Маладыя мужчыны з алебардамі ў форме сіняга, чырвонага і аранжавага колеру… Швейцарскія гвардзейцы з’яўляюцца адным з старэйшых воінскіх падраздзяленняў свету, якія дагэтуль дзейнічаюць. Іх гісторыя пачынаецца падчас Італьянскіх войнаў, фарміраванне моцна змянялася з кожнай эпохай — часам распускалася, а затым аднаўлялася. Цяпер швейцарскія гвардзейцы выконваюць у значнай ступені цырыманіяльныя функцыі, але яшчэ некалькі стагоддзяў таму яны ваявалі і забівалі ворагаў Папы Рымскага.
PALATNO расказвае гісторыю швейцарскіх гвардзейцаў.
Швейцарцы — папскія сябры
Швейцарскія гвардзейцы афіцыйна сталі стражамі Ватыкану 22 студзеня 1506 года — адпаведнае рашэнне прыняў Папа Юлій II. Аднак яшчэ за дзясяткі гадоў да гэтага магчымасць вярбоўкі швейцарскіх наймітаў разглядалі іншыя святары. Яны дамаўляліся са Швейцарскай канфедэрацыяй і выкарыстоўвалі вайсковую сілу ў лакальных канфліктах.
Ужо падчас Італьянскіх войнаў серыі канфліктаў паміж 1494 і 1559 гадамі — швейцарскія гвардзейцы становяцца неад’емнай часткай баёў: яны выступалі і на баку Францыі, і на баку Папы, і на баку Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Папа Юлій II, які паклікаў швейцарскіх наймітаў у Ватыкан, быў добра знаёмы самім швейцарцам. Яшчэ да свайго папства ён быў епіскапам Лазаны. Юлій II папрасіў даць яму дзве сотні швейцарцаў для абароны, і ў студзені 1506 года яны ўвайшлі ў Ватыкан.
У 1527 годзе амаль усе швейцарскія гвардзейцы і іх камандзір загінулі ў бойцы супраць войск Свяшчэннай Рымскай імперыі. Тады ж упершыню шэрагі гвардзейцаў папоўнілі нямецкія найміты. Часова швейцарская гвардыя была расфарміраваная. Толькі да 1550-х папская гвардыя змагла аднавіцца. У той жа час Італьянскія войны заканчваюцца, а гвардзейцаў больш не выкарыстоўваюць як вайсковае падраздзяленне. Швейцарскія гвардзейцы займаюцца адной галоўнай задачай — аховай Папы Рымскага.
Цікава, што камандзірамі швейцарскіх гвардзейцаў амаль дзвесце гадоў запар станавілі члены адной швейцарскай сям’і — Пфайфэр фон Альцынсхофэн з Люцэрны. Ад 1652 да 1847 года дзевяць з дзесяці камандзіраў былі членамі гэтай сям’і.
Эпоха расфарміраванняў і аднаўленняў
Напрыканцы XVIII стагоддзя Напалеон ідзе з паходам у Італію і падпарадкоўвае папскую дзяржаву. Каб Папа Пій VI не падбухторваў да мяцяжоў, яго вывозяць у крэпасць на тэрыторыі Францыі. Разам з ім едзе камандзір швейцарскіх гвардзейцаў, а сама гвардыя была расфарміраваная. Аднак праз некалькі гадоў яе аднавілі, але французы зноў захапілі Рым і гвардыя зноў аказалася расфарміраваная. Швейцарскія гвардзейцы вярнуліся ў Ватыкан толькі ў 1814 годзе.
І гэта яшчэ быў не канец. Швейцарскія найміты былі пасля зноўку разагнаныя, а гвардыя аднавілася ў 1848 годзе. У канцы XIX стагоддзя швейцарская гвардыя пераўтвараецца ў чыста цырыманіяльны орган. У тыя часы гвардзейцамі былі мужчыны, якія нарадзіліся ў Рыму ў бацькоў швейцарскага паходжання. Яны праводзілі цырыманіяльныя парады, трымалі некалькі састарэлых вінтовак і насілі грамадзянскую вопратку ў казармах. Гвардзейцаў было ўсяго 90 чалавек — замест 133, што было запісана ва ўставе.
Рэформы і сучаснасць
Напачатку XX стагоддзя швейцарскую гвардыю вырашыў мадэрнізаваць яе камандзір Жуль Рэпон. Рэпон прапанаваў набіраць у гвардыю выключна карэнных грамадзян Швейцарыі. Гвардзейцы пачалі займацца па сур’ёзнай вайсковай праграме. Рэпон прапаноўваў даць папскай ахове сучасную на той час зброю, але Папа Пій X дазволіў зброю толькі ў тым выпадку, калі яно не будзе страляць. Рэформы Рэпона былі ўспрынятыя часткай швейцарскіх гвардзейцаў негатыўна і яны паднялі мяцеж. У 1913 годзе гэта ўвойдзе ў гісторыю як тыдзень адкрытага мяцяжу — за гэта з гвардыі звольнілі трынаццаць гвардзейцаў (даволі сімвалічная лічба для хрысціян). У 1914 годзе ўвялі адзіную форму — тую, што ведаюць усе — са спасылкай на эпоху Адраджэння, сінюю з аранжавым і жоўтым.
У 1929 годзе, дзякуючы Латэранскай дамове, узнікла дзяржава Ватыкан. Аховай займаліся корпус папскай жандармерыі, а швейцарская гвардыя займалася ўсялякімі цырыманіяльнымі функцыямі разам з яшчэ двума падраздзяленнямі, якія расфарміравалі крыху пазней.
У 1976 годзе Папа Павел VI зацвердзіў колькасць корпусу ў 90 чалавек. Ян Павел II павялічыў яе да ста чалавек. Па стане на 2024 год, колькасць швейцарскіх гвардзейцаў дасягнула 135 чалавек. З Яна Паўла II швейцарская гвардыя пачала займацца не толькі цырыманіяльнымі дзеяннямі, а пераўтварылася ў сучасны гвардзейскі корпус. У гвардыі з’явілася зброя, гвардзейцы ў цывільным цяпер суправаджаюць Папу падчас паездак за мяжу.
Забойства Эстэрмана
У 1998 годзе камандзіра швейцарскіх гвардзейцаў Алоіза Эстэрмана і яго жонку забілі ў дзень яго павышэння. Забойцай стаў гвардзеец Седрык Торнэ, які пазней скончыў жыццё самагубствам. Пазней высветлілася, што Эстэрман зрабіў Торнэ вымову за начоўку па-за межамі Ватыкана. Сам Торнэ пакінуў запіску, у якой называў Эстэрмана суровым вайскоўцам, у якога былі да Торнэ асабістыя прадузятасці. Падчас выкрыцця ў целе Торнэ знайшлі сляды марыхуаны і кісту ў мозгу.
Забойства Эстэрмана спарадзіла розныя тэорыі змовы. Напрыклад, казалі, што Эстэрмана забілі з-за барацьбы Opus Dei і прамасонскімі партыямі ватыканскай іерархіі. Яшчэ існавалі тэорыі пра забойства камандзіра гвардзейцаў былым шпіёнам «Штазі» з-за падтрымкі польскай «Салідарнасці» ў 1980-х.
Хто можа стаць швейцарскім гвардзейцам
У гвардыю прымаюць нежанатых католікаў са швейцарскім грамадзянствам, якія прайшлі службу ў швейцарскай арміі. Навабранцам павінна быць ад 19 да 30 гадоў, у іх павінна быць прафесійная адукацыі ці дыплом аб сярэдняй адукацыі. Гвардзейцы павінны быць вышэй за 174 сантыметры.
Навабранцы прыходзяць на службу мінімум на два гады. Звычайныя гвардзейцы атрымліваюць каля 1 500 еўра ў месяц — гэты грошы не абкладваюцца падаткам. Гвардзейцам даюць жыллё і ежу. Гвардзейскія афіцэры атрымліваюць значна больш.
Гвардзейцам можна жаніцца, але толькі пасля пяці гадоў службы.
У гвардзейцаў асноўнай зброяй ёсць алебарда, пратазаны (кап’ё з плоскім і доўгім наканечнікам). Ахоўнікі Папы носяць пісталеты і вінтоўкі, якія выкарыстоўвае швейцарская армія (пісталет SIG Sauer P220, вінтоўкі SIG SG 550 ці SIG SG 552).