Лета — найлепшы час, каб знайсці магчымасць пабыць падаўжэй на свежым паветры, увабраць у сябе ўсе яго пахі, гукі і дотыкі. А пакуль цела сілкуецца летняй энергіяй, дазвольце сабе адправіцца ў кніжнае падарожжа. Няхай вашымі сувенірамі з гэтага лета стануць кніжкі, якія дадаць вам тыя ўражанні, якія вы самі чакаеце.
Школьнікам прапануюць спіс літаратуры на лета, і калі яны вяртаюцца да вучобы ў верасні, прачытаныя гісторыя застаюцца адным з важных напамінаў пра тое, як прайшло лета ў гэтым узросце. PALATNO разам з выдавецтвам «Andrei Yanushkevich Publishing» падрыхтавала для вас тры спісы з кнігамі пад розныя настроі. Абярыце, што вам бліжэй — і смялей насустрач летнім кніжным прыгодам!
- Спіс «Калі хочацца кветак і мора, а не гэта ўсё» — гэта падборка светлай літаратуры. Тут вас будуць чакаць прыгоды і сяброўства, сум і каханне. Але кожная кніга будзе дарыць адчуванне святла. Гэта як правесці цэлы дзень у гарэзлівых забавах з сябрамі, дзе ёсць месца і радасці, і дзіцячым драмам. А пасля вяртаешся дадому, а на верандзе для цябе запаленае святло і смаката шкварчыць на патэльні.
- У спісе «Выцягваю сябе за валасы, каб пачаць новы дзень» мы сабралі кнігі, у якіх можна знайсці свой крышталь сілы. Аўтары гэтых знаходзяць пункт апоры ў традыцыйным светапоглядзе або асабістым досведзе. Знайсці такі пункт апоры ў кепскі дзень — вялікая ўдача, бо менавіта ён можа перакуліць ваш свет.
- Калі ж вас настрой кінуць выклік самому або самой сабе, то спіс «Сусвет у кожнай кроплі» якраз для вас. Сюды мы сабралі літаратуру, якая дапаможа вам выйсці за межы таго ўяўлення пра свет, які ўклаўся ў галаве. Асцярожна, бо вярнуцца да зыходнага стану ўжо не атрымаецца!
А ніжэй вы знойдзеце самі спісы, сціслае апісанне кніг і цытаты з іх. Удалай вандроўкі!
«Калі хочацца кветак і мора, а не гэта ўсё»
1. «Я прыду за табой у аўгусце», Каміла Цень
Дагэтуль нераскрытае сапраўднае імя аўтаркі, што хаваецца пад псеўданімам Каміла Цень і нарабіла фурораў дэбютнай аповесцю ў 2018 годзе. Гэтая кніга — атмасферны дэтэктыў, дзе мінская кантралёрка Зінаіда Юр’еўна правярае талончыкі, а знаходзіць труп. А пасля расследуе, што ж насамрэч здарылася, і ўсё гэта на трасянцы.
Тут вы знойдзеце і інтрыгу, і непараўнальныя апісанні і нязвыклыя эмоцыі ад літаратурнага твору, напісанага не літаратурнай мовай. Вы дакладна весела пабавіце час за чытаннем, а калі раптам пасля апошняй старонкі адчуеце сябе фанатам Камілы Цень, то можаце перайсці да яе наступнага твору «Сакрэт фірмы».
Цытата: «А пра карцінкі непрылічные я ўжэ і не гавару. Саўсем у такога пола другое к жэншчыне атнашэніе. Еслі ано вабшчэ ў таком возрасце асталась яшчэ. Любоўніца ў такога ціпа можэт быць, не спору. Но еслі такому ў яго возрасце любві захочацца — он не ў інцярнэт палезе, а к дзеўке маладой».
2. «Валадар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка», Джон Р. Р. Толкін
Напэўна, фэнтэзі якраз той жанр, які наймацней пагружае ў гісторыю і найшчыльней ахутвае чытача або чытачку непаўторнай атмасферай. Калі вы глядзелі фільм Пітара Джэксана або чыталі некаторыя яго творы, гэта дадатковы плюсік на карысць таго, што гэтая кніга для вас. Пераклад на беларускую Ігара Кулікова стварае новыя адценні гэтай гісторыі, якая зацягне вас у кніжку па самыя лыткі.
Цытата: «Ні ў чым сіла Цёмнага Валадара не праяўляецца так ярка, як у раз’яднанні тых, хто ўсё яшчэ процістаіць яму».
3. «Вядзьмар. Час ганьбы», Анджэй Сапкоўскі
Таксама культавая фэнтэзійная кніга, але ўжо пра цалкам іншы сусвет. Гэта кніга не з’яўляецца першай з апавяданняў пра Вядзьмара, але калі вы ў курсе гісторыі з іншых крыніц, то чарговасць не такая прынцыповая. У гэтай частцы, перакладзенай Кацярынай Маціеўскай, вас чакаюць чараўнікі, бойкі, прыгоды і нават адзінарог.
Цытата: «Не ківай. Абяцанні даюць у поўны голас».
4. «Слёзы на вецер», Дар’я Бялькевіч
Здараецца, якраз у паэтычных радках хаваецца найбольшая канцэнтрацыя святла. Хаця маладая беларуская паэтэса ў дэбютнай папяровай кнізе разважае пра цяперашнія змрочныя часы, але атрымліваецца ў яе так жыва і ўдала, што становіцца зразумела, чаму многія шукаюць паратунак у творчасці. Дадатковае задавальненне атрымаюць тыя, хто смакуе мову. Аўтарка гуляе са словамі і нанізвае іх у каралі, якімі хочацца ўпрыгожыць і абараніць сябе.
Цытата: «Не пішу пра каханне: Яно – мярцвяк. Пра яго або добра, Або ніяк».
5. «Гарэзлівы Пацалунак», Ева Вайтоўская
Сучасны моладзевы беларускі раман у двух частках, дзе ўсё так проста і так знаёма, што немагчыма адарвацца! Гісторыя расказвае пра юную беларуску, каханне і прыгоды. Абавязкова зойдзе ўсім, хто не супраць настальгіі пра юнацтва. А лёгкасць мовы і дасціпнасць жартаў адзначаюць аўтары ўсіх водгукаў, якія мы знайшлі.
Цытата: «Хочаш насмяшыць Бога — раскажы яму свае планы. Шаснаццацігадовым недаступная гэтая простая жыццёвая мудрасць. Яна адкрываецца толькі сямнаццацігадовым».
«Выцягваю сябе за валасы, каб пачаць новы дзень»
1. «Дарога», Кормак Макарці
Адзін са спосабаў угаварыць сябе, што не ўсё так кепска — уявіць, што можа быць яшчэ горш. Калі для вас гэта можа спрацаваць, то абавязкова звярніце ўвагу на бестселер, за які аўтар атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Гэта гісторыя ў перакладзе Сержа Мядзведзева пра бацьку і сына, якія спрабуюць выжыць у постапакаліптычным свеце, дзе знікла ўсё жывое, акрамя людзей. Галоўны герой чуе галасы апошніх птушак, а далей іх чакае складаны шлях. Цяпер адзінай ежай становяцца кансервы, якія зрабілі яшчэ да катастрофы, і людзі. Але разам з тым менавіта гэта гісторыя можа ўпэўніць, што надзея на лепшае ёсць заўсёды.
Цытата: «Мы забываем тое, што хочам помніць, і помнім тое, што хочам забыць».
2. «Срэбная дарога», Сціна Джэксан
Сучасны шведскі дэтэктыў у перакладзе Алены Казловай. Гісторыя спярша вядзецца ад асобы бацькі, чыя дачка знікла тры гады таму. Ён працягвае шукаць дачку, таму ездзіць па магістралі, што аб’ядноўвае ўсю краіну і якую называюць Срэбранай дарогай. Яго суправаджаюць думкі і пачуццё віны, а наперадзе чакае нечаканае знаёмства.
Цытата: «Яна спрабавала праспаць гэтыя мёртвыя гадзіны, спрабавала праспаць час. Калі апаноўваў неспакой, яна хадзіла кругамі да болю ў нагах. Прастуквала сцены касцяшкамі пальцаў, шукаючы пустоты. Намагалася пачуць штосьці, апроч уласнага дыхання».
3. «Свінні», Аляксандр Чарнуха
Гэтая кніга сатырычна рэфлексуе на тэму беларускіх рэалій. Часам смех становіцца найлепшай зброяй супраць суму і злавеснасці. Калі вам дапамагае лячэнне смехам са страшнай рэальнасці, то паспрабуйце прыняць менавіта гэтую таблетку.
Цытата: «Наталля Іванаўна з ідэалогіі ад раніцы носіцца па кабінетах і кантралюе, каб усе былі цвярозыя і пры справе».
4. «Размовы з сябрамі», Салі Руні
Раман ірландскай пісьменніцы ў перакладзе Ірыны Грэбень стане добрым выбарам для аматараў літаратуры пра моладзь з прыемным гумарам. Гераіні рамана жывуць звычайнае сучаснае жыццё — вучацца, глядзяць фільмы, п’юць віно і шмат размаўляюць. У гэтых размовах яны спрабуюць лепш зразумець сябе і дапамагаюць у гэтым чытачам.
Цытата: «Калі двое дораць адно аднаму шчасце, тады ўсё атрымліваецца».
5. «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў», Ганна Янкута
Кожнаму даросламу час ад часу не зашкодзіць занурыцца ў добрую дзіцячую гісторыю, якая верне ў часы, калі ўсё было прасцей. Гэтая кніга стане якраз такім правадніком, каб вы прагуляліся па Мінску і паглядзелі, як героі спраўляюцца з непрыемнасцямі.
Цытата: «Раптам з балкона нехта ціха саскочыў на зямлю. Прывіды спачатку ажно спужаліся і схаваліся між бэзавых галін, зрабіўшыся як мага больш празрыстымі і нябачнымі».
«Сусвет у кожнай кроплі»
1. «Ззянне», Стывен Кінг
Творы Кінга — выбар у яблычак для тых, хто не баіцца кідаць выклік самому сабе аж настолькі, каб нервы казыталі пад усёй скурай напоўніцу. Цяпер вы можаце растварыцца ў гэтай непаўторнай злавеснай дымцы слоў у перакладзе Насты Карнацкай.
Цытата: «Трэск зламанай косткі быў не гучным, зусім не гучным, а вельмі гучным — аглушальным, але не гучным».
2. «Мора ў горадзе», Эльга Папова
Хто ж не хоча ў спякотны дзень адпачыць на шэзлонгу на беразе мора? Але ў гэтай гісторыі Мора і само вырашыла, што варта адпачыць. Залезла ў вядро і паехала на вакацыі. Пасялілася ў ванне адной з гарадскіх кватэр, а ўсе пачалі шукаць, дзе ж гэта Мора. Далучайцеся да прыгодаў!
Цытата: «Праўда, адзін ахоўнік цьмяна ўзгадаў, маленькага хлопчыка, які прыйшоў у залу чакання з вядром. На пытанне, што ўнутры, хлопчык адказаў: “Мора”».
3. «От Паниковки до Шайбы. Гайд по тусовочному Минску девяностых», Аляксей Кавалёў, Павел Валатовіч
Гэтая кніга перанясе вас не толькі ў прасторы па самых тусовачных месцах Мінска, але і ў часе — проста ў разняволеныя 90-я. Пра гэты час расказваюць вядомыя людзі, якія былі ў той час часткай тусоўкі. А саму тусоўку аўтары падзялілі на тры часткі: тых, хто не меў грошай нават на жэтон у метро, хто мог дазволіць бавіць час у клубе і «залатых» тусоўшчыкаў, якія маглі за адзін вечар спусціць сярэдні заробак за некалькі месяцаў. Чытач або чытачка змогуць паназіраць за кожнай з гэтых тусовак і пашукаць знаёмыя імёны ў кожнай з іх.
Цытата: «Но были дни рождения, когда оставались ночевать человек десять-пятнадцать, а именинник спал в коридоре на груде обуви. Тогда музыканты между собой общались. Все были относительно молодые, голодные и всегда находили время на общение».
4. «Капітан Лятучая Рыба», Альгерд Бахарэвіч
Прыгодніцкі раман ад аднаго з самых вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў — гэта заўсёды гульня. У гэтай гульні аўтар прапануе аддацца авантурам разам з юнай Алесяй, каб пашукаць адказы на пытанні пра свабоду і Беларусь. А эфект пагружэння ў гісторыю ўзмоцняць ілюстрацыі Лявона Вольскага.
Цытата: «Гэта твая краіна — мель. Мель Вайсруслянд, якая тырчыць пасярод Еўропы. І ўсе нармальныя краіны стараюцца яе абмінаць».
5. «Вольнеры. Прадвесце», Валер Гапееў
Беларускае фэнтэзі з падарожжам у іншы свет, насычанае міфалогіяй і прыгодамі. Перад героямі паўстаюць пытанні, адказы на якія варта мець кожнаму і кожнай з нас. Ці гатовыя вы адказаць сябе, што для вас шчасце і на што вы гатовы дзеля шчасця іншых?
Цытата: «Вось яшчэ трошкі пройдзем, і нас сустрэнуць гаёўкі. Яны добрыя: калі з іх жартуеш, ніхто не крыўдзіцца, але як зловяць за штукарства, дык мусіш быць у іх тапельцам».
Знайсці больш беларускамоўных кніг вы можаце ў анлайн-краме Knihauka.