Хто хоць раз у сваім жыцці не выкарыстоўваў смайлікі? Калі раней гэта былі дужкі, кропкі і коскі, то апошні час — гэта эра сотняў розных так званых эмодзі. Пра іх здымаюць фільмы, іх выкарыстоўваюць у палітычных дэбатах і яны нават могуць стаць сімваламі барацьбы за Палесціну ці сімвалам імпічменту Дональда Трампа. Кулак, знак «віктары» і сэрца актыўна выкарыстоўвалі ў Беларусі ў 2020-м як знак аб’яднанага штаба на прэзідэнцкіх выбарах.
Аднак ці дакладна мы разумеем сэнс эмодзі? Маладое пакаленне, якое называюць зумерамі, значна змяніла сэнсы і выкарыстала незвычайныя смайлікі, каб паказаць свае эмоцыі.
PALATNO разбіраецца, як зумеры цяпер выкарыстоўваюць эмодзі.
Змест
«Палец уверх» (👍)
Для міленіялаў гэтае эмодзі зразумелы: ён азначае адабрэнне чагосьці. Але не ўсё проста ў зумераў, таму будзе ўважлівыя, калі дасылаеце яго сваім малодшым братам ці сёстрам ці дзецям. «Палец уверх» значыць пасіўна-агрэсіўны адказ! Напрыклад, калі Лукашэнка пойдзе на выбары-2025, то вашым адказам цалкам можа быць «палец уверх».
«Сэрцайка» (❤️)
Эмодзі сэрца, вядома, адно з самых пазнавальных і вядомых. Яно існуе ў розных каляровых варыянтах, але самым папулярным з’яўляецца чырвонае сэрца. Яно азначае каханне… Ці не? Для міленіялаў — так. А вось зумеры выкарыстоўваюць сэрцайка, калі ім трэба змякчыць штосьці не вельмі прыемнае. Напрыклад, калі вы адмаўляецеся ад спаткання, то можаце да «не» дадаваць гэтае эмодзі.
«Агонь» (🔥)
На гэтым эмодзі мы знайшлі лінію судакранання. «Агонь» — гэта эмодзі, якое міленіялы і зумеры выкарыстоўваюць з аднолькавым сэнсам, каб апісаць нешта вельмі крутое.
«Чалавек, які стаіць» (🧍)
Напэўна, гэтае эмодзі выкарыстоўвае не шмат людзей, але яно доўгі час ёсць у вялікай бібліятэцы смайлікаў. Для зумераў ён з’яўляецца адказам на тое, што чалавек сказаў нешта настолькі абсурднае, што на гэта няма чаго і сказаць.
«Чэрап» (💀)
Самая відавочная рэакцыя на эмодзі — смерць. Часам яго выкарыстоўваюць для таго, каб паказаць, наколькі стаміліся ад працоўнага дня. У сусвеце зумераў усё інакш.
Эмодзі чэрапа азначае… штосьці вельмі смешнае. Дарэчы, зумеры актыўна могуць выкарыстоўваюць эмодзі надмагілля, каб падкрэсліць штосьці вясёлае.
«Шок» (😨) і зборнае эмодзі з вачэй і губ (👁️👄👁️)
У зумераў ёсць два варыянты, як паказаць эмодзі штосьці, што шакіруе. Для гэтага выкарыстоўваюць тыповы смайлік, якім наогул карыстаецца не толькі гэтае пакаленне. Аднак, каб паказаць супер-шок, зумеры робяць зборнае эмодзі: бяруць два вока і губы.
«Вочы» (👀)
У гэтага эмодзі адбылася цэлая эвалюцыя. Яшчэ дзесяць гадоў таму эмодзі вачэй азначала, што хтосьці кідае на вас касы позірк, які выказвае незадавальненне або пагарду. Цяпер зумеры выкарыстоўваюць гэтае эмодзі з іншым сэнсам: яно азначае «Я слухаю» ці «Раскажы мне больш».
«Твар з кропкавай лініяй» (🫥)
Гэта яшчэ адно эмодзі, якое не вельмі распаўсюджанае ў старэйшага пакаленне, але ім актыўна карыстаюцца зумеры. Яго выкарыстоўваюць у няёмкіх сітуацыях, калі хочацца літаральна знікнуць.
Звычайна гэтае эмодзі можна пабачыць у вялікіх чатах, калі хтосьці пачынае вельмі не камфортную тэму для размовы.
«Чалавек трымае далонь уверх» (💁♂️)
Гэтае эмодзі павінен падкрэсліць штосьці саркастычнае ў перапісцы. Зумеры актыўна выкарыстоўваюць гэтае эмодзі. Вось прыклад: ваш сябар зрабіў штосьці, што дрэнна для яго скончылася, таму можна смела напісаць «Я ж табе казаў» і дадаць эмодзі. Зумеры выкарыстоўваюць гэты смайл і для дэманстрацыі нахабных паводзін суразмоўніка.
«Клоўн» (🤡)
Гэта яшчэ адно эмодзі, у якім міленіялы падобныя да зумераў. Цяпер клоўнскае эмодзі стала ўніверсальным сімвалам для кагосьці, хто вядзе сябе ці кажа штосьці вельмі бязглуздае. Часам эмодзі выкарыстоўваюць не толькі, каб пакпіць з суразмоўніка, але і ў дачыненні да свайго персанальнага глупства.
«Твар, з якога сцякае кропля поту» (😅)
Калі вы памятаеце, то быў стары інтэрнэт-мем, у якім мультяшны сабака сядзіць у пакоі, які ахутвае полымя, і кажа: «Гэта нармальна?». Гэтае эмодзі — версія гэтага мема. Для зумераў гэтае эмодзі азначае прыкладна вось гэтае: «У мяне стрэс, але я ў парадку».
«Павернуты твар» (🙃)
Для зумераў гэтае эмодзі азначае штосьці жахлівае. Яго выкарыстоўваюць, калі ўсё ідзе не па плане ці ў вас проста выдаўся кепскі дзень.
«Пясочны гадзіннік» (⏳)
Раней эмодзі выкарыстоўвалі, каб паказаць, што гадзіннічак цікае. Але ў зумераў і ў гэтым выпадку ўсё інакш. Гэтае эмодзі выкарыстоўваюць, каб паказаць, што хтосьці вельмі прыгожы: гэта такі намёк на фігуру пясочнага гадзінніка.