Шпіёнаманія: як БССР і Польшча змагаліся на мяжы

крымінал беларусь, крымінальны падкаст, тру-крайм падкаст, крымінал у савецкай беларусі, крымінал у бсср, шпіёны ў савецкай беларусі

У 1925 годзе савецкія чэкісты выкрываюць шпіёнскую сетку, якая працуе проста з польскага консульства. Тайныя сустрэчы, перадача сакрэтнай інфармацыі, каханне са шпіёнкай, прагаворанай да расстрэлу. Усё гэта магло быць шпіёнскім раманам, а стала адным са шматлікіх гучных крымінальных працэсаў сярэдзіны 20-х у БССР. У гэтым выпуску мы раскажам, як савецкая ўлада шукала шпіёнаў і як з імі распраўлялася.

Справа Гаркача і сям’і Каўрыгаў

Уявіце сабе маладога чалавека, які адслужыў у Чырвонай Арміі. Пётр Гаркач дэмабілізаваўся і прыехаў у Мінск. Там пазнаёміўся з дзяўчынай Ядвігай Каўрыгай, якая яму вельмі спадабалася. У іх пачаліся адносіны, яны закахаліся. Аднак каханне перарасло ў небяспечную сувязь. Ядвігу Каўрыгу затрымалі чэкісты за супрацоўніцтва з Польшчай і перадачу сакрэтных дадзеных польскай разведцы. Каўрыга прайшла праз засценкі АДПУ і суд, які прыгаварыў яе да расстрэлу. Але жанчыну ўратаваў выпадак: палякі і савецкія ўлады дамовіліся пра абмен палітзняволенымі — так яна аказалася на тэрыторыі Польшчы.

Яе хлопец — Пётр — заставаўся ў БССР. Увесь час падчас арышту і суда над Ядвігай ён пісаў заявы ў органы, каб вызваліць каханую. Пасля таго, як яна выехала ў Польшчу, Гаркач вырашаў таксама паехаць за ёй. Але гэта было амаль немагчыма: ён быў былым чырвонаармейцам, служыў канваірам, а трэба было атрымаць польскую візу. Сям’я дзяўчыны параіла Пятру пайсці ў польскае консульства да консула Яна Карчэўскага.

Ужо пазней, паводле матэрыялаў АДПУ, да якіх трэба ставіцца з адпаведным скепсісам, польскі консул прымусіў Гаркача супрацоўнічаць і збіраць дадзеныя пра савецкія войскі. Гаркач павінен быў даць дастаткова разведвальнай інфармацыі, каб консул даў яму візу і дазвол на ўезд у Польшчу. Гаркач так і зрабіў: дзякуючы таму, што працаваў канваірам, і мог без праблем уваходзіць у давер да сілавікоў, здабываў розную інфармацыю. Розныя сведчанні ад Гаркача прыносіла да польскага консула маці Ядвігі Каўрыгі, Вікторыя.

Але шпіянажам маці Каўрыгі і Гаркач займаліся нядоўга. Аднойчы Пётр сам прыйшоў у консульства, дзе атрымаў грошы за працу, — за ім ужо назіралі чэкісты. Пасля таго, як ён выйшаў з консульства, яго арыштавалі. У нататніку Гаркача нібыта знайшлі звесткі пра савецкія войскі, імёны ўдзельнікаў савецкіх бандыцкіх груп, якія дзейнічаюць на польскай тэрыторыі. Гэта стала падставай для будучага судовага разбіральніцтва. Пятра Гаркача і Вікторыю Каўрыгу ў выніку асудзілі і прыгаварылі да расстрэлу.

Яшчэ дзясяткі шпіёнскіх спраў

Справа Гаркача і сям’і Каўрыгаў не была адзінай. У 1920-я гады былі асуджаныя сотні людзей за шпіянаж на карысць Польшчы. Гэтыя суды і прысуды не заўсёды былі працэсамі над сапраўднымі шпіёнамі. Для савецкай улады трэба было стварыць ворага і пераследаваць яго прыхільнікаў. 1920-я гады былі складанымі ў адносінах Польшчы і Савецкага Саюза. Толькі-толькі скончылася бальшавіцка-польская вайна, але адносіны паміж дзяржавамі не палепшыліся ні ў рэальнасці, ні на афіцыйных паперах.

Падобная справа, як у Гаркача, атрымалася ў Анатоля Пашкевіча. Ён таксама быў былым вайскоўцам, закахаўся ў супрацоўніцу польскага консульства. Яны сустракаліся на ваенных могілках у Мінску, дзе мужчына перадаваў палюбоўніцы сакрэтную інфармацыю. Пашкевіча затрымалі чэкісты, а суд прыгаварыў да расстрэлу.

На савецка-польскай мяжы памежнікі затрымалі падлетка, які за апошнія два гады больш за 20 разоў пераходзіў мяжу. Ён збіраў звесткі пра савецкія войскі і перадаваў польскаму боку. Хлопец атрымаў шэсць гадоў зняволення, але з-за маладога ўзросту тэрмін скарацілі да трох гадоў.

У пачатку кастрычніка 1924 года на савецка-польскай мяжы ўзброеная групоўка зайшла на тэрыторыю БССР. У планах групоўкі быў напад на Койданава, але пра гэта ўжо некалькі месяцаў ведалі чэкісты. Калі групоўка перайшла мяжу, то яе атакавалі чырвонаармейцы: кіраўніка групы паранілі (пазней ён скончыў жыццё самагубствам), двух чалавек — Яна Тарноўскага і Івана Гайдука — затрымалі. На судзе высветлілася, што Гайдук быў звычайным цесляром і працаваў у вёсцы на мяжы з БССР, яму прапанавалі падзарабіць грошы і пераправіць людзей праз мяжу. А Тарноўскі служыў у польскай паліцыі і паведаміў, што налёт на Койданава планаваўся польскай разведкай. Падчас арышту Тарноўскі планаваў забіць канваіра і ўцячы — пра гэта паведаміў мужчына, які разам з ім сядзеў у камеры. Суд прыгаварыў Гайдука і Тарноўскага да расстрэлу.

шпіёны ў бсср, шпіёны ў савецкай беларусі, польшча і бсср
Выява створаная штучным інтэлектам.

У 1925 годзе Вышэйшы суд БССР разглядаў справу Дудзько-Грыгор’ева, якога затрымалі пры пераходзе мяжы на польскі бок. Мужчына ўсяляк адмаўляў супрацу з польскай разведкай — па сутнасці, супраць яго ніякіх доказаў і не было. Аднак адным са сведкаў абвінавачвання стаў былы белагвардзейскі афіцэр — палкоўнік Уладзімір Ксяневіч па мянушцы Грач. Ён засведчыў, што Дудзько-Грыгор’еў служыў у Булак-Балаховіча, удзельнічаў у розных бандах, якія нападалі з Польшчы на БССР. Мужчыну прыгаварылі да расстрэлу. Палкоўнік Ксяневіч неаднаразова выступаў сведкам на такіх шпіёнскіх працэсах і даваў сведчанні супраць абвінавачваемых. Ён і сам быў асуджаны ў 1925-м да расстрэлу, але тэрмін замянілі турмой на дзесяць гадоў, а ў 1927 годзе ён увогуле аказаўся на свабодзе. У 1939 годзе Ксяневіча, які на той момант жыў на Далёкім Усходзе, расстралялі чэкісты нібыта за супрацоўніцтва з Японіяй. 

Яшчэ адна справа тычылася былога супрацоўніка чыгункі па прозвішчы Чарноў, які перайшоў мяжу разам з сябрам Харанем. Яны нібыта атрымалі фальшывыя дакументы і грошы ад палякаў, павінны былі даведацца пра савецкія войскі ля Полацка. У Полацку Чарноў і Харань спыніліся ў знаёмых Стэфановічаў, але ў хуткім часе ўсіх затрымалі. Чарнова і Хараня прыгаварылі да расстрэлу, двух Стэфановічаў — на розныя тэрміны.

Гэтыя справы — не толькі здрада і вялікая палітыка. Гэтыя справы паказваюць тое, як могуць размывацца межы паміж асабістым і дзяржаўным. Людзі, якія хацелі толькі лепшага жыцця, траплялі ў шпіёнскія скандалы: некаторыя — свядома, іншыя — праз каханне ці страх. Савецкая ўлада жорстка карала шпіёнаў. Савецкі суд — гэта не месца для літасці. І калі чалавек трапляў унутр гэтай “гульні”, то выйсці з яе бяспечна было амаль немагчыма.

Вярнуцца ўгару