Паглядзелі для вас, як развіваецца беларускамоўны YouTube. Вось дзясятка цікавых каналаў, на якія варта звярнуць увагу.
Гэта не першая падборка ад PALATNO пра беларускамоўныя YouTube-каналы: больш вы можаце паглядзець тут.
Змест
- Годна (46.5 тыс. падпісчыкаў)
- Тутэйшы шляхціч (9.19 тыс. падпісчыкаў)
- Андрэй Хадановіч (11 тыс. падпісчыкаў)
- Рудзі (3.89 тыс. падпісчыкаў)
- Цёмны Лёс (3.07 тыс. падпісчыкаў)
- Berasnevy (2.67 тыс. падпісчыкаў)
- Konan Ў (5.07 тыс. падпісчыкаў)
- Slodky Stony (1.81 тыс.падпісчыкаў)
- Віталь Чырвінскі (12.4 тыс. падпісчыкаў)
- Vozhyk (4.28 тыс. падпісчыкаў)
Годна (46.5 тыс. падпісчыкаў)
Грамадская кампанія «Годна» вывучае і фарміруе нацыянальную ідэю Беларусі. На канале актыўна выходзіць шмат карыснага кантэнту, прысвечанага вывучэнню, развіццю і далейшаму фармаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Сярод гэтага кантэнту можна знайсці розныя праекты і шоу ў новых фарматах, вядучымі якіх з’яўляюцца Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч.
Першы выпуск «Как белорусы стали народом» цыкла відэалікбезаў «Годная Беларусь» набраў 165 тысяч праглядаў і стаў самым папулярным на канале. Сам відэапраект у простай і нагляднай форме расказвае пра адметнасць і ўнікальнасць беларускага народа, а таксама пра ўзнікненне і фармаванне беларускай нацыі, краіны і дзяржавы.
Тыя, хто захапляецца вандроўкамі па Беларусі, могуць знайсці на канале серыю відэа «Годныя вандроўкі», у якой распавядаюць пра цікавыя мясціны, іх адметнасці, гісторыю і жыхароў.
Калі хочаце вольна размаўляць па-беларуску, але не ведаеце, з чаго пачаць, паглядзіце моўнае шоу «Гоман». Анлайн-курс па вывучэнні роднай мовы складаецца з 12 заняткаў.
А музычны праект «Спяваем Годна» дазваляе збірацца беларусам з розных куткоў зямлі ў анлайн-фармаце і спяваць вядомыя і знакавыя песні разам з іх аўтарамі і выканаўцамі.
Цікавы кантэнт на канале можна знайсці не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Вывучыць беларускі алфавіт, назвы месяцаў і колераў па-беларуску, паслухаць і паглядзець анімаваны альбом дзіцячых песень Зміцера Вайцюшкевіча — усё гэта можна зрабіць у раздзеле «Годна — дзеткам».
Тутэйшы шляхціч (9.19 тыс. падпісчыкаў)
Каб даведацца пра жыццё беларускамоўнага YouTube, можна паглядзець відэа блогера Усяслава Пашкевіча. На сваім канале «Тутэйшы шляхціч» Усяслаў робіць агляды беларускамоўных блогераў, ладзіць стрым-вечарынкі з удзелам іншых ютубераў, а таксама папулярызуе беларускую мову, гісторыю і культуру.
У сваім відэа «Беларускія паўстанні: РАНЕЙ і ЦЯПЕР», якое набрала 24 тысячы праглядаў, Усяслаў распавядае пра плён ад пратэстаў 2020 года, параўноўвае іх з мінулымі беларускімі паўстаннямі і паралельна расказвае пра гісторыю краіны.
Тых, каго цікавіць беларуская мова і ўсё, што з ёй звязана, могуць знайсці на канале Усяслава відэа, у якім ён распавядае пра свой шлях да беларускай мовы, беларускую лацінку і беларускамоўныя YouTube-каналы.
А для аматараў гісторыі знойдуцца відэа пра антываенны супраціў, беларускую эліту, этнацыд, падзелы Рэчы Паспалітай і гісторыю развіцця герба Пагоня.
«Таемнае забойства ці няшчасны выпадак? Якім чынам маршал беларускай нацыі мог загінуць? Давайце разбірацца!». Гісторыю загадкавага забойства Янкі Купалы можна таксама паслухаць на канале Усяслава Пашкевіча «Тутэйшы шляхціч».
Андрэй Хадановіч (11 тыс. падпісчыкаў)
На сваім канале беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і выкладчык Андрэй Хадановіч распавядае пра тую беларускую і сусветную літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы. У выпусках блогера гучаць такія знакамітыя прозвішчы, як Быкаў, Оруэл, Кафка, Алексіевіч, Брэдберы і Танк.
У адным з відэа, якое набрала 32 тысячы праглядаў, Хадановіч распавядае пра паэму Якуба Коласа «Новая зямля». У гэтым выпуску ён кажа: «Якуб Колас — не толькі адна з вяршынь беларускай літаратуры, але яшчэ і антыкрызісны менеджар Беларусі. Калі робіцца кепска, мы хапаемся за Коласа, як за апошнюю зброю».
Калі вам падабаецца айчынная і замежная літаратура і вы хочаце паглыбіць у гэтым свае веды, то варта паглядзець выпускі на канале Андрэя Хадановіча.
Апроч апавяданняў пра кнігі і іх аўтараў, на канале Андрэя можна знайсці відэа, у якіх ён спявае песні на беларускай мове.
Рудзі (3.89 тыс. падпісчыкаў)
Навіны гульнявай індустрыі па-беларуску можна знайсці на канале «Рудзі». Аўтар займаецца разборам і аглядам такіх камп’ютарных гульняў, як «Вядзьмар», Dead Space, Pentiment, Doom Eternal і іншыя.
У адным з відэа, якое набрала 4.3 тысячы праглядаў, аўтар распавядае пра гісторыю стварэння гульні Scorn, а таксама робіць на яе падрабязны агляд.
«Scorn. Яе лічаць самай агіднай гульнёй 2022 года і нечым незразумелым. А мо гэта шэдэўр? Давайце разбірацца!».
Калі вы хочаце паслухаць агучку камп’ютарнай гульні на беларускай мове, то варта падпісацца на канал «Рудзі».
Цёмны Лёс (3.07 тыс. падпісчыкаў)
Якасныя відэакасты пра беларусаў, іх заняткі ды беларускасць можна паслухаць і паглядзець на канале «Цёмны Лёс». Аляксей Картыннік знаёміць гледачоў з самымі рознымі гісторыямі беларусаў. Падымаюцца пытанні пра тое, як ствараюцца гульні, як адкрыць бізнес у ЗША, як рабіць годную музыку, хто такі камедыёлаг.
Сярод гэтых відэа можна знайсці падкаст з Мікітам Мелказёравым, які набраў 16 тысяч праглядаў. У гэтым выпуску ідзе размова пра творчасць Мікіты, пра тыпы журналістыкі, беларускі блогінг ды беларускую самасвядомасць.
На канале «Цёмны Лёс» выпускаюцца відэа, у якіх закранаюцца максімальна розныя, але вельмі цікавыя тэмы.
«Самае галоўнае — не губляйце сваёй беларускасці».
Berasnevy (2.67 тыс. падпісчыкаў)
Будаўнічы ютубер Павел Бераснеў распавядае ў сваіх відэа пра досвед будаўніцтва і жыцця ў аўтаномным доме ў вёсцы, дзеліцца лайфхакамі і карыснымі парадамі для тых, хто не ведае, як са старой закінутай вясковай хаты зрабіць утульнае месца для адпачынку пры мінімальных выдатках.
Відэа «Плот з камянёў: танна і прыгожа» з’яўляецца самым папулярным на канале Паўла. У ім вядзецца пра тое, як можна скласці на сваім участку прыгожы і круты плот з камянёў.
Тым, хто хоча памяняць гарадскую кватэру на вясковую сядзібу, варта падпісацца на канал «Berasnevy».
«А ў сённяшнім відэа я раскажу пра свой дом, пра сваю хату з краю».
Konan Ў (5.07 тыс. падпісчыкаў)
Паслухаць прыгожае выкананне беларускіх народных казак можна на канале Konan Ў. Аўтар каналу чытае такія казкі, як «Курачка Раба», «Лісіца-хітрыца», «Чаму мядзведзь з пацуком сябруюць?» ды іншыя.
Акрамя таго, на канале выходзяць відэа з разважаннямі на розныя незвычайныя тэмы: культурны імперыялізм, моўная фанабэрыя і культ вайны.
«Па-беларуску пра беларускасьць», — кажа аўтар каналу Konan Ў.
Slodky Stony (1.81 тыс.падпісчыкаў)
Канал Мікіты Мелказёрава з відэападкастамі па-беларуску і выключна пра Беларусь. Тут можна знайсці выпускі, у якіх блогер размаўляе з гасцямі пра пратэсты 2020 года, эміграцыю, вайну і беларускую мову.
Па словах аўтара, канцэпцыя праекту — у цытаце «Я маю магчымасць размаўляць с разумнейшымі за мяне людзьмі пра Беларусь».
У фінальным выпуску пілотнага сезону «Make mova sexy again» можна знайсці пачуць развагі, адкуль браць сілы, калі ты ўсё жыццё займаешся беларушчынай, а яна дагэтуль не стала масавай, як зрабіць беларускую мову прывабнай, чаму яе адэпты час ад часу пераўтвараюцца ў інквізітараў.
Тым, хто цікавіцца падкастамі і размовамі на розныя тэмы, якія датычацца Беларусі, варта падпісацца на канал «Slodky Stony».
Віталь Чырвінскі (12.4 тыс. падпісчыкаў)
Паглыбіць свае веды ў гісторыі Беларусі можна на канале вайсковага гісторыка Віталя Чырвінскага, які ў сваіх відэа разважае пра ўзброеныя сілы Полацкага княства, Бітву на Нямізе, войска ВКЛ, Грунвальдскую бітву.
24 тысячы праглядаў набрала першая частка відэа пра войска ВКЛ. У ім Віталь распавядае пра войны, паходы і бітвы, храналогію гісторыі ВКЛ, Галіцка-Валынскую вайну і супрацьстаянне з крыжакамі.
Тым, каго цікавіць тэма развіцця ваеннай справы на беларускіх землях, структура войска, ваенная гісторыя, варта зазірнуць на YouTube-канал Віталя Чырвінскага.
Vozhyk (4.28 тыс. падпісчыкаў)
На канале Vozhyk можна знайсці якасную агучку замежных відэа з адсылкамі да Беларусі.
«Смяшнявачкі, хахашачкі, усё вось гэта, што мы любім. Сур’ёзны матэрыял таксама ёсць і будзе». Сур’ёзнага кантэнту тут няшмат — беларускамоўны трэйлер фільма The Matrix: Resurrections.
На канале таксама можна знайсці пераклады стэндапаў, фрагменты анімацыйнага серыяла Awkward Puppets, «Когда тебя не замечают в ресторане», а таксама кантэнт 18+.
Паглядзець гумарыстычныя ролікі, перакладзеныя з англійскай і нямецкай мовы на беларускую, можна на канале Vozhyk.