Самая доўгая назва беларускай вуліцы. Якая яна і дзе знаходзіцца?

вёска кукавячына віцебск, кукавячына віцебская вобласць, самая доўгая назва вуліцы ў беларусі

Мы ўсе ведаем пра існаванне вуліц Леніна, Камуністычнай, Цэнтральнай у беларускіх гарадах. Напэўна, у кожным населеным пункце будзе свая асаблівая назва вуліцы… У адной беларускай вёсцы на Віцебшчыне, да прыкладу, знаходзіцца вуліца, назва якой з’яўляецца самай доўгай сярод іншых назваў беларускіх вуліц.

PALATNO расказвае пра самую доўгую назву беларускай вуліцы.

Кукавячына

Вёска Кукавячына знаходзіцца ў Віцебскай вобласці (дакладней — Ноўкінскі сельвыканкам, Віцебскі раён). Вёска маленькая: па дадзеных апошняга перапісу за 2019 год, там жыве 18 чалавек. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы жылі каля ста чалавек. Кукавячына заставалі войны: ля яе некалькі разоў сутыкаліся рускія і французскія войскі, яна таксама зведала і жахі Другой сусветнай вайны.

Адкуль жа паходзіць назвай вёскі? Спачатку меркавалася, што назва Кукавячына з’явілася з прозвішча Куковіч, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. На назве вёскі адбіліся розныя працэсы — ад балцкіх культур да гандлёвага шляху з вараг у грэкі. Хутчэй за ўсё, назва з’явілася менавіта з-за балцкага ўплыву.

Аднак усё гэта толькі пра вёску, самае цікавае хаваецца ўнутры. У вёсцы тры вуліцы: Усходняя, Зялёная і…

Менавіта ў Кукавячыне знаходзіцца самая доўгая назва вуліцы ў Беларусі — вуліца Героя Савецкага Саюза Пятра Лук’янавіча Грышчанкі.

Хто такі Грышчанка?

вёска кукавячына віцебск, кукавячына віцебская вобласць, самая доўгая назва вуліцы ў беларусі, пётр лук'янавіч грышчанка
Пётр Грышчанка.

Пётр Грышчанка нарадзіўся ў Кукавячыне ў 1921 годзе. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе скончыў Віцебскі аэраклуб, праз год уступіў у шэрагі савецкай арміі. На фронт трапіў толькі ў 1943 годзе, удзельнічаў у Курскай бітве, вызваленні Украіны, Польшчы і Чэхаславакіі, а таксама ў Берлінскай аперацыі.

Да зімы 1944 года асабіста збіў 15 нямецкіх самалётаў. Ужо летам таго ж года атрымаў званне Героя СССР. За ўдзел у Другой сусветнай вайне атрымаў дзясяткі ўзнагарод, медалёў і ордэнаў.

Пасля вайны не сышоў з арміі, працягнуў вайсковую кар’еру. У запас пайшоў у званні падпалкоўніка ў 1961 годзе. Жыў і працаваў у Падмаскоўі. У 1970-м памёр.

З вёскі паходзіць яшчэ адзін вядомы беларус

У 1811 годзе ў Кукавячыне нарадзіўся Аляксандр Рыпінскі. Ён быў паэтам, фалькларыстам і выдаўцом. Яшчэ ў маленстве ён пачуў беларускія народныя песні і казкі. У дзяцінстве маленькі Рыпінскі жыў у родавым маёнтку: яго сям’я была беларускага шляхецкага роду.

У 1830 годзе Рыпінскі скончыў Віцебскую гімназію і прыняў удзел у паўстанні. Пасля падаўлення паўстання выратаваўся ад затрымання і прысуду дзякуючы ўцёкам са сваім атрадам у Прусію. У гады паўстання 1830 года былі згубленыя фальклорныя запісы, якія Рыпінскі вёў з юнацтва.

Аляксандр Рыпінскі, вёска кукавячына віцебск, кукавячына віцебская вобласць, самая доўгая назва вуліцы ў беларусі
Аляксандр Рыпінскі.

У 1832 годзе пераехаў з Прусіі ў Парыж. Там у 1840 годзе выдаў даследаванне «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду той нашай польскай правінцыі, пра яго музыку, спевы, танцы і інш.». У гэтай навуковай працы Рыпінскі ўпершыню сістэматызаваў вусную творчасць беларускага народа па жанрах і тэматыцы. Таксама ён уласнаруч афармляў свае кнігі, спрабаваў сябе ў фотамастацтве.

У 1859 годзе пасля царскай амністыі вярнуўся на радзіму. Ён жыў у Кукавячыне пад наглядам царскай паліцыі, пазней перабраўся да сваячкі ў цяперашні Лёзненскі раён. Пасля вяртання з вымушанай эміграцыі Рыпінскі працягнуў збіраць мясцовы фальклор, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў. Лічыцца, што Рыпінскі быў адным са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры.

Вярнуцца ўгару