Спачатку кніга — потым кіно. Чаму варта чытаць перад праглядам экранізацыі?

кнігі лепш за адаптацыі, кнігі лепш за экранізацыі, чаму спярша лепш чытаць кнігі

Новыя фільмы і серыялы ўсё часцей здымаюць паводле папулярных кніг. Для аматараў літаратуры і кіно ўзнікае пытанне: што рабіць спярша — чытаць твор ці глядзець яго экранізацыю? Кніга можа падараваць больш глыбокі і багаты досвед, але патрабуецца выдаткаваць больш часу на чытанне. У той час як фільм можа прапанаваць гатовы прадукт за больш сціслы тэрмін.

PALATNO расказвае, чаму спярша лепш прачытаць, чым паглядзець фільм — на прыкладах «Ззяння», «Валадара Пярсцёнкаў» і «Вядзьмара».

Спярша кніга, пасля кіно

Уявіце, што перад вамі ляжыць кніга. Калі вы яе разгортваеце і пачынаеце чытаць, то ў вашай галаве самастойна фарміруюцца вобразы герояў, свету і атмасферы твора. Некалькі гадоў таму Нью-Ёрскі ўніверсітэт правёў даследаванні, якія пацвярджаюць, што чытанне больш эфектыўна развівае чалавечае ўяўленне, чым прагляд ужо гатовых вобразаў на экране. Іншымі словамі: кніга дапамагае нам самім «дадумаць» дэталі, а фільм прапаноўвае ўжо гатовую інтэрпрэтацыю.

Літаратурны твор амаль заўсёды больш дэталёвы. Кніга можа раскрываць унутраны маналог героя, яго думкі і матывацыю, што часам цяжка перадаць візуальнымі сродкамі ў кіно.

У кнізе чытач заўсёды можа знайсці перадгісторыю, другасныя сюжэтныя лініі і багаты кантэкст. Экранізацыі ж абмежаваныя хранаметражам: двухгадзінны фільм вымушаны скарачаць і спрошчваць сюжэт. Напрыклад, рэжысёры часта выкідаюць цэлыя сцэны і персанажаў, якія, па іх меркаванні, не з’яўляюцца цэнтральнымі для сюжэта, але яны ўсё роўна важныя для атмасферы ці пасылу аўтара кнігі.

Чалавек, які загадзя прачытаў першакрыніцу, будзе лепш разумець матывы герояў і заўважыць, што засталося «за кадрам» у фільме.

Калі мы чытаем кнігу, то атрымліваем гісторыю ў першапачатковым выглядзе, як задумаў яе аўтар. Экранізацыя жа ўяўляе сабой інтэрпрэтацыю — часам даволі свабодную. Нярэдка экранізацыя можа моцна адрознівацца ад кнігі: настолькі, што супадаюць хіба імёны герояў і назва кіно.

«Ззянне» Стывэна Кінга: страчаныя акцэнты ў культавым фільме

Адным з найбольш яскравых прыкладаў розніцы паміж кнігай і яе экранізацыяй з’яўляецца раман «караля жахаў» Стывена Кінга «Ззянне» і яго знакамітая адаптацыя ад рэжысёра Стэнлі Кубрыка. Раман выйшаў у 1977 годзе, а праз тры гады адбылася прэм’ера кінаадптацыі.

Фільм Кубрыка стаў класікай кінахорару — перадусім дзякуючы візуальнаму стылю і гіпнатычнаму Джэку Нікалсану. Аднак сам аўтар, Стывен Кінг, застаўся ад фільма не ў захапленні.

Чытач, які спачатку прачытаў кнігу «Ззянне», хутка зразумее прычыну незадаволенасці Кінга. Фільм моцна адрозніваецца ад першакрыніцы. У рамане Джэк Торэнс з’яўлецца звычайным чалавекам са сваімі слабасцямі, які паступова паддаецца злу гасцініцы «Аверлук». Гісторыя Кінга — гэта гісторыя павольнага вар’яцтва і сямейнай драмы. А ў фільме Кубрык паказаў Джэка Торэнса вар’ятам амаль з самага пачатку.

Рэжысёр рабіў упор на візуальны сімвалізм і псіхалагічны шок, але вельмі халодна паставіўся да персанажаў. Гледач у фільме назірае за імі нібы звонку. Сам Стывен Кінг так і апісаў кіно: «“Ззянне” на экранах атрымалася “халодным”. Гэта адзінае кіно па маіх кнігах, якое я ненавіджу».

Найбольш адчувальнае адрозненне ў вобразе жонкі галоўнага героя, Вэндзі. У кнізе яна з’яўляецца поўнавартасным персанажам, моцнай асобай, якая спрабуе абараніць сына і сябе. У экранізацыі гераіня ў выкананні Шэлі Дзюваль ператварылася ў штосьці іншае. Вось так апісаў кіношны вобраз Вэндзі сам Кінг: «Яна стала адной з самых мізагіністычных жаночых персанажаў, які калі-небудзь паказвалі ў кіно. Яна патрэбна толькі, каб крычаць і выглядаць дурай».

Нягледзячы на ўсе мастацкія вартасці фільма, той, хто прачытаў раман, атрымае больш поўнае ўражанне ад гісторыі. Кніга дазваляе глыбей зразумець Джэка: яго ўнутраную барацьбу, спакусу злом і трагічную спробу змагацца за сям’ю.

Купіць кнігу «Ззянне» на беларускай мове можна на сайце выдавецтва «Кнігаўка». Таксама кнігу можна заказаць на Amazon: для Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі.

ззянне стывен кінг, кніга кінга ззянне, кнігі на беларускай мове

У фінале рамана (спойлер!) Джэк на імгненне прыходзіць у сябе і ахвяруе сабой, каб выратаваць сына, — сцэна, якая адсутнічае ў фільме. Такія нюансы надаюць гісторыі Кінга зусім іншае эмацыйнае адценне. Калі ж спачатку паглядзець толькі фільм, гэтыя сэнсы страчваюцца.

Чытачу пасля прагляду можа ўжо і не захочацца брацца за кнігу, бо ён будзе меркаваць, што ведае сюжэт. І дарэмна. Перад тым як глядзець «Ззянне», лепш акунуцца ў тэкст Кінга – і тады вы зможаце крытычна ацаніць знакаміты фільм Кубрыка, адзначыць усе прапушчаныя дэталі і, магчыма, зразумець, чаму аўтар быў незадаволены.

«Валадар Пярсцёнкаў»: поўны эпас супраць сціснутай трылогіі

Фантазійная трылогія «Валадар Пярсцёнкаў» з’яўляецца яшчэ адным прыкладам, дзе чытач атрымае непараўнальна больш, чым глядач, калі азнаёміцца з кнігай перад праглядам.

Раман-эпапея Джона Р.Р. Толкіна, надрукаваная ў сярэдзіне XX стагоддзя, лічыцца адной з самых падрабязных і прадуманых гісторый у літаратуры. Пітэр Джэксан у пачатку 2000-х гадоў стварыў вялікую кінатрылогію паводле Толкіна, якая заслужыла месца ў залатым фондзе кіно.

Фільмы «Валадар Пярсцёнкаў» атрымаліся максімальна блізкімі да духу кнігі і заваявалі мільёны новых прыхільнікаў фэнтэзі. Але нават гэтыя амаль ідэальныя экранізацыі не ў сілах ахапіць увесь маштаб і глыбіню арыгінала. Калі вы чытаеце Толкіна, то пагружаецеся ў цэлы сусвет: падрабязную геаграфію Міжзем’я, міфалогію і гісторыю народаў, мову эльфаў, песні і вершы, што робіць твор унікальным. Фільм фізічна не можа перадаць усяго гэтага багацця.

Шмат якія эпізоды рамана не трапілі на экран. Напрыклад, у кнізе героі сустракаюць загадкавага Тома Бамбадзіла — таямнічы персанаж, які цалкам адсутнічае ў кінаверсіі. Постаць Тома Бамбадзіла не рухае сюжэт наперад, але дадае казачнасці і глыбіні свету. Кніжны аматар будзе мець пра што паразважаць, чаго не ўбачыць звычайны гледач фільмаў ад Джэксана.

Кнігу «Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка» і «Валадар Пярсцёнкаў. Дзве вежы» можна купіць на сайце выдавецтва «Кнігаўка». Таксама заказаць кнігу «Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка» можна на Amazon: для Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі. Кнігу «Валадар Пярсцёнкаў. Дзве вежы» на Amazon: для Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі.

Іншы прыклад — фінальная развязка. У рамане пасля перамогі над Саўронам хобіты вяртаюцца дадому і бачаць, што іх родны край спустошаны злым чараўніком Саруманам. Героі ўздымаюць паўстанне і аднаўляюць справядлівасць. У кінаверсіі Джэксана гэтае пасляслоўе адсутнічае: стужка заканчваецца пераможным каранаваннем Арагорна і ўзнагародай герояў, нам не паказваюць далейшы лёс Шыра.

Сын пісьменніка, Крыстафер Толкін, нават крытыкаваў кінафраншызу за камерцыялізацыю і спрашчэнне філасофскай глыбіні: «Яны выпатрашылі кнігу, ператварылі яе ў экшн-фільм для моладзі… Камерцыялізацыя звяла эстэтычны і філасофскі сэнс твору да нуля».

Экранізацыі «Валадара Пярсцёнкаў» цудоўныя самі па сабе, і шмат хто палюбіў Міжзем’е менавіта праз кіно. Аднак кніга дае нашмат больш для тых, хто шукае глыбокае разуменне сюжэту і пасылаў Толкіна.

Той, хто прачытаў раман, падчас прагляду фільма атрымае асалоду ад знаёмых сцэн і персанажаў, але таксама зьверне ўвагу на тое, што засталося па-за кадрам. Напрыклад, чытач зразумее вытокі сяброўства Гімлі і Легаласа, тонкасці палітыкі Гандальфа або адсылкі да старажытных легенд Сільмарыльяна, якія ў фільмах ледзь пазначаныя.

«Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага: калі экранізацыя ідзе сваім шляхам

Поп-культурны феномен «Вядзьмара» — прыклад, калі адзін і той жа свет увасабляецца ў розных фарматах: спачатку літаратурны цыкл Анджэя Сапкоўскага, затым серыя нашумелых відэагульняў і найноўшая экранізацыя ад Netflix.

Многія ўпершыню пазнаёміліся з гэтым фэнтэзійным сусветам менавіта праз серыял. Але вопытныя фаны Сапкоўскага раяць: спачатку варта прачытаць хаця б першыя томы пра Геральта з Рывіі, каб насамрэч разабрацца ў сюжэце і ацаніць, як яго змяняюць сцэнарысты.

Сапкоўскі стварыў незвычайны мікс славянскай міфалогіі, аўтарскага гумару і драматычнай сагі. У кнігах хапае тонкасцей: небанальныя дыялогі, палітычныя інтрыгі, эвалюцыя адносін паміж персанажамі. А серыял Netflix імкнецца прывабіць шырокую аўдыторыю, часам адыходзіць ад першакрыніцы. Асабліва гэта заўважна ў другім сезоне, які досыць свабодна абыходзіцца з сюжэтнымі лініямі.

У шоу змянілі асобныя падзеі і лёсы герояў. Сам аўтар да серыяла паставіўся спакойна, хоць і адзначыў, што шмат яго парадаў кінематаграфісты праігнаравалі.

Кнігу «Вядзьмар. Апошняе жаданне» можна купіць на сайце выдавецтва «Кнігаўка». Таксама заказаць кнігу можна на Amazon: для Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі.

вядзьмар, кнігі сапкоўскага, кнігі пра магію, беларускія кнігі

Экранізацыя можа жыць уласным жыццём, незалежна ад задумы пісьменніка. Менавіта таму найлепш пазнаёміцца з «Вядзьмарам» праз кнігі. Чытач будзе лепш арыентавацца ў складаных перапляценнях часавых ліній, што блытала многіх гледачоў у першым сезоне. Вы зразумееце перадгісторыю гераіні Цыры, яе сувязь з Геральтам, матывацыю чарадзейкі Йеніфэр — і не разгубіцеся, калі серыял раптам перабудуе паслядоўнасць падзей.

Больш за тое, кніжны досвед дазволіць атрымаць асалоду ад адсылак у серыяле: фразы, што цытуюць першакрыніцу, эпізадычныя персанажы, вядомыя па апавяданнях, — усё гэта радасныя «пасхалкі» для чытача. А там, дзе серыял адхіліўся ад канону, зможаце крытычна ацаніць гэтыя змяненні: палепшылі яны гісторыю або спрасцілі? Нездарма акцёр Генры Кэвіл, былы выканаўца ролі Геральта, настойваў на максімальнай вернасці духу Сапкоўскага. Можна сказаць, што кніжны Геральт «ажывае» на экране менавіта дзеля тых, хто ўжо палюбіў яго на старонках.

* * *

Няма нічога кепскага ў тым, каб пазнаёміцца з вялікай гісторыяй праз кіно. Але калі вы спачатку чытаеце кнігу, а потым глядзіце яе экранізацыю, то нічога не страціце — наадварот, атрымаеце ў два разы больш эмоцый.

Першая частка гэтага шляху — падарожжа па старонках, дзе гісторыя паўстае непасрэдна з думак аўтара і вашай фантазіі. Другая частка — экран, які дасць візуальнае ўвасабленне, музычную атмасферу, акцёрскую гульню.

Прачытаная папярэдне кніга становіцца быццам лупай, праз якую кінаверсія бачыцца ярчэй і глыбей.

Вярнуцца ўгару