Натхненне

Што елі простыя беларусы больш за сто гадоў таму


Што елі простыя беларусы больш за сто гадоў таму

Што, як і калі елі беларусы больш за сто гадоў таму? Якую ежу бралі з сабой у дарогу і без якой стравы не абыходзіўся ні адзін дзень?

PALATNO расказвае пра тое, што елі звычайныя беларусы больш за сто гадоў таму.

АДКУЛЬ МЫ ЎЗЯЛІ ГЭТУ ІНФАРМАЦЫЮ?
У 1895 годзе Мікалай Нікіфароўскі апублікаваў найбуйнейшае даследаванне беларусаў з Віцебшчыны ў XIX стагоддзі — «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку». У гэтым вялікім даследаванні Нікіфароўскі, у тым ліку, расказаў пра тое, што ядуць і што п’юць звычайныя беларусы.

У колькі і колькі елі беларусы

У кожнай беларускай сям’і былі акрэсленыя тэрміны, калі садзіліся за стол.

Першы раз есці ішлі ў 6-8 гадзін раніцай — гэта снеданне. За снеданнем сядзелі нядоўга, бо падавалася толькі адна страва. Узімку за снеданне садзіліся праз гадзіну пасля таго, як прачнуліся. На сняданку елі цёплую, вадкую ежу разам з хлебам.

Другі раз елі падчас прывалку. Рабілася гэта толькі ўлетку, каб даць адпачыць ад працы і чалавеку, і каню. Прывалак рабіўся паміж сняданкам і абедам.

Абед адбываўся ў 10-11 гадзін і быў расцягнутай трапезай, за сталом знаходзіліся каля гадзіны ці двух. Падчас абеду елі некалькі страў. За стол у абед збіралася ўся сям’я, а калі хтосьці працаваў далёка ад дому, то яму прыносілі ежу загадзя.

Самым важным пасля абеду быў сон. Не клаліся спаць толькі дзеці, пастухі, гаспадыні.

У 15-16 гадзін пачынаўся палудзён, калі за стол сядалі ў трэці раз (калі не лічыць летні прывалак). Як і сняданак, гэты прыём ежы не зацягваўся. Узімку палудзён заканчваўся, калі на вуліцы ўжо было цёмна. Зімой мужчыны заставаліся адпачываць да вячэры, бо для іх не было працы, а жанчыны гэтым часам займаліся прадзеннем ці іншай жаночай працай.

У апошні раз за стол сядалі ў 19-21 гадзіну. Падчас вячэры даядалі тое, што заставалася ад дзённай ежы, і гэта маглі быць толькі хлеб ды вада. Падчас вячэры расказвалі пра зробленую працу і планавалі працу на наступны дзень. Улетку вячэру рабілі раней, чым узімку, каб паспець скончыць працу да таго, як легчы спаць.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Што пілі простыя беларусы больш за сто гадоў таму

Хлеб, пірагі, лапуны

Галоўнай ежай для звычайнага беларуса быў хлеб. Ён быў розным, гатаваўся па-рознаму, і яго якасць часцяком магла паказваць на заможнасць чалавека. Самым элітным хлебам лічыўся чысты, які гатаваўся з аднаго жыта, — яго і елі самыя заможныя сяляне. Хлеб, які гатаваўся з жыта і іншых культур, часцей за ўсё быў на стале беларусаў. Самыя бедныя елі хлеб, зроблены з большай часткі аўсянай, ячменай, пшанічнай мякіны, то бок, з адходаў, што заставаліся пасля абмалоту.

У часы эпідэмій і войнаў, калі маглі здарацца хлебныя неўраджаі, хлеб рабілі з лебяды, балотнага бабоўніка.

У Беларусі існавала прыслоўе: «Господи, благослови! Из чего хлеб, из того и пироги!». Пірагі гатаваліся з таго ж цеста, што і хлеб. На святы пірагі рабілі з начынкай: мяса, творага, яек, замаслянай грэчкі, грыбоў і дробнай рыбы.

што елі беларусы, беларуская кухня, ежа беларусаў
Выява створана штучным інтэлектам.

Асаблівай стравай лічыліся лапуны. Іх гатавалі з цеста памерам у кулак, салілі яго, рабілі ў форме бліна і гатавалі на патэльні ў пячы. Гатовы лапун атрымліваўся таўшчынёй у два пальцы. Лапуны рабіліся для замены хлеба, калі хлеб не паспявалі прыгатаваць. Часцяком лапуны бралі ў дарогу, і ў такім разе іх дадаткова змазвалі маслам ці салам. Калі лапуны раскатвалі танчэй, то такія стравы ўжо атрымлівалі назву ў залежнасці ад іх памеру: сочны, ляпішык. Беларусы таксама рабілі і звычайныя для нас бліны: іх пяклі з рознай мукі, акрамя гарохавай і бабовай.

Драчоны, ладкі, крывянікі рабілі з дражджавога цеста, часам дадавалі ў яго квас, малако і розную муку. Драчоны бралі з сабой у дарогу, іх змазвалі маслам ці салам, а ў пост увогуле мёдам. Ладкі нічым не змазвалі і елі толькі дома. А вось для прыгатавання крывянікаў у цеста дадавалі кроў жывёлы, крывянікі маглі доўга захоўваць і елі з кіслымі стравамі.

У стараабрадцаў з Полаччыны была страва з мятай бульбы, якую выпякалі памерам з лапун. Яе разразалі, палівалі маслам. Гэта страва з часам перайшла ў дамы многіх сялян.

Клёцкі рабілі з пшанічнай, грэчневай, ячменнай і жытнай мукі. Звычайна цеста каталі ў доўгія часткі, пасля рэзалі на малыя часткі і рабілі з іх круглыя клёцкі, а пасля варылі. Рабілі і клёцкі з душамі — унутр клёцкі змяшчалі шматок свіннога сала. Памерам клёцкі рабілі з грэцкі арэх.

Беларусы моцна любілі стравы з гародніны

Беларусы моцна любілі страву пад назвай «капуста», але ад капусты там была толькі назва. Гэта страва гатавалася з рубленага бурака з морквай, рэпай і бручкай. Найбольш улюбёнай «капустай» была страва выключна з бурака, без іншай гародніны. «Капуста» варылася ў гаршчку з мясам ці шкваркамі, а ў посныя дні клалі грыбы ці рыбу. Для загушчэння абавязкова дадавалі цеста, якое звычайна выкарыстоўвалі для бліноў.

Замест «капусты» рэдка гатавалі поліўку. Гэту страву рабілі з кваса, бураковага рассолу, разбаўленага воцату. У поліўку дадавалі ўсе інгрэдыенты, што былі ў «капусце».

Яшчэ адной папулярнай стравай быў халаднік. Яго гатавалі з бацвіння, бурака і шчаўя. Гародніну для халадніка адварвалі, дробна рубілі і разводзілі квасам ці воцатам, а яшчэ дадавалі цыбулю, агурок. Халаднік заўсёды елі халодным.

што елі беларусы, беларуская кухня, ежа беларусаў
Выява створана штучным інтэлектам.

Стол беларусаў не мог абысціся без крупені — супа з ячменнай, грэчневай крупы, жыта. Таксама гатавалі супы з бульбы і морквы. Зрэдку рабілі супы з рэпы і гарбуза.

А яшчэ беларусы любілі мундзіры — неачышчаную вараную бульбу. Мундзіры макалі ў соль і елі з хлебам. Мундзіры лічылі стравай выпадковай, гэта значыць, яе звычайна не гатавалі на стол спецыяльна. Гэта быў хутчэй перакус.

Беларусы гатавалі кашу, у якую з цяжкасцю было засунуць лыжку. Каша магла быць грэчневая, ячменная, з жыта, бульбы, проса. Бульбяная каша гатавалася рэдка, а каша з жыта і проса — яшчэ радзей. Кашу з жыта рабілі на Іллю, а для просавай кашы трэба было абавязкова купляць крупу. Цікава, што гарбузовую кашу гатавалі толькі ў перыяд яе ўраджаю, яна заўсёды гатавалася на малацэ і да яе дадавалі масла ці сала.

Стравы з мяса

Вядома, беларусы не маглі абысціся без мяса. Існавала страва пад назвай пячыст — гэта былі вялікія шматкі смажанага мяса ці цэлая жывёла (гусь, качка, курыца, парася). Пячыст бываў тушаны, калі гатаваўся ў зачыненым гаршчку, ці смажаны на патэльні, ці адварны.

Беларусы нарыхтоўвалі каўбасы звычайна напрыканцы каляднага паста. Каўбасы смажылі на патэльні ці тушылі ў гаршчку, а халоднымі каўбасы елі толькі ў дарозе.

Усе не мясныя каўбасы называліся кішкамі, а начынкай былі цеста з пшаніцы, грэчкі, ячменя. Беларусы нічога не пакідалі і не выкідалі ад разабраных жывёл: страўнік свінні, авечкі і цяляці набівалі грэчневай кашай, а гэту страву называлі кіндзюком ці трыбухом.

Яшчэ адной папулярнай стравай быў студзень. Яго гатавалі з галавы і ног жывёлы. Спярша іх варылі, разбіралі, у атрыманы ад варкі булён змяшчалі парубленае мяса, а затым злівалі ў міскі.