Вы чытаеце:
«Штазі» — мастацтва «раскладаць» мазгі. Чым падобны Мінск 2020-га да Усходняга Берліна 1980-х

«Штазі» — мастацтва «раскладаць» мазгі. Чым падобны Мінск 2020-га да Усходняга Берліна 1980-х

штазі хто гэта

На вуліцы спыняецца белы бусік. З яго выходзіць чалавек і ветліва прапаноўвае мінаку сесці, бо «ёсць пара пытанняў». Мінак не разумее, што адбываецца. Тады з бусіка выходзяць яшчэ двое і цягнуць яго сілай. Паўгадзіны ў цемры. Дзверы адчыняюцца. Перад ім — шыхт мужчын з дубінкамі… Гэта не Мінск 2020-га. Гэта Усходні Берлін 1980-х.

«Штазі» (у арыгінале Stasi / Ministerium für Staatssicherheit — Міністэрства Дзяржбяспекі ГДР) — аналаг савецкага КДБ з дадаткам нямецкай педантычнасці. Адна з найбольш эфектыўных спецслужбаў часоў халоднай вайны.

«Дзяржава ў дзяржаве», якая стварыла сапраўдную рэальнасць з сусвету Оруэла, на што ў СССР не хапала рэсурсаў ды інтэлекту. На рахунку «Штазі» безліч злачынстваў, за якія… ніхто не панёс пакарання.

Але пра ўсё па парадку.

Гэты тэкст можна прачытаць, а можна паслухаць у падкасце «Голасам».

Хросны бацька — Берыя

Пасля 1945-га Усходняя Германія з паловай Берліна адыходзіць да сферы ўплыву СССР. Савецкія органы тут працуюць да пачатку 50-х, але патрэбныя ўласна нямецкія калегі — дублёры. Таму менавіта хросным бацькам «Штазі» лічыцца Лаўрэнцій Берыя. Тады і ў далейшым спецслужбы шчыльна працуюць разам, а «Штазі» называюць філіялам КДБ.

Саветы стваралі спецслужбы «пад сябе» па ўсіх краінах сацлагера, але да ГДР была асаблівая ўвага. Бо гэта — заходні выступ Варшаўскага блока. Супер важная краіна. У дадатак, ФРГ пасля аднаўлення бярэ на сябе лідарства ў Еўропе, там стаяць амерыканскія базы ды ўзбраенне.

На мяжы 1940-50-х існаванне моцнай спецслужбы ў ГДР тлумачылі «барацьбой з нацысцкім падполлем». Але нават тады ў палітычнай турме Берліна сядзелі адно 15% былых нацыстаў, а рэшта — нелаяльныя Саветам немцы і выпадковыя ахвяры. Дарэчы, у квартале «Штазі» быў асобны інстытут для архіваў Рэйха. На словах, іх вывучалі, каб выяўляць «былых». На справе — шукалі максімум кампрамату для вярбоўкі агентаў ды… вучыліся.

У далейшым спецыялізацыя «Штазі» — гэта выведка, контрвыведка і — галоўнае! — праца па татальным кантролі сваіх грамадзян.

штазі хто гэта
Белы бусік, на якім затрыманых прывозілі ў СІЗА «Штазі». Фота: Алесь Кіркевіч

Больш, чым у Рэйху і СССР…

Фішкай «Штазі» было спалучэнне брутальных метадаў з ювелірнасцю працы. Агромністая колькасць усходніх немцаў марыла перабегчы на Захад, але нельга было ўсіх затрымаць ці расстраляць. Таму працавалі па «патэнцыйных» уцекачах, нефармалах, іншадумцах ды іншых «ворагах». Адсюль — небывалая ў сусветнай гісторыі навацыя: татальная сетка інфарматараў.

На момант росквіту, у 1980-х, на 60 усходніх немцаў даводзіўся адзін агент. То бок, адзін «стукач» на пад’езд пяціпавярховай «панэлькі». Не лічачы 90 000 штатных супрацоўнікаў «Штазі» (насельніцтва ГДР — 17 мільёнаў). Для параўнання: пры Гітлеры быў 1 агент на 2000 грамадзян.

«Стучалі» ўсе: рабочы на начальніка, начальнік на рабочага, сусед на суседа. Калі пасля 90-га адкрыліся архівы «Штазі», адна з гісторый выглядала так: муж «стучаў» на жонку, а жонка на мужа. У выніку яны развяліся. Дэвіз «Штазі»: «Непатрэбнай інфармацыі не існуе». Спецслужбу цікавіла ўсё: ад палітычнага мінулага да любімай маркі цыгарэт ахвяры. Калі чалавек трапляў у спецтурму, пра яго ўжо ўсё было вядома.

штазі хто гэта
Калідор з камерамі ў СІЗА «Штазі». Фота: Алесь Кіркевіч
штазі хто гэта
Змрочныя пераходы з сеткай у сутарэннях «Штазі». Фота: Алесь Кіркевіч

 

«Я табе дапамагу, бо ты добры хлопец!..»

Турма «Штазі» знаходзілася ў адмысловым квартале Усходняга Берліна. Яе не было на картах. Да пачатку 50-х там працавала КДБ, пазней — самі немцы. Раннія метады ў турме былі брутальныя, савецкія: спецлагер №3 адносіўся да сістэмы ГУЛАГу. Былі «халодныя» і «гарачыя» (да 40 градусаў) камеры. Ад сырасці ў жанчын валасы пакрываліся цвіллю. Затрыманыя часта жавалі гузікі ад адзення, каб сцішыць голад. У дадатак — пабоі і начныя допыты…

Пазней быў збудаваны новы корпус, больш «цывільны». Акурат туды прывозілі затрыманых тыя самыя белыя бусікі. Дарэчы, на іх часам пісалі назвы прадуктаў, а немцы дзівіліся: чаму паліцы ў крамах пустыя, а па Берліну ездзіць столькі развозчыкаў ежы?.. З цемры бусіка чалавек трапляў у пакой з моцным святлом. Яго маглі збіць адразу або — ветліва правесці ў камеру.

Далей — праца следчага. Людзей найчасцей трымалі па адным ва ўмовах поўнай цішыні. Без магчымасці чытаць, пісаць, ведаць гадзіну дня і нават дату. Утрымліваць чалавека маглі бясконца — без суда. Адзіным суразмоўцам аказваўся следчы, які пачынаў з фразы: «Я табе дапамагу, бо ты добры хлопец!..»

Метады допыту — розныя. У залежнасці ад асобы. Калі п’еш — прапануюць выпіць. Калі сямейны — пакажуць фота жонкі з дзецьмі. Следчы мог дэманстратыўна націснуць штэпсель, маўляў, а запіс выключаны, «пагаворым не для пратаколу». Хоць запісваючых прылад было некалькі. Было і такое: чалавек просіць цыгарэты, якія былі пры ім падчас затрымання. Яму іх заносяць у камеру… але не даюць запалак. Жанчыне, ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, маглі паведаміць, што яе дзеці трапілі ў аўтакатастрофу. І так далей.

штазі хто гэта
Супрацоўнікі «Штазі» не выглядалі крыважэрнымі, хутчэй нагадвалі супрацоўнікаў нейкага інстытуту. Фота: www.simonmenner.com

Мільёны фота: секс, п’янкі, людзі ў ванне…

СІЗА пры «Штазі» быў фінальным пунктам, але галоўная праца — на волі. Менавіта тут і чытаецца ювелірнасць метадаў спецслужбы. І гэта не толькі пра татальную праверку лістоў і пасылак (ФРГ-ГДР) ці праслухоўванне тэлефонаў. Знаходкай стаў метад «раскладання». Чытай: дэградацыі асобы без прамога кантакту — не крануўшы чалавека пальцам.

Супрацоўнікі, напрыклад, таемна заходзілі ў кватэру, калі там не было гаспадара, і рабілі свае парадкі: перастаўлялі месцамі рэчы, нешта забіралі, пасля таемна вярталі. Замаўлялі чалавеку пакупкі, якіх ён не рабіў. Грукалі ў дзверы ці званілі сярод ночы. Рэзалі шыны аўто ці ровара, каб той спазняўся на працу: яго звальнялі. У краме падкідвалі ў кішэнь ці торбу прадметы, каб на выхадзе затрымаць «за крадзеж». Людзі занураліся ў глыбокую дэпрэсію ці думалі, што губляюць розум. Некаторыя і праўда гублялі ці сканчалі жыццё самагубствам.

штазі хто гэта
Тэлескапічная металічнай дубінка супрацоўніка «Штазі». Падыходы былі розныя: ад ветлівага да брутальнага. Зрэшты, можна было чаргаваць… Фота: Алесь Кіркевіч

Для здабыцця кампрамату, апроч даносаў, было татальнае фатаграфаванне і відэаздымка. У архівах «Штазі» — мільёны здымкаў. Секс, п’янкі, людзі ў ванне, людзі ў душавой ці саўне, людзі ў тэлефоннай кабінцы або на выхадзе з амерыканскага пасольства… Ці, напрыклад, фота інтэр’ера пакоя непаўналетняга юнака з плакатамі заходніх рок-зорак і амерыканскім сцягам. Чытай: «патэнцыйны здраднік».

Усё гэта рабілася максімальна акуратна, каб шараговыя грамадзяне, якія ніколі не бачылі на ўласныя вочы афіцэра спецслужбы, лічылі, што «Штазі» — паўсюдна. І ад яго нікуды не ўцячэш. Таму, напрыклад, перад вобшукам маглі на паляроід фатаграфаваць абстаноўку кватэры з незапраўленым ложкам «да вобшуку», каб пазней, пры патрэбе, усё да дробязяў выглядала так сама, як раней.

штазі хто гэта
Галерэя партрэтаў ахвяр «Штазі» ў музеі на месцы колішняга СІЗА. Фота: Алесь Кіркевіч

Штодзённасць «Штазі»: вечарынкі ў касцюмах

Пачынаючы з 50-х, супрацоўнікі «Штазі», як і кадэбісты ў СССР, перасталі публічна насіць форму. Іх можна было пазнаць па ўмоўна аднолькавых шэрых плашчах або спартыўных касцюмах. Форма — толькі для афіцыйных мерапрыемстваў. Ды і ў форме адрозніць супрацоўніка маглі толькі спецы: адзінае адрозненне ад армейскага мундзіра — колер асновы пагонаў. На чорна-белых фота ці відэа гэта немагчыма заўважыць.

Супрацоўнікі «Штазі» — закрытая супольнасць, з якой можна па-добраму сысці толькі на пенсію. Нельга проста звольніцца, бо ты ўжо зашмат ведаеш. Прасцей скончыць жыццё самагубствам або паспрабаваць збегчы. Гартаючы фота супрацоўнікаў, адразу і не скажаш, што гэта нейкія «страшныя» людзі: хутчэй супрацоўнікі нейкага інстытута ці дома культуры. У акулярах, з вусамі, бародамі.

У гэтай супольнасці былі і свае рытуалы, пра якія сведчаць рэдкія фотаздымкі. Напрыклад, на нейкае свята да кіраўніка аддзела яго падначаленыя апрануліся… у касцюмы ахвяр «Штазі»: каталіцкага біскупа, нефармала, студэнта і так далей. Сапраўдны карнавал. На іншым фота афіцэр стаіць на каленях, а ў яго на грудзях — тэлефонная трубка. Так, з гумарам, узнагародзілі чалавека, які займаўся праслухоўваннем. Свая атмасфера.

Архітэктарам гэтага ўсяго быў Эрых Мільке. Колішні нямецкі камуніст, які ваяваў у Гішпаніі ў інтэрбрыгадах у 1930-я, змагаўся з нацыстамі ў 1940-я. Мільке прайшоў усе магчымыя ўзроўні падрыхтоўкі савецкага НКУС-КДБ. Але самае цікавае, што пасля 1990-га… яго так і не пасадзілі за злачынствы Штазі». Мільке памёр у 2000-м на 97-м годзе жыцця. Суседзі згадвалі яго як ціхага пенсіянера, якога выгульвалі ў інвалідным вазку целаахоўнікі.

штазі хто гэта
Гэта не Галівуд 70-х, а прыёмы змены знешнасці ад «Штазі» з адмысловай метадычкі. Фота www.simonmenner.com

«Усё было зусім не так…»

Пасля падзення ГДР і аб’яднання Германіі «Штазі» не аказала супраціву (хоць у штаб-кватэры знайшлі вялізны арсенал зброі). Галоўнай задачай было знішчэнне архіваў. Дзень і ноч працавалі дзясяткі шрэдараў для паперы. Калі яны зламаліся, супрацоўнікі рвалі дакументы рукамі і складалі ў мяхі. Гэтыя мяхі разбіраюць дагэтуль… У дадатак — мільёны фота, відэа, магнітафонных запісаў, колбаў з біяматэрыяламі ахвяр.

Грамадзяне атрымалі доступ да сваіх спраў, але абмежаваны: без прозвішчаў даносчыкаў. Публікацыя дасье, сабраных «Штазі», таксама абмежаваная, бо там было шмат усяго пра публічных палітыкаў накшталт былога канцлера Гельмута Коля. Некаторыя рэчы не публікуюцца па маральных прычынах.

Варта дадаць, што «Штазі» не толькі душыла сваіх грамадзян, але і паспяхова працавала на знешнім напрамку. Сярод завербаваных агентаў — паліцэйскія ФРГ, танцоўшчыцы ў элітных клубах Заходняга Берліна, блізкія дарадцы колішняга прэзідэнта ФРГ Віллі Брандта і нават Джона Кенэдзі! Фішкай «Штазі» была не грубая сіла, а інтэлект. Што і зрабіла спецслужбу змрочнай легендай.

штазі хто гэта
Маціас Варнінг — былы супрацоўнік «Штазі» і сябар Пуціна, які да нядаўна ўзначальваў «дачку» «Газпрама» Nord Stream 2. Фота: Міхаіл Метцаль / ТАСС

У 1990-я былых супрацоўнікаў не судзілі. Яны ішлі ў бізнес, адвакатуру, юрыдычную кансультацыю. Некаторыя ў далейшым «усплылі» ў… Расіі: як Маціас Варынг, кіруючы дырэктар кампаніі «Норд Стрым», сябар Пуціна. Іншыя — спакойна выйшлі на пенсію. Як Зігфрыд Ратайчык, колішні начальнік турмы «Штазі». Калі ў былой турме зрабілі музей, ён перыядычна прыходзіў, каб панастальгаваць ды палаяць музейшчыкаў, маўляў, «усё было зусім не так…»

Алесь Кіркевіч
Загалоўнае фота: Эрых Мільке (з мікрафонам) вельмі любіў спяваць, асабліва на сяброўскіх вечарах з супрацоўнікамі савецкага КДБ. За яго спінай у акулярах — кіраўнік выведкі Макс (Міша) Вольф, які меў мянушку «Чалавек без твару». Крыніца: military-az.com

Вярнуцца ўгару