
У гэтым эпізодзе мы раскажам пра сумна вядомую крымінальную справу супраць беларусаў Латвіі: усіх абвінавацілі ў змове і спробе аднавіць БНР… Усе былі настаўнікамі. Як стала магчымай гэта гісторыя? І чаму культурная дзейнасць стала злачыннай?
Змест
Як беларускіх настаўнікі апынуліся на лаве падсудных
Уявіце: невялікі горад Дзвінск (цяпер — гэта Даўгапілс), у якім жывуць каля 40 тысяч чалавек. У вялікай судовай залі шмат людзей. Усё навокал поўнае напружанага маўчання і чакання, пакуль старшыня суда пачынае адкрываць працэс, якая на той момант выклікала вельмі шмат шуму. На лаве падсудных – Канстанцін Езавітаў, Ян Краскоўскі, Паўліна Мядзёлка… Іх абвінавачваюць у злачыннай змове і стварэнні арганізацыі, якая, па словах пракурора, магла змяніць і разбурыць цэлы рэгіён. Але ці сапраўды гэтыя людзі былі злачынцамі? Або яны проста імкнуліся захаваць беларускую культуру ў Латвіі? Давайце разбяромся.
Гэта гісторыя пачынаецца задоўга да красавіцкага суда ў 1925-м. Яшчэ ў пачатку 1920-х беларускія дзеячы актыўна працавалі над тым, каб захаваць сваю мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць: ствараліся адпаведныя культурніцкія арганізацыі, выдаваліся кнігі і часопісы, адчыняліся беларускія школы…
Але гэта не ўсім падабалася. Любая культурная актыўнасць, тым больш не латвійская, часцяком успрымалася як патэнцыйная пагроза. Нагодай для пераследу сямі беларускіх настаўнікаў у Латвіі стала знаходка мапаў, кнігаў і лістоў пра нацыянальнае адраджэнне, якія знайшоў звычайны школьны інспектар падчас інспекцыі ў беларускіх школах у 1924 годзе. Пасля яго паведамлення ў Палітычнае Упраўленне за настаўнікаў сур’ёзна ўзяліся сілавікі.
А хто ж быў сярод абвінавачваемых? Канстанцін Езавітаў — дырэктар люцынскай беларускай школы, пасля Першай сусветнай вайны ён браў удзел у абвяшчэнні БНР, намеснік Езавітава – Уладзімір Пігулеўскі, настаўнік музыкі люцынскай школы Міхаіл Іваноў, дырэктар дзвінскай гімназіі Ян Краскоўскі і яе настаўнікі Андрэй Якубецкі, Паўліна Мядзёлка-Грыб, Уладзімір Конц, Парфірый Жэрдзій. Апошні — Парфірый Жэрдзій — прадстаўляўся не як беларус, а як украінскі педагог. Падчас судовага працэсу ён адмаўляў удзел у арганізацыі, калі яна ўвогуле існавала, і што ён працаваў не за ідэю, а за кусок хлеба.
Следчыя перакручвалі паказанні, у пракурора не было доказаў
Падчас судовага працэсу больш за сто сведак далі паказанні. Галоўным сведкам абвінавачвання стаў кіраўнік Палітычнага Упраўлення ў Дзвінску Эйнберг. Па яго словах, ён і яго калега, кіраўнік паліцыі Дзвінска, выкрылі беларускую злачынную арганізацыю. Адзінымі сведкамі, на словы якіх абапіраўся Эйнберг, былі нейкія Асанаў і Васільеў. На судзе яны не з’явіліся і зусім хутка высветлілася, што Асанаў і Васільеў арыштаваныя па справе аб махлярстве і ўжо доўгі час знаходзяцца ў турме: абодва называлі сябе манархістамі і шукалі паўсюль і па ўсіх грошы на працу сваёй манархічнай справы. Яшчэ пазней высветлілася, што ні Эйнберг, ні Палітычнае Упраўленне ніякіх дакументальных доказаў пра існаванне злачыннай беларускай арганізацыі не знайшлі.
Астатнія сведкі абвінавачвання расказалі, што падсудныя займаліся… толькі культурнай дзейнасцю. Падчас допыту сведак высвятляецца, што большасць паказанняў не супадае з тымі, што запісвалі следчыя. Адзін са сведак, настаўнік Арлоў з люцынскай гімназіі, калі яму прачыталі пратакол допыту ў следчага, сказаў: «Паказанні ў следчага я даваў не ў такой форме. Я казаў па-руску, а следчы запісаў па-латышску, і вельмі спяшаўся». Іншыя сведкі падкрэслівалі, што ім увогуле не зачытвалі напісаны пратакол са словамі: «Вы ж ведаеце, што там напісана!».
Вось як газета «Беларуская доля» піша ў нататцы пра судовы працэс пра аднаго са сведак: «Пераважаюць сведкі абвінавачвання, але ніхто з іх абвінавачвання не пацвердзіў. Толькі адзін вучань Капылаў — з той пароды рускіх, што ненавідзяць усё беларускае, паказваў няпраўду, бо яго пакінулі ў адным класе на другі год».
Ці пра яшчэ аднаго са сведак: «Паліцэйскі Берзін — “выпіць не дурак!”. З яго паказанняў высвятляецца такі абразок. У адной са школ была вечарына. Пасля вечарыны настаўнікі сабраліся разам вячэрыць і не папрасілі ў кампанію Берзіна. І вось прычына да абразы. Берзін паказвае, што ён пад той час быў у суседнім пакоі і чуў, як настаўнікі крычалі: “Хай жыве Беларусь!”».
Сведкі абароны — у большасці, вучні беларускіх настаўніцкіх курсаў, дзвінскай і люцынскай гімназій і іншых беларускіх школ рэгіёну. Асобнай групай сведак былі зусім маладыя юнакі і дзяўчаты, якім было 11-12 гадоў. У аднаго з іх суддзя пытаецца:
— У якой дзяржаве жывяце?
— У Латвіі.
— А не ў беларускай дзяржаве?
— Пра такую не чуў…
«Беларуская доля» пасля заўважае: «Працэс вёўся на латышскай і рускай мовах, і гэтае “не чуў” сорамна сарвалася з вуснаў хлопчыка і прагучала асабліва сумна».

Цікава, што на судовы працэс выклікалі нават латвійскага дыпламата, прадстаўніка міністэрства замежных спраў Олінша. Ён падкрэсліў, што добра знаёмы з беларускімі дзеячамі і вітае дзейнасць беларускага руху, які, па яго словах, не мае нічога варожага супраць Латвіі, а наадварот сыходзіцца з інтарэсамі латвійскай дзяржаўнай палітыкі.
Паказанні сведак паставілі абвінавачванне пад пытанне: існаванне злачыннай арганізацыі не пацвярджалася. Аднак у пракурора быў шэраг матэрыяльных доказаў — мапы, кнігі і часопісы. Пракурор быў упэўнены, што падсудныя арганізавалі ў Латвіі арганізацыю «Бацькаўшчына», якая атрымлівала загады ад бальшавіцкай «Бацькаўшчыны», што знаходзілася ў Мінску. Яшчэ адным нібыта доказам стаў удзел падсудных у пражскай канферэнцыі, дзе яны дамовіліся арганізаваць злачынную арганізацыю і атрымлівалі з Прагі злачынныя загады.
Сярод доказаў — мапа Беларусі, якую выдалі ў Вільні ў 1918 годзе, і дзе межы Латгаліі — усходняй часткі Латвіі — пазначаны як беларускія тэрыторыі. Адвакаты пярэчылі, што ў 1918 годзе яшчэ не былі вызначаныя межы Латвіі, таму гэта не можа быць доказам.
Падручнік «Геаграфія Беларусі» за аўтарствам Аркадзя Смоліча таксама стаў доказам абвінавачвання. У ім было напісана, што Беларусь была «разрэзаная па жывым целе» і што «Латвія атрымала частку Беларусі». Адвакатам прыйшлося тлумачыць, што слова «атрымала» значыць па-руску «получила», а не «отторгла», як сцвярджала абвінавачванне.
Цэнтральным пунктам абвінавачвання сталі лісты Яны Краскоўскага, у якіх ён абмяркоўваў нейкі адзіны беларускі фронт Вільня-Прага-Коўна-Дзвінск-Амерыка. Пракурор быў упэўнены, што менавіта перапіска дырэктара дзвінскай школы пацвярджае існаванне арганізацыі, якая задумвала адарваць частку Латгаліі і стварыць беларускую дзяржаву. Але яна толькі падкрэслівала тое, што беларусы пагадзіліся супрацоўнічаць разам і распаўсюджваць беларускую культуру ў гэтых цэнтрах, дзе знаходзілася значная колькасць беларусаў.
Прысуд і далейшы лёс удзельнікаў
Аднак усе доказы і паказанні сведак, якія прадастаўляў пракурор, былі пабудаваныя на недакладнасцях і былі перакручаныя яшчэ падчас следства. Падручнікі, лісты і нават мапы, на якіх паказаная Беларусь, былі звычайнымі культурнымі матэрыяламі. Адвакаты падкрэслівалі, што абвінавачваныя былі і застаюцца беларускімі патрыётамі, якія мараць пра нацыянальнае адраджэнне народу і працуюць дзеля гэтага ўсё жыццё — і гэта адзінае «злачынства», якое хочуць даказаць на гэтым працэсе.
Пасля трохдзённага судовага працэсу суддзя абвясціў рашэнне: усе абвінавачваныя апраўданыя. Гэты прысуд, хоць і стаў перамогай для падсудных, не змог выратаваць развіццё беларускай культуры ў Латвіі. Школы зачыняліся — да пачатку Другой сусветнай вайны з дзясяткаў беларускіх школ засталіся адзінкі. Дзеячы з’язджалі. Надыходзіў час яшчэ больш цяжкіх выпрабаванняў.
Канстанцін Езавітаў быў адзіным, каго трымалі ў зняволенні дзесяць месяцаў да судовага працэсу, выйшаў на волю. Ён застаўся ў Латвіі і жыў там нават пасля яе акупацыі савецкай уладай. У 1941 годзе ўжо пасля нацысцкай акупацыі Езавітаў стварыў там Беларускі цэнтральны камітэт і займаўся ў яго рамках аднаўленнем і арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі. У 1944 годзе яго абралі ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ён узначаліў галоўнае ваеннае ўпраўленне. У жніўні 1944 года Езавітаў эвакуяваўся з Рыгі ў Берлін. У тым жа годзе ён быў затрыманы СМЕРШам і памёр, па афіцыйнай версіі, у турме ад сухотаў.
Намеснік Езавітава, Уладзімір Пігулеўскі, пасля судовага працэсу стаў загадчыкам беларускага аддзелу пры міністэрстве асветы Латвіі. Пасля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі ў 1934 годзе Пігулеўскага арыштавалі і саслалі ў ліепайскі лагер. У часы Другой сусветнай вайны эвакуіраваўся ў Татарстан, пасля вайны вярнуўся ў Рыгу і памёр там у 1958 годзе.
Дырэктар дзвінскай гімназіі Ян Краскоўскі летам 1925 года, як і Паўліна Мядзёлка-Грыб, пераехаў у БССР. У 1930 годзе яго арыштавалі чэкісты па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 годзе яго прыгаварылі да пяці гадоў ссылкі і выслалі ў Самару. У 1937-м Краскоўскага зноў арыштавалі. Пасля Другой сусветнай Краскоўскі выехаў у Чэхаславакію да дачкі. У 1955 годзе ён памёр у Браціславе. Краскоўскага пасля смерці рэабілітуюць двойчы: па першым прысудзе ў часы «адлігі» ў 1962-м і па другім — у 1988-м.
Гісторыя гэтага суда — гэта гісторыя барацьбы за нацыянальнае адраджэнне і самавызначэнне. Гэта гісторыя людзей, якія нягледзячы на пагрозы і турмы, працягвалі марыць пра незалежнасць свайго народа і стварэнне сваёй дзяржавы. І гэта напамін: культура і мова — гэта тое, што трэба бараніць заўсёды і ўсюды.