Францішак Шлянцоўскі пачынаў кар’еру ў Празе, стаў знакамітасцю ў Варшаве, а ў Слоніме стварыў мегапапулярную балетную трупу, якая канкуравала з варшаўскім балетам. Па чутках, Шлянцоўскаму кідалі на сцэну мяхі з золатам, а сам ён быў любімчыкам польскага караля. А чаму ж вядомая зорка варшаўскай сцэны пагадзілася з’ехаць на працу ў ВКЛ і стварыць там уласную трупу?
PALATNO расказвае пра Францішка Шлянцоўскага і яго слонімскую старонку жыцця.
Зорка нарадзілася
У Празе ў 1751 годзе нарадзіўся Францішак Шлянцоўскі. Хлопец даволі рана пачаў выступаць — спачатку ў Празе, пасля і ў Вене. Яго браты таксама звязалі жыццё з танцамі. З венскай сцэны Францішка прыцягвае Варшава, з якой будзе звязана большая частка яго жыцця. На той час у Варшаве адраджалі публічны тэатр, а для Францішак Шлянцоўскі стаў тым, хто мог прыцягнуць гледачоў.
У 1774 годзе ў Варшаве Францішак Шлянцоўскі ўзрывае сцэну сваім балетам пасля оперы Гасмана. Ад гэтага часу яго папулярнасць толькі расце. З часам ён стаў зоркай танцу grotesco, у якім трэба граць целам і мімікай, рабіць нечаканыя рухі і смяшыць гледачоў.
Пра Шлянцоўскага гаворыць уся Варшава. Нават ходзяць чуткі пра тое, што танцору кідаюць на сцэну мяшкі з золатам. Складана ўявіць, што гэта было рэальнасцю, але факт, што Шлянцоўскі стаў суперзоркай. Пазней танцора ўбачыць польскі кароль Станіслаў Аўгуст, якому спадабаюцца выступы артыста і ён стане яго любімчыкам.
У 1781 годзе Шлянцоўскі танчыць у Лондане, Дрэздэне і Пецярбургу. Пры гэтым ён не разарваў зносіны з варшаўскім тэатрам. Час ад часу Шлянцоўскі вяртаецца са сваіх турнэ і выступае ў горадзе, дзе ён стаў знакамітым. Пра яго прызнанне ў польскай сталіцы сведчыць тое, што ў яго там адбыўся бенефіс у 1784 годзе. Прыкладна ў тыя ж часы Шлянцоўскі стаў не толькі танцаваць, але і сам стварае танцавальныя нумары.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Лявоніха», «Крыжачок», «Кола». Расказваем пра самыя папулярныя беларускія танцы
Шлянцоўскі і Слонім
У 1788 годзе гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі запрасіў Францішка Шлянцоўскага ў Слонім. Слонімскі тэатр Агінскага быў адной з самых яркіх культурных з’яваў у XVIII стагоддзі. Агінскі арганізаваў прыдворны прафесійны тэатр, дзе ставілі оперу, балет, быў аркестр і нават уласная тэатральная школа. Для Слоніма тэатр стаў цэнтрам грамадскага жыцця. Асаблівым гонарам для вялікалітоўскага гетмана былі музыка і балет. Напрыклад, у горадзе працавала Слонімская балетная школа, якая рыхтавала ўласную трупу для тэатра. Спачатку ў балетнай школцы вучыліся дзеці музыкантаў, а затым туды сталі набіраць дзяцей прыгонных сялян.
Запрашэнне ў Слонім было не на адзін раз, Агінскі запланаваў прапанаваць Шлянцоўскаму працу балетмайстрам і кіраўніком мясцовай балетнай школы. Менавіта пры Шлянцоўскім слонімскі балет стаў рызынкай тэатру. У 1788 годзе выхаванцы слонімскай школы выступалі ў Варшаве, што паказала магчымасць канкурэнцыі правінцыйнага тэатру са сталічным. Узімку 1790 года тэатр Агінскага выступаў у Дубне з балетнамі пастаноўкамі Шлянцоўскага.
Пры Шлянцоўскім сабралася вялікая трупа (іх было каля 20 чалавек), што нагадвала буйныя еўрапейскія балетныя калектвы. Фактычна Слонім стаў альтэрнатыўным тэатральным цэнтрам у рэгіёне.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай культурны выбух у Слоніме пачаў згасаць. Горад страціў статус важнага культурніцкага цэнтра, а тэатральная сцэна зачынілася. А балетмайстар Шлянцоўскі з’ехаў у Польшчу.
Вяртанне ў Варшаву і настаўніцтва ў Валыні
Пасля Слоніма Шлянцоўскі працаваў у Варшаве, дзе арганізаваў свой балетны ансамбль. У пачатку XIX стагоддзя ён стварыў «Танец гаралаў» для спектакля Багуслаўскага, які стаў легендарным. Пастаноўкі Шлянцоўскага паўтараліся шмат разоў, што было для таго часу рэдкасцю, бо рэпертуар часта змяняўся.
У 1807 годзе адбыўся бенефіс Шлянцоўскага ў Варшаве. Разам з ім выступілі яго дзеці: сын Пётр даў канцэрт на скрыпцы, а ў балеце танцавала яго дачка Францішка.
У 1811 годзе Тадэвуш Чацкі запрасіў Шлянцоўскага ў Крамянец, каб той настаўнічаў у Валынскай гімназіі. Для шляхты танец быў важнай часткай адукацыі, таму пасада была элітная. Шлянцоўскі пагадзіўся на прапанову. У горадзе ён не толькі настаўнічаў, але арганізоўваў гарадскія балі.
Францішак Шлянцоўскі памёр у 1826 годзе ў Крамянцы.
