Вы чытаеце:
Шлюб у Беларусі: куды ісці, што спатрэбіцца і колькі каштуе

Шлюб у Беларусі: куды ісці, што спатрэбіцца і колькі каштуе

вяселле ў беларусі, як распісацца ў Беларусі

За 2022 год у Беларусі заключылі шлюб 57 901 пара і аформілі амаль 34 тысячы разводаў. Пры гэтым амаль 86% шлюбаў прыпадаюць на гараджан, а 14% — на сельскіх жыхароў. Для параўнання, у 2021 годзе было аформлена 59,6 тысячы шлюбаў і 34,4 тысячы разводаў. Гэта значыць, што колькасць тых, хто стварыў новую сям’ю ў 2022 годзе, зменшылася на 3%, а колькасць сем’яў, якія распаліся, — на 1,1%. Сярэдні ўзрост тых, хто ўпершыню заключыў шлюб, склаў: для жанчын — 26,5 года, для мужчын — 28,7 года.

PALATNO расказвае, як беларусы бяруцца шлюбам, якія дакументы для гэтага спатрэбяцца, колькі каштуе шлюбная дамова і ў якія дні нельга вянчацца.

«Вянчанне не з’яўляецца панацэяй ад няўдалага шлюбу»

Беларус Дзмітрый (імя зменена ў мэтах бяспекі — PALATNO) ажаніўся ў Берасці ў 2012 годзе. У ЗАГС будучыя маладажоны звярнуліся за паўгода, але Дзмітрый раіць прыходзіць раней, бо «ёсць мажлівасць не патрапіць на патрэбную дату».

— Узялі пашпарты і напісалі заяву на шлюб. Замовілі ўрачыстую цырымонію ў ЗАГСе. Заява каштавала няшмат, а вось сама цырымонія абышлася даражэй. Яшчэ давялося схадзіць да псіхолага на прагляд фільма пра сям’ю — аб гэтым ставілася пячатка, яе трэба было паказаць у ЗАГСе. Вянчання не было, бо мы не прытрымліваемся рэлігійных традыцый і, як паказвае практыка, вянчанне не з’яўляецца панацэяй ад няўдалага шлюбу і расставання.

Сама цырымонія ў ЗАГСе Дзмітрыю спадабалася. Быў прыгожы інтэр’ер, «у якім гучаў знаёмы матыў “Вальса” Мендэльсона і паветра поўнілася каханнем пасля папярэдняй цырымоніі». Асаблівую падзяку беларус выказвае працаўніцы ЗАГСа, якая вяла іх цырымонію.

— Адразу было бачна, што яна рабіла гэта ад самога сэрца, хоць ёй даводзіцца рабіць адно і тое ж па некалькі разоў на дзень. Запомнілася, як ставілі  подпісы, першы крок на ручнік — у сумеснае жыццё, першы танец і тое, што жонка згубіла адну завушніцу — магчыма, у ЗАГСе.

Шлюбную дамову беларусы не заключалі.

— Няхай тыя, каму яна патрэбная, заключаюць яе для свайго заспакаення, гэта выбар кожнага. Што тычыцца прозвішча, то мая жонка падчас шлюбу ўзяла маё. Усё-такі мы сталі сям’ёй, і ў гэтай сям’і мусіць быць назва, якая надаецца агульным прозвішчам — гэта дадаткова звязвае людзей.

Беларусы святкавалі заключэнне шлюбу разам з сябрамі і роднымі. Прайшло ўсё добра, акрамя «розных конкурсаў з удзелам тамады». Калі запрошаная на свята дзяўчына выконвала танец жывата, адбыўся казус: пасярод яе танца ў зале нечакана згасла святло. «Забаў было так багата, што па завяршэнні вечара мы з жонкай адчувалі сабе стомленымі. Але  — і задаволенымі».

— Што параіць тым, хто хоча пабрацца? Напярэдадні я прачытаў адну прымаўку: «Да шлюбу глядзі шырока расплюшчанымі вачыма, а пасля — напалову заплюшчанымі». То бок, ведаў(ла), з кім пабіраешся, дык потым нечага гаварыць. А ўсё ж пажадаў бы цярпення адно да аднаго, заўважаць толькі добрае і заўсёды хваліць за гэта, не засяроджвацца на дрэнным, заспакойваць пры нервовасці, шанаваць намаганні кожнага пабудаваць сям’ю, бо гэта сапраўды праца, якая, як  любая іншая, абавязкова будзе даваць свой плён пры належным да яе стаўленні.

«Ну што, Марыя, дапівайце!»

Беларуска Марыя заключыла шлюб у Гродне ў 2019 годзе. Марыя ўспамінае, што зайшла на сайт ЗАГСа, спампавала там узор заявы і знайшла рэквізіты для аплаты.

— Калі не памыляюся, мы плацілі адну базавую. З гэтым пакетам дакументаў мы прыйшлі ў ЗАГС, сказалі, што хочам падаць заяву на ўступленне ў шлюб. У нас запыталіся пра дату і фармат. Маглі распісаць і праз тры дні, але мы вырашылі — праз два тыдні.

Калі беларусы распісаліся і ўдваіх пасядзелі ў кавярні, то патэлефанавалі сваякам і знаёмым. Дома ў мужа ўвечары сабралі маленькую кампанію сяброў. А на наступны дзень у яго быў дзень народзінаў, то адзначалі ўсё адным махам у фармаце кватэрніка.

— Прыйшло хіба пяцьдзясят сяброў, гралі на гітары, было вельмі шумна і весела. А потым мае бацькі дома зрабілі для маіх сваякоў невялікае свята. Мы не хацелі ладзіць тыповае вяселле з тамадой і салютам. Для нас больш важна было адзначыць вянчанне, да якога мы прыйшлі праз пару гадоў і якое адсвяткавалі так, як самі хацелі, на грошы, якія самі зарабілі. Арандавалі сядзібу, арганізавалі кейтарынг, запрасілі музыкаў, каб навучыць гасцей танцаваць беларускія танцы. Пасля самога вянчання зрабілі экскурсію па Гродне для сваякоў. З хваляваннем успамінаю той дзень, ганаруся намі  — што змаглі самі ўсё так класна арганізаваць.

Шлюбную дамову беларусы не заключалі, але Марыя ставіцца да яе «абсалютна нармальна». Прозвішча беларуска таксама не мяняла: «Люблю сваё і не люблю разбірацца з паперкамі ў дзяржаўных установах. Мы з мужам гэта абмеркавалі, ён сказаў, што яму так абсалютна нармальна».

Праз два гады пасля таго, як беларусаў распісалі ў ЗАГСе, яны павянчаліся. Прышлі да святара на размову і ўзгаднілі дату. Марыя з мужам праваслаўныя, таму вянчаліся ў Каложы ў Гродне. Спачатку трэба было прыйсці загадзя на службу і прычасціцца.

— Бацюшка запытваўся пра нашу матывацыю, ці сапраўды і чаму мы хочам гэтага. Люблю такі падыход. Потым купілі свечкі, ручнік. Іконы ў нас ужо былі — бацька падарыў, калі мы з мужам пачалі жыць сям’ёй. Я дакладна не памятаю, колькі мы плацілі — 100 ці 200 рублёў, зараз не ўзгадаю.

Маладыя дамовіліся, каб таінства праходзіла на беларускай мове. Па словах Марыі, ніякіх праблем і пытанняў з гэтым не ўзнікла. Усё прайшло спакойна і прыгожа.

— Я не хвалявалася і была на дзіва спакойнай, а муж пераймаўся. Хаця, звычайна, у нас у стасунках наадварот. Калі вянчаешся, то ёсць такі момант, калі вы з аднаго невялікага кубка па чарзе п’яце віно — тры разы. Памятаю, што спачатку мы рабілі вельмі маленькія глыткі, а апошні дастаўся мне. Прыйшлося ўсё дапіваць адным махам, святар нават пажартаваў: «Ну, што, Марыя, дапівайце!».

Тым, хто толькі плануе заключыць шлюб, беларуска раіць быць спакойнымі і смелымі. «Трэба рабіць так, як падказвае сэрца, слухаць свае адчуванні і задаваць сабе і партнёру пытанне — а ці сапраўды мне/нам так хочацца?».

Як заключыць шлюб у Беларусі

Для таго, каб заключыць шлюб у Беларусі, неабходна падаць заяву ў дзяржаўны орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану. Для падачы заявы трэба прад’явіць пашпарты. Узор заявы можна знайсці на кожным сайце ЗАГСа.

За падачу заявы спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 1 базавай велічыні.

Заключэнне шлюбу адбываецца ў пэўны тэрмін: не раней, чым праз тры дні, і не пазней, чым праз тры месяцы пасля падачы заявы ў ЗАГС.

Пры наяўнасці ўважлівых прычын кіраўнік ЗАГСа можа дазволіць заключыць шлюб раней, чым праз тры дні. Пры наяўнасці асаблівых абставін (цяжарнасць, нараджэнне дзіцяці, непасрэдная пагроза для жыцця асобы, якая ўступае ў шлюб, і іншыя) шлюб можна заключыць у дзень, калі пара падае заяву.

Тарыфы на дадатковыя платныя паслугі (напрыклад, рэгістрацыя шлюбу ў спецыяльна абсталяваным памяшканні аддзела ЗАГС, рэгістрацыя шлюбу па-за ЗАГСам або рэгістрацыя па ўласным сцэнарыі) у кожным ЗАГСе адрозніваюцца. Да прыкладу, забеспячэнне ўрачыстай абстаноўкі рэгістрацыі заключэння шлюбу ў спецыяльна абсталяваным памяшканні аддзела ЗАГС адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска каштуе 1,5 базавай велічыні  — 55,5 рубля. А ў аддзеле ЗАГСа Кобрынскага райвыканкама такая паслуга складае 1 базавую велічыню.

Што датычыцца шлюбнай дамовы, то такое ў Беларусі таксама ёсць. Штогод яе заключаюць звыш чатырох тысяч пар. Рабіць гэта можна як перад уступленнем у шлюб, так і знаходзячыся ў ім. Для гэтага трэба звярнуцца да натарыуса і мець пры сабе:

  • пашпарты ці іншыя дакументы, якія сведчаць асобу;
  • дакументы, якія пацвярджаюць факт заключэння шлюбу (калі шлюб ужо заключаны);
  • дакумент, які пацвярджае прыналежнасць маёмасці.

За заключэнне шлюбнай дамовы неабходна заплаціць натарыяльны тарыф у памеры 6 базавых велічынь (222 рублі) ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2013 г. №1145. За складанне праекта шлюбнай дамовы — 2 базавыя велічыні (74 рублі). За тэхнічнае афармленне трох абавязковых экзэмпляраў дамовы (для мужа, жонкі і натарыуса) — 11,1 рубля, за кансультацыю па пытанні пасведчання шлюбнай дамовы — 1 базавая велічыня (37 рублёў).

Акрамя грамадзянскага шлюбу ў Беларусі існуе і царкоўны. Спачатку трэба прыйсці ў храм, дзе пара плануе павянчацца, і абмеркаваць са святаром дзень і час, у які гэта адбудзецца. З будучымі мужам і жонкай святар праводзіць размовы. Вянчальныя пярсцёнкі трэба купіць загадзя. Вянчальныя іконы, белы рушнік і свечкі можна набыць у храме ці асобна. Вянкі купляць не трэба.

У праваслаўных вянчанні не праходзяць у дні шматдзённых пастоў — Вялікага, Каляднага, Пятроўскага і Успенскага. А таксама ў звычайныя перыяды года ў аўторак, чацвер і суботу — гэта Пярэдадзень посных дзён. Не вянчаюць падчас Каляд і Велікоднага тыдня.

У адрозненне ад праваслаўнай царквы, каталікам дазволена вянчацца ў любы дзень, нават у пост. Як правіла, не праводзяць абрад вянчання толькі падчас Вялікага посту (перад Вялікаднем) і на працягу чатырох тыдняў перад Калядамі.

Вярнуцца ўгару