Сучаснае тэлебачанне актыўна пашырае межы паказу ЛГБТК+ супольнасці, і серыялы займаюць у гэтым працэсе важнае месца. Яны не толькі адлюстроўваюць розныя аспекты жыцця людзей з квір-супольнасці, але і дапамагаюць ламаць стэрэатыпы, уздымаюць важныя сацыяльныя праблемы і прапануюць гледачам шчырыя і эмацыйныя гісторыі пра каханне, самапазнанне і прыняцце.
PALATNO раскажа пра некалькі серыялаў, якія сталі адыгралі значную ролю ў пашырэнні прадстаўленні ЛГБТК+ супольнасці.
Змест
«З заміраннем сэрца» (Heartstoppers)
Гэты брытанскі падлеткавы серыял быў заснаваны на графічных раманах Эліс Осман. Осман выступіла не толькі як стваральнік ідэі, але як распрацоўшчык і сцэнарыст. «З заміраннем сэрца» расказвае гісторыю падлеткаў Ніка і Чарлі, якія вучацца ў адной школе. Паступова яны становяцца сябрамі, а потым і каханымі. Серыял паказвае, як хлопцы ўсведамляюць і прымаюць сваю сексуальную ідэнтычнасць. Акрамя адносін Ніка і Чарлі ў «З заміраннем сэрца» паказваюць і гісторыі іншых герояў: як тыя сутыкаюцца з асабістымі праблемамі, змагаюцца з булінгам і знаходзяць сваё месца ў свеце.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Кібербулінг, газлайцінг, мобінг: віды булінгу, якія павінен ведаць кожны
«Пакахай мяне, калі ласка» (Please Like Me)
Аўстралійскі серыял прапануе нам гісторыю, якая была заснавана на гісторыі жыцця коміка Джоша Томаса. Дарэчы, сам ён выканаў галоўную ролю ў «Пакахай мяне, калі ласка». Гісторыя ў серыяле пачынаецца з таго, што Джош расстаецца са сваёй дзяўчынай і разумее, што ён гей. У той жа час ён спрабуе справіцца не толькі са сваёй сексуальнай ідэнтычнасцю, але і з псіхічнымі праблемамі маці, складанымі адносінамі з сябрамі… У серыяле паднімаюцца сур’ёзныя тэмы, аднак стваральнікі (у тым ліку і сам Джош Томас) паспрабавалі зрабіць яго з гумарам.
«Кантроль» (Kontrola)
Польскі серыял з’явіўся больш за дзесяць гадоў таму пасля дэбютнага кароткаметражнага фільму рэжысёркі Наташы Пжэмыс. Спачатку серыял выходзіў на YouTube, аднак апошнія сезоны купілі стрымінгавы сэрвіс. У серыяле «Кантроль» расказваецца пра ўзаемаадносіны Наталлі і Майкі: іх першае знаёмства і выпадковыя сустрэчы ў розныя перыяды іх жыцця. У кожным эпізодзе яны спрабуюць разабрацца са сваімі эмоцыямі, праблемамі ў камунікацыі і асабістымі выклікамі.
«Адчуваю сябе добра» (Feel Good)
«Адчуваю сябе добра» з’яўляецца брытанска-канадскім серыялам. У ім даследуецца і наркатычная залежнасць, і складаныя адносіны, і сексуальная ідэнтычнасць. Галоўнай гераіняй выступае комік Маэ Марцін, у мінулым яна была нарказалежнай, а цяпер спрабуе аднавіць сваё жыццё, выступаць на сцэне і ўладкаваць асабістае жыццё са сваёй дзяўчынай (тая ўпершыню сустракаецца з жанчынай). Пакуль Маэ змагаецца са старымі звычкамі і траўмамі, а Джорджы спрабуе справіцца з сацыяльным ціскам і прыняць сваю сексуальнасць.
Бонус: «Блізкія сябры» (Queer as Folk) і «Слова на літару “Л”» (The L Word)
Абсалютнай класікай для ЛГБТК+ лічацца серыялы «Блізкія сябры» і «Слова на літару “Л”».
У першым серыяле расказваецца пра кампанію мужчын і жанчын, якія маюць дачыненне да ЛГБТ+: паказваецца, як яны жывуць у сучасным горадзе, як будуюць адносіны і як разбіраюцца са штодзённымі праблемамі. Серыял не толькі даследуе любоўныя гісторыі, але і паднімае важныя тэмы, звязаныя з ідэнтычнасцю, стэрэатыпамі і дыскрымінацыяй. Лічыцца, што «Блізкія сябры» сталі першым серыялам на тэлебачанні, які адкрыта і сумленна паказаў жыццё ЛГБТК+ супольнасці.
У серыяле «Слова на літару “Л”» увага засяроджаная на групе лесбіянак, іх партнёраў і сяброў. У серыяле расказваецца пра іх жыццё і каханне, прафесійныя дасягненні і выклікі ад грамадства, якое часта не разумее ці не прымае іх. «Слова на літару “Л”» стаў важнай культурнай з’явай, якая адкрыла новы погляд на жыццё лесбіянак і пашырыла бачанне ЛГБТК+ супольнасці на тэлевізійным экране. У 2020 годзе выйшаў працяг серыялу, у якім з’явілася тры асноўных героя з арыгінальнага серыялу.