У 1860-х у ЗША адмянялі рабства, а на тэрыторыях сучаснай Беларусі — прыгоннае права, якое існавала ўжо больш за 400 год. Юрыдычна гэты працэс аформіўся ў прывілеі Казіміра Ягайлавіча 1447 года, а закончыўся — у 1861 годзе, граматай імператара Аляксандра ІІ. Але фактычна, безумоўна, існаваў шмат даўжэй, бо розныя катэгорыі насельніцтва ў дакументах вылучаюцца ўжо ў канцы XIV стагоддзя.
Залежныя, найчасцей бяспраўныя, без магчымасці да адукацыі, сяляне XVIII–XIX стагоддзяў амаль не пакінулі па сабе ніякіх звестак. Гісторыя расказвае пра іх праз аповеды іншых — шляхты, духавенства ці чыноўнікаў, якія не выпадае назваць аб’ектыўнымі. Як шляхта ўспрымала сваіх сялян, як складваліся іх адносіны і камунікацыя?
PALATNO шукае адказы на старонках шляхецкіх мемуараў і нататак.
Змест
«Крайняя беднасць і поўная непісьменнасць»
Становішча сярэдняга селяніна праз увесь час існавання заставалася аднолькава незайздросным. Магло адрознівацца у лепшы ці горшы бок у залежнасці ад катэгорыі, формы прыгнёту, яго ўласных матэрыяльных умоў, але «сярэдні» селянін быў усё адно фактычна бяспраўны і залежны ад свайго гаспадара і жыў найчасцей у дрэнных умовах. Сяляне не маглі ўцячы ад вайны, не маглі схавацца ў замках ад эпідэмій хвароб, не мелі запасаў перажыць галодныя неўраджайныя гады. Пры гэтым сярод вышэйшых саслоўяў існавала перакананне што селянін створаны толькі «да цапа і сярпа», з’яўляецца ніжэйшай істотай. Мужык — дурны, лянівы, амаральны, небяспечны як дзікі звер, якога трэба трымаць пад прымусам. Іначай кажучы — чалавек другога гатунку.
Этнограф і падарожнік Андрэй Казіміравіч Меер характарызуе падданых крычаўскага графства ліслівымі перад панамі, сарамлівымі і скрытнымі перад чужынцамі, а таксама негасціннымі перад вандроўнымі людзьмі, што падарожнік тлумачыць амаль паўсюднай беднасцю. Заўважае таксама, што «селянін лепш абыдзецца без жытняга хлеба, чым без гарачыцельнага напою».
Генерал-лейтэнант Сяргей Тучкоў па сваіх вандроўках на Магілёўшчыну і Віцебшчыну пісаў, што мясцовыя сяляне — «самыя няшчасныя людзі», што тут пануе «крайняя беднасць і поўная непісьменнасць», а для паноў уласціва «гордасць і тыранскае абыходжанне з іх падданымі».
Падобнае апісанне пакінуў таксама сенатар Гаўрыла Дзяржавін у 1800 годзе з уражанняў ад Віцебскай губерні: «Заходзіў я ў бліжэйшыя ад вялікай дарогі некаторыя ўладальніцкія сяленні і бачыў знянацку ў бедных хацінах сапраўдны воблік жыцця пасялян. Лепшыя з іх ядуць пушны, або напалову з мякінай, хлеб, дастаючы і той пакупкай і пазычкай з дня ў дзень на дзённы харч, а іншыя ўжываюць пятую толькі долю жыта, змешваючы з чатырма часткамі мякіны, іншыя ж і гэтага не маюць, а ядуць варанае шчаўе або хлебчуць, як яны называюць, кісліцу, вараную з вотруб’я і жамерын, або самую вадкую кісельную сулу (?!). Ад такой стравы ўсе ўвогуле вялыя, худыя і бледныя, нібы мерцвякі».
Ураджэнец Кобрыншчыны Антон Трамбіцкі занатаваў: «Бедны наш мужычок! У яго толькі жыццё, хаця дужа слаба, абараняецца правам; астатняе ж, маёмасць, свабода, шчасце або няшчасце, цалкам знаходзіцца ва ўладзе яго пана».
У XVIII-ХІХ стагоддзях сітуацыя змяняецца пад уплывам ідэй асветніцтва. Тучкоў абурана пісаў таксама: «Землеўласнік, які валодае адной або некалькімі дзесяцінамі, мае права прымушаць мужыкоў сваіх працаваць на яго па свайму ж угледжанню. Ёсць такія бесчалавечыя людзі, што прымушаюць мужыка працаваць на сябе па шэсць дзён у тыдзень, нічога не плацячы яму за гэта і прадастаўляючы яму толькі адны святочныя і нядзельныя дні. Не толькі мужчыны, але і ўсе жанчыны працуюць на пана, выключаючы старых і малалеткаў, якія жывяцца міласцінай. Я ведаю аднаго памешчыка, менавіта п. К., які мае даволі вялікі маёнтак і менавіта так абыходзіцца са сваімі людзьмі».
Калі ж напачатку XVIII стагоддзя падканцлер ВКЛ Крыштаф Завіша занатоўваў, што «Справіў вяселле фурману Васілю з Ануськай, нянькай дзяцей маіх. У Раготнай я загадаў адправіць перад сабой у пакоі ганебна смешныя і дзівосныя вясковыя цырымоніі, якія мяне рассмяшылі і ўцешылі. Паказалі сапраўдную інтэрмедыю», то ў канцы таго ж стагоддзя паэт-сентыменталіст Францішак Карпінскі натаваў як, будучы арандатарам і ўладальнікам фальваркаў каля Пружан і Гродна, працаваў разам з сялянамі ў полі, вучыў грамаце вясковых дзяцей, паважаў нормы звычаёвага права.
Селянін-рахункавод, таленавіты самародак ці доўгажыхар?
Збольшага, асноўныя тэмы ў шляхецкіх нататках — гэта асабістыя падзеі. Паездкі, абеды, балі, паляванні і гэтак далей. Селянін ці мешчанін прыгадваецца хіба ў выключных, надзвычайных выпадках. Напрыклад, у нясвіжскай галерэі Радзівілаў вісеў партрэт прыгоннага з Чучавіч, які пражыў сто сорак гадоў, а ў летняй рэзідэнцыі Альбе пад Нясвіжам быў не толькі парк з каналамі і звярынец, але і бутафорскія сялянскія хаты.
Енджэй Кітовіч збіраўся напісаць раздзел «Аб мужыцкіх звычаях», але, на жаль, абарваў яго на апісанні сялянскага адзення.
Паводле ўспамінаў Станіслава Рэйтана, у Гераніма Радзівіла быў «селянін-рахункавод, які не ўмеў чытаць і пісаць, але меў такое дасведчанае вока і такую спраўнасць у матэматыцы, што, як казалі, да адзінага зернейка падлічваў пасеў, жніво і ўмалот. Цэлы год ён ездзіў з месца на месца і падаваў свае рапарты князю на мечаных палках. Памёр досыць у маладым узросце».
У бацькоў Г. Герычовай быў у доме здольны сялянскі хлапчук Каролек. У Варшаве Каролька навучылі чытаць, пісаць, лічыць, іграць на маленькай арфе (хлапчук быў невялікага росту) і прыгожа спяваць. У сталым узросце гэты прыгонны селянін выдатна спраўляўся з абавязкамі садоўніка і агародніка, добра разбіраўся ў народных леках. А ў свабодныя хвіліны Каролек любіў расказваць дзецям казкі «пра чараўніц, ведзьмаў, заклятых каралеўнаў, пра трох сыноў — двух разумных, а трэцім дурні».
Марцін Матушэвіч толькі двойчы прыгадвае прозвішчы сялян. Першы — у гісторыі з Ганнай Шымчыхай Гінчуковай, якая называла сябе яго цёткай. Другі — выпадак забойства яго падданага Данілы Кузьмічка, у ходзе канфлікту з ксяндзом Бухавецкім.
Віцебскі ваявода Ян Храпавіцкі эпізадычна згадваў сваіх слуг і прыгонных, але толькі тады, калі яны неяк былі звязаны з яго матэрыяльнымі затратамі або стратамі:
- «Ноччу снег пачаў ісці і днём выпаў спорны. Кухціку Крыську далі сярмягу. Якубу на розныя патрэбы выдалі пятнаццатую частку злотага, Андрэю — пятнаццатую частку».
- «У вёсцы Андрыянках дзеўка памерла Шэлестава ад паветра».
- «Прызналася Растоцкая, што яна крала і жэмчуг, і лыжку маю, і каўнер, і іншыя рэчы мае ў розны час».
- «Учора едучы з Эйсмантаў, перад Бераставіцай большай, за мілю, паказаў мне мужык дзіравы камень на ўзгорку, сцвярджаючы, што, калі хто шалёны тры разы праз гэту дзірку пралезе, кожны раз тройчы абходзячы камень, тады адразу шалець перастане, чаму мноства прыкладаў прыводзіў».
Падобны вобраз селяніна адлюстраваў у аднам з сваіх вершаў Ян Чачот:
Таму вось мужык красці дрэва і лезе,
На рынак вязе – хоць на грошык разжыцца.
Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе –
Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?
Пры гэтым памешчыкі прызнавалі сялянскую рацыю ў гаспадарчых справах, былі знаёмыя з народнымі прыкметамі і павер’ямі і нават у выпадку хвароб маглі звяртацца да народных «знахараў». Ян Баршчэўскі: «Каб гаспадарыць у маёнтку — мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй — прадбачыць перамену надвор’я, калі прыйдзе час сенакосу».
Нянавісць між сялянамі… праз войны між паноў
Як жа ставіліся сяляне да сваіх гаспадароў? Пры тым, што былі сапраўды бяспраўнымі адзінкамі, бо да пастановы сейма 1768 года ў Рэчы Паспалітай можна было забіць селяніна, мешчаніна, купца і ў горшым выпадку заплаціць за гэта штраф, пасядзець крыху ў зняволенні. Селяніна можна прадаць, абмяняць, адправіць у рэкруты, абрабаваць, альбо пабіць.
Паэт Уладзіслаў Сыракомля так апісваў сялянскую долю:
Хоць і знаў бы чытанне,
Мужык панам не стане:
Тыдзень пот цячэ з карку,
А ў нядзелю п’е чарку.
Мала долі праклятай,
Дык здадуць у салдаты,
Дасць капрал па хрыбтах…
Смалі конь з капыта!
У мемуарах памешчыкаў сустракаюцца прыклады, што сяляне станоўча ставіліся да свайго пана. Караль Барысовіч так апісвае сваю размову з старым селянінам: «Пры размове пра свабоду ўставіў: А навошта тая “свабода”? Якой яшчэ патрэбна? Ці хіба дрэнна было за паншчынай у вашага дзеда: карова ў мужыка здохла, пан казаў выдаць з фальваркавай аборы, хлеба не стала — выдалі з “імбару”, а цяпер… хто дапаможа. Толькі зладзейства не любіў стары пан, але быў справядлівы і “ўважны” пан, часам — як цяжарную бабу казаў высекчы — то заўсёды пад “жывот” ямку казаў выкапаць».
Пры гэтым, сапраўды адзначаецца факт адданасці і прывязанасці сялян да свайго ўладальніка. Частай з’явай сярод шляхецкага саслоўя былі міжусобіцы — як сярод буйных родаў, так і сярод дробных — за кавалак поля, лесу, сенажаці. У захаваных успамінах ёсць узгадкі што сяляне не толькі станавіліся непасрэднымі ахвярамі гэтых канфліктаў, але і самі аддана станавіліся на бок свайго гаспадара.
Як пісаў ваявода Кшыштаф Завіша ў 1701 годзе «пад Дуброўнай спачатку выразалі дзве з палавінай тысячы мужыкоў Сапегі, потым забралі ўсё нажытае, зжалі збожжа».
У 1761 годзе на сялян Матушэвіча напалі са стрэльбамі, косамі і цапамі сяляне суседняга, церабунёўскага, маёнтка пана Талочкі: «я загадаў спыніць карэту, хуценька высеў з яе, пабег туды, дзе стралялі, і крычаў, каб абодва бакі супакоіліся. Тут мужыцтва пачало ўцякаць, а хаця з таго боку агню было больш, аднак з нашага боку нікога не ранілі; з таго ж боку, як расказвалі, мой слуга Малахоўскі, якога наравісты конь занёс сярод церабунёўскае мужыцтва, забіў з пісталета аднаго хлопца, іншых мужыкоў патаптаў і першы прымусіў іх уцякаць. Тады людзі нашыя даганялі іх, тапталі і секлі».
Варожасць паноў часта перарастала ў зацятую, сляпую нянавісць паміж сялянамі. Аднойчы Матушэвіч знайшоў дарозе труп свайго прыгоннага Данілы Кузьмічка. Аказалася, што зрабілі гэта «трое мужыкоў-крыміналістаў, якія толькі са злосці жорстка закатавалі зусім невінаватага селяніна, што быў у карчме і слязліва прасіўся, каб яго не забівалі». За гэтае злачынства адзін са злачынцаў быў пакараны на смерць, другога выкупілі, а трэці ўцёк.