дадаць ружовае адценне — патрымаць пару гадзін у растворы марганцоўкі. Больш цёмны колер атрымаецца, калі пракіпяціць яе разам з шалупіннем ад цыбулі. Памятайце, што пасля кіпячэння саломку трэба раскласці на роўнай паверхні і даць ёй высахнуць.

2. Каб будучы «павук» атрымаўся больш зграбным, варта абіраць для яго пляцення саломінкі аднолькавага адцення і аднолькавай таўшчыні.

Вярнуцца ўгару