
Адзіночкі без бялізны, сфальсіфікаваныя справы, этапы даўжынёй у месяц. Гэта ўсё беларусы праходзілі ў 1930-я гады. Частка ўспамінаў беларусаў, якія не толькі не забылі, што з імі рабілі ў сталінскіх лагерах, а ўсё занатоўвалі, захоўваецца дагэтуль. Адным з такіх беларусаў быў Аўген Калубовіч, які ў канцы 1940-х быў прэм’ерам БНР. Калубовіч сядзеў у сталінскіх лагерах і пакінуў мемуары пра жыццё за кратамі.
PALATNO расказвае пра Аўгена Калубовіча і тое, што ён успамінаў пра сталінскія лагеры.
Змест
Хто такі Аўген Калубовіч?
Аўген Калубовіч нарадзіўся на Гомельшчыне ў 1910 годзе. У 20 гадоў скончыў педагагічны тэхнікум у сяле Бабчын, што ў Хойніцкім раёне. У тым жа годзе, што ён скончыў тэхнікум, яго арыштавалі чэкісты па справе альтруістаў: іх абвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасці і спробе арганізаваць узброенае паўстанне.
У савецкіх лагерах Калубовіч сядзеў тры гады. У 1933 годзе вызваліўся і вярнуўся ў Хойніцкі раёне. У сярэдзіне 1930-х пераехаў у Мінск выкладаць беларускую мову і літаратуру. Пасля нападу Германіі на СССР яго мабілізавалі ў армію: пад Масквой трапіў у акружэнне, вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў супрацоўнічаць з нацыстамі.
У 1944 годзе выехаў у Германію. Пасля Другой сусветнай вайны ўвайшоў у склад Рады БНР, быў прэм’ерам Урада БНР. У 1950 годзе пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Памёр у 1987 годзе ў Кліўлендзе.

Якімі былі савецкія лагеры для Калубовіча
Арышт і ўтрыманне на Гомельшчыне
Аўгена Калубовіча арыштавалі ў Бабічах, дзе ён працаваў. Арышт адбываўся глыбокай ноччу, а чэкісты нават не сказалі Калубовічу, што ён арыштаваны:
«Ордер на арышт і вобыск мне не быў нат паказаны. Сказана толькі, што мяне… затрымаюць для выяснення некаторых пытанняў. Я не павінен з сабой нічога браць, бо сёння ж вярнуся дадому».
Чэкісты даставілі Калубовіча ў Хойнікі. Там у былым панскім палацы мясціўся райвыканкам, міліцыя, а ў падвале пад гэтымі ўстановамі — ГПУ і турма. У камеры Калубовіч правёў ноч, а ў абед яго павялі на першы допыт: вывезлі з турмы на пустую чыгуначную станцыю, дзе стаялі тры вагоны з вайскоўцамі, што ахоўвалі іх. Унутры аднаго з вагонаў сядзелі чэкісты — начальнік Гомельскага акруговага оперсектара ГПУ Каравін, начальнік інфармацыйна-следчага аддзела ГПУ Высоцкі і яшчэ некалькі начальнікаў.
Калубовіча абвінавацілі ва ўдзеле ў дзейнасці беларускай антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі альтруістаў, якая нібыта планавала падняць паўстанне ў Беларусі. Чэкісты заявілі на допыце, што Калубовіч з’яўляецца не толькі ўдзельнікам арганізацыі, а яе непасрэдным кіраўніком.
Затым Калубовіча разам з дзясяткам такіх жа арыштаваных па той жа справе адправілі цягніком у Гомель. Сам Калубовіч ва ўспамінах прызнаваў існаванне арганізацыі, аднак уся барацьба палягала ў распаўсюдзе ўлётак, у якіх заклікалася не падтрымліваць савецкую ўладу. Пазней высветлілася, што ў арганізацыі знаходзіўся інфарматар, які перадаваў усе звесткі чэкістам. Праз месяц пасля арышту Калубовіча і іншых членаў для іх правялі калектыўнае чытанне абвінавачвання:
«Уражвала і абурала слова “крымінальны”, якое ў дачыненні да нас у розных склонах паўтаралася ў мове “заключенія”. У юрыдычнай тэрміналогіі СССР няма выразаў “палітычнае злачынства”, “палітычны вязень”. Тут усё — толькі “крымінальнае” і судзіцца адзіным карным кодэксам — “крымінальным”».
Калі абвінавачваемыя запыталіся, а калі ж будзе сам суд, то адзін з чэкістаў сказаў наступнае: «Суд? Ещё неизвестно. Это вовсе необязательно. Приговор может быть и без суда».
Калубовіча пасля абвяшчэння абвінавачвання адправілі ў турму. Там, па яго словах, сядзелі дзве катэгорыі вязняў: асуджаныя на невялікія тэрміны і падсудныя, якія чакаюць працэсу. Ва ўспамінах Калубовіч успамінае дзясяткі гісторый людзей, з якімі ён сустрэўся ў турме: праваслаўны святар, якога арыштавалі і катавалі; селянін, які доўгі час не ведаў за што яго ўвогуле забралі чэкісты; асуджаны да расстрэлу і памілаваны селянін, які адмовіўся ісці ў калгас і спрабаваў уцячы ў Заходнюю Беларусь.
Пасля аднаго з допытаў Калубовіча адправілі ў адзіночку, бо той адмовіўся выкрыць яшчэ больш членаў арганізацыі.
«У “адзіночцы” няма нараў і наогул ніякай мэблі. Сюды не даюць і пасцелі: сядзець і спаць можна адно на голай падлозе. Шырыня яе крышачку большая, калі легчы і выпрастаць ногі; даўжыня — прыблізна патройная ад шырыні. У двух кутох ад калідору — параша і “бачок” з вадой для піцця. На паўночнай сцяне — вакно; яно ўпіраецца ў вежу з вартавым вонкавай аховы. Хоць пад столлю, у драцяной сетцы, круглыя суткі і свеціць электрычная лямпачка, тут заўсёды паўзмрок».
У адзіночцы Калубовіч прасядзеў працяглы час. Адтуль яго бралі на допыты, дзе чэкісты выбівалі прызнанні наконт удзельнікаў арганізацыі. У турме ён правёў некалькі месяцаў: палітычным вязням не дазвалялі бачыцца са сваякамі, забаранялі ліставанні, не дазвалялі кнігі, не вадзілі ў турэмную лазню, не давалі бялізну ці іншае адзенне. Вязні нават зладзілі галадоўку, каб змяніць умовы, і гэта спрацавала: усе ўмовы пратэстоўцаў задаволілі.
Турма ў Мінску
З гомельскай турмы сотні арыштаваных праз некалькі месяцаў перавезлі ў Мінск. Іх адвезлі на вядомую дагэтуль Валадарку.
«Крыміналістых, відаць, тут мала, бо пра іх нічога не чуваць. 75% — сяляне: “кулакі”, “падкулачнікі”, “кулацкія падпявалы”. Другая большая група — беларуская інтэлігенцыя, найбольш — настаўнікі, аграномы, студэнты».
У Мінску Калубовіч даведаўся пра сфабрыкаваную справу «Саюза вызвалення Беларусі». Там жа Калубовіч сустрэўся з некаторымі арыштаванымі па гэтай справе.
У мінскай турме арыштаваны Калубовіч прабыў да канца кастрычніка 1930 года. За адзін дзень яго разам з іншымі членамі арганізацыі альтруістаў збіраліся этапаваць у лагер. Спачатку павезлі ў Оршу, потым — у Маскву, Вятку, Перм.

Лагеры, лагеры, лагеры
У Пермскай вобласці частку вязняў накіравалі пешшу ад чыгуначнай станцыі да Усольскага лагера. Спачатку ўсіх вязняў, якіх прывялі ў лагер, перапісалі, забралі асабістыя рэчы і кінулі ў скрыні. Затым вязняў разбіваюць на часткі. У гэты час усіх трымаюць на вуліцы — у гэты час на дварэ ўжо зіма.
Ва Усольскім лагеры вязні не толькі сядзелі, але і працавалі, валілі лес. Першыя чатыры тыдні вязні правялі ў «каранціне». Калубовіч успамінаў, што кожную раніцу вязні шэрагамі ішлі ў туалет, але памыць рукі пасля яго немагчыма, бо ўмывальні няма. Затым вязні ішлі на сняданак:
«У “бачку” — “рыбная баланда”. З яе яшчэ ідзе пара. Ад “чаю” яна адрозніваецца тым, што “чай” — чыстая вадзіца, а “баланда” — мутная. Праўда, у “баландзе” могуць быць рыбныя косці, часам — хвост ці 1-2 галавы, а на паверхні абавязкова плаваюць вочы. Тут новая праблема: есці “баланду” няма чым. Лыжкі ў нас паадбіраў канвой, запэўніўшы, што нам іх у лагеры дадуць».
Пасля ў «каранціне» праводзяць медагляд, падчас якога вырашаецца, хто і на якую працу здольны ў лагеры. Сярод тых, хто ў «каранціне», кожны дзень фарміруюць новыя брыгады рабочых па 30 чалавек. Ужо пасля «каранціну» з вязняў сфарміруюць сталыя брыгады і не будуць перакідваць іх то ў адну, то ў іншую брыгаду.
Калубовіч знаходзіўся ў сістэме Вішнарскіх лагераў. Асноўнымі задачамі зняволеных была будоўля Краснавішарскага папярова-цэлюлознага камбіната і Беразнікоўскага хімічнага камбіната, разам з прадпрыемствамі будавалі і самі гарады.
У красавіку 1932 года Калубовіча этапавалі ў Дальлаг на будаўніцтва Транссібірскай чыгункі. Гэты перадапошні этап для Калубовіча быў няпростым: таварныя вагоны, у якіх перавозілі вязняў, не атапліваліся, а працаваць прыходзілася ў жорсткіх умовах тайгі. Аднойчы атрад Калубовіча паднялі раніцай, усіх пастроілі ў шэрагі: а перад імі скінулі дзясяткі трупаў — вязні спрабавалі ўцячы, але іх усіх перастралялі. За некалькі месяцаў да вызвалення Калубовіча перавезлі ў іншы лагер, які размяшчаўся побач з Дальлагам.
Лагерная мова
Ужо ў 1930-я гады ў савецкіх лагерах панавала свая «мова». Калубовіч адзначаў у мемуарах, што яна пачала толькі фармавацца ў лагерах, калі ён туды трапіў. Аднак нават тады ўжо яна адрознівалася ад рускай мовы — па словах Калубовіча, менавіта яна і была галоўнай за кратамі. Большасць гэтых слоў ужо вядомая звычайным людзям: гэта блат, зэк, опер, туфта, філоніць.
Канваіраў называлі «архангеламі» ці «попкамі», операў паміж сабой звалі «лягавымі», а начальніка лагера быў «фараонам». «Малітвай» называлі загад начальніка канвою перад канвойнай калонай. «Размаляваць» выкарыстоўвалі, калі казалі пра тое, каб збіць вязня пры допыце.
Часам некаторыя дзеянні азначалі цэлыя фразы:
- Без пересадки до классиков марксизма — памерці ці
быць расстраляным. - Египетские пирамиды — тое, што будуць вязні падчас працы ў лагерах.
- Навесить фонари — набіць сінякі пад вачыма.
- Посчитать ребра — моцна пабіць.
- Пустить на колбасу — пазабіваць.
- Списать в расход — расстраляць.

***
17 красавіка 1933 года Аўгена Калубовіча вызвалілі з лагера. Пры вызваленні ён не атрымаў сваіх рэчаў, якія здаваў у першым лагеры. Хутчэй за ўсё, іх скралі тыя, хто працаваў на складах.
«Выходжу за браму. Раблю крок налева, крок направа. Ніхто не страляе. Аглядаюся па баках і назад: не відаць ні “свечак”, ні “попак”. Так прывык да іх, што адразу цяжка паверыць, што іх няма, што можна ісці без іх. Калі б не куфар, рукі самі б з прывычкі пацягнуліся за спіну, бо дзесь у мазгу яшчэ гучыць “Взять руки назад!” Іду і не веру. Развучыўся хадзіць сам, адвык. Неяк дзіўна, быццам у сне. Няма ніякага канвою. Я сам. Адзін».