Прапануем звярнуць увагу на ініцыятыву, якая адкрые свет сусветнавядомай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову. PALATNO паразмаўляла з менеджарам праекта, каб больш падрабязна закуліссе дзейнасці BelRead. Праект BelRead заснаваны напрыканцы 2023 года ініцыятывай Wiersznik і некалькімі непублічнымі перакладчыцкімі групамі. Займаюцца перакладамі сусветнавядомай мастацкай літаратуры на беларускую мову. У снежні праект адзначаў год ад заснавання.
«Ініцыятыва BelRead пачала сваю дзейнасць з мэтай зрабіць літаратуру на роднай мове больш дасяжнай для беларусаў замежжа. Гэта было складанае, але важнае рашэнне, бо мы разумелі: мова — гэта ключ да нашай ідэнтычнасці, да захавання таго, кім мы ёсць», — пішуць яны на сваёй старонцы.
Як працуе BelRead
— Чытачы прапануюць кнігі, якія хацелі б бачыць па-беларуску, а каманда прафесійных перакладчыкаў займаецца іх адаптацыяй, — расказвае менеджар праекта. — Часткі гатовых перакладаў рэгулярна публікуюцца на Patreon, каб зрабіць працэс даступным і празрыстым. Перакладзеныя творы выдаюцца беларускімі выдавецтвамі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Аднак кожны ахвочы можа бясплатна прачытаць большую частку перакладаў, якія апублікаваныя на нашым Patreon— цалкам або ва ўрыўках.
Пераклад адной кнігі, у залежнасці ад аб’ёму, можа займаць і тры, і чатыры месяцы. Напрыклад, кнігу аб’ёмам 300 старонак з асобнымі творамі Лаўкрафта пераклалі прыкладна за тры з паловай месяцы.
BelRead ужо пераклаў шэсць паўнавартасных кніг на 250-300 старонак. Сярод іх «Начная Газета», абраныя творы Говарда Лаўкрафта, а таксама «Эн з зялёных Мезанінаў» — менавіта так гучыць рабочы пераклад назвы кнігі канадскай пісьменніцы Люсі Мод Мантгомеры. Ёсць яшчэ тры кнігі ў працы. Да таго ж каманда пераклала шэраг невялікіх твораў на дзве-чатыры тысячы знакаў і некалькі песень. Пераклад адной з іх выклалі на Патрыёне, яшчэ дзве дададуць да канца студзеня.
Якія запыты на пераклады вам прыходзяць часцей за ўсё?
- Культавую фантастыку, напрыклад: «Задача трох цел», «Дзюна», «Заснаванне».
- Літаратуру па самаразвіцці.
- Прафесійныя тэхнічныя кнігі. Напрыклад, па праграмаванне.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Лепшыя дэтэктыўныя кнігі апошніх гадоў
Што з беларускай літаратуры пачытаць узімку?
Пяць самых папулярных кніг у 2024 годзе ў рэйтынгу GoodReads
Можна далучыцца да каманды
— У нас няма такога сталага спісу перакладчыкаў: з кімсьці супрацоўнічалі адзін раз, з іншымі — два-тры разы, — дзеліцца прадстаўнік праекта. — У перакладах удзельнічала крыху больш за дзесяць чалавек. Аднак трэба разумець, што ёсць перакладчыкі, якія перакладаюць творы, бо тыя творы ім даспадобы, а ў нас на Patreon проста публікуюцца пераклады. Ёсць і перакладчыкі, якія перакладаюць менавіта тыя творы, якія хочуць пачытаць беларусы, то бок тыя, якія перамаглі ў апытаннях, якія мы ладзім.
Ахвотныя могуць далучыцца да перакладаў праекта. Цяпер якраз шукаюць перакладчыка з французскай мовы на беларускую. Для сувязі варта звязацца з менеджарам BelRead у Telegram.
Спрыяе развіццю праекта не толькі падтрымка, але і крытыка:
— Ад мовазнаўцаў крытыка заўсёды канструктыўная, — гаворыць суразмоўца. — Таму мы прагрэсуем, удасканальваемся і набіраемся досведу. Часам 20-30 хвілін абмеркавання нейкіх момантаў дазваляюць атрымаць такі аб’ём ведаў, які самі шукалі б гадзінамі.
Як падтрымаць праект
Можна падтрымаць фінансава на Patreon. Гэта дапаможа аплаціць працу перакладчыкаў, а таксама выданне новых кніг.
Падтрымліваюць ініцыятыву і падпіскі ў сацыяльных сетках: YouTube, TikTok, Facebook і Instagram, Telegram.
Аўтар Ганна Мальцава