Якуб Колас шчыльна звязаны з рознымі рэгіёнамі нашай краіны. Адным з такіх куткоў з’яўляецца Случчына. Сімвалічна, што ў мінулым годзе было роўна сто год ад часу працы Якуба Коласа на настаўніцкіх курсах у Слуцку: у ліпені 1923 года будучы народны паэт праводзіў заняткі па методыцы і граматыцы беларускай мовы для слухачоў.
PALATNO расказвае, што рабіў Якуб Колас на Случчыне цэлы месяц (можа вы таксама захочаце).
Змест
«Ціхі і мілы гарадок». Першае наведванне Слуцка і першыя ўражанні
Упершыню Канстанцін Міцкевіч наведаў Слуцк улетку 1921 года, калі прыехаў на непрацяглыя настаўніцкія курсы. На гэтых курсах рыхтавалі настаўнікаў, якія маглі бы выкладаць па-беларуску. Колас актыўна падтрымліваў падобныя крокі, таму сам удзельнічаў у розных курсах. Пасля першай паездкі на Случчыну ён піша нататку ў «Савецкай Беларусі»:
«Слуцк ціхі і мілы гарадок. На ім ляжыць пячаць старадаўнасці, пячаць сталасці і заможнасці. Збоку, дзе праходзіць жалезная дарога і правей ад яе горад не відзен — стаіць ён на мясціне роўнай, закрыты багатымі і пышнымі садамі. Трудна дзе знайсці такога множаства садоў, як у Слуцку, рэдка дзе растуць такія пышныя, такія сакавітыя, поўныя жыцця дзярэўя, як тут. Многа старасветчыны, многа прыгожай асабістасці і таго асобнага, шчырага прыхілу, дзе можна адпачыць душою і сэрцам, захавалася ў гэтым гарадку… На што ні паглядзіш, — усюды відаць гаспадарская рука беларускага народа і той асобны парадак, прыхіл і ўменне ўсё дапасаваць, як вымагае таго добрая гаспадарчая справа, тая справа, той лад, якія так выгадна выдзяляюць беларускі народ з сям’і народаў усходняга славянства.
Адным словам, нават пасля павярхоўнага знаёмства са Слуцкам і Случчынай сама сабою выплывае думка: Случчына — гэта душа, гэта — жывое сэрца беларускага народа».
«Трымайцеся ж, камары і мухі!». На настаўніцкія курсы ў Слуцку па даручэнню Нармакасветы
Праз два гады, у 1923 годзе, Якуб Колас едзе чарговы раз у Слуцк на настаўніцкія палітыка-педагагічныя курсы па даручэнню Наркамасветы БССР. У гімназіі Колас чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы. Курсы наведалі 157 чалавек, імі загадваў Сяргей Бярозка — бацька вядомага пісьменніка Георгія Бярозкі.
Падчас курсаў Колас пісаў да сваёй жонкі Марыі. У лістах ён апісваў настаўніцкія курсы і свой побыт, цікавыя знаёмствы, навучэнцаў, мясцовыя краявіды. Вось, што пісаў пісьменніка ў адным з першых лістоў:
«Прыехаўшы сюды, я папрасіў загадчыка курсаў даць мне гадзіны на лекцыі толькі з серады, каб мець час абдумаць змест свае прамовы да настаўнікаў. Мне ўспомнілася запіска, паданая дзядзьку Язэпу (Лёсіку — PALATNO) на яго лекцыі ва ўніверсітэце: “Якое практычнае значэнне мае беларуская мова?”».
Якуб Колас высока ацэньваў арганізацыю курсаў на беларускай мове, і гэта ён таксама адзначаў у лісце да жонкі:
«Беларуская мова на курсах пастаўлена вельмі грунтоўна. Кожны слухач павінен даць лекцыю (практычную) толькі па-беларуску. Сярод слухачоў чалавек 15 з вышэйшай асветаю. Ёсць выкладчык Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Кулагін… Сярод старых настаўнікаў прыхільнасці да беларускай мовы няма, але гэта не перашкаджае ім пісаць цэлымі вечарамі план лекцый па-беларуску. Калі не здолее сам, ідзе да другога і перакладае на беларускую мову. Канферэнцыі адбываюцца на беларускай мове, пратаколы вядуцца па-беларуску. Сярод слухачоў ёсць такія хлопцы, што не прапусцяць ніводнага небеларускага слова».
У адным з лістоў Якуб Колас апісваў падзеі, што адбываліся падчас курсаў, а таксама падзяліўся новым месцам жылля — у былым маёнтку Новы Двор. Пісьменнік з вялікай любоўю піша ліст да свайго сына Юрыя:
«Ах, мой мілы Юрачка! Дай пацалую твае чорненькія вочкі, твой лабок, твае губкі, што выказалі такую мілую, такую слаўную і шчырую прамову! “Няхай тату Бог пацалуе!” Калі вярнуся дадому, то ў Мінску куплю табе што-небудзь, бо ў Слуцку гола і пуста ўсякіх цацак. Пойдзем з табой у лес грыбы збіраць, возьмем і маму, бо яна добрая, слаўная, мілая, харошая, праўда, сынок? Ну, і Данілку возьмем, ён такі разважлівы, разумны, такі добры хлопец. А покі бывайце здаровы».
Некаторыя лісты да спадарожніцы жыцця, жонкі Марыі Дзмітрыеўны, прасякнуты рознымі эмоцыямі, падзеямі, якія часам змяшчаюць жарты і сарказм. Напрыклад, у адным з лістоў Якуб Колас у жартаўлівай форме піша пра тое, што цяжка яму выспацца:
«За гэтыя дні я нават добра і не выспаўся. Такое мноства мух, што проста бяда. Пачынае цямнець. Алесь (Сянкевіч — PALATNO) дзесь пайшоў яечню пячы. Я толькі што зачыніў акно. Чую, мухі гудуць і камар дзесь пішчыць, а адна муха прапаўзла па маёй лысіне. Стаўлю кропку, буду ганяць вон няпрошаных гасцей. Цалую цябе. Трымайцеся ж, камары і мухі!»
Піша да сваёй каханай Колас і пра тое, што курсантам чытаў «Новую зямля». Гэта, дарэчы, адно з першых публічных чытанняў знакамітай паэмы, якая з’яўляецца энцыклапедыяй жыцця беларускага народа:
«Нядзеля. Сёння роўна 17 гадоў з таго дня, калі ў нас быў настаўніцкі з’езд у Мікалаеўшчыне. Учора вечарам чытаў “Дарэктра”, “Начаткі”, “Вечарамі”, “Воўк”, “Зіма ў Парэччы”, “На рэчцы”, “Каляды”. Чытанне “Начатак” перарывалася часта дружным смехам. Вельмі спадабаліся “Начаткі”. Некаторыя яшчэ назаўтра смяяліся. Сёння таксама буду чытаць — “Таемныя гукі”, “На глушцовых токах”, “Панская пацеха”, “Вялікдзень” і “Летнім часам”. Наступным разам дачытаю ўсю “Новую зямлю”.
У гэтым жа лісце Колас піша пра свой стан здароўя наступнае: «Я пачаў піць крываўнік-падбел (тысячаліснік). Назбірай і насушы яго, бо я чую, што ён мне надта карысцен. У Курску гэта зёлка мала памагала, бо яна не беларуская».
У яшчэ адным лісце да жонкі Колас расказвае пра цікавае здарэнне: «Учора вечарам чытаў першы раз “Новую зямлю”. Адзін слухач курсаў, непрыхільнік беларускасці, зазначыў беларусу: “Я не ведаў, што па-беларуску можна так пісаць. Зарэжце мяне, калі я не навучуся беларускай мове”. Прачытаў 6 першых раздзелаў».
У вольны час Колас наведваў мясцовы тэатр, пра што пісьменнік згадваў у сваіх лістах. Са слуцкім тэатрам ён пазнаёміўся яшчэ падчас сваёй першай паездкі на Случчыну. І ўжо тады даў яму высокую ацэнку: «Слуцкі хор і тэатральная трупа варты вялікай ўвагі».
Пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў у Слуцку Колас апублікаваў артыкул у «Савецкай Беларусі». У ім пісьменнік высока ацаніў арганізацыю, дысцыпліну і зацікаўленасць саміх курсантаў.
Найбольш значнай публікацыяй пасля былі «Пісоўныя работы курсантаў слуцкіх настаўніцкіх курсаў». У іх Колас стварыў шырокую панараму жыцця беларускай вёскі канца 1910-х — 1920-х гадоў ва ўмовах Першай сусветнай вайны, акупацыі Беларусі і змены ўлады. Пісьменнік падымае ў «Пісоўных работах» тэму настаўнікаў і адносінах да іх дзяржаўнай ўлады: «Настаўніцтва ў поўнай меры заслугоўвае самых ўважлівых да сябе адносін з боку дзяржаўнай улады, яно павінна быць выведзена на шлях нармальнага жыцця з тых цяжкіх абставін, у якіх яно яшчэ знаходзіцца».
Пасля слуцкіх курсаў Колас выдаў «Методыку роднае мовы» — адзіную кнігу, якую пісьменнік апублікаваў пад сваім сапраўдным імем.
Лістапад, Сеўрук, Дыла, Інсараў. Знаёмства Коласа са случчакамі
Паездкі Якуба Коласа на настаўніцкія курсы на Случчыну не абышліся без цікавых знаёмстваў. Там Колас пазнаёміўся з Юркам Лістападам — беларускім палітычным дзеячам, які працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на тых курсах. Лістапад быў удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, абраны ў Беларускую раду Случчыны. У 1925-1926 гады Юрка Лістапад стаў фігурантам палітычнай справы, яго прадстаўлялі як ворага савецкага ладу — гэта працэс стаў першым буйным палітычным працэсам у БССР. Знаёмства з Лістападам для Коласа скончылася допытам у Дзяржаўным палітычным упраўленні. Вось, што пісьменнік казаў на допыце:
«С Листопадом на политические темы разговоров никогда не было и мне совершенно неизвестно об антисоветской деятельности Листопада, находившегося за границей. Вообще, что из себя представляет в политическом отношении Листопад — не знаю».
Праз год, у сакавіку 1926 года, Юрку Лістапада асудзілі на пяць гадоў зняволення, аднак яго вызвалілі ўжо ў 1927-м.
У тых жа паказаннях у сілавікоў Колас згадаў пра Леаніда Сеўрука (1867-1918): «Припомню, что в 1907 году один случчанин по фамилии Севрук, проживавший тогда в Ленинграде, написал вступление к моей книге “Другое чтение для детей белорусов”. Мне говорили, что Севрук педагог, но я с ним лично не был знаком и даже его не видел».
Леанід Сафронавіч Сеўрук — знакаміты педагог у Расійскай імперыі пачатку XX стагоддзя, актыўны дзеяч беларускага адраджэння «нашаніўскага» часу. Сеўрук нарадзіўся ў 1867 годзе ў засценку Сорагава ў Бабруйскім павеце (цяпер — Слуцкі раён). Бацька Сеўрука паходзіў са шляхецкага роду Курч-Сотва-Сеўрукоў. Леанід стаў аўтарам падручніка «Пачатковы курс прыродазнаўства». Гэтая кніга мела вялікі поспех, перавыдавалася больш за шэсць разоў. Па «Методыцы» Сеўрука вучыліся выкладаць прыродазнаўства ў школе цэлыя пакаленні настаўнікаў.
Леанід Сеўрук напісаў першы падручнік па батаніцы на беларускай мове для школ. Сеўрук аказваў матэрыяльную дапамогу выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». Шмат слушных прапаноў і заўваг зрабіў Сеўрук пры рэдагаванні чытанкі Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Ён жа напісаў прадмову да першай кнігі Коласа:
«Бярэш у рукі ксёнжачку і здаецца табе цяпер нічога ня трэба: перад табою як жывыя стаяць і касцы, і начлежнікі і жанцы і сенажаткі і палеткі і лесы і кароўкі з бразготкамі на шыі і целята і авечкі, скрыпяць вароты, скрыпяць очэпы калодзезёў… і ты саўсім як бы пабыў на сваёй роднай старонцы, адвёў, як кажуць душу. Разам з гэтым ты сваёю душою пачуў, што значыць родная мова, напісаная на паперы, надрукованая у ксёнжцы. Цяпер ты добра ведаеш, як кепска робяць тые, што не толькі не шануюць сваёй роднай мовы, але нават цураюцца, саромяюцца яе».
Колас быў знаёмы і з Язэпам Дылам. Дыла — беларукі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч. Ён нарадзіўся ў 1880 годзе ў Слуцку, скончыў Слуцкую гімназію. Дыла і Колас пазнаёміліся не падчас настаўніцкіх курсаў, у якіх яны абодва ўдзельнічалі. Іх першая сустрэча адбылася ў 1921 годзе, калі яны працавалі ў Наркамасветы.
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваюцца некалькі фотаздымкаў беларускага класіка, якія былі падараваны Язэпу Дыле. Прычым ўсе яны яшчэ маюць дарчыя надпісы самога Якуба Коласа. На адным з фота пазначана: «На добрую памяць дарагому сябру Дыле. Якуб Колас Менск 18/VIII 1921 г.». У музеі таксама захоўваюцца ўспаміны Язэпа Дылы пад назвай «Сустрэчы», якія былі напісаны ім ўласнаручна на старонках вучнёўскага сшытка.
Яшчэ адзін знакаміты случчак, з якім быў блізка знаёмы Якуб Колас ў пасляваенны час, гэта Ілля Інсараў. У 1948-1966 гады Інсараў займаў пасаду міністра аховы здароўя БССР. Ілля Інсараў нарадзіўся ў 1903 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Селішча на Случчыне. Пасля заканчэння медыцынскага факультэта БДУ ў 1927 годзе і працоўную кар’еру пачынаў доктарам, аднак ужо ў 1948 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па ваенна-медыцынскай тэматыцы.
Іван Інсараў і Якуб Колас перасякаліся ў пасляваенны час як на дзяржаўным, так і на сяброўскім узроўнях. У фондах музея Якуба Колас знаходзіцца дакумент-запрашэнне славутаму пісьменніку на медканферэнцыю за подпісам Інсарава: «Министерство здравоохранения Белорусской ССР просит Вас принять участие в работе Республиканской конференции хирургов Белоруссии по итогам XXVI съезда хирургов ССР». Ёсць таксама і тэлеграма с віншаваннем Коласа-юбіляра ад Міністэрства аховы здароўя з подпісам «Министр здравоохранения Белорусии Инсаров».
Случчына заняла пэўную нішу ў жыцці Якуба Коласа, а з людзьмі гэтага цікавага краю пісьменніка злучала не толькі знаёмства і сяброўства з вядомымі асобамі, але і з простымі случчакамі, што пісалі пісьменніку-дэпутату ў пасляваенны час.
Аўтар Хведар Прылёпаўскі