Некалькі дзён таму па Заслаўскім вадасховішчы прайшоўся віхор, у выніку чаго загінула адна дзяўчына, яшчэ некалькі чалавек атрымалі траўмы. Гэта не першы раз, калі ўраган становіцца прычынай гібелі людзей у Беларусі. Самы разбуральны адбыўся летам 1997 года.
PALATNO расказвае пра сем хвілін «чорнага панядзелка» 1997 года, калі пяцёра беларусаў загінулі, дзясяткі атрымалі траўмы, пацярпелі сотні беларускіх населеных пунктаў.
Змест
«Чорная хмара ляцела з неба, як самалёт»
Ураганы — не рэдкая з’ява для Беларусі. Штогод на тэрыторыі краіны адбываецца да пяці ўраганаў, часам нават больш. Для Беларусі ўраганы хутчэй летняя з’ява, радзей яны бываюць восенню і вясной. У 1848 годзе моцны ўраган прайшоўся па тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці, ад Лепеля да Суража. У 1927 годзе ў Асіповіцкім раёне смерч знёс каля ста двароў, перавярнуў таварны цягнік. У 1956 годзе зарэгістравалі смерч на Міншчыне: ён знішчыў дамы, масты і лініі электраперадач.
Усе рэкорды па разбуральнасці пабіў ураган 1997 года, што прайшоўся па Брэсцкай і Мінскай абласцях. Мясцовыя жыхары казалі так: «Чорная хмара ляцела з неба, як самалёт». Вядома, што ўраган доўжыўся сем хвілін у Беларусі, прыйшоў ён з тэрыторыі Украіны і Польшчы.
Усё пачалося ў Люблінскім ваяводстве Польшчы. У панядзелак, 23 чэрвеня, каля 15 гадзін на захадзе ваяводства з’явілася чорная хмара. Відавочцы расказвалі, што пачаўся дождж, быў чутны шум віхуры і трэск дрэваў. Урагану на Любліншчыне спатрэбілася пятнаццаць хвілін, каб разбурыць два паветы: каля двух тысяч дамоў знішчыць і амаль чатыры тысячы — часткова пашкодзіць. Было вядома пра аднаго загінулага і семярых параненых. Шкоду ад стыхіі ацанілі ў 30 мільёнаў злотых.
У той жа час на Валыні ва Украіне рэзка апусцілася тэмпература — з 31°C да 16°C. З-за ўрагану пацярпела каля сотні чалавек: дзевяць загінулі, 92 былі шпіталізаваны. Стыхія закранула 20 украінскіх гарадоў. Для ліквідацыі наступстваў прыцягнулі вайскоўцаў. Шкоду ацанілі ў 84 мільёны грывень.
Што адбывалася ў Беларусі
Да Беларусі ўраган дабраўся вечарам і прайшоўся па Брэсцкай і Мінскай абласцях. Высветлілася, што за сем хвілін стыхіі пацярпелі 695 беларускіх населеных пунктаў. Падчас урагану былі разбураны 376 дамоў і 208 будынкаў, пашкоджаны 7 200 дамоў і 1 959 будынкаў. Ураган знішчыў сельскагаспадарчыя пасевы на 70 тысячах гектараў зямлі, пазней дадзеныя былі змененыя. У выніку — 120 тысяч гектараў.
Загінулі пяць чалавек, больш за 50 былі шпіталізаваны з рознымі траўмамі.
На Брэстчыне сотні вёсак аказаліся без электрычнасці, каля 50% ліній электраперадач у вобласці былі пашкоджаны.
Хуткасць ветру ў вечар 23 чэрвеня 1997 года ў Беларусі дасягала 30 м/с, у Ганцавіцкім раёне — да 32 м/с.
Вёска Хотава, Стаўбцоўскі раён. Жыхарка вёскі Наталля Е. успамінала падзеі таго дня так: «Бура была неверагоднай сілы. Дзеці ад страху хаваліся пад стол, было страшна нават зірнуць у акно». Яшчэ адзін мясцовы жыхар Станіслаў Ч. убачыў у акне, «як два чорных віхры злучыліся ў адзін, прайшліся з трэскам па полі і зноў раз’ядналіся». У вёсках у Стаўбцоўскім раёне жыхары расказвалі, што ў адной сям’і ветрам знесла каня ў полі.
Пасёлак Ратамка, Мінскі раён. Дзеці гулялі ў футбол, калі пачаўся ўраган. Яны паспелі схавацца ў невялічкай пабудове на стадыёне. Вецер знёс дах, а сцены сталі разбурацца. Пад заваламі апынулася некалькі дзяцей, якіх пазней выцягвалі мясцовыя жыхары, што пачулі іх крыкі.
Вёска Моладава, Іванаўскі раён. У вёсцы ад урагану былі пашкоджаны дзве сотні жылых дамоў, а ў мясцовай праваслаўнай царкве пацярпеў купал.
Валожыншчына. Эколаг Леанід Чумакоў успамінаў, што Валожынскі раён быў самым пацярпелым сярод іншых: «У адной з вёсак пад Валожынам у дамах стрэхі былі не сарваныя – ні бервяна, ні цаглінкі не валялася вакол. Было ўражанне, што нехта зверху націснуў на іх – вось яны і склаліся, як картачныя домікі».
У Брэсцкай вобласці найбольш пацярпелі Іванаўскі і Ганцавіцкі раёны, на Міншчыне — Валожынскі, Нясвіжскі і Капыльскі раёны. Мінск стыхія таксама закранула: былі пашкоджаны прыватныя сектары ў Ленінскім, Маскоўскім, Кастрычніцкім, Партызанскім і Першамайскім раёнах; у асноўным сталічныя раёны пацярпелі ад пашкоджання ліній электраперадач.
Папярэдне шкоду ад урагану ацэньвалі ў 800 мільярдаў беларускіх рублёў. Аднак пазней гэтую лічбу павялічылі да 1,5 трыльёна рублёў. Адразу ж пасля ўрагану на базе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях стварылі працоўны штаб, куды ўвайшлі прадстаўнікі дзясяткаў арганізацый — пазней яны ўзначалілі фонд дапамогі пацярпелым рэгіёнам. Ліквідаваць наступствы пачалі ў першы дзень. Гэтым займаліся выратавальнікі разам з вайскоўцамі. А ў выходныя, 27 і 28 чэрвеня, арганізавалі суботнікі, каб далучылася як мага больш людзей.
Праз некалькі дзён, 25 чэрвеня, у Беларусь прыляцеў міністр па надзвычайных сітуацыях Расіі Сяргей Шайгу. Ён паабяцаў, што расійскі бок дапаможа з будаўнічымі матэрыяламі. На наступны дзень, 26 чэрвеня, беларускае Міністэрства замежных спраў заявіла, што Беларусь не будзе звяртацца па міжнародную дапамогу, але прыме яе, калі іншыя краіны захочуць дапамагчы самі. Цікава, што першымі прапанавалі дапамогу прадстаўнікі непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі. Дапамагчы вырашылі таксама Італія, Кітай і Кыргызстан.
Лукашэнка падчас урагану адпачываў у Расіі
Падчас урагану Аляксандр Лукашэнка, тады яшчэ прэзідэнт Беларусі, знаходзіўся ў Расіі. Ён адпачываў у Сочы, але з-за стыхіі не стаў адмяняць візіт і застаўся там яшчэ на некалькі дзён. Вядома, што пасля ўрагану Лукашэнка накіраваў сваякам загінулых тэлеграмы.
Пасля вяртання ў Беларусь Лукашэнка накіраваўся ў Івацэвіцкі раён — у гарадскі пасёлак Целеханы. У Целеханы ён прыляцеў на верталёце і адразу ж паставіў задачу службам: «Аднавіць дамы да 3 ліпеня».
У той дзень уся краіна павінна была адзначаць Дзень Рэспублікі, а яшчэ праз некалькі дзён — 930-годдзе Мінска.
Супраць святочных мерапрыемстваў выступалі прадстаўнікі апазіцыйных Лукашэнку партый. Маштабнае свята называлі «пірам падчас чумы», а незалежныя медыя адклікнуліся на гэта так: «У вёсках — гора, у Мінску — свята». Але стыхія не перашкодзіла адзначыць два святы і выдаткаваць на іх больш за 50 мільярдаў рублёў.