«Танец рыцараў» — частка балету пра Рамэа і Джульету — стаў шэдэўрам не толькі ў кантэксце балетнага мастацтва, але і сімвалам пранікнёнай музычнай праявы ўлады і драматызму. Музыку кампазітара Сяргея Пракоф’ева амаль праз сто гадоў выкарыстоўваюць не толькі сімфанічныя аркестры, але вядомыя фільмы, серыялы і нават спартыўныя брэнды.
PALATNO расказвае, чаму «Танец рыцараў» застаецца актуальным дагэтуль.
Ад адмовы да рэкламы ў Adidas
Рускі кампазітар Сяргей Пракоф’еў пачаў працаваць над «Рамэа і Джульетай» у сярэдзіне 1930-х гадоў. Ён хацеў надаць гэтай традыцыйнай гісторыі больш сучаснае на той час музычнае гучанне. Першапачаткова балет заказаў Кіраўскі тэатр у Ленінградзе, але пасля адмовіўся ад пастаноўкі па розных прычынах. Пракоф’еў быў вымушаны перагледзець часткі балета, каб адаптаваць іх да патрабаванняў выканаўцаў і сцэнічнага рэпертуару тэатра.
Першапачаткова Пракоф’еў хацеў змяніць фінал трагедыі Шэкспіра і зрабіць яго са шчаслівым фіналам. Ён меркаваў, што «жывыя людзі могуць танцаваць, а мёртвыя — не». Планавалася, што Рамэа і Джульета не паміраюць у канцы балета, аднак пад ціскам з боку тэатра ён вярнуўся да трагічнага фіналу.
«Танец рыцараў» з’яўляецца часткай сцэны, дзе прадстаўляюцца два варожыя роды — Мантэкі і Капулеці. Музыка ўвасабляе сутыкненне дзвюх сіл: грубую ўладу Мантэкі і ўрачыстасць рода Капулеці. Твор выкананы ў строгім і драматычным стылі, у ім выкарыстоўваюць магутны рытм і цяжкія акорды.
Стварэнне балету адбывалася падчас цяжкіх палітычных умоў унутры Савецкага Саюза, калі мастацтва знаходзілася пад жорсткіх кантролем улады. Пракоф’еў мусіў прыстасаваць сваю творчасць да сацыяльных і культурных патрабаванняў савецкай улады. Аднак у «Танцы рыцараў» адчуваецца адсутнасць пэўнай ідэалогіі: магутная энергія і дынаміка безумоўна выходзяць за межы палітычных рамак.
Нягледзячы на праблемы з пастаноўкай, прэм’ера балета адбылася ў 1938 годзе ў Брно ў Чэхаславакіі, а пасля — у Ленінградзе ў 1940-м.
«Танец рыцараў» стаў найбольш вядомай часткай балету пра Рамэа і Джульету. Цяпер ён стаў і часткай масавай культуры. «Танец рыцараў» Пракоф’ева выкарыстоўваўся ў мностве фільмаў і тэлесерыялаў, да прыкладу, у «Клане Сапрана» і «Шэрлаку». Твор таксама стаў сімвалам брытанскага тэлевізійнага шоу The Apprentice, у якім выкарыстоўваўся ў загалоўнай тэме. Разам з гэтым кампанія спартыўнага адзення Adidas выкарыстала «Танец рыцараў» у рэкламе, аднак у змененай аранжыроўцы.
У чым моц «Танца рыцараў»?
Балет Сяргея Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» заняў важнае месца ў гісторыі музыкі і працягвае зачароўваць слухачоў сваёй драматычнасцю. Асабіста для кампазітара «Танец рыцараў» стаў адной з самых знакавых і ўплывовых кампазіцый у яго творчасці.
Магутны рытм і экспрэсіўная структура «Танцу рыцараў» робяць яго ідэальным для сцэн з драматычным супрацьстаяннем. Музыка стварае ўражанне непахіснай улады і нават пагрозы, што ідэальна ў свой час перадала напружанасць унутры гісторыі Рамэа і Джульеты.