Свідрыгайла супраць Жыгімонта. Як у Вялікім княстве Літоўскім адбылася першая грамадзянская вайна

бітва пад вількамірам, вількамірская бітва, вайна свідрыгайла і жыгімонта

Вялікае княства Літоўскае пасля смерці Вітаўта апынулася на мяжы расколу. Тады вялікім князем стаў Свідрыгайла Альгердавіч. Яго барацьба з Ягайлам, Польшчай і апазіцыяй унутры ВКЛ ператварыла ўсю Усходнюю Еўропу ў поле бою паміж крыжам, арлом і «Пагоняй».

PALATNO

Абаронца праваслаўя і вораг каталіцтва

У 1430 годзе памёр Вітаўт. У ВКЛ з’яўляецца новы вялікі князь — Свідрыгайла. Яго падтрымаў польскі кароль Уладзіслаў-Ягайла. Асобу Свідрыгайлы падтрымалі ўнутры Вялікага княства Літоўскага. Аднак для Польшчы такі выбар быў ударам: там лічылася, што Літва з’яўляецца неад’емнай часткай Кароны, таму кіраўніком ВКЛ не павінен быць чалавек, які марыць пра незалежнасць.

На той час Свідрыгайла быў вядомы як даўні сапернік Вітаўта. Польскія храністы, асабліва Ян Длугаш, малявалі князя амаль вар’ятам. Гэта адбывалася з-за таго, што Свідрыгайла адстойваў правы праваслаўных у межах шматнацыянальнай дзяржавы. Да таго ж, князь быў жанаты з дачкой цвярскога князя. Цікава, што пры гэтым сам ён быў каталіком.

свідрыгайла, вялікі князь літоўскі, ВКЛ
Вялікі князь Свідрыгайла. Выява створаная штучным інтэлектам.

Свідрыгайла імкнуўся да балансу паміж Усходам і Захадам. Ён бачыў місію ў абароне рускіх зямель ад польскай экспансіі і ціску касцёлу. Такая палітыка зрабіла князя ворагам №1 для каталіцкай шляхты і духавенства. Палякі баяліся, што Свідрыгайла можа разваліць унію з Польшчай і аслабіць уплыў каталіцтва на вялікалітоўскія землі.

Кароль Ягайла праводзіў асцярожную палітыку, каб з боку Польшчы і з боку ВКЛ не адбылося ўзброеных спрэчак. Аднак буйная тэрытарыяльная спрэчка ўсё ж такі адбылася: каронныя паны захапілі Падолле, абвінавацілі Свідрыгайлу ў арышце польскага караля, які на той момант быў у ВКЛ (гэта было няпраўдай) і пачалі ўзброеную барацьбу.

Вайна, змова, замах

У накаленай абстаноўцы Свідрыгайла пачаў шукаць новых саюзнікаў. Ягайлу не падабалася, што вялікі князь уступіў у адкрыты канфлікт з кароннымі панамі і так і не вырашыў спрэчкі, хоць і абяцаў. Так Свідрыгайла заручыўся падтрымкай Малдовы, татарскага хана Улуг-Мухамеда і нават Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак сапраўдным шокам стаў саюз з Нямецкім ордэнам — колішнім ворагам Літвы і Польшчы.

Усё гэта вялілася ў ваенныя дзеянні на Падоллі паміж рознымі сіламі. Барацьба Свідрыгайлы супраць Польшчы яўна не зарабіла яму палітычных балаў унутры ВКЛ. Каталіцкая эліта была абурана прызначэннем праваслаўных на ключавыя пасады, а яшчэ пазней падтрымала змову Жыгімонта Кейстутавіча.

жыгімонт кейстутавіч, вялікія князі, ВКЛ
Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч. Выява створаная штучным інтэлектам.

1 верасня 1432 года ў Ашмянах на Свідрыгайлу здзейснілі замах. Галоўнымі актарамі замаху былі стрыечны брат вялікага князя Жыгімонт Кейстутавіч і Сымон Гальшанскі. У апошні момант Свідрыгайлу папярэдзілі і той уцёк у Полацк, але жонка трапіла ў няволю.

З таго часу Літва раскалолася: заходняя частка прызнала Жыгімонта, усходняя — засталася за Свідрыгайлам.

Як Жыгімонт граміў Свідрыгайлу, але пацярпеў ад уласнай падазронасці

У 1432 годзе была падпісана Гарадзенская ўнія, якая стала трыумфам для польскай інкарпарацыйнай палітыкі. Жыгімонт Кейстутавіч прызнаваўся вялікім князем, а бунтаўшчыка Свідрыгайлу пазбавілі ўсялякіх прэтэнзій на ўладу. Пасля смерці Жыгімонта ўлада ў ВКЛ павінна перайсці да Ягайлавічаў. Фактычна вялікалітоўскія землі сталі ленам Польшчы.

Свідрыгайла адказаў на гэта ўдарам па апанентах з беларускіх і ўкраінскіх зямель. Аднак з часам ваенная моц былога вялікага князя стала слабець, а польскія войскі разам з войскамі Жыгімонта пачалі браць верх. Жыгімонт пачаў умацоўваць сваю ўладу не толькі на полі бою: ён выдаў Трокскі прывілей, які ўраўнаваў у правах каталікоў і праваслаўных.

У 1435 годзе адбылася вялікая бітва пад Вількамірам, якую называлі другім Грунвальдам, але Свідрыгайла быў амаль разгромлены. Пасля Вількаміра князь страціў галоўнага саюзніка — Нямецкі ордэн.

Свідрыгайла не здаваўся, нягледзячы на паразы. Князь спрабаваў праз Базельскі сабор дамагчыся прызнання сябе законным князем і прапанаваў нават царкоўную ўнію з Рыма. Праваслаўныя баяры, якія раней падтрымлівалі Свідрыгайлу, успрынялі гэта як здраду. У лагеры князя пачаліся размовы і спробы арганізаваць змову. У 1435 годзе быў абвінавачаны ў здрадзе і спалены жыўцом мітрапаліт Герасім, які стаў сімвалам распаду падтрымкі Свідрыгайлы.

Паступова князь губляў усё. Пасля Вількаміра Свідрыгайла трымаўся ў Полацку, Віцебску і Валыні. Аднак у 1437 годзе ён адступіў у Малдову, але праз тры гады (пасля забойства Жыгімонта) вярнуўся на Валынь і памёр у Луцку ў 1452 годзе.

На той час Жыгімонт праводзіў жорстую ўнутраную палітыку. Ён караў сваіх жа прыхільнікаў, бо баяўся, што яны таемна падтрымліваюць Свідрыгайлу. Унутраная палітыка Жыгімонта не падабалася многім у яго лагеры, таму была арганізавана змова. Князі Чартарыйскія з віленскім і трокскім ваяводамі Даўгірдам і Лелюшам вырашылі забіць Жыгімонта Кейстутавіча. Князя забілі 20 сакавіка 1440 года ў Трокскім замку — выканаўцамі былі Аляксандр Чартарыйскі і кіянін Скабейка.

Што было пасля барацьбы Свідрыгайлы і Жыгімонта

Барацьба Свідрыгайлы і Жыгімонта была не толькі дынастычнай трагедыяй. Пасля забойства Жыгімонта абрывалася на вялікакняскім пасадзе лінія Кейстутавічаў. Свідрыгайла і Жыгімонт змагаліся за дзве розныя канцэпцыі развіцця Вялікага княства Літоўскага.

Жыгімонт быў увасабленнем канцэпцыі, у якой Літва бачылася як частка Кароны. Свідрыгайла адлюстроўваў іншы бок, дзе Вялікае княства імкнулася да самастойнасці і незалежнасці.

казімір чацвёрты, вялікія князі, ВКЛ
Вялікі князь і кароль польскі Казімір IV. Быў малодшым сынам Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Выява створаная штучным інтэлектам.

Пасля забойства Жыгімонта ў 1440 годзе Свідрыгайла вярнуўся з Малдовы і абвясціў сябе вярхоўным князем Літвы. На вялікакняскі пасад разлічвалі сын Жыгімонта Кейстутавіча князь Міхалюшка і Уладзіслаў Ягайлавіч Варненьчык. На той час Варненьчык быў польскім каралём, але на момант смерці Жыгімонта знаходзіўся ў венгерскім паходзе, таму рада вяльмож у Вільні абірала новага вялікага князя без яго. Без паразумення з кароннай радай вялікім князем ВКЛ абвясцілі 13-гадовага сына Ягайлы Казіміра.

Вярнуцца ўгару