Чым адрозніваецца прэцэдэнтнае права ад прававой сістэмы ў Беларусі (калі да законаў)? А вы ведаеце, што ёсць карпаратыўнае, экалагічнае і звычаёвае права?
PALATNO тлумачыць розныя сістэмы права на драніках.
ШТО ЯШЧЭ МОГУЦЬ ПАТЛУМАЧЫЦЬ ДРАНІКІ:
Змест
Рымская прававая сістэма
Гэта сістэма заснавана на строгім кодэксе законаў, якія дэталёва рэгулююць усе аспекты.
Уявіце, што ў вас ёсць афіцыйная «Кулінарная канстытуцыя», якая строга рэгламентуе, як гатаваць дранікі: колькі трэба бульбы, якая тэмпературы пры смажанні, які павінен быць памер драніка і колькі алею ліць на патэльню. Вы павінны дакладна прытрымлівацца рэцэпту, за любыя адхіленні вас могуць пакараць (умоўна, няправільны дранік — гэта «правапарушэнне»).
Англасаксонская прававая сістэма
Гэта сістэма заснаваная на прэцэдэнтах, то бок, на ранейшых судовых рашэннях.
Няма строгага рэцэпту. Ваш спосаб прыгатавання дранікаў залежыць ад таго, як іх гатавалі раней. Напрыклад, калі ваша бабуля вырашыла, што муку трэба дадаваць у канцы, вы павінны прытрымлівацца гэтага правіла, бо гэта «прэцэдэнт». Калі ўзнікае спрэчка (напрыклад, член вашай сям’і кажа, што муку трэба дадаваць адразу), то ўсе ўзгадваюць, як рабілася раней, і прытрымліваюцца гэтага.
Змешаная прававая сістэма
У гэтай сістэме спалучаюцца элементы розных прававых сістэм.
Уявіце, што ў вас ёсць базавы рэцэпт (рымскае права), але вы таксама карыстаецеся парадамі бабулі (англасаксонскае права). Гэта спалучэнне розных падыходаў утварае ўнікальны спосаб гатавання.
Рэлігійная прававая сістэма
Закон у гэтай сістэм заснаваны на рэлігійных пісаннях і догмах.
Рэцэпт дранікаў рэгулюецца свяшчэннай кулінарнай кнігай, напрыклад, «Свяшчэнныя дранікі». Там пазначана, якія інгрэдыенты можна выкарыстоўваць, калі смажыць дранікі, і якім чынам іх падаваць. Усе адхіленні ад гэтага рэцэпту лічацца парушэннем духоўных правіл.
Сацыялістычная прававая сістэма
Гэта сістэма, дзе закон рэгулююць грамадскія інтарэсы і роўнасць.
Уявіце, што ўсё цеста для дранікаў падзеленае пароўну паміж усімі членамі сям’і. Кожны гатуе дранікі не для сябе, а для агульнага стала. Ніхто не мае права забіраць сабе больш або менш, усе дранікі павінны быць аднолькавага памеру і якасці.
Звычаёвае права
Гэта прававая сістэма заснаваная на традыцыях і звычаях супольнасці.
Ваш спосаб гатавання дранікаў грунтуецца на традыцыях сям’і ці рэгіёна. Вы не карыстаецеся пісьмовымі рэцэптамі, але ведаеце, што так рабілася заўсёды. Напрыклад, дранікі гатуюцца толькі з мясцовай бульбы, а соус да іх падаецца па асабліваму сямейнаму рэцэпту.
Міжнароднае права
Гэта сістэма правіл, якая рэгулюе адносіны паміж краінамі.
Уявіце міжнародны кулінарны фестываль, дзе дранікі з розных краін павінны адпавядаць агульным стандартам. Напрыклад, іх трэба гатаваць без шкоды для экалогіі і падаваць у канкрэтны час. Кожная краіна мае свае традыцыі, але пры гэтым усе ўдзельнікі прытрымліваюцца агульных правіл фестывалю.
Карпаратыўнае права
Гэта права, якое рэгулюе дзейнасць кампаній.
Гатаванне дранікаў арганізавана як бізнес: адна група людзей мые бульбу, другая чысціць, трэцяя смажыць. Усе працуюць па правілах кампаніі, дзе дакладна прапісаныя абавязкі, працоўны час і нават колькасць дранікаў, якія трэба зрабіць за дзень.
Экалагічнае права
Сістэма правіл, якая рэгулюе абарону навакольнага асяроддзя.
Вы гатуеце дранікі, каб улічыць экалагічныя нормы: выкарыстоўваеце толькі мясцовыя і арганічныя інгрэдыенты, мінімізуеце колькасць алею і стараецеся не выкідаць рэшткі прадуктаў.