Заканчваўся ліпень 2021 года. На пустой сонечнай вуліцы яны стаялі ў абдымку ў святочным адзенні і чакалі машыну. Усяго пару гадзін таму Андруся і Таццяну Мастыкаў выпусцілі з будынка КГБ без тэлефонаў і амаль без грошай. Іх падазравалі ў тэрарызме.
Абодва героі звязаныя з гісторыяй, у тым ліку — міжваенным перыядам на тэрыторыі Беларусі, да якога ўлады ставяцца асабліва насцярожана. Андрусь Мастыка вядомы як кіраўнік праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі», праз затрыманне ён змушаны быў спыніць навучанне ў аспірантуры ў Беларусі, хаця ўжо планаваў абарону дысертацыі. Таццяна Мастыка — былая кіраўніца моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка».
Яны адсядзелі па дзесяць сутак у СІЗА КГБ у ліпені 2021 года, калі адбывалася масавае закрыццё недзяржаўныя арганізацыі. Выйшаўшы, Андрусь і Таццяна прабылі ў Беларусі яшчэ дзесяць месяцаў і з’ехалі ў Літву. Зараз Таццяна працуе менеджаркай у бізнес-кампаніі, а Андрусь дапісвае навуковую працу пра беларусаў і Віленскі ўніверсітэт у міжваеннай Польшчы.
Змест
«А фамилия ваша как?»
Андрусь: Нас злавілі на вуліцы. Гэта было 19 ліпеня каля трэцяй гадзіны дня ля IBB-цэнтра. Мы ішлі на памятную цырымонію, прысвечаную стварэнню Мінскага гета.
Таццяна: Гэта быў 2021 год, пасля каронавіруса, калі сумленныя людзі намагаліся лішні раз не бываць у грамадскіх месцах. Пасля «кароны» і пратэстаў буйных мерапрыемстваў не адбывалася, і гэтае было ледзь не першае за год… Але мы не дайшлі далей за паркоўку.
Машына перагарадзіла нам праход, адтуль выйшлі мужчыны і спыталіся: «Мастыка Таццяна Васільеўна?». Яны паказалі пасведчанні КГБ — усё гэта літаральна за секунды.
— Якая была ваша першая думка, калі вы ўбачылі тую машыну?
Т: Ну, усё.
А: Вось і з намі гэта адбываецца.
Т: Мы думалі, што і па нас прыйдуць, але больш чакалі ўчастковага, які пабачыў наш сцяг у акне, і стандартныя 15 сутак на Акрэсціна.
КГБшнікі хацелі «пагаварыць» — стандартная фраза, адмовіцца нельга. Я спрабавала выйграць трошкі часу і ўвесь час спрабавала аддаць Андрусю сваю торбу з тэлефонам. Потым — стаць так, каб яму было прасцей сысці, але ён не імкнуўся мяне пакідаць.
Тут пабачыла спадарыню шаноўнага веку, якая ішла на тое ж мерапрыемства. Я папрасіла яе перадаць, што нас затрымлівае КГБ. І тут ацаніла, наколькі не разгубілася спадарыня. Яна спынілася, паглядзела на нас уважліва і спыталася: «А фамилия ваша как?». І праўда ж, трэба было пачаць з прозвішча. Жалезная вытрымка ў нашых бабуль!
Да апошняга не верыла, што Глотаў — рэальны чалавек
А: Яе забралі, а я застаўся разгублены на паркоўцы, усіх абзвоньваў, шукаў, куды схаваць торбу, вырашаў, ці ехаць дадому. Паехаў. І тады ўжо зразумеў, што за мною сачылі і не збіраліся адпускаць. Быў вобшук, ён адбываўся чатыры гадзіны. А калі везлі ў КГБ, я думаў, абы ўжо ў камеру пасадзілі і я застаўся б адзін.
У першы дзень ты згублены. Ходзіш, цябе распранаюць, прысядаеш — робіш гэта на аўтамаце. Увогуле не ведаеш, калі той дзень скончыцца. У канцы дня яны прад’явілі абвінавачванне ў справе па тэрарызме.
Справа, пра якую ідзе гаворка, звязаная з выбухам у расійскай вайсковай часці ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці, які адбыўся ў чэрвені 2021 года. Па ёй было затрымана шмат людзей, пяць чалавек атрымалі вялікія тэрміны па артыкулах за тэрарызм — ад 13 да 20 гадоў калоніі. У пратаколе Таццяны згадваецца, што яна нібыта дапамагала Глотаву з выбухоўкай і абвінавачаная па артыкулах за тэрарызм — дакладней, артыкулах 16 і 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Андрусь не атрымаў свой пратакол, але, па яго словах, у ім таксама быў згаданы артыкул, звязаны з тэрарызмам.
Т: Там яшчэ такое апісанне было доўгае — з якой выбухоўкай, якія ўзрывальнікі… Я чытаю — і мне гэта ні пра што не гаворыць. Адвакат пасля звярнуў увагу, што ў гэтым доўгім апісанні не было пазначана, якім жа спосабам я ў гэтым удзельнічала — гэта парушэнне.
А: Мне нават не далі з сабой [паперу, дзе пазначаны нумар артыкула]. Я сядзеў прама з адным «тэрарыстам», з Глотавым, які, паводле следства, быў выканаўцам.
На наступны дзень замест абеду мяне павялі «на размову». Я вярнуўся ўжо пасля вячэры. Спачатку гаварылі аб тым, што я праходжу па справе пра тэрарызм, за які — вышэйшая мера пакарання (расстрэл — PALATNO). Але чаму мяне пасадзілі з Глотавым, які праходзіць па той жа справе? Можа, хацелі паказаць, што ён у прынцыпе існуе? Сумняваюся, што гэта супадзенне.
Т: Я да апошняга не верыла, мне толькі Андрэй расказаў, што гэта не прыдуманы персанаж.
Пыталі пра Стрыжака і як людзі выязджаюць
А: Спрабавалі разгаварыць. Упэўнівалі, што ўсе нашы праекты — хітрапрадуманыя аперацыі па ўкараненні розных ідэалогій. Ухвальна зазначылі, што я не ставіў подпісаў за Бабарыку ці Ціханоўскую, хоць ставіла жонка. І потым кажуць, што знайшлі ў мяне ў «Сігнале» справаздачу.
Пасыл быў такі, што мяне ўзялі па справе пра тэрарызм, і ў мяне ёсць кантакт з замежнымі фондамі, якія могуць займацца выведкай ці шпіянажам. Што я ім даслаў нейкія справаздачы, якія перадаюць следчаму. А следчы можа на гэтай падставе затрымаць надоўга, у іх, маўляў, сотня людзей па гэтай справе, і мы можам сядзець гадамі.
Казалі, выбірайце: адзін варыянт — мы пачынаем размаўляць, калі я ні ў чым не вінаваты, то сыходжу. Намякалі, што ў жонкі ўсё кепска, яе «закрыюць» на дзесяцігоддзі.
Т: Адначасова са мной спрабавалі паразмаўляць, але толькі ў першы дзень. Мне напісалі час затрымання не а трэцяй, калі гэта адбылося, — а сёмай вечара. Між трыма і сям’ю са мной спрабавалі кантактаваць у кабінеце аператыўнікаў у тым самым будынку з калонамі на праспекце. То заходзілі з анкетных пытанняў пра адукацыі і працу, то прапаноўвалі пагаварыць «на роднай мове». Я была ў стрэсе і вырашыла без адваката проста фізічна маўчаць, хоць часам зрывалася.
Яны ўсё пыталі, чаму я не хачу з імі паразмаўляць, а я адказвала, што маю права не хацець. Пыталася, у якім я статусе — затрыманая, сведка… Стандартная рэкамендацыя праваабаронцаў. На просьбу растлумачыць мне статус яны проста не адказвалі. Я казала: «Калі я не затрыманая, то я пайшла?» — «Не, вы не можаце ісці», «Што ж вы так не хочаце паразмаўляць? Вось пагаварылі б — і пайшлі дамоў. А так будзе для пачатку 10 сутак». Я тады была ўпэўненая, што паеду на Акрэсціна са стандартнай фармулёўкай, што махала рукамі ў кабінеце, не звярнула ўвагу, што сутак 10, а не 15.
А потым завялі ў іншы кабінет, дзе следчы афармляў паперкі пра затрыманне. Там яшчэ была фармулёўка, што ў такі-та час у галоўным будынку КГБ па падазрэнні, што ўзнікла раптоўна, была затрыманая. Але як я апынулася там? Калі б выпадковы чалавек з вуліцы мог апынуцца ў кабіне на трэцім паверсе ў галоўным упраўленні КГБ у Мінску сам па сабе?
Наступны раз мяне выклікалі з камеры толькі праз дзён пяць-шэсць. Я пыталася, дзе мой адвакат, яны адказвалі, што гэта не допыт, а зноў «проста пагаварыць». Спрабавалі пытацца пра Стрыжака (пра яго тады шмат казалі на тэлебачанні), як іншыя выязджаюць з краіны. Спробы занялі хвілін 20-30. А ў канцы мне сказалі: «Не хотите — как хотите!».
Я думала: спачатку КГБ так хоча пагаварыць, што забірае з паркоўкі, шэсць дзён трымае ў СІЗА, дзе ўсяго 18 камер, прадпрымае кволую спробу размовы і — не хочаце — як хочаце!? Так не бывае. Гэта быў знак, што паралельна адбываецца нешта яшчэ, і мая роля нязначная.
«Пыталіся, колькі нам заплаціў Матолька»
А: Было разыграна, што яе затрымалі першай, а я ішоў прычэпчыкам. Мне прапанавалі выбар: можна было расказаць сваю гісторыю без пратакола, і тады мяне адпусцяць ці зменяць меру ўтрымання. І гэта паспрыяе жонцы.
Т: «Праблемы з законам», якія яны знайшлі, — фармальна не зарэгістраваны праект, што афіцыйна караецца штрафам. Але летам 2021 мы ўсе разумелі, што «иногда не до законов», і быў страх, што яны гэта выкруцяць у крымінальную справу.
А: Яны мяне марынавалі, хаця я ведаў, што ні ў чым не замешаны. Вырашыў размаўляць, і ў першы дзень яны пачалі больш пра біяграфію і на іншыя тэмы. Сказалі агульна фактычна напісаць на сябе данос — прызнанне на імя Церцеля.
Па іх версіі атрымлівалася, што я сам добраахвотна расказваю пра праекты, донараў. Усяго было два невялікія праекты па падрыхтоўцы і выданню адукацыйнага дапаможніка па Другой сусветнай вайне, пра злачынствы і ахвяры ў Беларусі, і выставы для яго прэзентацыі. Іх нават адзначыла Міністэрства адукацыі.
КГБ цікавілі фонды і грошы. Выглядала, там шчыра верылі, што пратэсты ў Беларусі праплачаныя. Пыталіся, колькі нам заплаціў Матолька. Падчас размоў у нейкі момант зразумеў, што можна вешаць што заўгодна, і казаў нейкія прыдуманыя імёны. Пыталіся, ці запісана нешта, я адказваў, што ўсё знішчыў. Ідэя была ў тым, што я атрымаў суму грошай з-за мяжы, супрацоўнічаю з замежнымі фондамі, якія могуць быць выведкай ці супрацоўнічаць з выведкай.
«American perspectives in terrorism»
А: У наступныя дні мяне вадзілі ў іншыя кабінеты да іншых людзей, усяго разоў пяць. Я ўвесь час спрабаваў даведацца іх імёны, іх казалі неахвотна — Уладзімір, Міхаіл, Валерый і [куратар] Арцём Фралоў.
Т: Аператыўнікі, якія забіралі, — відаць, адзіныя, хто прадставіўся як мае быць, хоць я ўсё адно ў стрэсе не запомніла прозвішчаў. Ну і яшчэ прадставіўся следчы па справе тэрарызму, у якога была «сакратарская» функцыя — аформіць паперы, запоўніць пратакол. «Была б мая воля, я б вас не выпусціў» — ну то я ўжо зразумела, што вырашае нехта іншы і гэта са справай па тэрарызме не звязана. Дарэчы, мяне тады ўразіла, што складзеная цэлая следчая група, некалькі чалавек у кожнай вобласці. Можа, пад 30 асоб агулам.
Трошкі смешна з таго, аб чым яны пыталіся і што забралі пры вобшуку. Затое набралі нейкіх папер, такое ўражанне, што для колькасці, на вагу. Раздрукоўкі з курсаў англійскай мовы, універсітэцкі тэкст пра тэрарызм…
А: У іх аж затрэсліся рукі.
Т: А справа ў тым, што калі я вучылася ў БДУ, да нас прыязджаў прафесар Каня — амерыканец, які чытаў дадатковыя лекцыі на факультэце міжнародных адносін. Мой факультэт быў філасофскі, але пускалі ўсіх ахвотных. Спецкурс называўся «American perspectives in terrorism» і быў пра дзяржаўную палітыку ў дачыненні да розных радыкальных рухаў у ЗША і ў трэціх краінах. Выкладчыкі вельмі агітавалі туды хадзіць, бо гэта практыка ў мове з жывым амерыканскім прафесарам. Але я з курса вынесла хіба што раздрукоўку-канспект пра розныя тэрарыстычныя рухі. Яе і адкапалі.
Разам з тым яны сцягнулі канверты з пін-кодам да банкаўскай карткі, нейкую сурвэтку, якая завалілася між паперамі, дадатак з адзнакамі да Андрэевага дыплома, медыцынскую даведку… Хаатычны набор.
«Разумею, што мяне бяруць у абарот»
Т: Мы выйшлі не разам: мяне забралі раней за Андрэя, але яго выпусцілі першым. Гэта была дробная гадасць, якіх у іх вельмі шмат пры знешняй ветлівасці.
А: Выйшаў раней на гадзіны дзве-тры. Я пайшоў у кавярню побач і там дачакаўся жонку.
Са жніўня па чэрвень — дзевяць месяцаў мы яшчэ прабылі ў Беларусі. Спачатку за пару дзён прыбралі кватэру пасля вобшуку, выкінулі балконныя кветкі, якія загінулі, і папсаванае з лядоўні, і на месяц з’ехалі ў вёску да бацькоў. Таксама мне трэба было вырашыць пытанне з аспірантурай — на канфіскаваным камп’ютары застаўся тэкст дысертацыі. Я напісаў заяву ў КГБ з просьбай вярнуць тэхніку.
Праз месяц мы вярнуліся, і мне прыйшоў ліст ад КГБ з парадай звярнуцца да следчага. Следчы сказаў прыходзіць з флэшкай. Перад візітам таксама прапанаваў сустрэцца куратар Арцём, які спытаў, ці не з’язджаем мы, і паабяцаў, што тэкст вернуць.
Я таксама папрасіў у яго паспрыяць, каб вярнулі нашы грошы — трэба за нешта жыць, бо мяне з аспірантуры адправілі ў акадэмку. А заставалася тры месяцы да заканчэння. Потым у следчага я скапіраваў асноўныя матэрыялы.
Мы вырашылі не мітусіцца, пачакаць, скончыць рамонт. А ў кастрычніку нас і сваякоў захапіў кавід — апошняя жорсткая хваля. Памёр 90-гадовы дзядуля жонкі, пра якога яна моцна клапацілася, яму не хапіла рэанімацыі. Хварэлі, пасля цяжка аднаўляліся і мы самі.
Час ішоў, і 27 снежня 2022 года мяне выклікаў Арцём. Пытаўся, ці буду я займацца далей праектамі, і паведаміў пра кол з-за мяжы. Стала відавочна, што ад нас не адчэпяцца. Запланавалі з жонкай спакойны ад’езд праз Украіну на пачатак сакавіка — хацелася надыхацца Беларуссю. І тут надыходзіць 24 лютага. Мы спадзяваліся, што раз вайна, то КГБ пераключыцца з нас на нешта больш істотнае, але нічога падобнага.
Выклікаюць у пачатку сакавіка, амаль праз тры месяцы — гэтым разам Арцём праводзіў «сацапытанне» пра вайну, моладзевую палітыку, пра канстытуцыю і рэпрэсіі. Можна было казаць, што думаеш. Пра праект узгадаў толькі ў канцы, і я адказаў, што праз вайну ўсё абрынулася, то і конкурс прыпыніўся. Той кіўнуў, і я выдыхнуў. Тады ж я зноў запытаўся пра тэхніку, ён мне сказаў, што змяніўся следчы, новаму трэба зноў напісаць.
На наступны дзень піша ліст, ці магу я зрабіць праект па гістарычнай памяці пра вайну для моладзі. Я разумею, што мяне бяруць у абарот, панікую, званю сваякам за мяжу, шукаю магчымасць зрабіць візы. Паралельна пішу Арцёму, што ў мяне няма ні камп’ютара, ні матэрыялаў, каб напісаць нешта. Ён адказаў, што ладна, тады пакуль нічога не трэба. Зноў выдыхаем.
25 сакавіка прыйшоў адказ на заяву, і я забраў тэхніку, грошы і кіпу непрагледжаных папер. Неўзабаве знайшлася невялікая стыпендыя, калегі і сябры моцна дапамаглі з пераездам, і мы выехалі.
Т: Не вярнулі сімволіку і тое, што палічылі ёй (напрыклад, торбу з чырвоным надпісам). Мы святкавалі Дзень Волі і цуд вяртання грошай. Шчыра ўдзячныя ўсім датычным за падтрымку і дапамогу, каб мы змаглі хутка адаптавацца на новым месцы.
«Вяртацца мы не збіраемся, пакуль не зменіцца ўлада»
— Як бы вы апісалі адным словам ці сказам уражанні ад адсідкі ў КГБ?
Т: «Ніфіга сабе» — так падыдзе? Гэта быў не самы страшны жыццёвы досвед, але непрыемны. Такое не мусіць адбывацца ні з кім.
А: Гэта першаснае. А потым — паглыбленне ў дыскурс. Ты ўяўляеш сабе гэта ўсё літаратурна, але яно спалучаецца з побытавымі рэчамі, больш працуе чалавечы фактар.
Т: Здаровая псіхіка блакіруе кепскае. Напрыклад, як было горача і немагчыма дыхаць у камеры. Лепшае пакідае: з пяшчотай згадваю клопат сукамерніц і са смехам — як пісалі заявы на сушку бялізны (за тыдзень трэба было пісаць заявы на імя начальніка СІЗА на сушку бялізны — і пазначаць дакладную колькасць: напрыклад, «прашу пасушыць шкарпэткі — 6 штук»).
А: «Супраца» з куратарам была досыць фармальнай, ён моцна не ціснуў і выяўна атрымліваў інфармацыю для справаздачы. Я не казаў лішняга. Самае страшнае было, калі пачалі патрабаваць пісаць праект. Вядома ж, я не збіраўся ім нічога пісаць.
— Ці чакаў ты, што там прапануюць супрацоўніцтва?
А: Не чакаў. Гэта здарылася ў адмысловы момант: я ўжо іду на дзявяты дзень на першы рэальны допыт, з адвакатам, і следчы вырашыць, ці адпускаць нас. Спачатку быў шок, што мяне вярбуюць, але другая думка — значыць, адпусцяць, усё ок?..
Я патрабаваў, каб адпусцілі абавязкова і мяне, і Ташу, баяўся, што падмануць. Падпісваў і ныў, што я не магу, які з мяне агент, я не гатовы. А яны адказваюць, маўляў, што мы «за родину и Сталина» — што яны контрразведка, а не якія-небудзь злачынцы.
Пасля падпісання мы засталіся падазронымі па справе з падпіскай аб яўцы — мусілі з’явіцца ў любы момант па просьбе следчага, а значыць, быць на тэрыторыі Беларусі. Калі я выйшаў, першым жаданнем было бегчы схавацца, але давялося ўзяць сябе ў рукі і завершыць некаторыя справы.
— Як ты лічыш, што было б, калі б вы зараз вярнуліся ў Беларусь?
А: Акрамя падпіскі аб супрацоўніцтве, ты даеш падпіску аб невыдаванні. КГБ — інстытуцыя дробна-помслівая. Відаць, прыдумалі б нейкую нагоду і пасадзілі б. Тым, хто праходзіў па нашай справе (чаты ОГСБ), — далі ад 13 да 20 год. Вяртацца мы дакладна не збіраемся, пакуль не зменіцца ўлада. І хацелася б, каб іх прыцягнулі да адказнасці — і персанальна датычных, і КГБ як арганізацыю.
Т: Зараз нам досыць камфортна ў Літве. Ačiū, Lietuva! Але я ўпэўненая: мы вернемся дадому.
Ганна Валынец.