«Калі не прыйдзеце, усяму начальству будзе наганяй». Як у Беларусі праводзяць суботнікі

суботнікі ў Беларусі

Суботнік — гэта выхадны дзень, у які людзі дабравольна выходзяць у двары і паркі, на вуліцы і да месцаў пахавання і бясплатна займаюцца ўборкай тэрыторыі.

PALATNO расказвае, адкуль пайшла традыцыя праводзіць суботнікі ў Беларусі, ці абавязкова ў іх удзельнічаць і куды ідуць заробленыя грошы.

Як Лукашэнка «прынёс» суботнік у Беларусь

Суботнікі ўзніклі ў 1919 годзе пасля таго, як Уладзімір Ленін заклікаў палепшыць працу чыгунак. У адказ на гэта камуністычныя актывісты дэпо «Москва-Сортировочная» Маскоўска-Казанскай чыгункі пасля працоўнага дня вярнуліся ў цэх і ў ноч на суботу бясплатна адрамантавалі тры паравозы.

Крыху пазней на Маскоўска-Казанскай чыгунцы адбыўся першы масавы суботнік. На думку Леніна, ініцыятыва чыгуначнікаў, якую падхапілі на прамысловых прадпрыемствах, стала праявай гераізму працоўных мас, якія пачалі практычнае будаўніцтва сацыялізму. Суботнікі сталі выражэннем новага «добраахвотнага» падыходу да працы ў абстаноўцы эканамічнага спаду і голаду, якія панавалі ў Расіі ў гэтыя гады.

Да 1920 года суботнікі дасягнулі істотнага маштабу. У студзені ўжо тысячы рабочых працавалі на суботніках у дапамогу фронту — гэта мерапрыемства называлася «тыдзень фронту». 1 мая 1920 года правялі яшчэ больш масавы Усерасійскі суботнік, у якім прымаў удзел і сам Ленін.

У асобныя перыяды суботнікі праводзіліся кожны тыдзень, у іншыя — некалькі разоў на год. Найбольш масавыя суботнікі, прымеркаваныя да дня нараджэння Леніна, праводзіліся штогод. Суботнік звычайна праводзіўся па месцы працы. Усё, што прадпрыемства выпускала ў гэты дзень, ішло звыш плана, а заробленыя сродкі накіроўваліся ў фонд пяцігодкі.

Спачатку суботнікі былі добраахвотнымі, але потым яны сталі прымусовымі. На мерапрыемствах з’яўляліся рэпарцёры, перад якімі работнікі з жартамі і песнямі прыбіралі тэрыторыю прадпрыемства, працоўныя памяшканні, выраблялі тавары народнага спажывання, добраўпарадкоўвалі прылеглыя зялёныя зоны.

Пасля 1991 года паўсталі больш важныя пытанні, чым арганізацыя суботнікаў, і работнікі прадпрыемстваў ужо самі прымалі рашэнні, каб правесці ўборку.

У незалежную Беларусь суботнік «прыйшоў» разам з Аляксандрам Лукашэнкам. У 1995 годзе перад святкаваннем 50-годдзя са дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны гарадскія ўлады звярнуліся да мінчан з просьбай выйсці на агульнагарадскі суботнік. На прапанову адгукнуліся ў асноўным бюджэтнікі, масавага суботніка арганізаваць не атрымалася.

У 1996 годзе да суботніка далучыліся Лукашэнка, прэм’ер-міністр, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, члены ўрада і прадстаўнікі Мінгарвыканкама. Яны мяшалі бетон, раўнялі падлогі, укладвалі гідраізаляцыю і цягалі цэглу на будаўніцтве станцыі метро «Партызанская».

«Тое добрае, што мы ўзялі з савецкага перыяду»

Суботнікі могуць быць як рэспубліканскімі, так гарадскімі альбо раённымі. Рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага суботніка прымае Савет Міністраў.

У 2020 годзе, у красавіку, нягледзячы на эпідэмію каранавіруса, адбыўся рэспубліканскі суботнік, на якім прысутнічаў і сам Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем, асабістым доктарам, а таксама бізнесменам і кіраўніком Беларускай федэрацыі тэніса Сяргеем Цяцерыным. Таксама з Лукашэнкам быў і шпіц, якога ён насіў у кошыку.

На мерапрыемстве Лукашэнка заявіў, што «суботнікі — гэта тое добрае, што мы ўзялі з савецкага перыяду».

У тым жа месяцы Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала ўладам Беларусі забараніць масавыя мерапрыемствы, забяспечыць каранцін для тых, хто заразіўся каранавірусам, а таксама для кантактаў першага і другога ўзроўняў, паколькі краіна «ўступае ў цяжкія часы». Нагадваем, што Лукашэнка называў пандэмію «псіхозам», заяўляў, што «ў Беларусі няма ніводнага памерлага ад каранавіруса», і «яны памерлі ад букета хранічных захворванняў».

У 2023 годзе рэспубліканскі суботнік прайшоў 22 красавіка. У ім прынялі ўдзел каля трох мільёнаў беларусаў на «добраахвотнай» аснове.

За граблі і рыдлёўкі ўзяліся не толькі простыя беларусы, але і кіраўнікі разнастайных міністэрстваў і ведамстваў, і сам Лукашэнка. Разам з сынам Мікалаем і актывістамі БРСМ Лукашэнка высаджваў дрэвы на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». На суботніку таксама прысутнічаў Грыгорый Азаронак, якому Лукашэнка падарыў кувалду — гэта такая спасылка да ЧВК «Вагнер», прадстаўнікі якой забілі звязанага чалавека кувалдай.

Сума сродкаў ад суботніка ў 2023 годзе склала больш за 14 млн рублёў. Гэта на 18,8% больш, чым у 2022-м. Як правіла, грошы з гэтага мерапрыемства пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы на грамадска значныя мэты. Згодна з пастановай урада ад 10 красавіка 2023 года №241 «Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2023 годзе» ў бягучым годзе сабраныя сродкі накіравалі на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці і стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці з магчымасцю выкарыстання гэтых сродкаў у 2023/2024 гадах.

Што трэба ведаць пра суботнік

У пастанове Саўміна аб рэспубліканскім суботніку пазначаецца неабходнасць «рэкамендаваць» дзяржорганам і дзяржаўным арганізацыям прыняць удзел у адным з двух варыянтаў: альбо працаваць на добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцей, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўцы дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона, альбо правесці дзень на працоўным месцы.

Гэта значыць, што ўдзел у суботніку для супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый толькі рэкамендуецца. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, праца ў Беларусі з’яўляецца добраахвотнай, таму прымушаць да працы ў гэты дзень ніхто не мае права. У пастанове таксама пазначана, што кіраўнікі дзяржорганаў і дзяржаўных арганізацый павінны ўдзельнічаць у суботніку.

Што тычыцца грошай, калі ў суботніку ўдзельнічаюць некамерцыйныя арганізацыі, то памер унёску ў кошт суботніка вызначаецца самімі работнікамі.

Пералік сродкаў на суботнік з’яўляецца выключна добраахвотнай справай. Ніхто не мае права прымушаць работнікаў аддаваць грошы з заробку замест удзелу ў суботніку.

Перад тым, як пайсці на суботнік, наймальніку перш за ўсё трэба аформіць прапанову аб удзеле і азнаёміць з ёй сваіх работнікаў. У дакуменце пазначаецца, дзе і калі будзе праходзіць суботнік, а таксама тэрмін, да якога работнікі павінны даць пісьмовую згоду на ўдзел. Наступным крокам наймальніка будзе выданне загаду аб правядзенні суботніка. Нягледзячы на тое, што наймальнік папярэдне атрымлівае згоду работніка, такое мерапрыемства, як суботнік, усё роўна застаецца добраахвотным. Таму, калі дзень правядзення суботніка для работніка выхадны, няяўка не можа расцэньвацца як прагул. А значыць, прыцягнуць такога работніка да дысцыплінарнай адказнасці за няяўку на суботнік нельга (ч. 1 арт. 110, арт. 142-145, 197 ПК).

«Для кіраўніцтва ладзілі п’янкі»

Беларус Дамінік (імя змененае ў мэтах бяспекі — PALATNO) працаваў у Беларусі ў дзяржаўнай установе. Падчас суботнікаў Дамінік і яго калегі наводзілі парадак на сваіх працоўных месцах.

— Паколькі маё працоўнае месца было заўсёды ў парадку, то я альбо прыходзіў, альбо дамаўляўся, што не прыйду. На вахце ставілі галачку. Вахта — гэта была асобная служба, якая складалася з былых сілавікоў. Яны да нас ставіліся так, быццам мы не іхнія, і трымаліся асобна. Звычайна на суботніку нічога не рабілася. Трошкі папрацуеш, хвілін дзесяць, рэчы прывядзеш у парадак на сваім працоўным месцы — і ты вольны. А трэба было сядзець, напрыклад, мінімум да абеду. Ну, мужыкі што рабілі — яны прыносілі з сабой спіртное і паціху маглі квасіць. Хтосьці займаўся сваімі справамі па працы, хтосьці ў тэлефоне сядзеў, хтосьці звальваў. Перад суботнікам звычайна адбываўся сход, на якім выступаў прафсаюзны лідар. Ён усіх папярэджваў, угаворваў, пагражаў і казаў, што гэта трэба, гэта дзяржаўнае мерапрыемства і мы мусім удзельнічаць. Ён разумеў, што гэта фіктыўны ўдзел, але казаў: «Што тут паробіш, прысутнічаць трэба. Калі вы не прыйдзеце, то ўсяму начальству будзе наганяй». Самыя смелыя не прыходзілі, менш смелыя сыходзілі раней, а больш паслухмяныя сядзелі да канца.

Па словах Дамініка, апроч удзелу ў суботніку, трэба было здаваць грошы. Пра гэта ў работнікаў ніхто не пытаўся — проста вылічвалі з заробку і ставілі перад фактам. Беларус дадае, што хтосьці рэагаваў агрэсіўна, а большасць «махала рукой». У адказ на гэта бухгалтэрыя разводзіла рукамі і казала, што «гэта загад зверху», а прафсаюз спасылаўся на тое, што «начальства здае ў два разы болей».

Акрамя таго, з ліку работнікаў вылучалі некалькі чалавек для ўдзелу ў раённых суботніках, куды прыязджала адміністрацыя ці нейкі міністр. Звычайна гэта былі людзі з кіраўніцтва, прыхільнікі ўлады альбо людзі з вахты. Дамінік кажа, што часцей за ўсё гэта было для камеры ці для таго, каб пабыць масоўкай. Часам для кіраўніцтва на суботніках маглі ладзіць банкеты і «п’янкі», але нават туды ніхто не хацеў хадзіць.

Пасля суботніка работнікам заўсёды дакладвалі, колькі сабралі грошай і колькі чалавек прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Дамініку заўсёды падавалася, што гэтыя лічбы «бралі са столі», бо ўдзел большасці быў фіктыўны.

Больш за ўсё на суботніку беларусу не падабалася сядзець і чакаць, пакуль іх адпусцяць.

— Казалі, што можа быць нейкая праверка, можа прыехаць хтосьці з вышэйшага начальства. Ніколі ніхто не прыязджаў, але кожны раз казалі. Увесь гэты суботнік — такая вялікая галачка, невядома для каго. Адзінае, што адчувалася, — што забіраюць грошы. Кожны суботнік абмяркоўвалася, чаму мы выходзім і працуем, а з нас яшчэ і грошы збіраюць. Ну і пасля першай чаркі пачыналася размова пра тое, куды ж пойдуць гэтыя грошы: ці Коленьку на новы электрамабіль, ці новую рэзідэнцыю будуць будаваць.

Марыя Седышова.

Вярнуцца ўгару