Слова «капец» мае старую этымалогію і верагодна з’явілася ў беларусаў пад уплывам балцкіх моў. Больш за тое, у беларускім тапаніміконе «Капец» можа з’яўляцца найменнем урочышча, старых курганоў і гарадзішчаў (часта ў спалучэнні «Шведскі або Французскі Капец») і нават назвай вясковага паселішча. PALATNO расказвае падрабязнасці.
Старадаўняя этымалогія слова
У ранейшыя часы слова «капец» абазначала сярэднявечнае пахаванне і, верагодна, магло ўзнікнуць у беларускай мове пад уплывам літоўскай. Па-літоўску «kapas» — «магіла». Гэта заўважыла даследчыца Зоя Сяргеева, калі апісвала народныя найменні курганоў на паўночным усходзе Беларусі: «На юге региона (Чашниковский, Сенненский, Толочинский районы) для погребальных насыпей известен термин “копец”, или “капец”. Исследователи считают, что он происходит от литовского слова kapas — могила».
У слоўніку балтызмаў у славянскіх мовах Юраты Лаучутэ літоўскае «kapas» і латышскае «kaps» звязваецца са словам «капішча», якое на Палессі азначала «месца пахавання ската».
Сінонімам для наймення «капец» будзе тэрмін «курган» — сярэднявечнае пахаванне. Слова «капец» як магільны ўзгорак паслужыла асновай шматлікіх сакавітых беларускіх фразеалагізмаў, якія азначаюць «канец нейкай справы» ці «канец жыцця».
Як называліся розныя археалагічныя помнікі ад наймення Капец-Капцы
У невялікай кнізе «Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў» айчыннай даследчыцы Людмілы Дучыц складзена карта распаўсюджвання назваў Капцы і Валатоўкі для курганоў на тэрыторыі Беларусі. Навуковец адзначала: «Пры картаграфаванні выявілася, што назва Капцы распаўсюджана на тэрыторыі амаль усёй рэспублікі і толькі на Палессі яны адзінкавыя». Пры гэтым даследчыца заўважае, што сярод назваў даволі распаўсюджаныя вытворныя найменні ад слова «капец» — Скапцы, Сапцы, Падкапцы. Нягледзячы на тое, што на Падзвінні для курганоў больш характэрна назва Валатоўкі, аднак ёсць выпадкі, калі адзін і той жа курганны могільнік называюць Валатоўкі і Капцы.
Аналагічную з’яву ў краязнаўча-этнаграфічным нарысе пра вывучэнне Валатовак на Чэрвеншчыне ў часопісе «Наш край» за 1929 год зафіксаваў і даследчык Каспяровіч: «Мясцовымі краязнаўчамі даследаваны валатоўкі ў Калодзіскім сельсавеце Чэрвенскага раёну. Каля хутара Стара-Прудскай Смалярні гэтага сельсавету, кругом поля гаспадара Батуры, знаходзіцца звыш 35 курганаў, пад лесам. Далей, у лесе, курганы спатыкаюцца значнымі групамі аж да Калодзізь. Старымі людзьмі гэтыя курганы завуцца валатоўкамі; моладзь часта называе іх капцамі або курганамі».
Сярод назваў курганоў, гарадзішчаў і селішчаў самымі папулярнымі найменнямі з’яўляюцца наступныя: Капцы, Напалеонаўскія ці Французскія Капцы, Шведскія Капцы. Да наймення Капцы адносяцца як бескурганныя могільнікі розных часоў, так каменныя могільнікі і курганныя пахаванні ранняга сярэднявечча.
Даследчыца Сяргеева прааналізавала назвы археалагічных помнікаў паўночна-ўсходняй Беларусі: «Этот термин применяется как к одиночным насыпям, так и к группе курганов; высота их при этом бывает различной: от самых низких до 3 м. В регионе такие могильники, как правило, состоят из полусферических курганов, а у д. Латыговка копцами называются и небольшие круглые курганы с каменным венцом у основания. Из раскопанных курганов-копцов видно, что захоронение в них совершалось по обряду кремации (Дымово) и ингумации (Новинки). В Сенненском районе зафиксирован один топоним с таким названием — на р. Оболянке д. Капцы и рядом одиночная насыпь-копец».
Сярод бескурганных могільнікаў (у тым ліку і позднесярэднявечныя магілы) і адзінкавых курганоў таксама сустракаюцца назвы Копішча і Капавішча. Такія ж найменні характэрны і для абазначэння некаторых гарадзішчаў. Сярод адзінкавых назваў гарадзішчаў сустракаюцца таксама найменні Падкопцы і Падкапцоўе. У грунтоўным выданні «Сакральная геаграфія Беларусі» сярод вялікай колькасці назваў раннесярэднявечных пахаванняў аўтарамі прыводзяцца адметныя найменні Копкі (магчыма месца, дзе капалі для нейкіх мэтаў), Падкопцы, Пяці-Копцы, Рагавыя Капцы, Старасвецкія Капцы, Сапцы, Сопцы, Сопіцы і нават Шкапцы і Шкопцы. У другой палове найменняў злучыліся паняцці «капец» і «сопка», што выкарыстоўваюцца ў абазначэнні курганных пахаванняў на тэрыторыі Беларусі.
Яшчэ больш грунтоўная картаграфічная схема распаўсюджвання слова «капец» ва ўсіх значэннях паняцця прадстаўлена ў «Лексiчным атласе беларускiх народных гаворак». З гэтай вельмі падрабязнай карты можна ўбачыць, што тэрмін вядомы і распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі без выключэння і ва ўсіх сэнсах.
Найменне Капец як старадаўніх пахаванняў
Практычна па ўсёй Беларусі старыя пахаванні часта называюцца «Капец-Капцы» і адносяцца да археалагічных мікратапонімаў, якія з’яўляюцца элементамі этнакультурнага ландшафту нашай краіны. Вось некалькі яскравых прыкладаў:
- У Нараўлянскім раёне, за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Красноўна знаходзіцца сярэднявечны могільнік. Мясцовая назва — Капцы. Могільнік складаецца з трох насыпаў вышынёй 0,6-0,8 метраў, дыяметрам 10-12 метраў. Абследаваў яго ў 1976 годзе П.Ф. Лысенка, раскопкі не праводзіліся.
- У Ганцавіцкім раёне, за 8 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Малькавічы, у лесе, ва ўрочышчы Нежыборка, каля дарогі на Ліпск знаходзіцца курганны могільнік. Мясцовая назва — Капцы. Могільнік складаецца з трох насыпаў вышынёй 0,5-1 метра, дыяметрам 7-12 метраў. Курганы круглыя ў плане, паўсферычнай формы. Выявіў і абследаваў у 1981 годзе М.Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся.
- У Маладзечанскім раёне, 0,5 кіламетры на захад ад вёскі Пекары, каля дарогі ў вёскі Лужаны, ва ўрочышчы Капцы знаходзіцца курганны могільнік VІІІ-ХІІІ стагоддзі.
- У Мядзельскім раёне, 1 кіламетр на поўдзень ад вёскі Засвір, у лесе, ва ўрочышчы Капцы размешчаны сярэднявечны курганны могільнік.
- У Бабруйскім раёне, у вёсцы Гародчына, ва ўрочышчы Капцы знаходзіцца курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча.
- У Ганцавіцкім раёне, за 2,5 кіламетры на захад ад вёскі Малыя Круговічы, ва ўрочышчы Боркі размешчаны курганны могільнік. Мясцовая назва — Швецкія капцы. Могільнік складаецца з 27 курганоў. Выявіў яго ў 1929 годзе С. Пшэварскі, абследавалі ў 1955 годзе Ю.В. Кухарэнка, Б.В. Міралюбаў; былі раскапаны тры курганы. Абследавалі П.Ф.Лысенка (1965 год), В.Б. Караткевіч (1970 год), М.Ф. Гурын (1981 год). Могільнік ХІ-ХІІІ стагоддзя належаў славянскім плямёнам (хутчэй за ўсё дрыгавічам — заўв. аўт.).
Найменне Капец пераходзіць з курганнага пахавання на ўрочышча, якое знаходзіцца побач са старажытным помнікам. Часам курганныя пахаванні адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні папярэдніх пакаленняў. Напрыклад, пра Капцы каля вёскі Сукрэмна Сеннінскага раёна захавалася змястоўнае паданне. Яно сведчыць пра забойства ворагам (белы арап) мясцовых жыхароў, якія хаваліся па лясах. Чужынец у сваю чаргу пасылаў войска ў той лес і яно забівала людзей, што там хаваліся. Гэтыя забітыя і ляжаць у капцах-курганах.
Курганы на тэрыторыі былой Талачманскай воласці (цяпер Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці) у ХІХ стагоддзя называлі Капцамі або Сасамі. Лічылася, што ў іх пахаваны вялікалюды. Гэтым яны блізкія да ўяўленняў пра Валатоўкі — магілы памерлых продкаў-асілкаў. Варта адзначыць, што такая народная назва курганных могільнікаў найбольш пашырана на поўначы Беларусі і ў сумежных раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны і Усходняй Латвіі. Найменне ў асноўным супадае з арэалам рассялення крывічоў.
Курганны могільнік пад назвай «шведскі капец» знаходзіцца і ў заходняй ваколіцы вёскі Явар, якая з’яўляецца адным з самых старажытных паселішчаў на Дзятлаўшчыне. Лічыцца, што самы малы горад Беларусі — Дзісну — заснавалі ў свой час полацкія крывічы ў Х стагоддзі, пабудаваўшы тут крэпасць Капец-гарадок. Таму старажытнае паселішча Дзісна вядома яшчэ як Капец-гарадок, а верхні замак па-іншаму называўся проста Капец.
Капец як найменне вясковага паселішча
Ёсць і назвы вёсак, утвораныя ад слова «капец». Такая назва з’явілася менавіта ад наймення старажытнага пахавання, бо на Беларусі частыя такія назвы, як Курганы, Курганне, Курган. Хутчэй за ўсё, людзі будаваліся ў месцах, дзе ўжо былі старадаўнія пахаванні. А паселішчы называліся ад сінанімічнага наймення старадаўняга пахавання — Капец. Вось некаторыя яскравыя прыклады:
Капцы — вёска ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Існуе дагэтуль, уваходзіць у склад Вялікадалецкага сельсавета.
Капцы — вёска ў Слонімскім раёне Гродненскай вобласці. Існавала на пачатку XX стагоддзя, цяпер знікла.
Капцы — вёска ў Талькаўскім сельсавеце. Вядома з пачатку XX стагоддзя як урочышча Амельненскай воласці Ігуменскага павета, 4 двары, 15 жыхароў. Паводле перапісу 1926 года вёска, 11 двароў, 40 жыхароў. У 1938 годзе сселена (9 двароў, 32 жыхары). Цяпер урочышча Капцы.
Копці — вёска, з 2008 года аграгарадок у Акцябрскім сельсавеце Віцебскага раёна на паўднёвы ўсход ад Віцебска на рацэ Ласасіна. За тры кіламетры ад паселішча знаходзяцца гарадскія могілкі. Вёска Копці ўтворана ў 1976 годзе ў выніку аб’яднання вёсак Вялікія і Малыя Копці.
Вёска Копец колісь знаходзілася і ў Аўгустоўскім павеце Беластоцкага ваяводства ў часы так званай Другой Польскай Рэспублікі. А вёска Копці ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці патрапіла ў адну цікавую сітуацыю, калі найменне паселішча наўпрост асацыіруецца з могілкамі і смерцю. Гэтую сітуацыю апісвае «Радыё Свабода»:
«Калі віцябляне кажуць, што нехта “паехаў у Копці”, то не заўсёды гэтая фраза мае літаральны сэнс. З нядаўняга часу гэты выраз азначае тое самае, што “паехаў да Абрама на піва”, “аддаў Богу душу”, “склаў рукі” ці проста “памёр”… А трапіла вёска Копці ў гэты сумны фразеалягічны шэраг гадоў шэсць-сем таму, калі тагачасныя ўлады загадалі заснаваць вось тут, за 20 кіламетраў ад Віцебску, новыя гарадскія могілкі. Сёння яны займаюць ужо некалькі гектараў, і жыхары Копцяў неяк паціху прызвычаіліся да такога адмысловага суседства».
Мясцовыя жыхары наўпрост асацыіруюць Копці з могілкамі, што, натуральна, засмучае капцянцаў у сітуацыі якая склалася: «Крыўдна толькі: у горад як прыедзеш, хто-ніхто пытаецца: “А адкуль вы?” Кажаш: “З Капцей”. “А-а, з могілак…” Спачатку нам крыўдна было. Нашто нам яшчэ могілкі, у нас сваіх двое, адны — пасярод самой вёскі! А цяпер нічога, прызвычаіліся…». Назва вёскі, хутчэй за ўсё, паходзіць ад наймення старадаўняга пахавання, аднак з’яўленне яшчэ адных могілак недалёка ад паселішча актуалізавала яго назву ў сучаснасці.
У другой частцы Беларусі, у Ганцавіцкім раёне, знаходзіцца вёска Чудзін, якая падзяляецца на часткі ці мікрараёны. Ёсць, напрыклад, «Старое сяло» — гэта тая мясцовасць, адкуль Чудзін бярэ свой пачатак. А ёсць і «Капцы» — мясціна, размешчаная на ўзвышшы, куды ніколі не падступае вада. Менавіта там ладзілі сховішчы для бульбы — капцы. Як бачна, частка вёскі Чудзін атрымала сваю назву не ад наймення курганнага могільніка, а ад месца, дзе захоўвалі бульбу.
Аўтар Хведар Прылёпаўскі