Кожны год выпускаюць сотні і тысячы розных значкоў, але асабліва шмат іх выходзіла ў савецкі час. Алюмініевыя значкі часта прысвячалі розным гарадам, у тым ліку і беларускім. На іх часта выбівалі гербы, адметныя будынкі і іншыя славутасці беларускіх гарадоў.
Адна серыя савецкіх значкоў была зробленая ў гонар абласных гарадоў Беларусі. Яны адметныя не толькі афармленнем, а перадусім тым, што на іх паказалі.
PALATNO расказвае пра серыю адметных савецкіх значкоў з беларускімі гарадамі.
Значкі Брэста і Гродна
На значку Брэста размяшчаюцца выявы Брэсцкай крэпасці, ЦУМа і гарадскога гадзінніка. Брэсцкая крэпасць — сімвал горада, а ЦУМ і вежа з галоўным гадзіннікам — месцы шматлюдныя і важныя для жыцця горада. Аднак ці з’яўляюцца два апошніх архітэктурных аб’екты важнымі сімваламі Брэста?
Яны дакладна з’яўляюцца адметнасцямі гарадской прасторы. Аднак Брэсцкая крэпасць — фактычна культавае збудаванне з багатай гісторыяй. Абарончыя збудаванні актыўна выкарыстоўваліся яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны, затым — у верасні 1939 года, калі палякі абараняліся ад немцаў. Ваенныя дзеянні, звязаныя з гісторыяй крэпасці, скончыліся вядомай абаронай Брэсцкай крэпасці савецкімі вайскоўцамі ў чэрвені 1941 года.
Значок горада Гародні спалучае старадаўнюю гісторыю, у выглядзе выявы Старога замка з пабудаваным у савецкія часы будынкам «Паштамта», які на сёння стаўся гродзенскім філіялам «Белпошты». У савецкія часы на будынку быў гадзіннік на высокай частцы са шкляным фасадам. Пры гэтым нейкай унікальнасці ў межах прасторы горада ў будынка няма амаль ніякага.
У сваю чаргу, Стары замак з’яўляецца ўнікальным архітэктурным комплексам, які ўключае абарончыя збудаванні, культавыя і свецкія будынкі. Месца рэзідэнцыі літоўскіх князеў безумоўна з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю Гродна.
Спалучэнне архітэктурных стыляў розных гістарычных эпох, надае пэўны кантраст выявам значка. Чаму менавіта будынак паштамта вырашылі змясціць на значку сказаць цяжка, як і патлумачыць чаму так мала адметнасцей горада на шчыце значка.
Значкі Гомеля, Віцебска і Магілёва
Архітэктурныя адметнасці ўсходнебеларускіх гарадоў прадстаўлены лепей, чым наборы славутасцяў заходніх гарадоў. Пры гэтым багатай архітэктурай славяцца менавіта вялікія і маленькія гарады беларускага Захаду.
На значку Гомеля размяшчаюцца выявы гарадскога пару і сапраўдная гарадская славутасць — палацава-паркавы ансамбль у стылі рускага класіцызму, які быў створаны ў часы Румянцавых-Паскевічаў. Зялёная зона, якая атачала палац у савецкія часы, стала называцца паркам культуры і адпачынку імя Луначарскага — наркома асветы СССР.
Значок адлюстроўвае ўваходную браму ў парк і палац, што з’яўляецца дамінантнай архітэктурнай кампазіцыяй ва ўсім палаца-паркавым комплексе. У будынка цырка, які пабудавалі ў 1972 годзе, незвычайная архітэктурная форма: футурыстычны будынак таксама гарадская адметнасць і славутасць.
Значок з віцебскімі славутасцямі ўключае тэатр, ратушу, якая і па сёння з’яўляецца адным з сімвалаў горада.
Ратуша ў барочным стылі была пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя. Цяпер у ёй размяшчаецца краязнаўчы музей. Драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску ўзнік у савецкі час, дагэтуль ён з’яўляецца культурным цэнтрам горада.
На значку таксама ёсць выява трэцяга будынка. Хутчэй за ўсё, гэта будынак аблвыканкама Віцебска. Замест аблвыканкама ў часы Расійскай імперыі на гэтым месцы размяшчалася жаночая епархіяльная вучылішча, якое пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя ў стылі класіцызму.
Так тры выявы будынкаў у розныя гістарычныя эпохі гарманічна спалучаюцца і раскрываюць гісторыю Віцебска.
Значок, што прысвечаны Магілёву, насычаны адметнымі пабудовамі ў параўнанні з іншымі. Сярод адметнасцяў горада на Дняпры паказаны Дом урада, што бясспрэчна паказвае на важнасць горада, які хацелі яшчэ ў міжваенныя часы зрабіць сталіцай БССР.
Сярод адметных месцаў значок змяшчае і гасцініцу «Магілёў», якая для савецкага часу была шыкоўнай, бо з яе адкрываюцца гарадскія краявіды. Пэўна, можна сказаць, што ў некаторых турыстаў і цяпер гэты будынак можа асацыявацца з гарадской славутасцю.
Трэцім архітэктурным аб’ектам з’яўляецца савецкі адміністрацыйны будынак, дзе знаходзіўся абком партыі, а сёння размяшчаецца гарадскі выканаўчы камітэт. Будынак з’яўляецца заўважным, бо знаходзіцца ў цэнтры горада, але цяжка назваць яго славутасцю з-за малаадметнага архітэктурнага стылю.
Адным з нешматлікіх прыкладаў, калі ў славутасці савецкай Беларусі патрапіў храм, а менавіта праваслаўны сабор Трох Свяціцеляў. Гісторыя храма пачынаецца з самага пачатку ХХ стагоддзя. У часы Першай сусветнай вайны, калі ў Магілёве знаходзілася Стаўка, храм часта наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II. У савецкія часы атрыбуты царквы прыбралі, а культавы будынак стаў клубам.
Асаблівасці і адметнасці значка, прысвечанага Мінску
Значок Мінска з’яўляецца цэнтральным ва ўсёй серыі. Ён мае нестандартную форму, зорку ў верхняй частцы — гэта сведчыць пра званне «горад-герой», якое было вельмі статусным у часы СССР.
На значку з выявамі адметных будынкаў сталіцы можна ўбачыць Чырвоны касцёл, які атрымаў такую неафіцыйную (народную) назву па колеру дахоўкі і цэглы. Нягледзячы на тое, што культавы аб’ект пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, ён стаў сапраўдным сімвалам Мінска. Дарэчы, у савецкі час у будынку касцёла размяшчалася кінастудыя «Савецкая Беларусь», а ў 1970-х гады — Дом кіно. Каталіцкі парафіяльны касцёл св. Сымона і св. Алены ў неараманскім стылі нават у савецкія часы быў прызнаны помнікам гісторыі і культуры.
Выява Дома ўрада займае цэнтральнае месца ў кампазіцыі значка. Ён пабудаваны ў стылі канструктывізму, паклаўшы пачатак фармаванню новага цэнтра горада і будаваўся напрацягу чатырох гадоў. Манументальны архітэктурны аб’ект стаў не толькі найбуйнейшым грамадскім збудаваннем у міжваенны перыяд у Беларусі, але і падкрэсліваў сталічны статус Мінску.
Манумент Перамогі сапраўды з’яўляецца помнікам, які сімвалізуе перамогу ў змаганні з нямецкімі войскамі і памяць пра загінулых вайскоўцаў у гады страшнай вайны. Абеліск адкрылі ў 1954 годзе.
Будынак цырка на сёння ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а пачынае сваю гісторыю з 1950-х гадоў, калі была адноўленая разбураная пабудова даваеннага цырка. Цягам пяці гадоў ішло будаўніцтва: у 1959 годзе цырк афіцыйна адкрылі.
Палац культуры прафсаюзаў з’яўляецца адной з архітэктурных адметнасцей Мінска, пабудаванай таксама за савецкім часам. Гэты аб’ект вельмі прасторны з вялікімі памяшканнямі, што будаваўся ажно пяць гадоў: стыль — сталінскі ампір.
Савецкая архітэктура 1960-1980-х гадоў лічыцца даволі прымітыўнай. Тым не менш у Мінску ў гэты час з’явілася паўтара дзясяткі нестандартных і адметных пабудоў. На значку можна пабачыць высоткі: можна меркаваць, што гэта дамы каля станцыі метро «Усход». Яшчэ адзін адметным архітэктурным аб’ектам на значку ёсць будынак «Белбыттэхпраекта». Першапачаткова яго праектавалі для інстытута «Белжылпраекта», але ў пачатку 1980-х гадоў планы змяніліся. Доўгі час будынак с караблём на даху быў самым высокім у Мінску.
* * *
Выявы значкоў адпавядаюць разнастайным паштоўкам савецкага часу, на якіх малявалі той самы набор будынкаў. Асабліва гэта датычыцца адметных аб’ектаў архітэктуры Мінска.
Агулам серыя значкоў спрабавала спалучыць старадаўнюю гісторыю з падзеямі, што адбываліся ў часы савецкай Беларусі. Але гарманічна спалучыць будынкі розных эпох з савецкай рэчаіснасцю атрымалася далёка не на кожным значку.
Аўтар Хведар Прылёпаўскі