У серыі аўдыёлекцый пра Дзікі Захад мы даследуем невядомыя тэрыторыі, легендарныя постаці і цікавыя гісторыі, якія сфарміравалі Дзікі Захад. Што робіць Дзікі Захад такім захапляльным? Легендарныя перастрэлкі, дзёрзкія разбойнікі ці суровыя праваахоўнікі? Магчыма, гэта дух прыгод і абяцанне новага пачатку. Дзікі Захад — гэта сумесь фактаў і выдумкі, міфаў і рэальнасці. Галівуд і літаратура рамантызавалі гэты перыяд, але рэальныя гісторыі іншыя і яшчэ больш пераканаўчыя.
Незалежна ад таго, ці з’яўляецеся вы аматарам гісторыі, фанатам вестэрнаў або проста цікавіцеся гэтым захапляльным перыядам, у нас ёсць нешта цікавае менавіта для вас.
У першым эпізодзе мы адправімся ў падарожжа па XIX і пачатку XX стагоддзя амерыканскай гісторыі — у перыяд, вядомы як Дзікі Захад. Мы паглыбімся ў рэальныя гісторыі, міфы і ў адну з самых знакавых сусветных эпох.
Дзікі Захад: што гэта значыць і калі ён існаваў?
Назву «Дзікі Захад» выкарыстоўваюць для апісання перыяду ў амерыканскай гісторыі — ён пачынаецца ў 1840-х і заканчваецца ў першыя гады дваццатага стагоддзя. Гэта час значных перамен, якія паўплывалі не толькі на амерыканскую гісторыю, але і на ўвесь свет. Мы яшчэ абавязкова пагаворым падрабязна пра гэты фантастычны час каўбояў, дуэлей на рэвальверах і залатой ліхаманкі… Аднак спачатку трэба патлумачыць, што такога здарылася ў Амерыцы, што гэты перыяд стаў магчымым.
Пачатак дзевятнаццатага стагоддзя быў часам перамен для Злучаных Штатаў. У той час амерыканцы атрымалі незалежнасць ад Вялікабрытаніі, а першапачатковыя трынаццаць калоній пашырыліся і ўключылі некалькі новых штатаў.
Насельніцтва імкліва расло за кошт натуральнага прыросту, і за кошт іміграцыі. Аднак краіна працяглы час заставалася пераважна сельскай: большасць людзей жыла ў сельскай мясцовасці і працавала фермерамі.
Новыя тэрыторыі: пакупка Луізіяны, заваёвы ў войнах
У 1803 годзе амерыканскія ўлады купілі новы штат — Луізіяну. Прэзідэнт Томас Джэферсан вёў перамовы аб куплі ў Францыі вялікай тэрыторыі — амаль паўтара мільёна квадратных кіламетраў. І такім чынам, усяго за адну ноч, краіна павялічылася ўдвая. Гэта пакупка адкрыла велізарныя ўчасткі зямлі на захад ад вядомай усім ракі Місісіпі. Пасля гэтай падзеі людзі масава рванулі на захад — скараць новыя тэрыторыі. Дарэчы, вы дакладна чулі такія прозвішчы як Льюіс і Кларк — пра іх часта можна пачуць у фільмах і серыялах. Льюіс і Кларк даследавалі новую тэрыторыю Луізіяны некалькі гадоў.
У 1812 годзе Злучаныя Штаты ваявалі супраць Вялікабрытаніі — гэта вайна паўплывала на нацыянальную ідэнтычнасць і тэрытарыяльныя амбіцыі амерыканцаў. У той жа перыяд з’явілася ідэя Manifest Destiny — вера ў тое, што амерыканцам наканавана пашырацца па ўсім кантыненце.
Яшчэ адным ключавым фактарам да пачатку перыяду Дзікага Захаду была мексіканска-амерыканская вайна, якая адбылася з 1846 да 1848 года. Вайна прынесла Злучаным Штатам значныя тэрытарыяльныя заваёвы — сучасную Каліфорнію, Неваду, Юту, Арызону, Нью-Мексіка, Каларада і Ваёмінг. Новыя тэрыторыі толькі ўзмацнілі экспансіянісцкі дух амерыканцаў і падрыхтавалі глебу для засялення захаду.
Золата, пераезд на Захад, чыгунка і індзейцы
Наступнай важнай падзеяй была каліфарнійская залатая ліхаманка 1848 года. Першая знаходка золата ў Каліфорніі літаральна выклікала хвалю шаленства. Тысячы людзей з усяго свету сцякаліся на амерыканскі захад у пошуках шчасця і багацця. Масавая міграцыя кардынальна змяніла рэгіён. І менавіта так пачалася эпоха Дзікага Захаду.
Вядома, справа была не толькі ў золаце. У 1862 годзе амерыканскія ўлады на заканадаўчым узроўні заахвоцілі тысячы людзей пераязджаць на захад: ім прапанавалі зямлю за вельмі невялікую плату. Галоўная ўмова — добраўпарадкаваць тэрыторыю і пражыць на ёй мінімум пяць гадоў. Гэта дало штуршок для з’яўлення новых і павелічэння старых гарадоў на захадзе.
Важнай падзеяй падчас эпохі Дзікага Захаду было будаўніцтва транскантынентальнай чыгункі. Яе скончылі ў 1869 годзе. Будоўля злучыла ўсходняе і заходняе ўзбярэжжы: так падарожжы і гандаль сталі нашмат прасцейшымі і хутчэйшымі.
Калі пасяленцы рухаліся на захад, яны сутыкнуліся з рознымі групамі карэнных амерыканцаў — кожная са сваёй багатай культурай і гісторыяй. На жаль, гэта часта прыводзіла да сур’ёзных канфліктаў. У 1830-м прэзідэнт Эндру Джэксан падпісаў Закон аб высяленні індзейцаў — гэта прывяло да прымусовага перасялення тысяч карэнных амерыканцаў з зямель іх продкаў на спецыяльна адведзеныя тэрыторыі. Гэта трагічная падзея, вядомая ў гісторыі, як «Сцежка слёз», прывяла да смерцяў індзейцаў і моцна паўплывала на іх супольнасці.
Залатая ліхаманка — той самы пачатак Дзікага Захаду
Памятаеце, мы казалі пра залатую ліхаманку? Дык вось з яе і пачаўся перыяд каўбояў, які рамантызавалі газеты, кнігі і галівудскія фільмы. Але давайце разбяромся, як гэта адбывалася? Хто здзяйсняў небяспечныя падарожжы на захад у пошуках шчасця?
Давайце пачнём з моманту, які распаліў гэтую легендарную залатую ліхаманку. У студзені 1848 года цясляр Джэймс Маршал працаваў на лесапільні Джона Сатэра. У адзін харошы дзень той самы Маршал і знайшоў паблізу лесапільні золата. Звестка пра адкрыццё хутка распаўсюдзілася, і да 1849 года тысячы людзей з усяго свету накіраваліся ў Каліфорнію.
Падарожжа ў Каліфорнію было сапраўдным подзвігам. Людзей, якія вырашаліся на яго і сцякаліся на захад Амерыкі, назвалі «сорак дзявятымі» — па годзе, калі па золата рванулі самыя смелыя. А што ўбачылі людзі, калі прыехалі на гэты славуты «залаты» захад? Маленькія гарады рэзка сталі буйнымі: да прыкладу, Сан-Францыска ўсяго за некалькі месяцаў пераўтварыўся з соннай вёскі ў шумны горад.
У падобных заходніх гарадах, якія толькі-толькі пачалі буйнець з-за прыезду новых пасяленцаў, не было закону: яны былі напоўненыя салунамі, ігральнымі заламі і бардэлямі. Праца ў шахтах была цяжкай, як і жыццё побач: многія шахцёры жылі ў імправізаваных намётах ці халупах. У шахтах працавалі шмат гадзін, часта ў небяспечных умовах і без гарантыі поспеху.
Вось урывак з ліста маладога чалавека Уільяма Суэйна, які паехаў шукаць шчасце ў Каліфорніі падчас залатой ліхаманкі: «Дарагая сям’я, падарожжа было доўгім і цяжкім, але я нарэшце дабраўся да радовішчаў золата. Тут столькі людзей, якія ліхаманкава капаюць і шукаюць золата, — гэта ўсё захапляе і ашаламляе. Абяцанне багацця трымае нас усіх. Я вельмі сумую па дому, але надзея разбагацець трымае мяне тут».
Так пакрысе развівалася ідэя амерыканскай мары — ідэі, што кожны, незалежна ад паходжання, можа дасягнуць поспеху праз упартую працу і рашучасць. Яна прыцягвала розных людзей з усяго свету — Еўропы, Кітаю, Лацінскай Амерыкі. Яны ўсе ўнеслі свой уклад у мультыкультурную спадчыну ЗША.
Залатая ліхаманка паўплывала не толькі на тых, хто шукаў золата. Яна паскорыла пашырэнне Злучаных Штатаў на захад, а гэта, у сваю чаргу, прывяло да павелічэння перасяленцаў, развівалася інфраструктура — будаўніцтва дарог, чыгункі і тэлеграфных ліній.
А яшчэ залатая ліхаманка паўплывала і на карэннае насельніцтва — індзейцаў. Іх плямёны былі выцесненыя, а іх землі захоплівалі людзі, якія шукалі багаццяў. Негатыўныя наступствы адбіліся і на навакольным асяроддзі: метады здабычы карысных выкапняў нанеслі сур’ёзны ўрон ландшафту, рэкам і экасістэмам. Шнары гэтай дзейнасці ўсё яшчэ можна ўбачыць у некаторых частках Каліфорніі і сёння.
Калі першапачатковае шаленства залатой ліхаманкі пачало згасаць, многія майнеры павярнуліся да іншых магчымасцей на Захадзе. Некаторыя з іх сталі фермерамі або жывёлаводамі, а іншыя пераехалі ў новыя гарады. Рух на захад усё роўна працягваўся — людзі хацелі зямлю, рэсурсы і новы пачатак у іх жыцці. Гісторыя пра прыгоды і нястомную пагоню за марамі гучалі на працягу ўсёй гісторыі Дзікага Захаду.
* * *
Што пачытаць?
- Robert V. Hine & John Mack Faragher — Frontiers. A Short History of the American West
- Leon Clarie Metz — The Encyclopedia of Lawmen, Outlaws and Gunfighters
- William C. Davis — The American Frontier: Pioneers, Settlers, and Cowboys 1800-1899