Вы чытаеце:
Мальцы, тыпэрка і лісапед. Як у розных кутках Беларусі называюць па-рознаму жывёл, прадметы, з’явы

Мальцы, тыпэрка і лісапед. Як у розных кутках Беларусі называюць па-рознаму жывёл, прадметы, з’явы

дыялекты Беларусі, жарты беларускія, жарты па-беларуску, мемы беларускія, мемы па-беларуску

Вы ведалі, што на Віцебшчыне хлопцаў называюць мальцамі? А што ў некаторых раёнах нашай краіны не жартуюць, а шуткуюць? А тое, што на поўначы Беларусі лупаты чалавек мае тоўстыя губы, а на поўдні — выпуклыя вочы?

PALATNO пагартала лексічны атлас беларускіх народных гаворак, які ўтрымлівае сотні беларускіх слоў, і выявіла, што ў многіх рэгіёнах Беларусі словы адрозніваюцца не толькі па гучанні, а нават па сэнсе. Расказваем пра дзесяць з іх.

Шэрсць ці поўсць

У паўночна-заходняй частцы Беларусі (на Полаччыне, Глыбоччыне і Вілейшчыне) шэрсць называлі поўсцю. Каля Віцебска даследчыкі зафіксавалі слова поўстка. У астатняй Беларусі шэрсць і была шэрсцю.

Трус

Кролямі і кролікамі называлі трусоў на Палессі і ля Гродна. Радзей сустракаецца назва кароль — яе ўжывалі на Гродзеншчыне. На Брэсчыне было распаўсюджана слова трусь. Гэта амаль усе рэгіянальныя адрозненні, на большай частцы краіны трусы так і называліся — трусамі.

Тхор

Тхор — гэта маленькі драпежнік, які жыве ў невялікіх лясах і каля вадаёмаў. Нашы продкі былі добра знаёмыя з гэтай жывёлай. У шматлікіх беларускіх рэгіёнах яе называлі па-рознаму, хоць і мелі на ўвазе адну і тую ж істоту.

Калі раздзяліць Беларусь па дыяганалі на дзве часткі, то па адзін бок умоўнай мяжы (на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і часткова Міншчыне) тхароў называлі шашкамі (шашок), а па другі бок (на Брэсчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне і паўднёвай частцы Міншчыны) — тхарамі.

Кажан

Гэты маленькі крывапівец мае шмат назваў у розных беларускіх рэгіёнах. Аднак дамінуюць дзве — кажан і лятучая мыш. Але ёсць нюансы.

Напрыклад, слова каржан сустракаецца толькі на Палессі (праўда, ёсць выпадкі ўжывання недалёка ад Гомеля і Мінска). Палатнянік, ночніца, раменнік — таксама палескія назвы кажана.

дыялекты Беларусі, жарты беларускія, жарты па-беларуску, мемы беларускія, мемы па-беларуску
Ілюстрацыя: PALATNO

Кветка

З кветкамі таксама не ўсё проста. Квітка, цвет — словы, характэрныя для Палесся. Квятка — для Гродзеншчыны.

На значнай частцы Беларусі кветкі называлі краскамі. На Віцебшчыне, Міншчыне і Магілёўшчыне былі распаўсюджаны назвы цвет, цвяток.

Сёння

Абсалютна па-рознаму беларусы называлі (і называюць дагэтуль) сённяшні дзень. Дзісь, дзісяка — гэтыя словы былі распаўсюджаны выключна ў Гродне і цяперашняй Гродзенскай вобласці. Можна меркаваць, што так сталася пад уплывам польскай мовы (па-польску — dziś і dzisiaj).

На поўдні Беларусі, на Палессі, часта можна было пачуць цяпер ці тыпэрка. Ужываліся і словы сёння, сягоння. Сёння і сягоння — гэта самыя распаўсюджаныя назвы сённяшняга дня амаль на ўсёй тэрыторыі нашай краіны.

Веласіпед

Ровары былі ў заходняй частцы Беларусі, а ва ўсходняй — лісапед, лісапета. У Мінску і ваколіцах — веласіпед.

Хлопец

Нават хлопцаў на Беларусі называлі па-рознаму. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне гэта былі мальцы. У цэнтральнай Беларусі і на Гомельшчыне — хлапец ці хлапак. А хлопец панаваў на тэрыторыі пераважна паўднёвай Беларусі.

дыялекты Беларусі, жарты беларускія, жарты па-беларуску, мемы беларускія, мемы па-беларуску
Ілюстрацыя: PALATNO

Лупаты

Адно з самых цікавых беларускіх слоў — лупаты. Калі раздзяліць Беларусь пасярэдзіне ўмоўнай гарызантальнай лініяй, то зверху (у паўночнай і часткова цэнтральнай Беларусі) лупаты чалавек меў тоўстыя губы, а знізу (у паўднёвай і астатняй частцы цэнтральнай Беларусі)  — вялікія вочы.

Цікава, што бліжэй да Смаленшчыны, а таксама да Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны такое слова — лупаты — увогуле адсутнічае ў беларусаў.

Жартаваць

Беларусы могуць падавацца суровымі і сур’ёзнымі, але і яны любяць гумар. На большай частцы Беларусі нашы продкі выкарыстоўвалі слова жартаваць. Аднак так было не ўсюды. Да прыкладу, сустракаецца і слова шуціць. Таксама вельмі распаўсюджаным было слова шуткаваць.

На поўдні Беларусі казалі строіць жарты, строіць збыткі/смешкі/кпіны. Часам на Гомельшчыне казалі выкідваць конікі. А на Расоншчыне і паблізу Жодзіна не толькі жартавалі, а яшчэ і чудзілі.

Вярнуцца ўгару