Now Reading
Праўда пасярэдзіне. Як немцы глядзелі тэлевізар у эпоху падзеленай Германіі

Праўда пасярэдзіне. Як немцы глядзелі тэлевізар у эпоху падзеленай Германіі

гдр і фрг, прапаганда на тв

Немцы, падзеленыя Берлінскай сцяной, глядзелі тэлевізійныя праграмы абедзвюх Германій: гэтаму не змаглі перашкодзіць ні піянеры, якія ламалі антэны, ні глушылкі і розныя стандарты тэлевізійнага вяшчання. У той самы час усходнегерманская прапаганда спрабавала прабіцца ў кожны дом — і гэта ў яе атрымлівалася, але не праз навіны і выступы падобнага да Азаронка прапагандыста, а праз забаўляльныя шоу.

Гісторыя падзеленага нямецкага тэлебачання нагадвае тое, што адбываецца з беларусамі сёння, калі беларускія медыя таксама падзеленыя і ёсць жаданне даведацца «праўду пасярэдзіне».

PALATNO — пра тое, як у ГДР спрабавалі зрабіць прапагандысцкае тэлебачанне і што з гэтага атрымалася.

Феномен тэлебачання дзвюх Германій

Германія была адной з першых краін у свеце, дзе пачалося пастаяннае тэлевяшчанне — падмурак гэтаму быў закладзены яшчэ ў гады праўлення нацыстаў. У 1935 годзе кампанія Deutscher Fernseh-Rundfunk тройчы на тыдзень трансліравала паўтарыгадзінныя перадачы. У задумах рэйхсміністра асветы і прапаганды Паўля Ёзэфа Гебельса тэлебачанне мусіла было сыграць вырашальную ролю ў прапагандысцкай машыне нацыстаў. Аднак тэлевізары на той час былі раскошай: большасць насельніцтва не магла іх сабе дазволіць. Пашырэнне тэлевяшчання было спынена падчас Другой сусветнай вайны, таму новае тэлебачанне ў Германіі — ужо раз’яднанай — з’явілася толькі пасля вайны.

З 1945 года ў акупацыйных зонах медыя кантралявалі саюзнікі. У 1950 годзе ў ФРГ стварылі грамадскую асацыяцыю тэлекампаній ARD. У адказ на гэта ў ГДР ствараюць дзяржаўную тэлекампанію Deutscher Fernsehfunk (DFF).

Першыя гады і ў Заходняй Германіі, і ва Усходняй не было пастаяннага тэлевяшчання. Гэта тлумачыцца і тым, што тады тэлевізары былі далёка не ва ўсіх і з’яўляліся ў дамах пакрысе. Напрыклад, у 1958 годзе ва Усходняй Германіі было 300 тысяч тэлевізараў, а ў 1960-м іх колькасць узрасла ўтрая.

Тэлебачанне стала адным з інструментаў барацьбы паміж дзвюма Германіямі. Заходнегерманскае тэлебачанне глядзелі амаль ва ўсёй ГДР, а сігнал ўсходнегерманскага пакрываў не ўсю тэрыторыю ФРГ — у тым ліку і з-за геаграфічных бар’ераў. Дарэчы, у іншых краінах сацыялістычнага блока таксама можна было глядзець перадачы суседніх дзяржаў: у Балгарыі — грэцкія, у Венгрыі і Чэхаславакіі — нямецкія. Але сітуацыя з Усходняй Германіяй была ўнікальнай, бо яе жыхары атрымлівалі інфармацыю на іх роднай мове ад людзей з такім самым менталітэтам, якія належалі да той самай культуры.

гдр і фрг, прапаганда на тв
Кірмаш у Лейпцыгу ў 1968 годзе, на якім прапанавалі новыя тэлевізары. Фота: Bundesarchiv, Bild 183-G0301-0001-009 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 DE, via Wikimedia Commons

Паказальна, што ФРГ і ГДР нават мелі адзін стандарт тэлевізійнага вяшчання. Калі ва ўсіх краінах сацыялістычнага блока панаваў SECAM, то ў немцаў — PAL. Гэта забяспечвала вяшчанне ўсходнегерманскага тэлебачання ў Заходняй Германіі і наадварот. Але так было не заўсёды: да сярэдзіны 1970-х жыхары ГДР устаўлялі ў савецкія «Рубіны» і «Радугі» дэкодары, каб глядзець тэлеперадачы адразу дзвюх Германій.

Ва Усходняй Германіі з «варожым» тэлебачаннем змагаліся: піянеры ламалі антэны, накіраваныя на захад, а ўлады ўсталёўвалі на мяжы глушылкі. Але афіцыйна заходнегерманскае тэлебачанне ва Усходняй Германіі так і не было забаронена. А ў 1970-я глушылкі ўвогуле прыбралі.

Усходнія немцы часта глядзелі навіны западнагерманскіх медыя, але не таму, што верылі ў «свет капіталізму». Як паказваюць даследаванні Мікаэля Маена і Утэ Наўраціла, такім чынам яны шукалі «праўду дзесьці пасярэдзіне». Зразумела, былі і іншыя матывы: па-першае, пошукі разнастайнага кантэнту, па-другое, жаданне не адставаць — заходнегерманскія перадачы часта абмяркоўваліся ў грамадстве. Разам з гэтым, перадачы ўсходнегерманскага тэлебачання заўсёды мелі стабільныя рэйтынгі, а ўжо да 1970-х аўдыторыя патрабавала больш забаўляльных перадач, менш прапаганды.

Мінус прапаганда, плюс забаўляльны кантэнт

У 1973 годзе першы сакратар Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі Эрых Хонекер афіцыйна прызнаў, што амаль кожная сям’я ва Усходняй Германіі мае магчымасць глядзець заходнегерманскае тэлебачанне. Хонекер сцвярджаў, што глядзець «варожае» тэлебачанне нават трэба, бо ў ім можна пабачыць прапаганду капіталізму і яго мінусы.

З прыходам Хонекера змяняецца канцэпцыя развіцця DFF, але прапаганды менш не становіцца, а вось айчынных фільмаў і серыялаў з’яўляецца мноства.

У 1950-1960-я гады большасць тэлеперадач ва Усходняй Германіі была інфармацыйна-прапагандысцкай. Свайго піку прапаганда дасягнула ў 1960-х — у той час адносіны паміж дзвюма Германіямі былі ў самай нізкай кропцы. Але з прыходам да ўлады Хонекера палітыка пачала змяняцца. Тады ж у Заходняй Германіі Вілі Брандт праводзіў новую палітыку адносна Усходняй Германіі.

У 1970-я тэлекампаніі Усходняй Германіі ўжо рэагуюць на канкурэнтаў за Берлінскай сцяной. Калі ў ФРГ пачалі паказваць фільмы, серыялы, забаўляльныя шоу — ва Усходняй Германіі адразу ж выйшаў альтэрнатыўны кантэнт.

гдр і фрг, прапаганда на тв
Фотаздымак рэкламнай кампаніі новых каляровых тэлевізараў у ГДР. Фота: Bundesarchiv

Галоўнымі днямі для тэлевізіёншчыкаў сталі пятніца, субота і нядзеля. Па вечарах усходнія немцы глядзелі папулярныя фільмы і серыялы. Таксама выходзіла праграма Rumpelkammer («Камора») з Вілле Швабэ. Перадача трансліравалася да 1990 года, у ёй раскрывалася ўнутраная кухня вытворчасці розных нямецкіх фільмаў 1929-1945 гадоў. Па суботах на ўсходнегерманскім тэлебачанні таксама панаваў забаўляльны кантэнт. Напрыклад, адной з папулярных перадач была Ein Kessel Buntes («Стракаты кацёл») — музыкальная перадача з нямецкімі і замежнымі выканаўцамі, якую глядзелі нават у ФРГ. Самым галоўным і рэйтынгавым быў вечар нядзелі. Да 1970-х на гэты час ставілі прапагандысцкія перадачы, але пасля ўсё змянілася: эфірную сетку занялі серыялы ўсходнегерманскай вытворчасці. Самым папулярным быў Polizeiruf-101 («Тэлефон паліцыі-101»), ці, да прыкладу, шоу Schätzen Sie mal («Здагадайцеся, хто ён») — удзельнікі павінны былі здагадацца, што за прафесія ў схаванага героя.

У 1970-я ва Усходняй Германіі сапраўды быў павальны запыт на забаўляльныя шоу. Ужо пасля падзення Берлінскай сцяны большасць немцаў з усходняй часткі краіны падкрэслівала, што іх забаўляльныя і адукацыйныя праграмы мелі высокую якасць. Жыхарам Усходняй Германіі таксама падабаліся фільмы і серыялы пра жыццё ў ГДР: праблемы звычайных усходніх немцаў ім былі больш зразумелыя, чым гісторыі пра прадстаўнікоў банкаўскай сферы з Заходняй Германіі.

Заходнегерманскія немцы лічылі, што ва Усходняй Германіі іх тэлебачанне глядзелі для таго, каб даведацца праўдзівыя навіны. Аднак з апошніх даследаванняў вынікае, што жыхары Усходняй Германіі для прагляду абіралі менавіта забаўляльны кантэнт. Калі па ўсходнегерманскіх каналах ішлі нецікавыя альбо прапагандысцкія перадачы, то шэраговы глядач пераключаў канал і глядзеў тое, што паказвалі ў Заходняй Германіі.

Прапаганда не знікла, але існавала са сціплымі рэйтынгамі

У 1970-я гады колькасць прапагандысцкіх перадач не зменшылася, змяніўся толькі час, калі іх паказвалі па тэлебачанні. Самымі папулярнымі, хоць і са сціплымі рэйтынгамі, былі Der schwarze Kanal («Чорны канал») і перадача навін Aktuelle Kamera.

Der schwarze Kanal

«Чорны канал» вёў заўзяты камуніст Карл-Эдуард фон Шніцлер. Гэта быў чалавек з цікавым лёсам. Шніцлер нарадзіўся ў Берліне ў сям’і віцэ-консула Юліуса Эдуарда фон Шніцлера. Яшчэ ў маладосці ён далучыўся да сацыялістычнай арганізацыі, а пазней, у 1932 годзе, да Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. У 1939 годзе Шніцлера прызвалі ў вермахт, а ў 1944 годзе яго ўзялі ў палон брытанскія войскі пасля бітвы за Нармандыю. У тым жа годзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве інфармацыі Вялікабрытаніі ў нямецкамоўнай службе BBC.

У 1945 годзе Шніцлер вярнуўся ў Германію ў брытанскую зону акупацыі. Ён стаў супрацоўнікам падкантрольнай Вялікабрытаніі радыёстанцыі Nordwestdeutscher Rundfunk. Праз два гады яго абвінавацілі ў распаўсюджванні камуністычнай прапаганды і звольнілі. Пасля ён пераехаў у савецкую зону акупацыі і працягнуў працу на радыё, а потым і на тэлебачанні.

Першы выпуск Der Schwarze Kanal выйшаў у 1960 годзе. «Чорны канал» быў створаны як альтэрнатыва заходнегерманскай антыкамуністычнай праграме Die Rote Optik («Чырвоны погляд»). Дарэчы, сама назва «Чорны канал» была спасылкай на заходнегерманскае шоу. Калі вы думаеце, што адыёзныя выказванні Рыгора Азаронка пра каналізацыю чалавецтва — гэта нешта новае ў прапагандзе, то вы памыляецеся. Гэта было прыдумана Шніцлерам. Вось як ён выказваўся наконт заходнегерманскага шоу:

— Чорны канал, пра які мы кажам, нясе гразь і нечыстоты, але замест таго, каб цячы ў каналізацыю, як павінна быць, яны штодня трапляюць у сотні тысяч дамоў Заходняй Германіі і Заходняга Берліна. Гэты канал, на якім заходнегерманскае тэлебачанне трансліруе свае перадачы — чорны канал. <…> Цяпер мы будзем, так бы мовіць, ачышчальным збудаваннем.

Музей ГДР: па тэлевізары ідзе праграма «Чорны канал». Фота: deutschlandfunkkultur.de

З часам галоўным антаганістам для Шніцлера стаў журналіст і праваабаронца Герхард Лёвенталь, які вёў перадачу пра праблемы правоў чалавека ва Усходняй Германіі. Цікава, што Лёвенталь у сваіх перадачах выкрываў самога Шніцлера: нібыта ўсходнегерманскі прапагандыст таемна наведваў Заходні Берлін і бавіў час у начных клубах. Дарэчы, у 1983 годзе жонку Шніцлера арыштавалі ў Заходнім Берліне за крадзеж панчох.

Перадача Шніцлера выходзіла ўвечары па панядзелках. Працягласць складала дваццаць хвілін. Тыповы выпуск выглядаў так: браліся ўрыўкі з заходнегерманскіх тэлематэрыялаў, а Шніцлер з’едліва каментаваў іх. Першыя некалькі гадоў праграма Шніцлера дасягала рэйтынгу ў 14-25%, але з канца 1970-х рэйтынг знізіўся да 3-5%. «Чорны канал» выкарыстоўвалі ў арміі на палітычных занятках і на ўроках у школах.

У Шніцлера нават з’явілася мянушка — «Абразлівы Эдзі». У ГДР хадзіў жарт наконт таго, што перадачу прапагандыста амаль ніхто не глядзіць: яго называлі «Карл-Эдуард фон Шні…» — каб паказаць, што тэлевізар выключалі яшчэ да таго, як паспеюць прамовіць яго імя.

У 1989 годзе праграму Der Schwarze Kanal адмянілі. Шніцлер працягваў пісаць сатырычныя артыкулы і супрацоўнічаў з невялікай Камуністычнай партыяй Германіі. У 2001 годзе ён памёр ад пнеўманіі.

Aktuelle Kamera

Aktuelle Kamera была галоўнай перадачай навін на ўсходнегерманскім тэлебачанні. У эфіры яна з’явілася ў 1952 годзе, а з 1957 года стала выходзіць штодзённа. Першапачаткова Aktuelle Kamera даволі крытычна выказвалася ў бок кіруючай Сацыялістычнай партыі адзінства. Напачатку 1950-х тэлебачанне не лічылі часткай сродкаў масавай інфармацыі з-за яго абмежаванага ахопу. Але ўжо пасля паведамлення пра паўстанне ва Усходнім Берліне ў 1953 годзе рэдакцыя канала ўвайшла ў цесныя стасункі з Палітбюро кіруючай партыі.

Пасля Aktuelle Kamera не адрознівалася ад усходнегерманскіх радыё і газет. Наступныя амаль сорак гадоў у перадачы не было навін, які патэнцыйна маглі распаліць нейкія антыўрадавыя настроі, Захад паказваўся ў негатыўным ключы, а сацыялізм заўзята прапагандаваўся.

Вечаровыя навіны ва Усходняй Германіі выходзілі раней, чым у Заходняй. Aktuelle Kamera канкурыравала з заходнегерманскай перадачай навін Tagesschau ARD. Выпускі былі па дваццаць хвілін, пазней хронаметраж павялічыўся да паўгадзіны (праўда, ненадоўга з-за падзення рэйтынгу). Пасля перафармавання ўсходнегерманскага тэлебачання ў 1970-я рэйтынг праграмы быў стабільна нізкі — нават ніжэй, чым у прапагандысцкага шоу Шніцлера.

У 1989 годзе, за месяц да падзення Берлінскай сцяны, у сюжэтах Aktuelle Kamera сталі паказваць рэальныя падзеі.

Вярнуцца ўгару