Летам на будоўлі каля бальніцы ў Дзяржынску знайшлі сотні чалавечых парэштак, якія належалі як дарослым, так і дзецям. Шкілеты ляжалі пластамі, некаторыя былі ў драўляных трунах. Узніклі розныя версіі іх з’яўлення там: забойствы яўрэяў нацыстамі, былыя могілкі…
PALATNO расказвае пра знаходку ў Дзяржынску і чаму там маглі месціцца буйныя могілкі.
Новая кацельня бальніцы
Напачатку жніўня будаўнікі ў Дзяржынску экскаватарамі перакопвалі тэрыторыю каля мясцовай бальніцы. Там планавалася будаўніцтва новай кацельні. Па словах мясцовых чыноўнікаў, гэта быў найбуйнейшы будаўнічы праект года ў горадзе. Яе кошт ацэньваўся ў 6,5 мільёна рублёў (прыкладна два з паловай мільёны долараў). Гэтыя грошы паступілі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Само будаўніцтва пачалося яшчэ ў чэрвені 2023 года. Скончыць працы плануецца амаль праз год — у ліпені 2024 года.
Новая кацельня павінна знаходзіцца побач з бальніцай, а старыя пабудовы на гэтым месцы трэба было паступова зносіць. Гэтым і займаліся рабочыя ў жніўні. А пасля зносу некаторых пабудоў яны перакопвалі зямлю.
Першыя чалавечыя косці знайшлі 8 жніўня на схіле адразу за бальніцай. На глыбіні паўтара метра сталі адкопваць усё новыя парэшткі. Рабочыя даставалі косці і складвалі іх у вёдры. Па іх словах, шкілеты ляжалі пластамі, адзін на адным. Некаторыя знаходзіліся ў палажэнні стоячы. Разам з касцямі былі выяўлены элементы адзення, абутак, цвікі і ўпрыгожванні.
Ужо праз некалькі дзён на месцы працавалі супрацоўнікі Следчага камітэта і гісторыкі. Будаўніцтва часова замарозілі.
Адкуль узяліся косці — версіі
Калі на месцы будаўніцтва кацельні знайшлі сотні чалавечых парэштак, адразу ж з’явіліся версіі іх паходжання. Будаўнікі меркавалі, што там раней месцілася сінагога, а пры ёй былі могілкі. Гэту версію выключылі мясцовыя гісторыкі: ніякіх пацвярджэнняў яна не знайшла.
Частка мясцовых жыхароў была ўпэўненая, што рабочыя раскапалі пахаванні на месцы былога гета. Падчас Другой сусветнай вайны ў раёне вуліцы Першамайскай (зусім блізка з месцам знаходкі парэштак) было гета. Там расстралялі каля 1 600 яўрэяў. Аднак і гэтая версія мае хібы: побач з шкілетамі знаходзілі ўпрыгожванні і абутак, а гільзаў зусім не было — як і слядоў ад куль на касцях.
Самая праўдападобная версія: гэта былі пратэстанцкія могілкі. У 1564 годзе Мікалай Радзівіл Чорны пабудаваў у Койданаве храм. Ён быў пратэстанцкім — кальвінісцкім.
Кальвінізм — кірунак у пратэстантызме, які ўзнік у XVI стагоддзі. Асновы сфармуляваў француз Жан Кальвін. Адметнай рысай кальвінізму з’яўляецца вучэнне аб наканаванні: паводле яго, Бог загадзя абраў адных людзей на выратаванне, іншых — на пагібель. Даведацца пра свой лёс немагчыма, але чалавек мусіць верыць, што выратуюць менавіта яго, і даказаць гэта праведным жыццём. У кальвінізме святары выбіраюцца вернікамі. Кальвінісцкая царква не мае алтароў і абразоў. Набажэнствы праходзяць на роднай мове. З хрысціянскіх таінстваў захаваліся хрышчэнне і прычасце. На тэрыторыі Беларусі кальвінісцкія храмы месціліся ў Кухцічах (Уздзенскі раён), Слуцку, Асташыне (Карэліцкі раён), Заслаўі, вёсцы Дзераўная (Стаўбцоўскі раён), Смаргоні, Ізабеліне (Ваўкавыскі раён), Уселюбу (Наваградскі раён). Частка кальвінісцкіх збораў была разбурана напачатку XX стагоддзя і перададзена іншым цэрквам.
Кальвінісцкі збор у Койданаве быў не толькі месцам для малітваў, але яшчэ і склепам. Побач са зборам знаходзіліся пахавальні Радзівілаў. У 1913 годзе там нібыта знайшлі 75 трун.
Акрамя пахаванняў у склепе былі тры падземныя хады, якія ішлі ў бок Мінска, Нясвіжа і да маёнтка ў Навасёлках. Адзін з іх вёў у тыл праціўніка, які мог штурмаваць крэпасць. Два іншых даследаваць не ўдалося, бо ў гэтых тунэлях вельмі хутка заканчваўся кісларод. Іх спрабавалі даследаваць самі кальвінісцкія святары ў 1913 годзе.
Напачатку 1920-х гадоў у кальвінісцкім храме «кватаравалі» савецкія вайскоўцы. Яны ж яго і разрабавалі, а вось склеп нібыта не кранулі, а толькі замуравалі яго.
Гісторыкі лічаць, што менавіта версія з пратэстанцкімі могілкамі самая праўдападобная і, паводле крыніц PALATNO, знаёмых з сітуацыяй, схіляюцца менавіта да яе.