
PALATNO расказвае пра легендарны твор беларускай літаратуры.
Змест
Доўга не маглі зразумець, хто сапраўдны аўтар
Паэма «Тарас на Парнасе» з’явілася ў 1850-я гады. Яна распаўсюджвалася праз рукапісы, а ўпершыню была надрукавана ў газеце «Минский листок».
З часам пачалі ўзнікаць пытанні, каму ж належала аўтарства паэмы. Сярод магчымых аўтараў разглядалі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгу-Дарэўскага, Вікенція Равінскага. Але даследчыкі сумняваліся, што гэтыя пісьменнікі могуць быць аўтарамі «Тараса на Парнасе» з-за мастацкіх адрозненняў у стылі. Цікава, што яшчэ ў XIX стагоддзі даследчык Еўдакім Раманаў (чалавек, які адкрыў для нас «катрушніцкі лемезень») меркаваў, што аўтар твора можа быць вучнем Гора-Горацкага інстытута. Яшчэ больш цікава, што гэта аказалася праўдай.
Усе тэорыі наконт аўтарства скончыліся пасля ўстанаўлення магчымага аўтара — Канстаціна Вераніцына. Вераніцын сапраўды вучыўся ў Гора-Горацкім земляробчым інстытуце, а да гэтага спрабаваў атрымаць адукацыю ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, але быў выключаны з установы. Канстанцін нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны на Віцебшчыне ў 1834 годзе ў сялянскай сям’і.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Тры творы Дуніна-Марцінкевіча, які павінен прачытаць кожны
Прозвішча Вераніцына было Варонін, ён змяніў яго нібыта з-за роднай вёскі маці, якая называлася Верані. Пасля атрымання адукацыі ў Горках Вераніцын уладкаваўся на працу ў Маладзечанскую гімназію, а затым пераехаў у Санкт-Пецярбург. У Расіі пражыў да канца жыцця. Вераніцын памёр у 1903 годзе.
Беларускі гісторык Генадзь Кісялёў у кнізе «Жылі-былі класікі. Хто напісаў паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”» расказаў гісторыю, як беларускі пісьменнік і гісторык Антон Адамовіч яшчэ ў студэнцкія часы змог паглядзець на допісы свайго прафесара Міхаіла Пятуховіча. У адным са сшыткаў Пятуховіча Адамовіч натрапіў на перапісаны ад рукі тэкст «Тараса на Парнасе» з паметкай «1856 год — Канстанцін Вераніцын».
Скепсіс наконт аўтарства Вераніцына заставаўся ў гісторыка Адама Мальдзіса.
Які сюжэт у «Тараса на Парнасе»?
«Тарас на Парнасе» — гэта гумарыстычна-сатырычная паэма пра беларускага палясоўшчыка Тараса, які выпадкова праз магічную яму трапляе ў казачны свет, а затым — на гару Парнас, міфалагічнае месца, дзе жывуць багі і паэты.
На Парнасе ён бачыць, як паны-пісьменнікі, з кніжкамі і амбіцыямі, лезуць на гару, каб стаць несмяротнымі. Ён сустракае Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага і Гогаля, якія, у адрозненне ад астатніх, спакойна і годна праходзяць да вяршыні.
Багі ж на Парнасе жывуць, як звычайныя людзі: п’юць, спяваюць, танцуюць, шыюць лапці. Тарас здзіўляецца іх жыццю, але сам застаецца цвярозым, простым і сціплым. Ён уражвае багоў. Урэшце, яго з пашанай вяртаюць дадому, дзе ён ужо інакш глядзіць на свет.
Каротка пра змест:
- Жыццё і пачатак прыгодаў Тараса. Тарас — працавіты палясоўшчык, якога шануюць. Жыве каля лазні ў Пуцявішчы. На свята Кузьмы-Дзям’яна Тарас ідзе ў лес страляць цецерукоў. На Тарас раптам бяжыць мядзведзь, таму галоўны герой трапляе ў яміну. Ён доўга ляціць і трапляе ў чароўнае месца, якое падаецца не зусім зямным, а больш фантастычным.
- Уваход да казачнага месца. Тарас стаіць перад уваходам у Парнас, ён сустракае хлопчыка з крыламі і лукам (Амурам), які тлумачыць, дзе аказаўся палясоўшчык. Далей Тарас сустракае перад уваходам натоўп пісьменнікаў, якія спрачаюцца і спрабуюць лезці на гару, каб стаць несмяротнымі. Тарас спрабуе прабіцца праз натоўп, каб зразумець, што ўсё ж такі адбываецца.
- Парнас. На Парнасе стаіць палац багоў. Тарас здзіўляецца, бо багі жывуць, як звычайныя людзі. Зеўс з цікавасцю прымае Тараса, бо не разумее, хто ён такі. Тарас пачынае танцаваць, багі — у захапленні.
- Вяртанне. Багі вяртаюць Тараса дадому (сам Тарас вельмі хоча есці). Напрыканцы аўтар паказвае, як галоўны герой змяніўся: больш не ўстае надта рана, не крадзе дровы.
Тарас — вобраз нацыянальнага героя?
Канстанцін Вераніцын паказаў у паэме народную постаць — не ідэалізаваную, вельмі жывую і пазнавальную. Тарас становіцца прататыпам героя народнай літаратуры.
Тарас паходзіць з народу і застаецца яго часткай. Ён звычайны беларускі палясоўшчык, не вылучаецца шляхетнасцю, адукацыяй ці багаццем, але менавіта такія людзі і складаюць аснову нацыі.
Тарас не п’е, шануе працу, не хлусіць. Ён застаўся цвярозым нават сярод п’яных багоў і глядзіць на іх з іроніяй. Вераніцын праз Тараса намаляваў тыповыя рысы беларускага характару — розум, назіральнасць, пачуццё меры і годнасць.
У асяроддзі літаратурных псеўдагеніяў і багоў, якія страцілі сувязь з рэальнасцю, Тарас вылучаецца жыццёвай мудрасцю. Вераніцын нібыта падказвае нам, што менавіта такія людзі і павінны быць героямі літаратуры.
Цікава, што праз вобраз Тараса аўтар паказвае нацыянальную ідэнтычнасць. Уся паэма насычана беларускім бытам, мовай, звычаямі і гумарам. Прысутнасць Тараса на Парнасе — сімвалічнае прызнанне беларусаў часткай сусветнай культуры.